Вы тут

Найбольш яркія творчыя ідэі, прыдуманыя падчас каранціну


Вымушанае знаходжанне дома і абмежаванне кантактаў адных людзей прыводзяць у адчай, а ў другіх абуджаюць творчы пачатак, пачуццё гумару і фантан ідэй. «Звязда» ўпэўнена, што лепш быць разам з тымі, хто, каб палегчыць працу ўрачоў, застаецца дома, але не апускае рукі і падтрымлівае маральны дух у сабе і іншых. Паглядзіце: магчыма, некаторыя з гэтых спосабаў падыходзяць і вам?


 Флэшмоб з падушкай. Баранавічы.

Анлайн-трансляцыі. Натуральна, такі фармат стасункаў з аўдыторыяй шырока выкарыстоўваўся і раней, у даэпідэмічную эпоху, але цяпер распаўсюдзіўся практычна на ўсе сферы, якія толькі можна перанесці ў віртуальнасць, — тэлепраграмы, фільмы, канцэрты, спектаклі, музейныя экскурсіі, майстар-класы, навуковыя канферэнцыі, вучэбныя праграмы, заняткі спортам і многае іншае.

З аднаго боку, мы аказаліся як ніколі залежныя ад якасці інтэрнэт-сігналу, з другога — самаізаляцыя дазволіла паглядзець усё тое, на што заўжды не ставала часу: найбуйнейшыя музеі, тэатры, галерэі адкрылі доступ да сваіх фондаў, выклалі архіўныя запісы самых вядомых пастановак ці спецыяльна запісалі новыя, каб не губляць сувязі з гледачамі. Тое самае зрабілі практычна ўсе вядучыя беларускія тэатры — калі яшчэ можна паглядзець у зручны час славутыя оперныя і балетныя спектаклі Вялікага (на бягучым тыдні гэта «Дзікае паляванне караля Стаха» 1989 года запісу), пачытаць разам з купалаўцамі і ўбачыць у праекце «Купалаўскі дома» легендарныя пастаноўкі, як гэта зрабілі ўжо звыш 65 тысяч гледачоў па ўсім свеце, далучыцца да адмысловага спектакля-чыткі Рускага тэатра «Баль падчас чумы» паводле «Маленькіх трагедый» Аляксандра Пушкіна.

Яшчэ адзін від выхаду мастацтва ў масы праз інтэрнэт — творчыя флэшмобы і чэленджы. Напрыклад, расійскія артысты пад хэштэгам #ЖитьЛюбитьТворить чытаюць анлайн казкі і вершы, спяваюць, дэманструюць свае малюнкі. Пад неафіцыйным дэвізам «Мода ад Каранціну» дарослыя распачалі адну з любімых дзіцячых гульняў — пераапрананне ў адзенне жонкі/мужа і дэманстрацыю атрыманых «модных вобразаў». Шведскія блогеры распачалі «падушачны флэшмоб», сутнасць якога ў тым, каб зрабіць сабе ўбор з падушкі, рэменя і модных аксесуараў, — прымерыла падушкі на сябе ўжо больш за 160 тысяч удзельнікаў, у тым ліку мужчыны, дзеці і нават коцікі. Славуты футбаліст Крышціяну Раналду запусціў для прыхільнікаў спаборніцтвы на «Кубак гасцінай». Каб яго атрымаць, трэба пераўзысці рэкорд спартсмена і за 45 секундаў пракачаць прэс больш чым 142 разы. Беларускія спявачкі Жанет, Вікторыя Алешка і многія іншыя далучыліся да флэшмобу «Эстафета мыцця рук» — відэазапісы з ванных пакояў перадаюць адно аднаму эстрадныя артысты, некаторыя чытаюць «Майдадыра» ці ўключаюць музыку з аднайменнага мультфільма, каб вытрымаць рэкамендаваную працягласць мыцця.

Рафаэль. «Мадонна».

«ИЗОизоляция» — творчы «антыхандрычны» праект, які гэтай вясной стаў у рускамоўнай інтэрнэт-прасторы вірусным у добрым сэнсе слова. Сутнасць прыдумкі можна апісаць у некалькіх словах: увасобіць наноў падручнымі сродкамі славутыя мастацкія шэдэўры, скульптуры, плакаты, фотаздымкі і гэтак далей, а потым размясціць з адпаведным хэштэгам #изоизоляция арыгінал і вынік уласнай фантазіі і ўмелых рук у сеціва і атрымаць зваротную рэакцыю ад іншых карыстальнікаў. Можна прыцягваць да ўдзелу дзяцей, дамашніх жывёл, скарыстоўваць прадметы побыту — галоўнае, каб работа была выкананая шчыра, без дамалёвак у фоташопе, толькі ўласнымі сіламі. Аўтарам творчай акцыі выступіла супрацоўніца Maіl.Ru Кацярына Брудная-Чалядзінава — як кажа яна сама, паколькі ўсе блізкія і сябры нерваваліся і адчувалі моцны стрэс, хацелася неяк разварушыць іх, прапанаваць нейкую арт-тэрапію. Напрыканцы сакавіка Кацярына сфатаграфавала свайго мужа ў вобразе Ван Гога, выклала здымак у сеціва і прапанавала сябрам далучыцца да пераробкі вядомых фота і карцін. «Мы проста хацелі палепшыць маркотныя і трывожныя будні на самаізаляцыі і разам пасмяяцца, а вось што атрымалася», — заўважае стваральніца праекта.

