Вы тут

Вырошчванне бружмелю


У параўнанні з парэчкай або малінай бружмель — зусім не папулярная ягада сярод садоўнікаў. І гэта больш, чым дзіўна, таму што такі непераборлівы куст яшчэ трэба пашукаць.


Бружмель устойлівы да нізкіх тэмператур, практычна не пашкоджваецца хваробамі і не баіцца шкоднікаў, можа пладаносіць у паўцені, раней за ўсіх радуе ураджаем, утрымлівае ў сабе мноства вітамінаў і мікраэлементаў, дапамагае прадухіліць цэлы «букет» захворванняў. Калі на вашым участку яшчэ не расце гэтая дзіўная ягада, не разважайце і абавязкова пасадзіце некалькі кусцікаў.

Бружмель мае патрэбу ў крыжаваным апыленні. Гэта значыць, што для атрымання добрых ураджаяў неабходна мець на ўчастку некалькі кустоў розных гатункаў бружмелю (як мінімум 3—4). Ад аднаго куста ягад не дачакаешся.

Пасадка

Першая і, мабыць, адзіная складанасць у вырошчванні бружмелю — гэта выбар месца для пасадкі. Справа ў тым, што гэты куст аддае перавагу адначасова сонечным, але зацішным і вільготным месцам. Уладальнікам забалочаных участкаў у гэтым плане пашанцавала больш, а вось на сухіх глебах знайсці сонечнае, але ў той жа час не засушлівае і абароненае ад ветру месца даволі цяжка. Таму часцяком бружмель саджаюць у паўцень, напрыклад уздоўж плота. Бружмель высаджваюць як увесну, так і ўвосень. Увесну пасадку праводзяць у маі, восенню — у сярэдзіне верасня. Перш за ўсё, як заўсёды, трэба падрыхтаваць пасадачную яму. Ямы для бружмелю выкопваюць дыяметрам і глыбінёй у сорак сантыметраў, захоўваючы адлегласць паміж кустамі ў 1,5–2,5 метра. Адлегласць залежыць ад сорту: для слабарослых кусцікаў дастаткова паўтара метра, а для моцнарослых — ніяк не менш за два. У кожную яму высыпаюць па два вядры кампосту, па 200 грамаў попелу і па 50 грамаў суперфасфату. Унутры ямкі робяць невялікі пагорак. У высадка падразаюць сухія і пашкоджаныя карэньчыкі, акуратна ўсталёўваюць яго на пагорак і выпростваюць карані так, каб яны звісалі па ўсіх краях бугарка. Затым лунку прысыпаюць невялікай колькасцю зямлі (а яшчэ лепш кампосту) і паліваюць. Гэта трэба для забеспячэння лепшага кантакту каранёў з зямлёй. Далей яму запаўняюць грунтам да канца, злёгку прытоптваюць і яшчэ раз багата паліваюць. Бружмель вельмі вільгацелюбівы, таму пасля пасадкі важна не дапусціць выпарэння вады. Як звычайна, нашым памочнікам у гэтай справе стане мульча. Абавязкова замульчыруйце саджанцы пластом газет або кардону, а зверху скошанай травой або саломай. Такое мульчыраванне не толькі захавае жыватворную вільгаць, але і не прапусціць ніякага пустазелля. Але калі вы пасадзілі бружмель вясной, а лета выдалася засушлівым, нават замульчыраваным маладым кусцікам спатрэбіцца багаты паліў. Не забывайце пры высадцы чаргаваць сарты — гэта аптымальны спосаб забяспечыць апыленне, а значыць, і завязь. Што ж, бружмель высаджаны. Ужо на другі-трэці год пасля пасадкі можна чакаць з'яўлення першых ягад.

Падкормка, паліў, мульчыраванне

Каранёвая сістэма ў бружмелю размяшчаецца ў паверхневых пластах глебы, таму зямлю вакол кустоў рыхліць не трэба. Затое на мульчыраванне і падкормкі ягада адказвае з удзячнасцю. Так што на працягу ўсяго сезона варта перыядычна падсыпаць пад бружмель траву, пілавінне, салому і тры разы падкарміць кусцікі пад корань (па тры літры падкормкі на расліну).

Першая падкормка праводзіцца ў час цвіцення. Для яе выкарыстоўваюць адвар бульбяной лупіны з попелам. У вядро кіпячай вады дадаецца літровы слоік лупіны, яно ахінаецца чымсьці цёплым і астуджаецца да 50 °С. Затым у вядро дадаецца шклянка попелу і такім, яшчэ гарачым настоем падкормліваецца куст.

Другі раз бружмель падкормліваюць падчас завязвання ягад настоем біягумусу: шклянку біягумусу настойваюць суткі ў вядры вады пакаёвай тэмпературы.

Трэцюю падкормку ўносяць пасля збору ягад. Кусты паліваюць травяным угнаеннем з даданнем попелу.

У кастрычніку для падрыхтоўкі да зімы апошні раз неабходна замульчыраваць бружмель кухоннымі адкідамі і кампостам — па вядры таго і другога пад кожны куст.

Абрэзка

Бружмель утварае ягады выключна на парастках бягучага года, на старых галінках ягад не бывае. Таму кусты бружмелю раяць амалоджваць раз у 3—6 гадоў. Для амалоджвання куста выразаюць усе старыя і слабыя парасткі, пакідаючы па 3—5 самых магутных. Калі куст ужо вельмі стары, яго можна амаладзіць, скараціўшы ўсе галінкі да нізу. Пры добрым паліве і падкормах новыя парасткі адрастаюць вельмі хутка, куст аднаўляецца і аднаўляе плоданашэнне. У прамежкавых гадах паміж амаладжальнымі абрэзкамі дастаткова восенню выразаць сухія, паламаныя галінкі, а таксама парасткі, якія растуць унутр куста, каб не дапусціць загусцення. Напрыканцы яшчэ адна невялікая парада: падчас збору ягад рэкамендуюць рассцілаць пад куст бружмелю плёнку або кавалак тканіны. Ягады паспяваюць нераўнамерна, і пры зборы пераспелыя проста падаюць на зямлю. Тканіна або плёнка дапаможа не ўпусціць ні грама каштоўнага ўраджаю.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».