Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Зборная Беларусі па біятлоне праводзіць збор у «Раўбічах». Гэта першы вучэбна-трэніровачны збор новага сезона. Для адаптацыі спартсменаў да нагрузкі трэнерскім штабам было вырашана зрабіць два першыя зборы скарочанымі — па 14 дзён. На зборы з каманды мужчын выкліканыя Антон Смольскі, Раман Ялётнаў, Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей, Дзмітрый Лазоўскі, Мікіта Лабастаў, Віктар Крыўко і Ягор Казарынаў. У жаночай камандзе да збораў прыцягнутыя Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны, Адэліна Сабітава і Аліна Пільчук. Акрамя нацыянальнай каманды ў «Раўбічах» пачала падрыхтоўку і юніёрская зборная.

2. У чэмпіянаце Беларусі па футболе завяршыліся матчы 8-га тура. Футбалісты «Іслачы» прымалі на полі сталічнага стадыёна «Трактар» аўтсайдара турніру бабруйскую «Белшыну» і перамаглі з лікам 2:1. «Віцебск» і «Шахцёр» згулялі ўнічыю 0:0, «Смалявічы» саступілі БАТЭ — 3:5, а ў Брэсце мясцовае «Дынама» перайграла аднаклубнікаў з Мінска — 2:1.

Вынікі астатніх гульняў 8-га тура: «Славія» (Мазыр) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 0:0, «Слуцк» — «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 1:2, «Гарадзея» — «Мінск» — 1:1, «Нёман» (Гродна) — «Рух» (Брэст) — 2:4.

Турнірнае становішча цяпер такое: «Слуцк» — 16 ачкоў, «Энергетык-БДУ», «Тарпеда-БелАЗ» і «Іслач» — па 15, БАТЭ — 13, «Рух» — 12, «Шахцёр», «Гарадзея» і «Славія» — па 11, «Віцебск», «Дынама» (Брэст) і «Мінск» — па 10, «Дынама» (Мінск) — 9, «Нёман» — 8, «Смалявічы» — 3, «Белшына» — 2.

Бамбардзірскую гонку ўзначальваюць Гегам Кадзімян («Нёман») і Джасурбек Яхшыбоеў («Энергетык-БДУ»), якія забілі па 6 мячоў.

3. Фінальныя турніры алімпійскай кваліфікацыі па хакеі з шайбай перанесены з 2020 на 2021 год. Такое рашэнне было прынята на анлайн-пасяджэнні Савета ІІHF. Каментуючы гэтае рашэнне, прэзідэнт ІІHF Рэнэ Фазель адзначыў: «Нам пашанцавала, што ў нас яшчэ ёсць час правесці гэтыя турніры: перанос кваліфікацыі на жнівень 2021 года дасць магчымасць камандам вывесці на лёд сваіх найлепшых гульцоў».

Такім чынам, адборачны турнір у групе D пройдзе ў Браціславе 26—29 жніўня 2021 года. Сапернікамі беларусаў будуць каманды Славакіі, Аўстрыі і Польшчы.

4. Мінск у 2021 годзе стане месцам правядзення суперлігі, якая праходзіць у статусе каманднага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы. Турнір намечаны на 19—20 чэрвеня. У спаборніцтвах возьмуць удзел дзевяць найлепшых еўрапейскіх легкаатлетычных зборных. На дарожкі стадыёна «Дынама», акрамя гаспадароў, выйдуць спартсмены з Польшчы, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі, Украіны і Партугаліі. Чакаецца, што на спаборніцтвах будуць прадстаўлены многія вядучыя еўрапейскія спартсмены, якія выкарыстоўваюць гэтае мерапрыемства не толькі для абароны гонару сваёй краіны ў камандных стартах, але і як частку ўласнай падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у канцы сезона.

5. У мінскім Палацы тэніса завяршыўся турнір Bеlаrus Іnsurаnсе Сuр. У вырашальным паядынку жаночых спаборніцтваў 11-я ракетка свету Арына Сабаленка абыграла Аляксандру Сасновіч, якая займае 119-е месца ў сусветным рэйтынгу, — 4:1, 0:4, 4:3. На папярэднім этапе Арына Сабаленка перамагла Крысціну Дзмітрук, Эвеліну Ласкевіч і Юлію Гатоўка. У другой групе Аляксандра Сасновіч выйграла ў Ганны Кубаравай, Алены Фалей і Шалімар Тальбі.

Пераможцам мужчынскага турніру стаў Іван Лютарэвіч, адолеўшы ў фінале капітана зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса Дзмітрыя Жырмонта, — 3:4, 4:0, 4:3.

Адзначым, што турнір праходзіў з захаваннем максімальных мер бяспекі: матчы адбыліся ў скарочаным фармаце, усе спартсмены праходзілі пільны медыцынскі агляд, на корце прысутнічаў толькі адзін суддзя і не было звыклых поціскаў рукі ў канцы сустрэч.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Біятланісты пачалі падрыхтоўку да сезона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?