Вы тут

Румас: Дзяржава надасць пасільную дапамогу, каб максімальна захаваць працоўныя калектывы


Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў 12 мая падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за студзень-сакавік 2020 года.

Пасяджэнне прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі.


Фота: БелТА.

«Фармат нашага сённяшняга пасяджэння вызначаны бягучай эпідэміялагічнай сітуацыяй, гэтая ж сітуацыя з’яўляецца адной з асноўных рызык, якія ўплываюць на эканоміку краіны», — распачаў абмеркаванне кіраўнік урада.

Тэмп росту ВУП за студзень-сакавік склаў 99,7 працэнта

У першым квартале эканоміка знаходзілася пад уздзеяннем шэрагу знешнеэканамічных шокаў, напомніў Сяргей Румас. Падатковы манеўр Расіі і адсутнасць дамоўленасці з расійскім бокам па пастаўцы нафты істотна ўскладнілі работу нафтахімічнай і транспартнай галін. Закрыццё межаў краінамі-суседзямі з-за пандэміі адбіліся на сферы паслуг. Зніжэнне цэн на сыравінных рынках, дэвальвацыя расійскага рубля паўплывалі на работу машынабудаўнічай галіны.

«Разам з тым сітуацыя ў эканомікі ў студзені-сакавіку была кіруемай, — сказаў кіраўнік Савета Міністраў. — Тэмп росту ВУП за студзень-сакавік склаў 99,7 працэнта — на адзін працэнтны пункт ніжэй за план. Утрымацца практычна на ўзроўні 2019 год па ВУП удалося, дзякуючы сектару „інфармацыя і сувязь“, будаўнічай галіне і сельскай гаспадарцы».

Гэтыя кропкі росту дабаўленага кошту трэба пастарацца захаваць цягам усяго 2020 года, лічыць Сяргей Румас.

«Мінсельгасхарчу і Мінархітэктуры станоўчыя тэндэнцыі замацаваць і развіць», — аддаў ён распараджэнне.

Сітуацыя ў рэгіёнах

Па тэмпах росту ВУП станоўча спрацавалі чатыры рэгіёны, паведаміў прэм’ер: Мінск, Брэсцкая, Гродзенская і Магілёўская вобласці. Зніжэнне валавага рэгіянальнага прадукту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адбылося ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

«Рэгіёнам неабходна зараз дакладна разумець, за кошт якіх рэзерваў і кропак росту яны будуць выконваць сацыяльна-эканамічныя задачы ў 2020 годзе, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Задача ўтрымаць эканоміку, не дапусціць прасядання па асноўных параметрах была пастаўленая кіраўніком дзяржавы перад эканамічным блокам на нарадзе 23 красавіка».

Бюджэт не далічыўся 350 мільёнаў

Што датычыцца даходаў бюджэту, то ў першым квартале з-за пагаршэння ўмоў работы нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама зніжэння аб’ёмаў і цэн экспарту калійных угнаенняў паступіла на 350 мільёнаў рублёў менш, чым запланавана.

«Пры гэтым усе сацыяльныя абавязацельствы, а таксама плацяжы ўнутраным і знешнім крэдыторам былі выкананыя своечасова і ў поўным аб’ёме», — адзначыў прэм’ер.

Дынаміка змяненняў на сусветным рынку сведчыць пра тое, што сёлетні год будзе дастаткова складаным з пункту погляду магчымасцяў бюджэту фінансаваць капітальныя выдаткі, канстатаваў ён і папрасіў міністра фінансаў далажыць аб ацэнцы фарміравання бюджэту і прапановах па яго кансалідацыі.

Падтрымка эканомікі

«З улікам адзначаных шокаў урад прыняў комплекс аператыўных рашэнняў па забеспячэнню стабільнай работы эканомікі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце, — дадаў Сяргей Румас. — Вырашаюцца пытанні працоўных гарантый работнікаў, выпрацаваныя дадатковыя меры фінансавай падтрымцы прадпрыемстваў, шэраг мер па падтрымцы турыстычнай і спартыўнай галін. Разгорнутая работа па іх рэалізацыі».

«Галоўнае — максімальна захаваць працаздольнасць прадпрыемстваў», — акцэнтаваў Румас.

«Там, дзе будзе зусім кепска, пры умове дастатковасці прынятых на месцах мер, дзяржава надасць пасільную дапамогу, каб максімальна захаваць працоўныя калектывы і напрацаваныя эканамічныя сувязі», — адзначыў ён.

