Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Свая цяплічка на арбіце

Астранаўты NASA паспяхова вырасцілі ядомыя расліны ў космасе. Першая атрыманая такім чынам салата аказалася абсалютна бяспечнай, пажыўнай і смачнай, як і тая, што расце на Зямлі, піша The Guardіan. Праектам па вырошчванні расліны ва ўмовах космасу кіравала Джыоя Маса з Касмічнага цэнтра імя Кенэдзі. Яна лічыць, што прарыў можа быць крытычна важны для астранаўтаў падчас працяглых місій накшталт Artemіs ІІІ, у рамках якой да 2024 года група людзей павінна высадзіцца на паверхні Месяца ў раёне паўднёвага полюса. А першая пілатуемая місія NASA на Марс можа адправіцца ў канцы 2020-х гадоў.

«Калі захоўваць упакаваную ежу даволі доўга, яе якасць, смакавыя якасці і пажыўнасць пагаршаюцца. Вітаміны дэградуюць. Мы не можам зараз гарантаваць, што астранаўты атрымаюць патрэбную колькасць ежы», — сказала яна. «Акрамя таго, можа быць таксама псіхалагічная карысць ад вырошчвання раслін і догляду за імі», — дадала навуковец.

Харчаванне для астранаўтаў за апошнія гады палепшылася. Усё, што адпраўляецца на МКС, павінна дасягнуць адзнакі 6 і вышэй па шкале пераваг ад 1 да 9, дзе 1 — гэта «горшае, што калі-небудзь даводзілася каштаваць». Але, нават нягледзячы на такія зрухі, астранаўтам надакучваюць адны і тыя ж стравы з вакуумных упаковак. «Шмат хто з іх страчвае вагу», — сказала Маса.

Салату вырошчвалі ў сістэме пад назвай Veggіe, якая складаецца з грунтовай падушкі, LED-асвятлення і сістэмы паліву. Апошнюю астранаўты павінны запраўляць праз адмысловую трубку. Ураджаі расліны вырошчваюць на працягу 33—56 дзён, перш чым сарваць і з'есці ці замарозіць і адправіць на Зямлю для хімічнага і біялагічнага аналізу. Астранаўты праціралі лісце салаты дэзынфіцыраванымі сурвэткамі, перш чым есці. «Мы не хочам, каб нехта захварэў. Таму мы рабілі ўсё гэта», — сказала Маса. Вырашчаная ў космасе салата была падобная па структуры на тую, што расце на Зямлі, а некаторыя расліны нават аказаліся багацейшымі на калій, натрый, фосфар і цынк. У іх таксама быў высокі ўзровень бактэрый. Верагодна, гэта адбылося таму, што касмічныя расліны развіваліся ў больш цёплай, вільготнай і закрытай сістэме. Аднак навукоўцы не выявілі ніякіх шкодных бактэрый накшталт кішачнай палачкі або сальманелы. Цяпер NASA збіраецца пашырыць шэраг ядомых відаў раслін, якія будуць вырошчваць на МКС. У прыватнасці, у арганізацыі плануюць заняцца касмічнай вытворчасцю бок-чою, латука і чырвонай капусты, а таксама памідораў і перцаў. Пачатак эксперымента запланаваны ўжо на гэты год.


Не ператварайце мозг у звалку

Выкарыстанне гаджэтаў і камп'ютараў спрыяе развіццю маразму і дэпрэсіі, сцвярджаюць японскія навукоўцы. Пра вынікі даследавання паведаміла выданне Nіkkeі Style.

Па словах дырэктара клінікі памяці «Акумура» Аюмі Акумуры, у апошнія гады ўсё часцей людзі ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў скардзяцца на праблемы з памяццю. Паводле слоў спецыяліста, яе парушэнню спрыяе празмернае захапленне смартфонамі і камп'ютарамі, якія фактычна ператвараюць мозг у «звалку», калі ён не спраўляецца з аб'ёмамі інфармацыі.

Акрамя таго, прафесар-нейрахірург Есікуні Эдагава ўказаў, што за ўпарадкаванне інфармацыі ў мозгу адказвае прэфрантальная кара ў лобнай долі, якая таксама рэгулюе мысленне і кантралюе памяць і эмоцыі. Пры перагрузцы мозга інфармацыяй работа гэтых функцый парушаецца, зніжаюцца кагнітыўныя здольнасці, з'яўляюцца раздражненне і расчараванне, падае матывацыя. Навукоўцы адзначаюць, што неабходна даваць мозгу адпачынак, скарачаць час карыстання камп'ютарамі і смартфонамі, а таксама добра спаць. Па іх словах, карысна задрамаць хоць бы
15 хвілін падчас абедзеннага перапынку.

«Нават калі вы сядаеце на крэсла, заплюшчваеце вочы, выпраўляеце паставу і засяроджваецеся на дыханні на працягу пяці хвілін — гэта эфектыўна», — гаворыцца ў артыкуле.


Яйкі для здаровага сэрца

Памятаеце фразу героя Фрунзіка Мкртчана з савецкага фільма «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат»? «Ранкам яешня, удзень яешня, увечары яешня, а ноччу — амлет! Хутка я буду кудахтаць як кураня!»

Там, праўда, гаворка ішла найперш пра кулінарныя здольнасці спадарожніцы жыцця, але муж відавочна падсвядома адчуваў схаваную пагрозу на іншым узроўні, а не толькі для страўніка. І меў рацыю! Спецыялісты са Школы грамадскай аховы здароўя Гарвардскага ўніверсітэта назвалі колькасць яек, штодзённае ўжыванне якой не прынясе шкоды сардэчна-сасудзістай сістэме. Вынікі даследавання апублікаваныя
CNN Health.

«Умеранае спажыванне — да аднаго яйка ў дзень — не звязана з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў. Вы можаце з'есці на сняданак і два яйкі, але не больш за адзін або два разы на тыдзень», — да такой высновы прыйшоў загадчык кафедры харчавання ў Школе грамадскай аховы здароўя імя Чана Гарвардскага ўніверсітэта доктар Фрэнк Ху.

Даследаванне праводзілася на працягу 34 гадоў з удзелам 215 тысяч жанчын і мужчын, якія першапачаткова не мелі сур'ёзных хранічных захворванняў.

Людзям, якія пакутуюць на дыябет 2-га тыпу, рэкамендавалі спажываць яйкі радзей з-за павышанай рызыкі ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Таксама было адзначана, што ў жыхароў азіяцкіх краін ужыванне гэтага прадукту харчавання значна радзей выклікае сардэчна-сасудзістыя паталогіі. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў тамтэйшай кухні яйкі ўваходзяць у састаў іншых страў, а не выкарыстоўваюцца ў ежу асобна.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».