Вы тут

Сенатар Валянцін Байко перадаў СІА ва ўстановы аховы здароўя Гродзеншчыны


Сенатар Валянцін Байко не застаўся ўбаку ад добрых спраў і перадаў сродкі індывідуальнай абароны ва ўстановы аховы здароўя Гродна, Мастоў, Ваўкавыска і Шчучына.


Не так даўно член Савета Рэспублікі ад Гродзенскай вобласці, адзін з заснавальнікаў сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа» Валянцін Байко перадаў урачам некалькі тысяч медыцынскіх масак, на выраб якіх цяпер пераарыентавана частка вытворчасці. Маскі трохслойныя: два слаі — з мікрафібры, адзін — фільтруючы элемент з бавоўны.

Сёння сродкі індывідуальнай засцярогі як ніколі запатрабаваныя, бо расход іх дастаткова вялікі: усе медыцынскія работнікі, што працуюць пры аказанні рэанімацыйнай дапамогі, інтэнсіўнай тэрапіі, робяць гэта ў адмысловай экіпіроўцы. Вырабленыя на прадпрыемстве маскі, безумоўна, стануць добрым унёскам у справу захавання здароўя пацыентаў і медработнікаў.

Так, Шчучынскай ЦРБ передадзена 2400 санітарна-гігіенічных масак, Мастоўскай і Ваўкавыскай ЦРБ — па 2000, Ваўкавыскаму раённаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў — 800. Установы абраныя невыпадкова: менавіта гэтыя рэгіёны сенатар прадстаўляе ў верхняй палаце парламента.

Дарэчы, дапамога таксама аказана Гродзенскаму абласному клінічнаму перынатальнаму цэнтру.

— Дапамагчы сродкамі індывідуальнай абароны тым, хто цяпер знаходзіцца на перадавой барацьбы з каварным вірусам, — гэта самае малое, што мы можам зрабіць для нашых медыкаў. Яны — сапраўдныя байцы, якія без лішняй мітусні і панікі робяць сваю справу, лечаць людзей. І ў нашых магчымасцях падтрымаць іх у гэты няпросты перыяд, каб разам пераадолець пандэмію каранавіруса і вярнуцца да звыклага ладу жыцця, — адзначыў Валянцін Байко.

— Мы ўдзячныя сенатару за аказаную дапамогу, бо сродкі абароны, асабліва ў цяперашняй сітуацыі, з'яўляюцца найбольш запатрабаванымі ў медустановах, — падкрэсліў галоўны ўрач Мастоўскай ЦРБ Аляксандр КОЗІЧ. — Маскі добрай якасці. Дзякуй за клопат і ўвагу. Паверце, такі ўдзел у жыцці і здароўі нашых медыцынскіх работнікаў і пацыентаў шмат каштуе.

Па матэрыялах раённых газет «Дзянніца», «Зара над Нёманам», «Наш час»

Загаловак у газеце: «Маскі добрай якасці. Дзякуй за клопат і ўвагу»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.