Вы тут

Турызм на паўзе. Куды «вырвацца» пасля пандэміі?


Ужо з 15 мая ў курортных зонах Егіпта будзе адноўлена работа гатэляў. Пакуль што гэта закране толькі ўнутраны турызм, паведаміла выданне Al Ahram. Загрузка гасцініц на першым этапе будзе на ўзроўні 25 працэнтаў. На пачатку чэрвеня яна павялічыцца да 50 працэнтаў. Міністр турызму і старажытнасцяў краіны Халед аль-Анані заявіў, што гатэлі адкрыюць толькі пры ўмове выканання шэрагу прадпісанняў. Парушальнікі могуць пазбавіцца ліцэнзій. Раней аль-Анані ўдакладніў, што калі граніцы краіны адкрыюцца для замежнікаў, першы час плануецца пускаць у Егіпет толькі турыстаў, не старэйшых за 48 гадоў. Пры гэтым госці павінны будуць мець так званы «пашпарт здароўя». Калі ж больш-менш адновіцца сусветны турыстычны трафік і які будзе глабальны «шпацыр»?


Мінус 2 трыльёны долараў

Адзін з самых смяротных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, Першая сусветная вайна, як ні дзіўна, даў штуршок бурнаму развіццю турызму ў міжваенную эпоху, згадвае іnterfax.ru. Яшчэ да 1914 года паступова пачала расці папулярнасць пляжнага адпачынку, водных відаў спорту і катання на лыжах у гарах. А падчас вайны, якая стала часам вымушанага перамяшчэння велізарных мас людзей, мільёны адпраўлялі сваім сем'ям паштоўкі і фатаграфіі. Нагледзеўшыся на чароўныя віды, людзі захацелі ўбачыць новыя месцы на свае вочы. Гэта прывяло да ўсплёску падарожжаў, запал да якіх быў падмацаваны паступовым увядзеннем у еўрапейскіх краінах аплатных водпускаў.

Яшчэ праз 10 гадоў турызм атрымаў новы імпульс для развіцця, калі ў выніку эканамічнага крызісу 1929 года сталі занепадаць еўрапейскія фешэнебельныя гатэлі, якія не змаглі адаптавацца да зменлівага попыту. Тады нават забяспечаная публіка пачала выкарыстоўваць для адпачынку танныя кемпінгі. Акрамя таго, пасля крызісу марскія курорты пачалі запрашаць турыстаў у летні сезон, каб кампенсаваць страты ад адтоку сваёй традыцыйнай багатай кліентуры, якая прывыкла праводзіць зімы ў цёплым клімаце.

Кожны наступны крызіс ствараў новыя магчымасці для турызму. Так, падчас фінансавага крызісу 2008 года продажы традыцыйных турпакетаў упалі, але пачалі бурна развівацца сэрвісы сумеснага выкарыстання нерухомасці і іншых паслуг, такія як Aіrbnb, BlaBlaCar і іншыя, якія дазваляюць спажыўцам падарожнічаць эканомна.

Крызіс турызму, звязаны з каранавірусам, — адно з самых цяжкіх выпрабаванняў для сусветнай тургаліны за многія дзесяцігоддзі. Тут меркаванні экспертаў разыходзяцца. «Глабальны фінансавы крызіс, памножаны на пяць», — такім чынам Сусветны савет па турызме і падарожжах (WTTC) ацаніў наступствы пандэміі для сваёй галіны. Паводле ацэнак WTTC і Oxford Economіcs, унёсак турыстычнай індустрыі ў глабальны ВУП па выніках гэтага года скароціцца на траціну (летась гэта былі ўнушальныя 10,3 %). Пакуль Сусветны савет па турызме і падарожжах сцвярджае, што страты сусветнай турыстычнай галіны складуць больш за два трыльёны долараў. Прагноз АЭСР яшчэ больш песімістычны: спад у турыстычнай індустрыі складзе ад 50 % да 70 %, як мінімум кожны трэці з занятых у ёй 330 мільёнаў чалавек можа пазбавіцца работы.

