Вы тут

75-годдзе Вялікай Перамогі адзначылі па ўсёй краіне


Мікалай Шарснёў: Павага да памяці і подзвігу продкаў — адна з рыс беларускага народа

Кіраўнікі абласной улады Прыдзвінскага краю ўзялі ўдзел у святкаванні не толькі ў Віцебску, але і недалёка ад мяжы з Расіяй, у Дубровенскім раёне. Там пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыял «Рыленкі». 


А ўпачатку па добрай традыцыі, закладзенай яшчэ ў савецкія часы кіраўнікі вобласці пакланіліся памяці герояў вайны на плошчы Перамогі, адной з самых вялікіх у Еўропе. Дарэчы, нядаўна там усталявалі абласную Дошку гонару.

Пасля гэтага старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч усклалі кветкі да бюста земляка П.М. Машэрава, які знаходзіцца насупраць Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. 

Потым быў пераезд у Дубровенскі раён. Там на тэрыторыі адноўленага пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу адбыўся святочны мітынг. 

У віншаванні старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што павага да памяці і подзвігу продкаў — адна з рыс беларускага народа. А свята Перамогі — дарагое для нашчадкаў тых, хто выратаваў свет ад фашыстаў і іх саюзнікаў. На Віцебшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны былі знішчаны каля трох тысяч населеных пунктаў. І кожны трэці жыхар не дажыў да Перамогі. 

Да пачатку мая добраўпарадкавалі, у тым ліку і аднавілі, добраўпарадкавалі каля 1, 5 тысячы помнікаў, абеліскаў, мемарыялаў... 

У гонар юбілею Перамогі ў Віцебскай вобласці здадзены ў эксплуатацыю пасля рамонту некалькі аб’ектаў. У прыватнасці, напярэдадні свята Перамогі, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў узяў удзел у цырымоніі адкрыцця пасля капрамонту лячэбнага корпусу абласнога спецыялізаванага шпіталя для інвалідаў вайны. 

Медыцынская ўстанова знаходзіцца ў населеным пункце Юрцава Аршанскага раёна і размешчана ў сценах былой панскай сядзібы, узведзенай ў пазамінулым стагоддзі. Тут адначасова могуць лячыць трыццаць пацыентаў. На работы па мадэрнізацыі аб’екту выдаткавалі каля 3,5 мільёна рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА


Гамяльчане аддалі даніну памяці героям

На Гомельшчыне з 5 мая праходзілі ўрачыстыя мітынгі, да помнікаў і брацкіх магіл ускладалі кветкі, кожнага ветэрана павіншавалі асабістым парадам пад вокнамі ўласнага дома.

Сёння, 9 мая, у Гомелі ўрачысты мітынг, прысвечаны Вялікай Перамозе, адкрыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей: «Дарагія ветэраны, вы здзейснілі вялікі подзвіг вызвалення. Дзякуй за тое, што і сёння вы з’яўляецеся нашай надзейнай духоўнай апорай», — звярнуўся са словамі ўдзячнасці ў адрас герояў кіраўнік вобласці. — У Гомельскай вобласці штогод рамантуюць і аднаўляюць воінскія пахаванні. Пастаянна ідзе пошукавая работа. Толькі за мінулы год на мемарыяльныя дошкі нанесена больш за 4 тысячы ўстаноўленых імёнаў герояў, што загінулі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, — адзначыў Генадзь Салавей.

Напярэдадні ў абласным цэнтры ўрачысты мітынг прайшоў на Алеі Герояў. Тут пахаваны 135 удзельнікаў абароны Гомеля 1941 года, партызаны і падпольшчыкі, а таксама салдаты і афіцэры Чырвонай арміі, якія вызвалялі горад у 1943 годзе. 

«Мы адзначаем важную для кожнага грамадзяніна дату і зноў усведамляем яе высокую значнасць, ганарымся тым, што нашы дзяды і прадзеды змаглі знішчыць «карычневую чуму», — падкрэсліў падчас мітынгу старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка.

Увечары 8 мая на Алеі Герояў лічбу 75 запаленымі лампадкамі выклалі актывісты БРСМ, як сімвал памяці пра тых, хто ваяваў за мір для будучых пакаленняў.

Напярэдадні гамяльчане аддалі даніну памяці героям ля Кургана Славы. 15 гадоў запар тут праходзіць акцыя «Беларусь — зямля славы ратнай». Моладзь наведвае месцы баявой славы, а прывезеная адтуль зямля ўносіцца ў курган. За ўвесь час ўдзельнікамі акцыі сталі больш за 14 тысяч чалавек, а зямля сабрана з 350 памятных месцаў. 

