Вы тут

На Беларусі хіба што зусім малыя дзеці не чулі пра Хатынь. Але ці змаглі мы ўлавіць усе тыя сэнсы, пра якія апавядае гэты мемарыял?


«Важна захоўваць для будучых пакаленняў памяць не толькі аб салдатах і партызанах — іх подзвіг святы і не падлягае сумненню. У першую чаргу важна гаварыць пра тое, што вайна была сусветным злом, якое нацэлена на ні ў чым не вінаватых людзей. І Хатынь — гэта помнік, прысвечаны не толькі адной ці ўсім спаленым вёскам, як гэта часта падаецца. Гэта мемарыял мірным жыхарам Беларусі незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання: беларусам, рускім, яўрэям, палякам, татарам. Глабалізм Хатыні часта выпадае з-пад увагі», — не перастае паўтараць дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплекса «Хатынь» Артур Зельскі.

Званы звоняць пра трагедыю цэлага пакалення, пра жахлівую катастрофу ХХ стагоддзя.


Зазірніце ў дзіцячыя вочы

Артур Гарыевіч упэўнены, што Хатынь — тое месца, якое патрабуе неаднаразовага наведвання. Нават узрост наведвальнікаў можа ўплываць на тое, якія думкі, адкрыцці будуць нараджацца падчас знаёмства з мемарыялам. Часта сюды прыязджаюць сем'ямі, і трэба бачыць рэакцыю маладых матуль, калі на стэле яны чытаюць узрост юных ахвяр: паўтара годзіка, тры, сем тыдняў... Яны інстынктыўна прыціскаюць бліжэй да сябе сваіх дзяцей. Гэтая інфармацыя нараджае страх і адчуванне, што такое ніколі не павінна паўтарыцца.

Зусім рознае ўспрыняцце гісторыі можа быць у школьнікаў і студэнтаў. Але для таго, каб яны не выйшлі адсюль з адчуваннем, што проста паглядзелі на чарговы помнік, з імі трэба працаваць, загадзя рыхтаваць да экскурсіі. Пра Хатынь напісаны кнігі, створаны фільмы, але ці выкарыстоўваецца гэта ў сістэме адукацыі?

— Падыходы павінны мяняцца. Калі мы гаворым пра падрастаючае пакаленне, тут не абысціся без сродкаў візуальнай інфармацыі. У першую чаргу яе трэба даносіць да падлеткаў праз музеефікацыю прасторы. Я не маю на ўвазе мемарыяльны комплекс «Хатынь» — ён павінен захавацца ў першапачатковым выглядзе, і гэта не абмяркоўваецца. Я кажу пра стварэнне музея трагедыі беларускага народа. Мы часта сутыкаемся з тым, што наведвальнік Хатыні не разумее, куды ён прыехаў. Асабліва гэта датычыцца школьнікаў. Іх трэба паглыбіць у тыя падзеі, у гісторыю. Перш чым ісці да мемарыяла, яны павінны прайсці па пэўных залах. У нас ёсць фотадакументальная экспазіцыя, і яна, я б сказаў, жорсткая па сваім напаўненні. Але сёння гэтага мала, і цяпер вядзецца работа над стварэннем новай канцэпцыі музея, дзе будзе расказана пра ўсе пакуты нашай зямлі і пра тое, як стваралася Хатынь, — дзеліцца дырэктар мемарыяла.

Звычайна музей — гэта сапраўдныя рэчы пэўнай эпохі. Але як расказаць, што адбывалася ў гады вайны, калі ўсё згарэла дашчэнту, а тое нямногае, што дасталі з зямлі, па сутнасці проста заржавелыя жалязякі? «Гэта для мяне ржавыя паўабгарэлыя вілкі дарагія. Я ўяўляю, як гаспадыня даставала імі гаршкі з печы. Маладым наведвальнікам яны ні пра што не скажуць. Але на сёння ёсць такія магчымасці, візуальныя сродкі, якія дапамагаюць чалавеку ўбачыць і адчуць трагедыю спаленай вёскі ці бежанцаў — гэтая тэма ў нас зусім забытая. На перыферыі засталася і трагедыя маленькіх дзяцей. Сёння пра гэта гавораць і пішуць у вузкім коле спецыялістаў. Але гэта менавіта тая тэма, якую трэба ўзнімаць глабальна», — упэўнены Артур Гарыевіч.