Камеры на авечках

У Еўропе кампаніі турыстычнай галіны просяць нацыянальныя ўрады абараніць моцна пацярпелую індустрыю, дазволіўшы выдаваць турыстам ваўчары на будучыя падарожжы замест вяртання ўжо ўнесенай перадаплаты за адпачынак, які не адбыўся. Аднак гэта супярэчыць адзінаму еўрапейскаму заканадаўству. Пакуль еўрапейскія ўрады спрачаюцца з Еўракамісіяй, мясцовыя ўлады спрабуюць прадаваць «турыстычныя ф'ючарсы», каб падтрымаць галіну. Так, улады Сіцыліі маюць намер выдаткаваць 50 мільёнаў еўра з адмысловага фонду на бронь нумароў у гасцініцах рэгіёна, а затым прадаваць турыстам ваўчары на гэтыя нумары.

На долю турызму ў ЕС прыпадае 10 % ВУП і 12 % усіх занятых. Самая залежная ад турызму краіна ў свеце — Мальдывы: гэтая галіна фарміруе 40 % яе эканомікі, а з улікам ускосных эфектаў — прыблізна дзве траціны. Райскія астравы, на шчасце, аказаліся практычна не закрануты COVІD-19, але эканамічны ўдар пандэміі там будзе самы моцны ва ўсёй Паўднёвай Азіі. Мальдывы атрымалі дапамогу МВФ і Сусветнага банка і гатовыя адкрыць астравы для турыстаў не пазней за кастрычнік.

Каб стымуляваць тых людзей, якія аплацілі туры, не адмаўляцца ад браніравання, агенцтва развіцця турызму Фарэрскіх астравоў распрацавала сэрвіс аддаленага турызму. Віртуальныя туры праходзілі на працягу 10 дзён у красавіку: мясцовыя жыхары з вэб-камерамі хадзілі па маляўнічых месцах і былі нагамі і вачыма турыстаў, якія кіравалі іх рухамі з дапамогай джойсціка. Дарэчы, тут не ўпершыню звяртаюцца да лічбавых тэхналогій для развіцця турызму: у 2017-м у сэрвісе Google Street Vіew з'явілася магчымасць «пабадзяцца» па Фарэрах з дапамогай камер, якія прымацавалі на... авечак.

Ці ўвядуць «пашпарты здароўя»?

Спачатку да ўрача, потым па візу або ў аэрапорт — яшчэ ў сярэдзіне красавіка эксперт незалежнага еўрапейскага інфармацыйнага рэсурсу па пытаннях Шэнгена Граніт Садзіку выказаў здагадку, што менавіта такі будзе турызм пасля пандэміі. Без тэста на каранавірус нікуды не пусцяць. У Еўракамісіі гэта не пракаментавалі, але Садзіку падтрымліваюць турыстычныя арганізацыі. Напрыклад, у Грэцыі збіраюцца ўвесці «пашпарты здароўя» для замежнікаў. Міністр турызму Харватыі Гары Капелі расказаў, што абмяркоўваецца «агульны дакумент, штосьці накшталт «пашпартоў COVІD-19», сапраўдных ва ўсіх дзяржавах ЕС».

Праўда, эксперты нагадваюць, што «пашпарты здароўя», як і каранцін перад паездкай, — не панацэя. Турыст можа заразіцца ў аэрапорце, у таксі, на месцы адпачынку. Таксама пропускам не могуць служыць і імунныя пашпарты аб наяўнасці антыцелаў да каранавіруса: як адзначаюць спецыялісты, пакуль няма афіцыйных пацвярджэнняў таго, што перахварэлы чалавек не здольны заразіцца паўторна. Таму само па сабе выздараўленне нічога не гарантуе. Больш тое, «імунны пашпарт» можа стварыць ілюзію бяспекі і, адпаведна, прывесці да новай успышкі захворвання.

Квіток у «крэсла Януса»

Паводле звестак Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (ІATA), у красавіку колькасць рэйсаў скарацілася на 80 працэнтаў у параўнанні са студзенем. У ЗША колькасць пасажыраў, якія штодня здзяйсняюць авіяпералёты, вярнулася на ўзровень 1954-га, калі толькі пачыналася эра рэактыўных самалётаў. 70 % сусветнага авіяцыйнага флоту стаіць на прыколе — самалётамі забітыя ўзлётна-пасадачныя палосы, рулёжныя дарожкі і нават ваенныя базы.

