Вы тут

«Вы павінны праводзіць самыя жорсткія і самыя бязлітасныя мерапрыемствы». Як афіцэраў і салдат вермахта рыхтавалі да нападу на СССР


Гэта аповед пра тое, як іх, афіцэраў і салдат вермахта, рыхтавалі да вайны супраць СССР, як іх настаўлялі кіраваць і гаспадарыць на акупаванай тэрыторыі, бязлітасна абыходзіцца з ваеннапалоннымі, і як яны ў 1944 годзе без аглядкі ўцякалі з Беларусі на Захад. Публікацыя падрыхтавана на аснове дакументаў і ваенных загадаў часоў Трэцяга рэйха, успамінаў удзельнікаў тых падзей, прадстаўленых экс-дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, аўтарам шэрагу навукова-папулярных выданняў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Юрыем Паповым.


«Самыя жорсткія і самыя бязлітасныя мерапрыемствы»

Вось урыўкі з «Запаведзяў паводзін немцаў на Усходзе і іх абыходжання з рускімі» ад 1 чэрвеня 1941 года — заўважце, за тры тыдні да нападу на СССР.

«З прычыны таго, што тэрыторыі, якія далучаюцца, павінны быць надоўга замацаваны за Германіяй і Еўропай, многае будзе залежаць ад таго, як вы паставіце сябе там. Вы павінны ўразумець, што вы на цэлыя стагоддзі з'яўляецеся прадстаўнікамі вялікай Германіі і сцяганосцамі нацыянал-сацыялістычнай рэвалюцыі і новай Еўропы. Таму вы павінны з усведамленнем сваёй вартасці праводзіць самыя жорсткія і самыя бязлітасныя мерапрыемствы, якіх ад вас запатрабуе дзяржава».

Кім лічылі нацысты згаданых «рускіх»? Вось адказ: «Рускія заўсёды хочуць быць масай, якой кіруюць. Так яны ўспрымуць і прыход немцаў, бо гэты прыход адпавядае іх жаданню». І важная рэкамендацыя: «Трымайцеся далей ад рускіх, яны не немцы, яны славяне». Карацей, карыстаючыся мовай нацыстаў, недачалавекі, што з імі цырымоніі разводзіць. І не разводзілі, як паказалі наступныя падзеі на акупаванай Беларусі.

У сакавіку 1941 года з удзелам вышэйшага камандавання вермахта адбылася спецыяльная нарада па пытанні будучых савецкіх ваеннапалонных. Яе праводзіў начальнік упраўлення па справах ваеннапалонных пры стаўцы Гітлера генерал Г. Рэйнеке. Ён, у прыватнасці, тады заявіў: «Вайна паміж Германіяй і Расіяй — не вайна паміж дзвюма дзяржавамі. Гэта вайна двух светапоглядаў — светапогляду нацыянал-сацыялістычнага і бальшавісцкага». Таму фашысцкі генерал даў устаноўку: разглядаць чырвонаармейца не як праціўніка, а як ідэалагічнага ворага нацыянал-сацыялізму. Адсюль і рэкамендацыя наконт утрымання будучых палонных салдат-франтавікоў: «Калі на месцах не атрымаецца своечасова стварыць лагеры з баракамі пад дахам, то ладзіць іх пад адкрытым небам, толькі абгарадзіць калючым дротам».

У маі 1941 года ў войсках вермахта азнаёміліся з дырэктывай «Аб палітычных кіраўніках Чырвонай Арміі». Іх, камісараў, загадвалася не лічыць палоннымі, а знішчаць, расстрэльваць на месцы.

Дулагі, шталагі, гета...

Планы нямецкіх стратэгаў на першым этапе агрэсіі супраць СССР у многім здзейсніліся. На шосты дзень вайны вермахт захапіў Мінск. Аж да глыбокай восені 1941 года акупанты дастаўлялі ў дывізійныя, карпусныя і армейскія перасыльныя пункты (так званыя дулагі) знясіленых ваеннапалонных. Таму хутка ў акупаванай Беларусі прыкметай часу сталі дулагі і шталагі (стацыянарныя лагеры ваеннапалонных). Іх лік ішоў на сотні. Лагеры ўзводзілі ў Мінску і ў яго наваколлях, у многіх іншых населеных пунктах захопленай рэспублікі — пераважна ў тых, што месціліся каля чыгункі. Так прасцей было перасоўваць вялікія масы людзей.

