Вы тут

Міліцэйская дынастыя з Магілёва расказвае пра свайго гераічнага сваяка Ерамея Курчанку


Падпалкоўнікаў міліцыі Наталлю Нагорную і Вікторыю Нячаеву шмат што аб'ядноўвае. Яны родныя сёстры, абедзве працуюць у Магілёўскім інстытуце МУС і з'яўляюцца прадаўжальніцамі міліцэйскай дынастыі, якая, лічы, равесніца Перамогі. Заснавальнікам стаў іх мужны дзед, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір партызанскай разведроты, адзін з ліквідатараў буйной банды Пялінка, якая ў апошні год вайны бясчынствавала ў Полацкім раёне. Сёстры не маглі выбраць іншую прафесію, бо ўсё жыццё раслі на прыкладах сваіх продкаў-франтавікоў — Ерамея і Праскоўі Курчанкаў. А яшчэ маці — Ліліі Хортавай. Яна ў іх, дарэчы, таксама падпалкоўнік міліцыі.


Ерамей Курчанка заўсёды лічыў Дзень Перамогі галоўным святам. 2006 год

Першы бой

Гераічнага дзеда Ерамея няма ў жывых ужо 10 гадоў, яшчэ раней пайшла з жыцця яго верная спадарожніца Праскоўя. Але памяць аб іх у сям'і захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Наталля Нагорная напісала вялікую работу па ўспамінах сваіх дзеда і бабулі для інстытута. Там шмат цікавых фактаў з іх біяграфіі. Напрыклад, як у дыверсійную спецшколу, дзе вучыўся Ерамей Курчанка, прыязджаў першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка. Менавіта ад яго малады камандзір разам з іншымі таварышамі па службе атрымаў загад весці бязлітасную барацьбу з акупантамі. І гэта іх, маладых чырвонаармейцаў, вельмі натхніла. Быў 1942 год, а перад гэтым Ерамей Курчанка паспеў паваяваць і атрымаць сур'ёзнае раненне.

— Вайну дзед сустрэў у вайсковых лагерах «Чырвоныя стругі» пад Псковам, дзе служыў памочнікам камандзіра ўзвода 3-га матарызаванага палка, — кажа Наталля. — Ён часта расказваў нам, як усё пачыналася. У той дзень ён быў дзяжурным па палку. На досвітку са штаба дывізіі да іх прыехаў сувязны з пакетам. Сказаў, што павінен перадаць яго непасрэдна ў рукі камандзіру, пад подпіс. Калі камандзір разарваў пакет і прачытаў, ён закрычаў: «Абвяшчаем трывогу! Баявую! Вайна!» А 23 чэрвеня полк ужо ўступіў у свой першы бой. З роты, дзе служыў дзед, засталася толькі чвэрць байцоў. Адыходзілі з баямі. У адным з іх пад Псковам дзед атрымаў сур'ёзнае раненне. Каля паўгода правёў у шпіталі, выйшаў з яго на мыліцах з заключэннем, што «абмежавана прыдатны да страявой службы ва Узброеных Сілах».

Пэўны час Ерамей Курчанка рыхтаваў вучэбныя роты кулямётчыкаў, а ў красавіку 1942-га быў накіраваны на спецыяльныя курсы па падрыхтоўцы кадраў для партызанскіх атрадаў і арганізатарскіх груп у Мурам. Гэтыя курсы насілі назву Асобага беларускага збору, бо там было шмат беларусаў. Яны асвойвалі тактыку партызанскай барацьбы, стралковую зброю, займаліся вывучэннем падрыўной справы, тапаграфіі, практыкаваліся ў стральбе, вучыліся знішчаць сродкі сувязі, транспарту, падпальваць склады, базы, граміць штабы і камандныя пункты, разбураць чыгункі, ладзіць аварыі варожых воінскіх эшалонаў...

Сямейная дынастыя: Вікторыя Нячаева, Лілія Хортава і Наталля Нагорная.

Іх пазнаёміла вайна

Вайна перавярнула жыццё людзей: шмат у каго забрала родных, а вось Ерамею з Праскоўяй пашчасціла знайсці адзін аднаго.

— Мае дзед і бабуля сустрэліся менавіта на вайне, — расказвае сямейную гісторыю Наталля. — Пасля дыверсійнай спецшколы ў Мураме дзед быў прызначаны камандзірам адной са ста дыверсійных груп, якія былі накіраваны ў розныя куткі Беларусі. За два дні да адпраўкі ў яго групу была камандзіравана Праскоўя Дзямідава — таксама слухачка падобных курсаў, але ў Маскве. Яна потым і стала яго жонкай. Разам яны ішлі да месца дыслакацыі ў Клімавіцкія лясы. Там яны аб'ядналіся з групай Уладзіміра Маркава, іх агульны атрад называўся «За Радзіму». Дзед у ім быў камандзірам разведроты. У яе ўваходзіла і мая бабуля. Ён неаднойчы яе ратаваў. Яшчэ тады, калі яны ішлі да пункту прызначэння,  даводзілася, як яны ўспаміналі, пераадольваць шмат рэк і рачулак. У адной з іх танула Праскоўя, а ён яе выцягнуў.

А аднойчы Праскоўя ледзь не загінула падчас выканання баявой аперацыі па падрыве чыгункі. Немцы ўздоўж дарогі спілавалі ўвесь лес, засталіся адны пні і кусты. Калі дыверсанты ўжо зрабілі сваю справу і ішлі ў лес, Праскоўя заблыталася ў хмызах і не магла самастойна вызваліцца. Яна ўжо развітвалася з жыццём, калі яе хапіліся, і Ерамей сам на кані прыскакаў на яе пошукі.