Падчас лакдаўна міжнародныя авіямаршруты задзейнічаны толькі для вяртання людзей на радзіму і выконваюцца з улікам новых патрабаванняў бяспекі. Так, авіякампанія Emіrates першая пачала праводзіць экспрэс-тэсты ўсіх пасажыраў, якія вылятаюць з Дубая ў родныя краіны, на COVІD-19. Абавязковы аналіз можа стаць новай нормай — аналагічныя меры разглядаюць і іншыя авіякампаніі. Напрыклад, Etіhad тэсціруе стойкі самастойнай рэгістрацыі, дзе вымяраюць тэмпературу.

Авіякампаніі асвойваюць сацыяльнае дыстанцыяванне. У Тайландзе з 1 мая аднавілі ўнутраныя рэйсы. Але па новых правілах даступныя толькі 70 працэнтаў месцаў у самалётах (сярэднія крэслы займаць нельга), пасажыры павінны быць у масках, не дазваляецца ніякіх напояў і харчавання на борце. Павялічаная дыстанцыя паміж авіяпасажырамі таксама можа стаць новай рэальнасцю: Еўрасаюз разглядае заканадаўчую забарону на продаж білетаў на месцы пасярэдзіне ў шэрагу з трох крэслаў. Італьянскае бюро Avіoіnterіors, якое распрацоўвае дызайн інтэр'ераў для самалётаў, ужо прадставіла супрацьвірусныя варыянты: «крэсла Януса» (пасажыры на сядзеннях пасярэдзіне будуць знаходзіцца спінай па ходзе руху), а таксама празрыстыя ахоўныя «брылі» над кожным з крэслаў.

Робаты на рэсепшане

Гасцініцы рыхтуюцца ўводзіць павышаныя санітарныя стандарты. Marrіott мяркуе выдаваць пастаяльцам санітайзеры і перапланаваць інтэр'ер з улікам патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыявання, пра аналагічныя планы заявілі і іншыя гасцінічныя сеткі. А сэрвіс Aіrbnb уводзіць абавязковы 72-гадзінны каранцін пасля выезду пастаяльцаў.

Іспанскі курортны горад Алікантэ ўвядзе сертыфікаты Covіd Free для гатэляў, якія будуць выконваць новыя стандарты гігіены: персанал у масках, забарона на буклеты, галасавое кіраванне ў ліфтах, шкляныя бар'еры на стойцы рэсепшану. Правілы закрануць і гасцей: дыстанцыя 1,5 метра ў агульных зонах, забарона на поціскі рук, абдымкі і пацалункі, а таксама пастаянная дэзынфекцыя рук. Аналагічная сертыфікацыя гатэляў можа быць уведзена і ў іншых краінах — напрыклад, у Партугаліі.

Сацыяльнае дыстанцыяванне як новая норма можа даць штуршок аўтаматызацыі сферы гасціннасці. Напрыклад, у Ганконгу і Сінгапуры гатэлі плануюць мінімізаваць кантакты паміж людзьмі, замяняючы персанал на робатаў, якія будуць разносіць ежу і напоі, выклікаць ліфт, дапамагаць госцю знайсці свой пакой.

У казіно і гатэлях Лас-Вегаса будуць устаноўлены цеплавізары, а ўсім гасцям раздадуць маскі. У залах правядуць перапланіроўку з улікам патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыявання. Круп'е і іншыя супрацоўнікі таксама будуць абавязаны насіць маскі, а ў залах з'явіцца дадатковы персанал для дэзынфекцыі гульнявых аўтаматаў. Зрэшты, нашэнне масак пакуль выклікае пытанні ў казіно, бо абцяжарыць работу службы бяспекі.

Дыснейлэнды могуць увесці абавязковае вымярэнне тэмпературы пры ўваходзе па аналогіі з кантролем асабістых рэчаў. Першым аб'ектам гэтай сусветнай сеткі, які пачаў вяртанне да работы, стаў парк Шанхаі, але пакуль адкрыты толькі рэстараны і крамы, а не атракцыёны. Тут абавязковае нашэнне масак і захаванне сацыяльнай дыстанцыі.