І зноў жа, Хатынскі мемарыял — ці не самае красамоўнае месца для аповеду пра дзіцячыя пакуты: са 149 жыхароў Хатыні, што былі забітыя ці жывымі згарэлі ў агні 22 сакавіка 1943 года, — 75 дзяцей! Тым больш што помнікаў, прысвечаных дзіцячым трагедыям, у Беларусі якраз не хапае. Мы нават прыблізна не ведаем лічбу, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак загінулі падчас вайны. А колькі сталі інвалідамі, сіротамі? А праз што прайшлі тыя, хто выжыў! «Без слёз, без уздрыгу я не магу чытаць успаміны чалавека, які, ужо дарослы, сівы, расказвае, як дзіцем бачыў абгарэлае цела маці, а на ім ляжаў яго маленькі брацік. Ён дакрануўся — і ад браціка застаўся толькі попел», — дзеліцца дырэктар Хатынскага мемарыяла і прапануе ўявіць хлопчыка ці дзяўчынку, у якіх учора яшчэ былі сям'я, цёплы дом, людзі, якія любяць, але гэтага імгненна не стала, малы стаіць адзінокі і не разумее, што адбываецца. Такія моманты захаваліся на некаторых фатаграфіях, кадрах кінахронікі. Мы можам зазірнуць у здзіўленыя, спужаныя дзіцячыя вочы. Дзіцячы боль нікога не пакіне абыякавым. Таксама ў музеі захавалася цяжкая, складаная фатаграфія-сведчанне з архіваў фашысцкай фотахронікі. На ёй забіваюць сям'ю. Людзі стаяць на каленях. Нехта плача. Нехта хрысціцца. А на руках у маці зусім маленькае дзіця, яно глядзіць на вар'ята, што чыніць гэтае злачынства, і не разумее, чаму плача маці і што праз хвіліну для яго ўсё скончыцца.

Яшчэ жывое пакаленне дзяцей вайны, важна паспець сабраць іх успаміны. Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць нават запісаць відэааповед і пакінуць нашчадкам, каб яны пасля маглі паглядзець. Важна, каб сучасныя дзеці ведалі не толькі імёны і прозвішчы дзядоў, але і тое, што адбывалася, пра што думалі іх продкі. Памяць будзе жыць толькі тады, калі яна напоўнена зместам.

Гістарычныя пошукі не спыняюцца. Адкрываюцца новыя дэталі, якія датычацца як Хатыні, так і іншых вёсак ды населеных пунктаў. І неабавязкова шукаць смажаныя факты. Часам усплываюць дэталі, якія дапамагаюць больш паглыбіцца ў мінулае, адчуць эмоцыі. Апошні жывы сведка трагедыі Хатыні Віктар Андрэевіч Жалабковіч згадаў пра той жахлівы дзень, і нязначныя, звычайныя, здавалася б, дэталі ўражваюць як нішто іншае: «Свяціла сонца. Яшчэ гурбамі ляжаў снег. Беглі ручаі. Людзей выганялі з дамоў, у чым тыя былі, а дзеці ў асноўным басанож. Малыя скакалі цераз сакавіцкія лужыны, і пырскі ляцелі ў розныя бакі...»

Дырэктар мемарыяла ў Хатыні ўпэўнены, што абавязкова трэба працаваць над захаваннем памяці праз сем'і. Гэты працэс можна падштурхнуць. Неяк яму патрапілася інфармацыя пра конкурс, дзе праз сямейную фатаграфію школьнікам прапанавалі расказаць пра родных падчас вайны. Але ці толькі для дзяцей павінны праводзіцца такія конкурсы? Важна, каб далучаліся і дарослыя, сталыя людзі.

Цаглінка ў гістарычнай памяці?

Некалькі гадоў таму супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу атрымалі ліст з Ізраіля з просьбай падзяліцца інфармацыяй пра Хатынь. Музейныя работнікі падрыхтавалі пашыраную даведку, а пасля з Ізраіля ім даслалі пасылкай свежанькі падручнік — у ім цэлая старонка была прысвечана Хатыні. Аўтары навучальнага дапаможніка не маглі абмінуць увагай Хатынь — месца, дзе сканцэнтравана памяць пра жахлівую трагедыю цэлай краіны, напамін чалавецтву пра ўвесь той боль, які прынесла вайна. Але ці стала Хатынь цаглінкай у еўрапейскай гістарычнай памяці? Артур Зельскі (а ён працуе дырэктарам мемарыяльнага комплексу амаль дзесяць гадоў) заўважыў, што заходняе палітычнае кіраўніцтва не цешыць увагай мемарыял — ні адзін палітычны кіраўнік заходняй дзяржавы ніколі не быў у Хатыні. Можа, нам проста трэба знайсці іншы падыход да таго, каб паказаць значнасць і спецыфіку Хатыні ў сусветнай культуры памяці пра Другую сусветную вайну? Усё ж дзіўна, што аднаму з жахлівых складнікаў той вайны — трагедыі спаленых вёсак — у свеце не ўдзяляецца належнай увагі. За гады вайны ў Беларусі прайшло 140 буйных карных аперацый, у выніку якіх было спалена больш за пяць тысяч населеных пунктаў, у тым ліку 630 разам з усімі жыхарамі, а 4824 — з часткай насельніцтва.

