Вы тут

5 спектакляў на тыдзень, якія можна паглядзець анлайн


Каранавірус усё яшчэ прымушае заставацца дома, таму каб прыхарашыць свае вечары ў самаізаляцыі, прапануем глядзець тэатральныя пастаноўкі анлайн. Праз пандэмію тэатры ўсяго свету рэгулярна выкладваюць запісы сваіх работ у агульны доступ, дзякуючы чаму гледачы атрымалі магчымасць адкрыць для сябе сусветныя цэнтры опернага мастацтва, Брадвей, калектывы «экзатычных» краін, сучасны цырк і ўвогуле найлепшыя сцэны свету. На гэтым тыдні анлайн можна ўбачыць прэм’еру РТБД, пастаноўку Каралеўскага нацыянальнага тэатра, монаспектакль з Эндру Скотам і іншае.


«Профіт» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі

На сёння гэта галоўнае: праз некалькі гадзін — а сёмай 12 мая — адзін з найлепшых беларускіх тэатраў здзейсніць спрэчны пасаж і арганізуе анлайн-прэм’еру сваёй новай пастаноўкі «Профіт» паводле п’есы «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага. Рэжысёр і мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў асучасніў класіка і перанёс дзеянне з XIX у пачатак XXI стагоддзя, а таксама паваражыў над сюжэтам і нават дадаў свайго персанажа. Гэта і цікавіць найбольш: як у нашым часе будзе ўвасоблены сюжэт пра прынцыповага чыноўніка, які жадае заставацца сумленным, але трапляе пад ўздзеянне жонкі і наваколля. У пастаноўцы задзейнічаны акцёры Арцём Курань і Ганна Семеняка — сужэнцы сыграюць сужэнцаў, а таксама Максім Шышко, Людміла Сідаркевіч, Дзмітрый Давідовіч ды іншыя.

«Антоній і Клеапатра» ў Нацыянальным тэатры (Лондан)

Каралеўскі нацыянальны тэатр, на сцэне якога можна пастаянна бачыць выдатную рэжысуру і вядомых акцёраў (напрыклад, пастаноўка «Франкенштэйн» з удзелам Бенедыкта Камбэрбэтча застаецца абсалютным хітом гэтай сцэны), абнаўляе свой анлайн-рэпертуар штотыдзень. Да чацвярга 14 мая на YouTube-канале тэатра можна паглядзець спектакль «Антоній і Клеапатра» паводле Уільяма Шэкспіра са сцэнамі гвалту і вядомымі кінаакцёрамі Рэйфам Файнсам з Сафі Аканедай у галоўных ролях. Сюжэт расказвае пра гарачае каханне паміж рымскім военачальнікам Маркам Антоніем і егіпецкай царыцай Клеапатрай, на фоне якога адбываюцца смерць Цэзара, палітычныя інтрыгі і вайна. Пасля «Антонія і Клеапатры» Нацыянальны тэатр пакажа паспяховы спектакль «Хронікі цырульні», дзе за аснову ўзята традыцыя афрыканскіх мужчын абмяркоўваць надзённае ў цырульнях — ён будзе даступны на YouTube з 14 да 21 мая. Расклад астатніх трансляцый можна знайсці на сайце тэатра, запісы суправаджаюцца англійскімі субтытрамі.


«Золата Рэйна» ў Венскай дзяржаўнай оперы

 

Тэатр, да якога вандруюць аматары оперы са ўсяго свету, амаль кожны дзень паказвае нешта новае са сваіх архіваў, хоць трансляцыі і паўтараюцца. Оперы і балеты апошняга дзесяцігоддзя, дзеля якіх у гэтым будынку збіралася шматтысячная публіка ў бліскучых строях, цяпер можна глядзець проста на канапе, трэба толькі зарэгістравацца на сайце. 14 мая, напрыклад, можна «схадзіць» на адну з найноўшых пастановак тэатра — пастаўленую ў 2019 годзе оперу Рыхарда Вагнэра «Золата Рэйна», дзе дырыжорам выступае нямецкі маэстра Аксель Кобер. На заўтра, 13 мая, запланаваны паказ оперы-буфа «Дон Паскуале» Гаэтана Даніцэці, прэм’ера якой адбылася ў 2016-м, а адразу пасля «Золата Рэйна» будзе паказаны яшчэ адзін Вагнэр — опера «Валькірыя» ў пастаноўцы 2018 года.


«Марская дамба» — тэатр Traverse (Шатландыя) і Hudson Theatre (Брадвей)

Цяпер ідзем у эдынбургскі тэатр Traverse і на Брадвей адначасова, але толькі ўмоўна: у першым больш за дзесяць гадоў таму адбылася прэм’ера монаспектаклю «Марская дамба» паводле п’есы Саймана Сцівенса. Зграў у ім Эндру Скот, якога вы ведаеце па ролі Марыярці ў серыяле «Шэрлак», — уласна для гэтага акцёра п’еса і была напісана. А ў мінулым годзе п’еса была пастаўлена на Брадвеі — галоўную і адзіную ролю ў пастаноўцы Hudson Theatre сыграў Джэйк Джыленхал. Дык вось у 2012 годзе сам Сцівенс і рэжысёр Эндру Портэр зрабілі экранную версію спектакля — у выглядзе кароткаметражнага фільма, а цягнецца ўсё крыху больш за паўгадзіны, яна даступная на YouTube-канале да 18 мая. Сутнасць сюжэта заключаецца ў тым, што галоўны герой — фатограф Алекс — з эмоцыямі і чорным гумарам расказвае пра трагічную смерць сваёй восьмігадовай дачкі у выніку няшчаснага здарэння. Відэа суправаджаецца англійскімі субтытрамі.


Шоу Цырка дзю Салей

Каб не ўсё было так сур’ёзна, крыху збочым у бок відовішчаў. Іх знакамітая стваральніца канадская кампанія Cirque du Soleil праз каранавірус вымушана звальняе супрацоўнікаў і перажывае не найлепшыя свае часы, але каб заставацца з гледачамі, рэгулярна выкладвае на YouTube-канал запісы сваіх гадзінных выступленняў. Тут харэаграфія, музыка, трукі, новыя тэхналогіі і фокусы-покусы (і ніякіх жывёл) — усё, што не перастае захапляць публіку, дзе б шматлікія трупы цырка ні выступалі. Новае шоу на шэсцьдзесят хвілін з’яўляецца ў агульным доступе кожны тыдзень. Сачыць за тым, што адбываецца, можна на сайце Цырка дзю Салей.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.