Урадам сфарміраваная рабочая група пад кіраўніцтвам першага намесніка прэм’ер-міністра Дзмітрыя Крутога, якая будзе сканцэнтравана на кропкавай, індывідуальнай падтрымцы асобных буйных прадпрыемстваў, паведаміў прэм’ер. Гэта меры «трэцяга ўзроўню».

З 24 красавіка працуе Указ кіраўніка дзяржавы № 143, які накіраваны на сістэмную падтрымку асобных галін эканомікі ва ўмовах запавольвання дзелавой актыўнасці.

«Я даручыў мінэканомікі прааналізаваць, як працуе гэты Указ на месцах. Сігналы, якія даходзяць да ўрада, сведчаць пра наяўнасць шэрагу праблем і перакосаў у вызначэнні сектараў эканомікі і канкрэтных прадпрыемстваў, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі, — сказаў Сяргей Румас. — Як вызначыў кіраўнік дзяржавы — гэта сфера адказнасці кіраўнікоў рэгіёнаў».

Ён папрасіў міністра эканомікі далажыць, як на месцах разгорнутая работа па рэалізацыі Указа № 143, якія ёсць праблемы і што прапануецца зрабіць для іх вырашэння.

«Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з прапановай павялічыць на адзін мільярд 200 мільёнаў рублёў ліміт выдачы гарантый урада і мясцовых органаў улады для падтрымцы прадпрыемстваў, — праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння Сяргей Румас. — Гэтым інструментам трэба вельмі граматна распарадзіцца. Створаная рабочая група прааналізуе самыя пацярпелыя прадпрыемствы і з улікам прынятых імі самімі антыкрызісных мер вызначыць меры іх падтрымкі».

Аналагічную работу ў сціслыя тэрміны рэгіёны павінны правесці ў сябе.

«Вельмі важна дапамагчы прадпрыемствам захаваць вытворчасць і працоўныя калектывы», — паўтарыў прэм’ер.

Ён таксама папрасіў банкі актыўна падключыцца да гэтай работы. Размова пра своечасовую рэструктурызацыю запазычанасці, зніжэнне тарыфаў і працэнтных ставак па аперацыях. «Гэта той мінімум, які трэба вырашыць у сённяшняй сітуацыі, каб прадпрыемствы маглі перацярпець часовыя фінансавыя праблемы», — сказаў Сяргей Румас.

Цэны і тавары

Яшчэ адна праблема ў полі зроку ўрада — цанавое рэгуляванне. Прэм’ер-міністр папрасіў МАРГ трымаць на штодзённым кантролі маніторынг выканання яго Пастановы № 30 «Аб рэгуляванні цэн на сацыяльна-значныя тавары».

«Ёсць папрокі ад пастаўшчыкоў, — праінфармаваў кіраўнік урада. — Вы дакладваеце пра гэту дыскусію і ўчора ўнеслі змяненні ў гэту Пастанову. Выключна важна не дапусціць перабояў з пастаўкамі тавараў па імпарту».

Прэм’ер-міністр папрасіў мінэканомікі ацаніць тэмпы росту ВУП па выніках першага паўгоддзя і года.

«Што яшчэ мы не зрабілі з улікам бягучай эканамічнай сітуацыі, і што, можа быць, трэба падкрэктаваць, каб максімальна наблізіцца да пастаўленых на 2020 год задач?» — абазначыў кола пытанняў кіраўнік урада.

Экспарт трэба захаваць

Ва ўмовах скарачэння попыту на знешніх рынках важна захаваць станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, працягнуў Сяргей Румас. Па выніках першага кварталу гэты паказчык вытрыманы, дзякуючы станоўчай дынаміцы па экспарту паслуг.

«У другім квартале па меры аднаўлення рынкаў збыту ў гэтым кірунку трэба інтэнсіўна папрацаваць Мінпраму, а таксама канцэрнам „Белнафтахім“ і „Беллегпрам“, якія не выканалі заданне па экспарту тавараў у першым квартале бягучага года», — даручыў кіраўнік урада.

Прэм’ер-міністр спытаў кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў пра перспектывы і дадатковыя магчымасці беларускіх прадпрыемстваў на знешніх рынках.

«Сёння з улікам знешніх і, адпаведна, унутраных шокаў нам належыць падвесці вынікі работы за першы квартал, у тым ліку вынікі прынятых рашэнняў, пры неабходнасці, скарэктаваць тактычныя меры і прыняць рашэнні па найбольш вострых пытаннях», — падсумаваў сваё выступленне прэм’ер-міністр.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.