 Рафаэль. «Пані з адзінарогам».

Літаральна за тыдзень маленькі сяброўскі флэшмоб перарос у маштабную творчую акцыю і стаў сапраўдным хітом у сеціве. Падобныя творчыя ініцыятывы ў сувязі з каранціннымі мерамі, дарэчы, ініцыявалі культурныя ўстановы ў Нідэрландах і ЗША, аднак рускамоўная версія істотна абышла іх па папулярнасці. На гэты момант суполка праекта ў сацсетках налічвае амаль 600 тысяч удзельнікаў з больш чым 100 краін свету! Людзі рознага ўзросту, прафесій і сацыяльнага статусу «ажыўляюць» рускую і сусветную мастацкую класіку (найбольш папулярнымі сталі Рэне Магрыт — толькі лянівы не перайначыў яго «Закаханых», што цалуюцца праз мяшкі, — Эндзі Уорхал, Ян Вермеер, Леанарда да Вінчы, Валянцін Сяроў, Пабла Пікаса, а таксама Фрыда Кало, Эдвард Мунк, Вінцэнт Ван Гог, Вася Ложкін), музейныя экспанаты, вядомыя агіткі, афішы, кадры з любімых кінафільмаў і нават... абгорткі ад шакаладу — асабіста давялося ўбачыць пяток сучасных версій «Алёнкі», ад адкрытай пародыі да неверагоднага падабенства. Мастацтвазнаўцы заўважаюць, што акрамя прадказальных і агульнавядомых сюжэтаў у флэшмобе ёсць мноства свежага, арыгінальнага крэатыву — а значыць, гэта ўжо «не імітацыя, а інтэрпрэтацыя», своеасаблівая новая форма сеціўнага мастацтва. Творчая ініцыятыва атрымала такую падтрымку, у тым ліку ад Эрмітажа, што 30 красавіка выйшла электронная кніга «Ізаізаляцыя» з прыкладна 100 найлепшымі работамі, якія натхняюць удзельнікаў на далейшую творчасць — як аптымістычна заўважаюць аўтары ідэі, да канца каранціну і пасля яго.

Шакалад «Алёнка».

Аўтамабільныя канцэрты. Калі аўтакінатэатры — з'ява звыклая, дзесьці распаўсюджаная, а дзесьці ўжо і як след падзабытая (напрыклад, сталічны аўтакінатэатр у мікрараёне Малінаўка, адкрыты ў 2003 годзе, не працуе ўжо некалькі гадоў), то канцэрты для аўтамабілістаў — новы фармат, выкліканы да жыцця падчас лакдаўну. Нагадаем, каранцінныя меры практычна ва ўсіх краінах, якія змагаюцца з пандэміяй каранавіруса, прадугледжваюць адмену ці перанос масавых мерапрыемстваў. Так, найбуйнейшае ў свеце неспартыўнае тэлешоу «Еўрабачанне» арганізатары перанеслі на 2021 год, як і брытанскі фестываль «Гластонберы», самы папулярны сярод электроншчыкаў Ultra Musіc Festіval у Фларыдзе адмянілі, Tallіnn Musіc Week у Эстоніі пакуль што перанеслі на жнівень, а каліфарнійскі фестываль Coachella — на кастрычнік.

Аўтаканцэрт.

Але музыканты, арганізатары і прадзюсары не былі б творчымі асобамі, калі б не знайшлі выйсце. У сярэдзіне красавіка ў Літве стартаваў спецыяльны цыкл канцэртаў пад адкрытым небам, які наведвальнікі глядзяць і слухаюць з аўтамабіляў. Пры гэтым дзейнічае шэраг абмежаванняў: у адной машыне можа быць не больш за два чалавекі, калі толькі гэта не сям'я, гук транслюецца праз радыёпрыёмнік аўто на спецыяльнай частаце, а ўзмацняльнікі выключаныя, каб не было спакусы выйсці з машыны і кінуцца ў скокі. Такія канцэрты выхаднога дня запланаваныя як мінімум да сярэдзіны мая. Аналагічныя імпрэзы днямі адбыліся ў Даніі, дзе 500 білетаў на аўтаканцэрт Мадса Лангера былі раскупленыя за пару дзясяткаў хвілін, і ў нямецкім горадзе Шуторф — тут на рэйв пад адкрытым небам пусцілі толькі 250 аўто.

І гэта толькі частка крэатыўных ідэй, аўтары якіх пацвярджаюць, што нават на дыстанцыі можна быць бліжэй і падтрымліваць адно аднаго, каб вымушаная ізаляцыя ў чатырох сценах не здавалася такой бясконцай. Хоць, напэўна, усе мы па розныя бакі экранаў камп'ютараў і гаджэтаў зразумелі, якая гэта раскоша — жывыя чалавечыя стасункі, і з нецярпеннем чакаем вяртання да больш-менш звыклага рытму жыцця. Беражыце сябе, калі ласка, — і, калі ёсць магчымасць, аздабляйце будні творчасцю.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з сацыяльных сетак

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.