Наогул падчас акупацыі ў полымі пажараў і разбурэнняў было знішчана 209 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9200 вёсак. Як можна «не заўважаць» гэтыя лічбы? Адна з частак мемарыяла, дзе захаваны жалобныя урны з зямлёй са 185 спаленых вёсак — гэта адзіны ў свеце «могільнік вёсак», якія не адрадзіліся пасля вайны! Ці трэба ахвяр дзяліць па нацыянальнасці? «У нас часам пытаюцца, чаму не вылучаны тыя ці іншыя групы. Але калі я гляджу кадры кінахронікі, якія здымала Надзвычайная камісія, бачу, як з зямлі дастаюць цельца дзіцяці, і ў яго соска. Я не ведаю нацыянальнасці гэтага дзіцяці, і ці так гэта важна? Вайна — у першую чаргу трагедыя гэтага немаўляці, сям'і, тых асоб, хто лёг у тую страшную магілу, — заўважае Артур Зельскі. — Усё тое страшнае, што нацызм планаваў здзейсніць у сусветным маштабе, апрабіравалася ў Беларусі. Гэта не мае словы, а Янкі Брыля, Алеся Адамовіча і Уладзіміра Калесніка, калі яны пісалі кнігу «Я з вогненнай вёскі», якая магла стаць у той час у Савецкім Саюзе інфармацыйнай бомбай. Але гэтага не адбылося».

Даносіць галасы людзей, якія перажылі кашмарныя трагедыі, трэба і цяпер. І сёння Хатынь запатрабавана — за мінулы год яе наведала 250 тысяч чалавек. Каля 70 працэнтаў гасцей прыехалі з Расіі. У параўнанні з савецкім перыядам, напэўна, гэта невялікая лічба. Але не трэба забывацца, што раней прастора агульнай памяці была шырэйшая за адміністрацыйныя межы СССР, у краінах сацыялістычнага лагера не сумняваліся, хто здзяйсняў агрэсію і якой цаной давалася Перамога. Сёння ж нават у былых савецкіх рэспубліках гісторыя падпадае пад перагляд, назіраецца падмена сэнсаў.

«Нашы дзяды перамаглі самую страшную машыну знішчэння ў гісторыі чалавецтва. Калі б аўтарам тэорыі падзелу людзей на чыстых і нячыстых удалося рэалізаваць свае планы, нас бы сёння не было. Адсюль для мяне разуменне той значнасці, якую нясе ў сабе Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, — заўважае саветнік-пасланнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Пётр Фралоў. — Чым далей гэта дата ад нас, тым больш намаганняў трэба прыкладаць, каб памяць пра яе перадавалася з пакалення ў пакаленне».

Гісторыя — гэта частка ідэнтычнасці народа, і калі дзесьці прапануюць забыць пра тое, як паліліся вёскі, забіваліся мірныя жыхары, і пачынаюць пісаць гісторыю «з чыстага аркуша», ёсць вялікая небяспека, што знойдуцца і тыя, хто захоча напісаць на гэтым аркушы мацерныя словы.

Таму так важна не спыняць работу. Як паведаміў вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерый Надтачаеў, у Рэспубліцы Беларусь створана каля дзевяці тысяч мемарыялаў, і гэтая работа працягваецца. Але ці навучыліся мы чытаць гісторыю па помніках? Музей Вялікай Айчыннай вайны мог бы дапамагчы ў гэтым — усе асноўныя падзеі, якім прысвечаны тыя ці іншыя мемарыялы, адлюстраваны ў яго экспазіцыі. У залах размешчаны інфатэрміналы, якія дазваляюць аператыўна выкарыстоўваць архіўную і музейную інфармацыю.


Трэба бываць у такіх месцах памяці, як дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», каб звяраць сваё жыццё і ўчынкі з тым, дзеля чаго аддалі свае жыцці вызваліцелі беларускай зямлі, дзеля чаго пакутавалі нявінныя людзі, забітыя і закатаваныя фашыстамі. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка на ўрачыстым мерапрыемстве «Дзень памяці» ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», якое прайшло ў аўторак. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Па кім звоняць званы Хатыні?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?