У Гомельскім раёне ў вёсцы Рудня Целяшоўская пасля маштабнай рэстаўрацыі ўрачыста адкрылі мемарыяльны знак, які вяскоўцы самі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя ўзвялі ў памяць аб земляках: 116 чалавек з чатырох мясцовых вёсак. Спецыялісты філіяла «Гомельскае ўпраўленне магістральных газаправодаў» ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» правялі маштабнае добраўпарадкаванне месца памяці, апрацавалі помнік сучаснымі матэрыяламі, ўзмацнілі стэлы, а таксама замянілі пліты з імёнамі загінулых. 

У Рэчыцы ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі супрацоўнікі МНС высадзілі кляновыя алеі — напамін аб подзвігу салдат Перамогі. Выратавальнікі таксама бралі ўдзел ва ўшаноўванні ветэранаў — жыхароў Рэчыцкага раёна. 

Кіраўніцтвам Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС быў арганізаваны персанальны парад для ветэранаў Вялікай Айчыннай — Івана Насенкі і яго жонкі Таісіі Іванаўны — жыхароў вёскі Церахоўка Добрушскага раёна. Сужэнцы пасля заканчэння вайны і да сыходу на заслужаны адпачынак працавалі ў пажарнай службе. Ветэранаў вітала рота ганаровай варты, аркестр абласнога ўпраўлення МНС і супрацоўнікі ведамства. 

Асабістыя парады пад вокнамі сваіх дамоў прымалі ветэраны ў Гомелі, Мазыры, Жлобіне, Светлагорску, Добрушы, Гомельскім, Лельчыцкім, Рэчыцкім раёнах... 

Дарэчы, ў гэтыя святочныя дні гасцей Гомеля ў цэнтральным будынку чыгуначнага вакзала сустракае макет лакаматыва рэтра-цягніка, які стаў сімвалам пераможнага мая 1945-га. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БЕЛТА


Міншчына: кветкі — загінуўшым, падарункі — жывым

Дэлегацыя Мінскай вобласці прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.


Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў і намеснік кіраўніка цэнтральнага рэгіёна Іван Маркевіч усклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”. А старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая і старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратомскі — да помніка савецкім воінам-вызваліцелям у горадзе Смалявічы. Не засталіся забытымі і ахвяры спаленых вёсак Хатынь і Дальва ў Лагойскім раёне. Да аднайменных мемарыяльных комплексаў, узведзеных у гонар загінулых, таксама ляглі кветкі.

У сілу супрацьэпідэмічных мер у рэгіёнах Міншчыны адмовіліся ад шырокай святочнай праграмы. Разам з тым у кожным раёне і горадзе Жодзіна ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў, партызан, мірных жыхароў. Да брацкіх магіл, помнікаў, абеліскаў удзячныя нашчадкі прынеслі кветкі і вянкі, а таксама павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай паштоўкамі, падарункамі, канцэртамі на даму.

З нагоды Дня Перамогі ў школах, музеях, установах культуры Міншчыны зладжаны выставы, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю. Напрыклад, у гісторыка-этнаграфічным музеі Слуцкага дзяржаўнага каледжа сабралі ўнікальную калекцыю ваенных фотаздымкаў горада. Многія здымкі — рэдкасць. Іх няма ні ў адным музеі Беларусі. Яны значна папоўнілі экспазіцыю і цалкам аднавілі карціну баявых дзеянняў на Случчыне. У Капылі каля раённага Дома культуры працуе выстаўка з фота ваенных гадоў, а на цэнтральнай плошчы ідзе радыёканцэрт, дзе гучаць мелодыі ваеннага часу.

Ну, і вядома, якое свята без падарункаў усім жыхарам вобласці. Напярэдадні Дня Перамогі ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна ўрачыста адкрыўся дзіцячы сад на 230 месцаў. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. 

У Астрашыцкім Гарадку Мінскага раёна напярэдадні свята адбыліся адразу дзве значныя падзеі — адкрыццё Дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў “Камфортнае жыццё”, які разлічаны на 65 месцаў, у тым ліку 5 з іх — для калясачнікаў. Размясціўся ён ў экалагічна чыстай зоне — у атачэнні сасновага бору, побач з возерам. Будучыя пастаяльцы будуць пражываць у адна- і двухпакаёвых нумарах з усімі зручнасцямі. На першым паверсе — пакоі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Акрамя таго, у населеным пункце ўрачыста адкрылі памятны знак і сквер да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Быў распрацаваны план сквера, падабраны расліны і складзены з іх кампазіцыі, якія сімвалізуюць памяць і жалобу жывых аб загінулых. Такімі сімваламі сталі бярозы і сосны. На ўсёй тэрыторыі сквера высаджана 12 кампазіцый, якія складаюцца з дзвюх бяроз — сімвала жывых — і адной сасны — у памяць кожнага трэцяга беларуса, які загінуў у вайне. 

У аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна ўведзены ў эксплуатацыю 12-кватэрны жылы дом для работнікаў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Першамайскі”. Гэты дом для работнікаў свайго філіялу пабудаваў БелАЗ. У 2019 годзе гаспадарка дасягнула высокіх вынікаў у раслінаводстве. А нядаўна тут была ўведзена ў дзеянне новая малочнатаварная ферма. Менавіта для яе працаўнікоў і прызначана новае камфортнае жыллё з сучаснай інфраструктурай. На прылеглай тэрыторыі прадугледжаны зручныя пешаходныя дарожкі, паркоўкі для аўтатранспарта, гаспадарчыя, дзіцячая пляцоўкі з гульнявым абсталяваннем, малымі архітэктурнымі формамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА


Гродзенцы прынялі ўдзел у мерапрыемствах у гонар 75-й гадавіны Вялікай Перамогі

У Гродне нямала памятных месцаў, манументаў і мемарыялаў, якія сведчаць аб героях Другой сусветнай вайны. У горадзе, які знаходзіцца ля самай заходняй мяжы, першы ўдар ворага прынялі на сябе пагранічнікі. Іх памяць ушанвана велічным мемарыяльным комплексам з цэнтральнай кампазіцыяй «Граніца ў агні». На пастаментах па перыметры мемарыяла — імёны загінулых пагранічнікаў. Падчас святкавання 75-годдзя Перамогі тут сабраліся ветэраны, прадстаўнікі грамадскасці Кастрычніцкага раёна Гродна і Гродзенскай пагранічнай групы. Пад гукі духавога аркестра яны ўсклалі вянкі і кветкі.

Спецыяльна для ветэранаў быў арганізаваны міні-парад і канцэрт каля іх дамоў. Гучалі мелодыі песень «Кацюша», «Смуглянка», «Дзень Перамогі». Перад ветэранамі роўным строем прайшлі прадстаўнікі некаторых родаў войск. Ваенныя маршы гучалі ў розных канцах горада — па месцы адрасоў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Песенны флэшмоб прайшоў з удзелам дзяўчат у ваеннай форме. Яны спявалі «Кацюшу» перад балконамі ўдзельнікаў вайны.

Да акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» далучыліся дэпутаты Гродзенскага гарадскога Савета. Дэлегацыя дэпутатаў накіравалася да Кургана Славы, манумента, які першым сустракае гасцей горада на трасе М6. У гэтыя дні памятнае месца выглядае асабліва ўрачыста. На самім Кургане высаджаны кветкі, якія ствараюць надпіс «Слава героям», з раслінаў стварана загарадзь з юбілейнай датай.

Важнай падзеяй святкавання 75-й гадавіны Вялікай Перамогі стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі Герою Савецкага Саюза Ілье Антонаву. Аўтар барэльефа — вядомы гродзенскі скульптар, член Саюза мастакоў Беларусі Уладзімір Панцялееў. Мемарыяльная дошка ўсталявана на доме ў цэнтры горада. 

Традыцыйна эпіцэнтрам свята з’яўляецца парк імя Жылібера, дзе высіцца помнік воінам і партызанам, загінулым у гады вайны. Сёлета парк упрыгожваюць інсталяцыі і банэры з юбілейнай датай, пунцовыя сцягі. Да Вечнага агню ў парку ідуць гродзенцы і госці горада, каб ушанаваць памяць абаронцаў сваёй краіны.

Маргарыта Ушкевіч

Фота grodnonews.by


У Брэсце свята адзначылі ўскладаннем кветак і ўшаноўваннем памяці

Брэсцкая крэпасць упершыню за шмат гадоў не стала цэнтрам шматтысячнага мерапрыемства. Масавае святкаванне перанеслі на больш познія тэрміны. А ў дзень Перамогі да Вечнага агню ўсклалі кветкі як сімвал удзячнасці нашчадкаў за гераізм і пакуты той вайны.

Ветэранаў павіншавалі загадзя. Ім уручылі юбілейныя медалі, падарункі. А ў крэпасці даніну павагі абаронцам Радзімы аддалі кіраўнікі вобласці і горада, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс сказаў пасля ўскладання кветак, што ў крэпасць і сёння прыйшлі людзі, а многія зробяць гэта яшчэ цягам дня. Губернатар адзначыў, што дзень Перамогі сёння святкуюць у кожным райцэнтры, пасёлку, кожнай вёсцы: «Гэта наша традыцыя, мы ёй не здраджваем».

