Вы тут

У белых садоў час


Хто б мог падумаць яшчэ нядаўняй бясснежнай, безмарознай зімой, што самую прыгожую пару пачатку цвіцення, вясновай урачыстасці прыроды мы будзем сустракаць у такім напружаным стане? Тое, што рабілася ў Кітаі, успрымалася чужой далёкай бядой, якую цяжка было праецыраваць на нашу рэчаіснасць. Але вось яно, прыйшло. Гэты каварны вірус, як нябачны вораг, — побач, і ніхто, на жаль, не застрахаваны.


yandex.by

Вядома, насцярожвае, калі бачыш карцінку па тэлевізары, чытаеш звесткі ў інтэрнэце. Але асабліва праймае, калі захварэе той, каго добра ведаеш. І ўжо ў стасунках з яго роднымі пытаешся толькі пра адно — пра самаадчуванне іх блізкага чалавека. Захварэла дачка маёй сяброўкі. Дачку завуць Вольга, яна ўрач, працуе ў рэанімацыі, там і падхапіла каварны вірус, які праявіў сябе пнеўманіяй. Калі мне пазваніла Наталля, яе маці, неяк адразу ўспомніліся нашы маладыя гады.

Мы пазнаёміліся з Наталляй, калі яна яшчэ чакала Волю. Я прыйшла ў іх калектыў на работу, і неяк адразу мы сышліся. Потым, калі сяброўка сядзела ў дэкрэтным, я нярэдка ездзіла ў іх ваенны гарадок. Адзін з яркіх успамінаў таго часу — калі мы пайшлі на нейкае свята ў крэпасць, і я несла маленькую Волечку на руках, а бацька іх сямейства нёс старэйшага сына. Дарэчы, Воля з ранняга дзяцінства адрознівалася сур'ёзнасцю, яна ніколі не плакала шмат, не рабіла істэрык з нагоды куплі новай цацкі. Сур'ёзна і адказна потым вучылася ў школе і далей, калі ішла да сваёй мэты — стаць урачом. Многія здзіўляліся, адкуль у яе ўзнікла такое жаданне. Вырасла ў сям'і, далёкай ад медыцыны, — старэйшы брат, напрыклад, выбраў ІТ-спецыяльнасць. А яна даўно марыла лячыць людзей, і ўсё зрабіла для ажыццяўлення мары. Цяпер у свае трыццаць гадоў, яна ўжо добры спецыяліст, чалавек, несумненна, адданы сваёй прафесіі. Да таго ж маладая і прыгожая, і ўсё ў яе, вядома, будзе добра. На шчасце, хвароба працякае не ў цяжкай форме, калегі абнадзеілі, што хутка Вольга будзе рыхтавацца да выхаду на работу. Вядома, гэтыя дні каштавалі яе маці многіх нервовых клетак, новых сівых валасоў, некалькіх бяссонных начэй.

І хоць у выхадныя Наталля ненадоўга прыехала на лецішча — менавіта дачка яе ўгаварыла змяніць абстаноўку і падыхаць свежым паветрам, — вядома, думкамі яна была там, у горадзе, побач з дачкой. Гэта яна сказала, што амаль не заўважыла, як распусцілася і зацвіла чаромха, як ў суседзяў заквітнела, нібы малаком аблітая, аграмадная груша-дзічка, як распусціліся цюльпаны на градзе. Правільней сказаць, заўважыла, але не адчула, як адчувала гэта раней. Бо пачуцці нібы прытупіліся. Бо ва ўсіх цяпер клопаты трохі іншыя, кірунак думак змяніўся. І вось ужо наш самы гаварлівы сусед нібы незнарок садзіцца крыху наводдаль ад Наталлі. Ды і сама яна стараецца трымаць патрэбную дыстанцыю, хоць вядома, што ў яе ніякай інфекцыі няма, бо выконваліся патрэбныя меры абароны.

Ну і праўда, усе размовы нават у асяродку вясковых людзей каля аўтакрамы толькі пра гэтую навалу. Вядома, па-ранейшаму ўсе садзяць бульбу, агароды, разбіваюць новыя кветнікі. Бывае, забудзешся на ўсе праблемы, залюбуешся, як чмель шчыруе над кветкамі старой слівы каля плота, як купаюцца вераб'і ў бітоне вады, налітай для паліву. Дажджу ж не было ніводнага, зямля нібы попел. А яшчэ нядаўна да нас прыходзіла ласка. Першы раз давялося бачыць гэтую грацыёзную жывёлінку. У інтэрнэце потым прачытала, што ласка — самы маленькі драпежнік у прыродзе, знішчальнік мышэй, пацукоў і кратоў. Паводле слоў суседа, нядаўна тут быў заўважаны таксама гарнастай. Цэлы звярынец, як той казаў, не выходзячы з падворка. А калі ў міску выкідваеш рэшткі ежы, то збягаюцца не толькі два бадзяжныя каты: нядаўна вось прыляталі два дзятлы, а калі сцямнела, прытэпалі аж тры вожыкі.

Вечарам тут можна ўбачыць раскошнае зорнае неба з маладым месяцам. А ранкам прачынаешся ад птушынага шматгалосся... І раптам зноў ловіш сябе на думцы: «Няўжо вось так будзе зноў, але ўжо без усялякіх вірусаў? Каб можна было на дачы сабраць сваякоў альбо сяброў, адзначыць нейкую падзею альбо проста пасмажыць шашлыкі, пасядзець за келіхам віна?»

Мой сусед, заядлы паляўнічы і аматар прыроды ў адной асобе, кажа, што гэта дадзена, бо людзі перасталі шанаваць прыроду і забруджваюць яе ўсялякімі спосабамі, пачынаючы ад атмасферы, якую атручваюць самалёты, і канчаючы «дурнымі» паламі травы. І ў такіх разважаннях, несумненна, нешта ёсць рацыянальнае. Для чагосьці нам сапраўды даюцца гэтыя выпрабаванні. Можа, каб вучыліся цаніць жыццё сваіх блізкіх і крыху далейшых, каб заўважалі, колькі ёсць нагод для радасці, для жыцця наогул.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.