Што з all іnclusіve?

У Іспаніі плануюць забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне на пляжах з дапамогай розных бар'ераў — конусаў, вяровак. Прычым гаворка пакуль ідзе толькі пра мясцовых жыхароў. Мяркуецца стварэнне зон адпачынку Covіd Free (без рызыкі інфекцыі). У Ізраілі для гатэляў уводзяць спецыяльны стандарт «Фіялетавы знак», які дазваляе працаваць у перыяд пандэміі. Спачатку гасцей пусцяць у цымер — невялікія катэджы, а таксама ў гасцініцы, дзе ёсць нумары з асобным уваходам. Потым адкрыюць усе астатнія, але з дастаўкай харчавання па нумарах і без выкарыстання грамадскіх прастор. Затым запрацуюць кавярні і рэстараны з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі.

Між тым міністр культуры і турызму Італіі Дарыа Франчэскіні дапусціў, што ў маі ў краіне адновіцца работа музеяў і галоўных славутасцяў — у прыватнасці, Калізея і Пампей, паведамляе газета La Repubblіca. На пляжах могуць з'явіцца кабінкі з плексігласу (арганічнага шкла), а таксама жывыя загарадзі.

Грэцыя гатовая аднавіць турыстычную дзейнасць ужо ў чэрвені, паведаміў дзяржаўны міністр Акіс Герапетрыціс. Ён падкрэсліў, што грэчаскія курорты, у якіх назіралася невялікая захваральнасць на каранавірус, будуць гэтым летам «надзвычай запатрабаваныя». Тым не менш міністр турызму краіны Харыс Тэахарыса лічыць, што турыстычны сезон з удзелам замежных гасцей усё ж пачнецца ў ліпені, а праз павышаны попыт можа працягнуцца да лістапада.

Турыстычны сезон у Турцыі можа адкрыцца ўжо ў канцы мая, паведаміў міністр культуры і турызму краіны Мехмет Нуры Эрсой у эфіры тэлеканала NTV. Тым не менш прыбыццё ў краіну замежных турыстаў пачнецца не раней за сярэдзіну чэрвеня, заявіў чыноўнік. У Турцыі гасцям не варта разлічваць на сістэму «ўсё ўключана» ў класічным выглядзе. Хутчэй за ўсё турыстам прапануюць сэрвіс а-ля карт, прычым столікі паставяць на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго. Будуць і іншыя абмежаванні.

Жаданне мацнейшае за страх

Звычкі падарожнікаў таксама могуць змяніцца. Пра гэта прафесар Джозеф Чыр з Цэнтра па даследаванні праблем турызму японскага Універсітэта Вакаяма расказаў РІА «Навіны». Ён спрагназаваў, што ў турыстаў з'явяцца новыя звычкі, пераважна звязаныя з санітарна-гігіенічнымі нормамі і стандартамі чысціні. Так, турысты будуць даплачваць за месцы ў малалюдным транспарце і прыдзірліва выбіраць месца размяшчэння, у прыватнасці хостэлы і круізныя лайнеры, якія Чыр лічыць найбольш спрыяльнымі для распаўсюджвання віруса месцамі.

Паводле яго слоў, зніжэнне попыту на падарожжы будзе заўважнае ў кароткатэрміновай перспектыве, аднак бенефіцыярам ад гэтага часова стане ўнутраны і экалагічны турызм. У цэлым індустрыя хутка верне свае пазіцыі, асабліва ў тым выпадку, калі будзе распрацавана вакцына, заўважыў спецыяліст. «Упэўнены, што жаданне людзей падарожнічаць у выніку будзе мацнейшае за існуючыя страхі і сумневы», — растлумачыў Джозеф Чыр.

Пры гэтым зменяцца цэны. Туры падаражэюць, упэўненыя эксперты. Авіякампаніі і гатэлі недалічацца многіх кліентаў, а меры бяспекі — напрыклад, стэрылізацыя пакояў і нават сталовых прыбораў — запатрабуюць павелічэння колькасці персаналу.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.