Прыкладна ў такім жа фармаце праходзяць святы ў райцэнтрах вобласці. У сельскай мясцовасці прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскасці наведваюць помнікі, ускладаюць кветкі да падножжаў абеліскаў і на брацкіх магілах загінулых. У вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна ўрачыста ўсклалі кветкі да помніка маці, якая смуткуе, і да ўсіх абеліскаў, якія ёсць на тэрыторыі. У Камсамольскім скверы Бярозы кветкі і вянкі ляглі на брацкую магілу воінаў і партызан.

У Давыд-Гарадку Столінскага раёна вянкі ўсклалі да помніка воіну-вызваліцелю. Гэты помнік асаблівы, шмат гадоў ён быў сімвалам горада. А ў 2000-м годзе помнік дэманціравалі, бо ён прыйшоў у заняпад. Але праз час мемарыял змаглі аднавіць з дапамогай прадпрыемстваў і арганізацый горада. І напярэдадні свята вызваліцель заняў сваё ранейшае пачэснае месца. У дзень Перамогі яму аддалі даніну павагі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БЕЛТА


Флэшмобы, анлайн-спектаклі, інтэрактыўныя выставы, web-марафон і шмат іншых, у большасці анлайн-мерапрыемстваў, прысвяцілі 75-й гадавіне Перамогі ў Магілёве.

Нязвыкла малалюдным было сёлетняе свята, але ж па-ранейшаму шчырым, светлым і ўрачыстым. Галоўныя святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-й гадавіне Перамогі, прайшлі на плошчы Славы. Да Вечнага агню былі ўскладзены кветкі і вянкі ад прадстаўнікоў выканаўчай і прадстаўнічай ўлады, ветэранаў, грамадскіх аб’яднанняў, звычайных гараджан, якія далучыліся да свята і палічылі патрэбным нават у гэтай складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы прыйсці аддаць даніну павагі абаронцам і вызваленцам нашай Радзімы.

— Перамаглі нашы бацькі і дзяды і мы пераможам, — аптымістычна сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — Мы не можам інакш, у нашых жылах цячэ кроў пераможцаў. На прыкладзе нашых бацькоў, нашых герояў трэба выхоўваць дзяцей і ўнукаў, каб яны былі годныя подзвігу нашых дзядоў. Вялікі дзякуй нашым ветэранам, усім тым, хто не дажыў да Перамогі, хто паклаў сваё жыццё на алтар Перамогі. Мы будзем шанаваць гэты подзвіг і не выпускаць Перамогу з рук.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка лічыць свята Перамогі вельмі сакральным і асабістым.

— Не павінна быць перашкод для таго, каб мы, хто разам з таварышамі, а хто і паасобку прыйшлі да памятнага месца і згадалі тых людзей, якія цаной свайго жыцця адстаялі незалежнасць той вялікай радзімы і нашай Беларусі. Бо самая пацярпелая ў схватцы з фашызмам у той вайне — гэта, вядома ж, наша краіна. Тая вайна стала генацыдам для беларускага народа. І каб не было гэтых перакосаў, скажэнняў гістарычнай праўды, мы і абавязаны прыходзіць да гэтых месцаў, у тым ліку са сваімі дзецьмі.

Ушанаваць памяць загінулых — гэта доўг кожнага з нас, падкрэсліла намеснік старшыні Магілёўскага аблсавета Ірына Раінчык.

— Мы згадваем тых, хто не вярнуўся з вайны, і віншуем тых, хто яшчэ ў страі. Дэпутаты заўсёды з асаблівай ўвагай адносяцца да ветэранаў. Мы перадалі ім падарункі да свята, павіншавалі майскіх імяніннікаў, уручылі віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта, старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

— У Магілёве засталося ўсяго 166 ветэранаў, — паведаміла старшыня Магілёўскага гарадской ветэранскай арганізацыі Зінаіда Пянькова. — Камусьці мы ўжо павіншавалі, а кагосьці наведаем, калі закончыцца тэрмін самаізаляцыі. Сёння гэтым людзям актыўна дапамагаюць і дзяржава, і працоўныя калектывы, і моладзь.

Былы марак Анатоль Пятровіч Філіповіч прыйшоў на плошчу Славы разам са сваім унукам Мікітам. У руках яны трымалі партрэты шасці франтавікоў. Згадваючы сваіх бацьку і дзядоў, капітан трэцяга рангу не мог стрымаць слёз.