— Гэта было сапраўднае каханне, яны не мелі нічога з матэрыяльнага, нейкай там маёмасці. Яны жылі пачуццямі. Я памятаю, як пара расказвала, што, калі ажаніліся, на адным шынялі спалі, другім накрываліся, — расказвае Наталля. — Яны яшчэ ў партызанскім атрадзе вырашылі, што калі выжывуць, то застануцца разам. Так і выйшла. Разам яны прайшлі цяжкія ваенныя гады, у шлюбе пражылі 56 шчаслівых гадоў мірнага жыцця.

Бабуля Праскоўя Курчанка.

Прафесію выбіралі асэнсавана

У верасні 1943-га, калі вызвалялі Клімавіцкі раён, у партызанскім атрадзе «За Радзіму» было ўжо больш за 500 чалавек, хоць ўсё пачыналася з некалькіх дзясяткаў.

За пяць месяцаў 1943 года разведрота Ерамея Курчанкі падарвала шэсць варожых эшалонаў, 220 рэек, пашкодзіла сем кіламетраў сувязі, у баях і засадах знішчыла 120 гітлераўцаў. За свой баявы шлях у гады Вялікай Айчыннай Ерамей Мікалаевіч быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І ступені». Яго жонка Праскоўя таксама атрымала баявы медаль «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І ступені».

Пасля вызвалення Клімавіцкага раёна Ерамей і Праскоўя засталіся ў Клімавічах. Тут і пачалася міліцэйская біяграфія Ерамея Курчанкі. У 1944 годзе ён у складзе 75 супрацоўнікаў міліцыі Магілёўшчыны быў накіраваны для барацьбы з буйным бандфарміраваннем у Полацкую вобласць. Шмат хто не вярнуўся пасля гэтага на радзіму. Але Ерамею Мікалаевічу пашчасціла. З 1948 года і да самага звальнення ў запас працаваў у Касцюковіцкім РАУС.

— Дзед шмат расказваў пра тое, як быў участковым, — успамінае Наталля. — Яму даводзілася выступаць і за следчага, і за оперупаўнаважанага. Абслугоўваў аж 67 населеных пунктаў! Не дзіўна, што мы з сярэдняй сястрой выбралі гэтую прафесію. А вось малодшая, Марыя Чухонская, стала ўрачом. Таксама адказная пасада. Асабліва зараз. Дзед наказваў нам заўсёды працаваць сумленна, не браць ніякіх падзяк і падачак. Казаў, лепш агурок з бульбай, чым здзелкі з сумленнем. Яго дачка, наша маці, Лілія Хортава, 26 гадоў аддала службе ў органах унутраных спраў.

Сямейныя традыцыі

Медалі, узнагародныя лісты бабулі і дзеда — усё гэта беражліва захоўваецца ў дамашнім архіве Наталлі, яе сясцёр і маці. Падчас пераездаў шмат трафейных рэчаў часоў вайны было страчана. Лілія Ерамееўна згадала, што ў маці быў нават дамскі пісталет вальтэр, але яна выкінула ў рэчку, калі да яго стаў праяўляць цікавасць яе сын. Але галоўнае не рэчы, а тое, што жыве памяць. Лілія Ерамееўна, калі вучылася ў ВНУ, пісала курсавую работу па гісторыі партызанскага атрада, дзе ваявалі яе бацькі. Успамінамі пра сустрэчы дзеда і бабулі з аднапалчанамі падзялілася і Наталля:

— Дзед з бабуляй штогод ездзілі ва ўрочышча Харавынь, дзе ваявалі, на сустрэчы з аднапалчанамі, і мяне аднойчы ўзялі. Я была зусім яшчэ падлеткам — усяго 10 гадоў. Але вельмі добра памятаю тыя зямлянкі, баявую паляну, дзе ветэраны збіраліся і ўспаміналі былое. Сядзелі да самай цемры. На сустрэчы прыязджаў і камандзір атрада Уладзімір Маркаў, які потым стаў генералам. Засталося шмат фотаздымкаў з тых сустрэч.

Для Наталлі, яе маці і сясцёр свята Перамогі — асаблівая дата.

— Маці мне казала, што ўвесь ваенны час марылі: калі выжывуць, большага свята ў нас не будзе, — кажа Лілія Ерамееўна. — Галадаць ёй даводзілася доўга. Марыла нават пра бульбяныя лупіны. Казала, што, калі б нехта тады даў іх наесца ўволю, рукі б цалавала.

Наталля і яе сястра Вікторыя жывуць у Магілёве, а вось маці часта бывае ў бацькоўскім доме ў пасёлку Мірны Магілёўскага раёна. У памяць аб Перамозе Лілія Хортава заўсёды напярэдадні свята вывешвае сцяг. Гэта самая галоўная традыцыя, якую захоўвалі яе бацькі і Лілія прывівае сваім дзецям. І яны абяцаюць яе таксама захаваць.

— Мы нізка схіляемся не толькі перад нашымі роднымі, але і ўсімі удзельнікам той вайны, — кажа Наталля. — У нашай сям'і да слаўнага мінулага продкаў ставяцца і будуць ставіцца з гонарам і хваляваннем! І гэтыя пачуцці мы перадаём зараз сваім дзецям.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Наталлі НАГОРНАЙ

Загаловак у газеце: Дынастыя Ерамея

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.