Вы тут

Уладзіслаў Гарагляд. Усходазнавец з беларускімі каранямі


Савецкі і расійскі япаніст Уладзіслаў Гарагляд, хаця і  нарадзіўся ў Іркуцкай вобласці, па паходжанні беларус.


Бацька даследчыка Усходу Ніканор Лук’янавіч у Ніжняудзінску Іркуцкай вобласці працаваў намеснікам кіраўніка Канскай канторы «Усходсібмукамол». Да 14 гадоў Уладзіслаў выхоўваўся ў  сям’і дзеда, паколькі бацька быў рэпрэсіраваны ў год нараджэння сына — у 1932-м. Арыштавалі Гарагляда-старэйшага яшчэ ў  верасні, а сын нарадзіўся ў кастрычніку. Вось і ўсё «знаёмства» з родным бацькам…

Закончыў школу Уладзіслаў у горадзе Нарва. Паступіў на ўсходні факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, займаўся па кафедры японскай філалогіі. У 1956 годзе маладога чалавека прынялі ў Інстытут усходазнаўства на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка і  даручылі інвентарызацыю японскага рукапісна-ксілаграфічнага фонду. У 1961-м выйшла першая кніга У. Гарагляда — факсімільнае выданне восьмага сшытка работы «Дзіўныя звесткі пра моры, якія акружаюць зямлю». Японская назва — «Канкай ібун». Што цікава, поўны пераклад з каментарыямі да ўсяго твора застаўся апошняй незавершанай кнігай Уладзіслава Ніканоравіча… З 1963 па 1971 гады У. Гарагляд сумесна з калегамі  — В. Пятровай, Г. Івановай і З. Ханіным — выдаў шэсць выпускаў анатаваных каталогаў рукапіснага збору Інстытута ўсходазнаўства «Апісанне японскіх рукапісаў, ксілографаў і старадрукаваных кніг».

У 1965-м Уладзіслаў абараніў кандыдацкую дысертацыю «“Цурэдзурэгуса”  — выдатны помнік японскай эсэістычнай літаратуры». У 1973—1976 У. Гарагляд — член прэзідыума Еўрапейскай асацыяцыі японазнаўства. У 1975-м абараніў дысертацыю на званне доктара філалагічных навук. У 1982 годзе вучонага прызначылі загадчыкам сектара Далёкага Усходу Ленінградскага аддзялення Інстытута ўсходазнаўства. І  адначасова (з 1982 па 2001 год) Уладзіслаў Ніканоравіч загадваў кафедрай японскай філалогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

Адна з галоўных навуковых заслуг У. Гарагляда ў тым, што менавіта ён здолеў максімальна дакладна перадаць стыль эпохі Хаян (794—1185 гг.), захаваўшы ўсе тонкасці і нюансы японскіх арыгіналаў. Вучоны лічыўся адным з найлепшых перакладчыкаў-япаністаў у Расіі. Перастварыў частку знакамітага японскага класічнага твора «Аповесць пра Гэндзі», а  таксама — «Дзённік эфемернага жыцця» Мітыцуна-но хаха, «Дзённік падарожжа з Тоса» Кі-но Цураюкі і шэраг іншых вядомых твораў.

Уладзіслаў Гарагляд — кавалер ордэна Узыходзячага Сонца IV ступені на малой стужцы. А яшчэ — лаўрэат прэстыжнай прэміі Ямагата Банто (1986). Адзначаны за вялікі ўклад у развіццё добрасуседскіх адносін паміж Расіяй і Японіяй.

Уладзіслаў Ніканоравіч актыўна цікавіўся і стасункамі паміж Расіяй і Японіяй, шмат пра гэта пісаў. Адна з яго апошніх работ — брашура «Японскія маракі ў Расіі ў эпоху Эда» (выйшла ў Японіі ў 2001 годзе на японскай мове). Даследаванні У. Гарагляда друкуюцца і пасля яго смерці (памёр вучоны ў чэрвені 2002-га). У 2006 годзе ў выдавецтве «Петербургское востоковедение» выйшла яго грунтоўная праца «Класічная культура Японіі: Нарысы духоўнага жыцця».

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.