Не засталася дома і былая вязніца канцлагера Ала Васільеўна Круглікава. Яна прайшла праз жах некалькіх канцлагераў — Майданэк, Равесбрук, Алітус — і толькі цудам засталася жывая. Уся яе сям’я загінула на вайне, яна засталася адна.

У гарадской Ратушы ў гэты дзень адбылася сустрэча з удзельнікам абароны Магілёва Андрэем Цімафеевічам Андрэйчыкавым. Яго павіншаваў мэр горада Уладзімір Цумараў.

— Капалі супрацьтанкавы роў у раёне вёскі Буйнічы — рабілі перашкоду даўжынёй 25 кіламетраў. Тысячы жыхароў кожны дзень у кроў сціралі далоні, каб не пусціць ворага на родную зямлю, — так успамінаў тыя цяжкія ваенныя гады ветэран. Ён быў прызваны ў войска ў ліпені 1944 года, а адтуль накіраваны на фронт. Навіну аб Перамозе Андрэй Цімафеевіч пачуў, калі знаходзіўся пасля ранення ў шпіталі ў польскім горадзе Чэнстахове. Пасля яшчэ 9 гадоў адслужыў у Германіі ў званні сяржанта. Узнагароджаны Ордэнам «Айчыннай вайны I ступені », медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі».

У святочны дзень каля Дома ветэранаў моладзь прадэманстравала танцавальны флэшмоб, прысвечаны 75-годдзю Перамогі, а паштовыя аддзяленні правялі акцыю «Адпраў вестку ветэрану». Выдаткі па дастаўцы віншавальнай паштоўкі ўзяла на сябе «Белпошта».

Улічваючы эпіднапружаную сітуацыю, святочныя мерапрыемствы ў Магілёўскай вобласці адбыліся ў асноўным у анлайн-фармаце.

Абласны мастацкі музей імя Пятра Масленікава сумесна з тэлеканалам «Беларусь 4. Магілёў» запусціў сумесны анлайн-праект «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба — жывым...». Выставу можна будзе паглядзець на працягу месяца на сайтах музея (maslenikov.by) і тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў» (tvrmogilev.by).

У межах святкавання акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага!» з 5 па 9 мая ў Магілёве і Бабруйску, а таксама райцэнтрах вобласці праходзілі ўскладанні кветак і вянкоў да воінскіх пахаванняў і мемарыяльных комплексаў. Акцыі памяці адбыліся каля памятнага знака «У гонар паспяховай пераправы праз раку Бярэзіна» ля вёскі Шчаткава Бабруйскага раёна, на Кургане Славы непадалёк ад вёскі Сычкова, на мемарыяльным комплексе «Лагер смерці» па праспекце Шміта ў Магілёве, на Буйніцкім поле, на брацкім пахаванні байцоў брыгады спецпрызначэння ў рабочым пасёлку Татарка Асіповіцкага раёна, непадалёк ад вёскі Усакіна ў Клічаўскім раёне, ў іншых месцах смутку.

З 6 мая ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва адкрылася інтэрактыўная фотавыстава «Будуць вечна сады расквітаць...», прысвечаная 75-годдзю Перамогі.

Замест бессмяротнага палка Магілёўская абласная арганізацыя БРСМ прапанавала удзел у інтэрнэт-чэленджы «#Беларусьпомнит». Пад гэтым хэштэгам можна было размясціць у сацыяльных сетках фатаграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з невялічкай інфармацыяй пра героя.

Web-марафон «Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што аберагаць» запусцілі ў сваіх Instagram-акаўнтах бібліятэкі Магілёва і сайт Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк горада. А Магілёўскі абласны драматычны тэатр запрашаў паглядзець падборку анлайн-спектакляў, прысвечаных вайне.

На працягу мая Магілёўскі абласны камітэт БРСМ і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт праводзяць анлайн-праект «#Праспяваем песні Вялікай Перамогі», у якім можа паўдзельнічаць моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 года з усяго свету. Прапануецца размясціць пад хэштэгам # СпоемПесниВеликойПобеды відэаматэрыял з запісам песні ваенных гадоў у фармаце MP4.

З 7 па 9 мая ўсім ветэранам, якія пражываюць у Магілёўскай вобласці, былі ўручаны юбілейныя медалі «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», а таксама віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, памятныя падарункі.

Дзень Перамогі ў Магілёве завершыцца аўдыятрансляцыяй канцэрта «Адна на ўсіх — Перамога!» на плошчы Славы, а вячэрняе неба над Дняпром упрыгожыць рознакаляровы салют.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.