Маладзечанскі «Шталаг-342» у спісе фабрык смерці займаў асаблівае месца. Гэта быў адзін з самых вялікіх канцлагераў у рэспубліцы. Па сутнасці, «Шталаг-342», пад які хутка пераабсталявалі памяшканні настаўніцкай семінарыі, уяўляў сабой тры лагеры і трынаццаць філіялаў пры чыгуначных прыпынках. Потым у ліпені 1944 года цудам ацалелыя вязні расказалі вызваліцелям пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў перапоўненых бараках ці ўвогуле пад аткрытым небам, так званым харчаванні ў найлепшым выпадку адзін раз на дзень 100 грамамі хлеба і літрам вадкасці пад назвай «суп» з рэшткаў сапсаваных прадуктаў. Дэфіцыт вады быў пастаянны. За суткі людзі сотнямі паміралі ад катаванняў, голаду, холаду, самагубстваў. Усяго ў «Шталагу-342» знайшлі смерць прыблізна 33 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў за сувязі з партызанамі. Па іншых неафіцыйных звестках, лічба загінулых тут удвая большая — дакладна не падлічыць.

«Беглі з апошніх, самых апошніх сіл»

З канца чэрвеня 1944 года сітуацыя ў Беларусі кардынальна змянілася: пачалася славутая наступальная вызваленчая аперацыя «Баграціён». І хутка надышоў час уцёкаў для пыхлівых, жорсткіх, атручаных гебельсаўскай прапагандай акупантаў. Вось асобныя ўрыўкі з ліста немцаў, якія цудам пазбеглі палону і здолелі дабегчы амаль да Берліна. Яго аўтары — афіцэры і салдаты 119-га грэнадзёрскага палка, якія ў пачатку ліпеня 1944 года пасля тыдня жорсткіх баёў прарвалі акружэнне каля Мінска і на пэўны час схаваліся ў лесе.

Смяротная небяспека чакала на кожным кроку: амаль штодзень магутны мінамётны агонь і паветраныя налёты нішчылі сілы грэнадзёраў і іншых адступаючых. Ноч была як часовае пазбаўленне ад рызыкі загінуць. Кожны хацеў выратавацца. У гэтым ім моцна дапамагалі беларускія пушчы. Але не ўсім. «Раненых давялося пакінуць у лесе. Мы здолелі прайсці ўсяго некалькі кіламетраў. На кожным прывале людзі бяссільна падаюць і застаюцца ляжаць. Многія потым не могуць узняцца без дапамогі. Да світанку ўдалося знайсці гушчар і там схавацца».

Вось так на працягу больш чым чатырох тыдняў бегалі туды-сюды, наперад і назад па лясах і клятых тысячу разоў немцамі балотах назаўсёды, як здавалася ім раней, скоранай Беларусі. Адстрэльваліся, кідалі сваіх нямоглых, маскіраваліся, хітрылі, як маглі. Перыядычна злучаліся з рэшткамі іншых недабітых вайсковых часцей, прарываліся разам. Потым пры сур'ёзным сутыкненні з ворагам зноў разбягаліся. Каб канчаткова не з'ехаць з глузду ад голаду, пад пагрозай зброі забіралі апошнія харчы ў вёсках, што трапляліся на іх шляху, а падсілкаваўшыся, зноў рушылі на захад. Вяскоўцы адразу паведамлялі пра іх ваенным ці партызанам. І хутка — зноў акружэнне, чарговы бой, новыя людскія страты, потым дзень у лесе, ноч у дарозе. Так і прабіваліся ляснымі сцяжынкамі ў Нямеччыну. Калі вельмі лаканічна, то вось гэтая цытата з ліста адлюстроўвае тагачасны стан і настрой салдат вермахта: «Беглі з апошніх, самых апошніх сіл».

І вось нарэшце лінія фронту. Толькі некалькім вайскоўцам былога 119-га грэнадзёрскага палка пашанцавала не загінуць і дайсці да яе. У тры гадзіны ночы яны бясшумна перапаўзалі цераз нейтральную паласу. «500 кіламетраў мы прайшлі за 35 дзён і начэй. Ногі нашы сплываюць крывёй і гнояцца. Целы фізічна знясіленыя і зраненыя. Твары зараслі, шчокі запалі. Рэшткі формы звісаюць лахманамі. У нас засталіся два пісталеты і пагоны з нумарам палка...»

