Вы тут

На ветэранаў і іх сем'і, пажылых людзей і медыкаў накіравана сёння ўвага Беларускага Чырвонага Крыжа


У картатэцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа знаходзіцца больш за 20 тысяч вышуковых спраў, больш за 17 тысяч з іх звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай. Далёка не ўсе яны завершаны, і пошукі працягваюцца пастаянна. Размова не толькі пра тых, хто прапаў без вестак, хоць большасць спраў — менавіта пра гэта.


Сёння адзначаецца Міжнародны дзень Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца. І цяпер гэта арганізацыя запатрабавана як ніколі.

Вышук не спыняецца

— Пры разборы рэчаў, якія прыносяць у нашы кантэйнеры, на адным з пінжакоў мы знайшлі ордэн славы ІІ ступені. Зрабілі запыты ў расійскія архівы. Знайшлі нашчадкаў. На жаль, самога гаспадара гэтага ордэна даўно няма ў жывых, таму вярнулі ўзнагароду яго спадчынніку, — расказвае генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко.

Гісторый аб пошуку герояў Вялікай Айчыннай і іх нашчадкаў вельмі шмат, і Чырвоны Крыж дапамагае сем'ям знайсці звесткі, магілы і памятныя рэчы іх блізкіх.

— Нядаўна да нас паступіў запыт з нямецкага Чырвонага Крыжа. Даслалі фотаздымкі заручальных пярсцёнкаў. Іх гаспадары загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры. А на ўнутраным баку пярсцёнкаў захаваліся надпісы. Па іх вызначылі, што гаспадары былі з Беларусі. Мы высветлілі, што блізкія гэтых людзей пераехалі ў Ізраіль, і цяпер справай займаюцца тамтэйшыя арганізацыі, — кажа Вольга Мычко.

Дагэтуль блізкія з дапамогай Чырвонага Крыжа знаходзяць магілы сваіх родных, што загінулі ў вайну, на тэрыторыі Польшчы, Германіі і іншых краін. І, атрымаўшы заключэнне Чырвонага Крыжа, нашчадкі могуць бясплатна выехаць у гэтыя краіны і ўшанаваць памяць блізкіх. Многія карыстаюцца такой магчымасцю штогод. Сёння работа службы вышуку арганізацыі звязана і з найноўшай гісторыяй — тут дапамагаюць сем'ям знайсці звесткі аб родных, страчаных у выніку не такіх даўніх лакальных канфліктаў. Паступаюць запыты з Лівіі, Казахстана,Туркменістана, Сірыі.

Галоўны клопат

Адзін з галоўных клопатаў Чырвонага Крыжа сёння — рэагаванне на сітуацыю, звязаную з распаўсюджваннем каранавіруса. Для гэтых мэт задзейнічана каля 1,5 тысячы валанцёраў. Яны займаюцца дастаўкай адзінокім пажылым людзям і інвалідам прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці, рэцэптаў, набыццём лекаў, аплатай камунальных паслуг і мабільных тэлефонаў.

— Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой маштабнай надзвычайнай сітуацыяй. Спачатку наша дапамога найбольш была запатрабавана ў Віцебску і Мінску, зараз мы накіроўваем свае сілы ў Брэсцкі і Гомельскі рэгіёны, — тлумачыць Вольга Мычко. — Наша задача — каб усе, хто знаходзіцца ў самаізаляцыі, маглі быць там як мага даўжэй.

— Штодзень у нас працуе каля 90 валанцёраў, — працягвае нацыянальны каардынатар валанцёраў COVІD-19 Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алена Русіновіч. — У Мінску ў іх большая запатрабаванасць, у сельскай мясцовасці, дзе пажылы чалавек можа выбраць час і прыйсці ў краму, дзе ён будзе адзін, — меншая. За гэты час — з канца сакавіка — нашы валанцёры зрабілі больш за тры тысячы даставак прадуктаў і столькі ж даставак рэцэптаў і лекаў пажылым, якія раней не мелі патрэбы ў дапамозе сацыяльных работнікаў.

Акрамя таго, медыцынскія сёстры і малодшыя сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа працягваюць аказваць дапамогу дома цяжка хворым і інвалідам у межах сваёй праграмы «Дапамога». Сёстры міласэрнасці старэйшага ўзросту па рашэнні арганізацыі таксама абмежавалі ў гэты час свае кантакты. Цяпер яны аказваюць дапамогу па тэлефоне. Чырвоны Крыж адкрыў тэлефонную лінію «Добры тэлефон» (нумар 201 для мабільных тэлефонаў і 122 — для стацыянарных). Тут можна атрымаць актуальную інфармацыю пра каранавірусную інфекцыю і меры бяспекі, а таксама псіхалагічную падтрымку.

На барацьбу з распаўсюджваннем COVІD-19 беларускі Чырвоны Крыж сабраў 1,7 мільёна рублёў. За гэтыя грошы закупляюцца сродкі індывідуальнай аховы для беларускіх медыкаў. Яны перададзены Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1, Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы, Гродзенскай абласной і Мінскай гарадской станцыям хуткай медыцынскай дапамогі, 23-й і 27-й гарадскім паліклінікам Мінска.

Дзякуючы спонсарскай дапамозе Мінскага завода безалкагольных напояў і кампаніі «Лідскае піва» для пацыентаў і персаналу бальніц Мінска была дастаўлена бутыляваная вада. Працягваецца і акцыя «Медабед» — разам з рознымі кампаніямі Чырвоны Крыж дастаўляе бясплатныя гарачыя абеды медперсаналу бальніц.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У лепшых традыцыях гуманітарнага руху

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.