Вы тут

Sex-балясы. «Засветы» з сеціва


Дзе і дагэтуль было жыццё?! Правільна, у інтэрнэце! А цяпер дык і ўвогуле ніякіх сумненняў на гэты конт няма. Усе там, на яго прасторах, забаўляемся, як можам. («У анлайн зайшоў я паглядзець, ці заходзіць у анлайн яна, каб паглядзець, ці сяджу ў анлайне я!») І хочам жа, каб было як мага лепш, але, бывае, сітуацыя выходзіць з-пад кантролю. Хто з чым у сеціве «засвяціўся»? Пагаворым як пра новыя выпадкі «гарачанькага» і пікантнага, так і прыгадаем у тэму сёе-тое з ранейшага. Пачнём з бяскрыўднага прыкладу. Гімнастка, алімпійская чэмпіёнка з ЗША Сімона Байлз выклала відэа, на якім яна здымае з сябе штаны вельмі незвычайным спосабам. Ролік паглядзелі больш за 14 мільёнаў разоў. Паўтарыць трук змогуць вельмі нямногія. («Правяла сорак хвілін на велатрэнажоры. Адчуванні — супер! Наступным разам паспрабую круціць педалі...») Выканала яго дзяўчына менш чым за паўтары хвіліны: зрабіла стойку на руках і па чарзе нагамі сцягнула калашыны. Не хвалюйцеся, сподняе на гімнастцы было, яна ж іншае дэманстравала.


У адрозненне ад нашага земляка Сяргея Глушко, вядомага стрыптызёра Тарзана. Таму, відаць, дома стала сумна без работы і ён выклаў хатняе фота ў стылі «ню». Аднак нешта, мабыць, не разлічыў, бо выгляд аголенага мужа Наташы Каралёвай і, у прыватнасці, яго «пятай кропкі» выклікаў не захапленне, а шквал з'едлівых заўваг. («— Назавіце галоўную прычыну, па якой вы разводзіцеся. — Ён не ўмее фатаграфаваць!») У некага нават узнікла асацыяцыя з вядомай балерынай, якая таксама часта выкладвае свае інтымныя фота: «Думала, гэта Валачкова». («Дзіўна, што дагэтуль ні адзін завод па вытворчасці шпагату не прапанаваў Настассі Валачковай стаць яго тварам».) Зграбней жа трэба было, Сярожа, зграбней... Дазволю сабе працытаваць аўтара блога, якая публікуе замест фатаграфій апісанне іх зместу, каб паказаць стэрэатыпнасць дзявочых інстаграмаў, такіх тыповых фітаняшак. «Прыгожа ляжу на борціку басейна. Жыватом уніз, бо асноўная задача — паказаць ягадзіцы. Сакавітыя. Бронзавыя. Гарачыя, хоць бліны на іх пячы. Купальнік гулліва хаваецца ў глыбіні паўпопіяў. Апошняе месца, дзе яго бачылі, — копчык. Прымусіла Валеру зрабіць сорак фота. Выбрала найлепшае. А што ён хацеў? Гэта вайна!» Вось гэта стыль, я разумею!

Ну дык Тарзан хоць за справу пацярпеў. («— Доктар, я эксгібіцыяніст! — Бачу...») Дзяўчына з Мінска ўвогуле «адгрэбла» ні за што. Яна выкладвае ў сваіх профілях прыгожыя і пікантныя здымкі. Звычайна падпісчыкі ўспрымалі іх станоўча, але гэтым разам нешта пайшло не па плане. Дзяўчына ў карункавым хатнім камплекце змясціла ў «Твітары» фота з кухні. І ведаеце, што адбылося? Прыгажуню на здымку фактычна ніхто не заўважыў! Многіх карыстальнікаў найперш зацікавіла, хто ж так робіць — побач з халадзільнікам ставіць пліту! Тым больш усутычную! Спачатку гэта выглядала як жарт, але пакрысе падобных каментарыяў станавілася ўсё больш. «Нельга так блізка пліту да халадзільніка ставіць...» Дзяўчына не вытрымала: «Колькі чалавек мне пра гэта напіша??? 100? 200?» («Як раз'юшыць жанчыну. Пункт першы: хутчэй за ўсё, ты яе ўжо раз'юшыў».)

Не зразумелі карыстальнікі сацыяльных сетак і роліка з вялікімі ягадзіцамі дзяўчыны на банкеце. На кадрах стройная брунетка з пышнымі формамі ў цеснай сукенцы павольна рухаецца пад музыку. Камера здымае дзяўчыну ў профіль, з такога ракурсу яе грудзі і «пятая кропка» відаць асабліва добра, што і абурыла многіх у сеціве. («Хлапцоў так многа халастых, а лайкаюць жанатыя».) Яны палічылі, што дзяўчына выклала відэа не для таго, каб паказаць танец, а каб прадэманстраваць фігуру. («Вясёлы сурдаперакладчык падчас навін не-не ды і раскажа пошлы анекдот».) «Непрыстойна надзяваць такія сукенкі», «На танец нават не звярнуў увагу, адразу кінуліся ў вочы яе формы. Нядобра так рабіць. Што за самалюбаванне?» — пісалі каментатары. («Была сёння ў псіхолага. Расказала яму пра сваё жыццё... Плакаў. Ледзьве супакоіла...»)

Яшчэ больш не пашчасціла дзяўчыне Эле Марцін з Каліфорніі, якая адправіла маці фота новага пакоя, але пракалолася на адной «дробязі». Жанчына, хвалюючыся за дачку, папрасіла адправіць ёй здымак жылля, куды тая незадоўга да гэтага пераехала. Гераіня гісторыі просьбу выканала, прычым можна было ўбачыць, што ў пакоі светла і прыбрана. Але... Уважлівая маці, відавочна, ведала, куды глядзець найперш. Яна заўважыла на ўзгалоўі ложка пару наручнікаў і напісала: пакой мілы, але што ў ім робяць аксесуары для БДСМ? («— Ты апошнім часам моцна змяніўся. — Змянілася. — Нават так?!») Дзяўчына мусіла «зваліць» усё на суседзяў па кватэры — маўляў, Джордан здымаў кароткаметражку і папрасіў дапамогі. Усё, карацей, дзеля мастацтва, проста потым наручнікі забыліся прыбраць. («— Дарагая, гэта не тое, што ты падумала! — Ах ты дрэнь! Я так і ведала, што ты сам умееш прасаваць кашулі!») Маці ў гэтую «казку» не паверыла, ды і падпісчыкі пасмяяліся з Элы: «Ну што, затое віншуем з бурлівым асабістым жыццём». Пракол для дзяўчыны быў не самы прыемны, але ён прынёс ёй больш за сто тысяч лайкаў. Чаго не зробіш дзеля папулярнасці ў інтэрнэце? («Я сёння такі дзёрзкі! Было б манту — намачыў бы!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.