Нечаканы працяг

Амаль праз 40 гадоў гэтая гісторыя атрымала нечаканы працяг. Да Юрыя Папова, тады ўжо вядомага ў Беларусі і за мяжой даследчыка тэмы вайны і палону, прыйшоў ліст са Штутгарта з гэтым, будзем спадзявацца, дакладным аповедам пра поўныя смяротнай рызыкі прыгоды грэнадзёраў летам 1944 года. Як знайшлі яго? У Юрыя Мікалаевіча былі і застаюцца цесныя стасункі з беларускімі і замежнымі ветэранскімі арганізацыямі. Праз іх і адшукалі Папова былыя вайскоўцы разгромленай у Беларусі 25-й грэнадзёрскай дывізіі, у якую ўваходзіў 119-ы полк. Капітан Кіміх і яшчэ некалькі немцаў, удзельнікаў вайны ў складзе вермахта, заклікалі ў лісце да садзейнічання ў прымірэнні беларускага і нямецкага народаў. Яшчэ яны прыклалі занатаваныя ўспаміны аб сваіх выпрабаваннях.

У пацвярджэнне шчырасці намераў гер Кіміх перадаў нашай краіне ў 1993 годзе карты супрацьтанкавых мінных палёў у Дубровенскім раёне.

Нічога не забыць

Так, прымірыцца можна, але нельга забыць тую вайну на знішчэнне беларускага народа.

Сярод пастаянных клопатаў Саветаў дэпутатаў нашай краіны — тысячы ваенных помнікаў, мемарыялаў, абеліскаў і пахаванняў, якія нагадваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод такіх славутасцяў Маладзечанскага раёна — мемарыяльны комплекс з нязвыклай для нашага слыху назвай «Шталаг-342». Сюды людзі прыходзяць з кветкамі і доўга маўчаць каля пліт з выбітымі на іх тысячамі імён. А 11 красавіка тут звычайна (але не сёлета) асабліва шматлюдна — у гэты дзень ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

У напамінак пра тыя падзеі ў 1995 годзе на месцы лагера быў створаны мемарыяльны комплекс у памяць яго ахвяр. Адбылося гэта ў значнай ступені дзякуючы ініцыятыве ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна горада Аляксандра Мазаніка і яго аднадумцаў. Іх актыўная пазіцыя была падтрымана мясцовай уладай. У выніку па праекце славутага беларускага архітэктара Леаніда Левіна, аўтара розных ваенных мемарыялаў, у тым ліку і сусветна вядомай «Хатыні», у Маладзечне з'явіўся мемарыял «Шталаг-342» — стылізаваны барак з металу і бетону.

Уявіце сабе, што ўсяго ў нацысцкай Германіі і на тэрыторыі акупаваных ёю краін была наладжана дзейнасць больш чым 14 тысяч канцлагераў, гета і турмаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшло больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету. З іх 5 мільёнаў — грамадзяне Савецкага Саюза. Прыблізна 12 мільёнаў вязняў, у тым ліку 2 мільёны дзяцей, было забіта. Невыпадкова ў 1946 годзе Нюрнбергскі міжнародны трыбунал кваліфікаваў практыку фашысцкіх канцлагераў як злачынства супраць чалавецтва.

А цяпер пяройдзем ад глабальнай да мясцовай статыстыкі, якая таксама моцна ўражвае. Старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта кажа, што ўсяго ў раёне 104 помнікі, абеліскі, магілы і месцы пахаванняў ахвяр фашызму. Сярод іх — 54 воінскія пахаванні. А 4 брацкія магілы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

— Усе яны дагледжаныя. За іх станам уважліва сочаць сельсаветы, нашы дэпутаты, яны ладзяць памятныя мерапрыемствы, асабліва вясной; сюды прыводзяць школьнікаў, тут ускладаюць кветкі, успамінаюць загінулых. У падтрыманні парадку вакол помнікаў фінансава ўдзельнічае ўсё больш прадпрымальнікаў, — кажа старшыня райсавета.

Сёння напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі хочацца ад імя рэдакцыі «МС» падзякаваць усім мясцовым Саветам і іх дэпутатам, намаганнямі якіх захоўваюцца ваенныя помнікі — гэтыя вузельчыкі народнай памяці пра мінулае ліхалецце.

Леанід Лахманенка

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Ніколі зноў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.