Вы тут

Павіншаваць родных і блізкіх 9 Мая можна паштоўкай «З Перамогай на Радзіму»


Павіншаваць родных і блізкіх 9 Мая са знамянальнай датай вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў цяпер можна паштоўкай «З Перамогай на Радзіму». Цікавы фармат карткі падрыхтавалі супрацоўнікі Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава.


На ёй выява жывапіснай работы самадзейнага мастака Гомельшчыны, ураджэнца Жыткавіцкага раёна, Міхаіла Андыка. Аднайменная карціна «На Радзіму з перамогай» — гэта адсыл да дзіцячых уражанняў майстра ад моманту вяртання яго бацькі з фронту.

— На карціне-паштоўцы мы бачым салдата, які вяртаецца дахаты. Ён прайшоў усе выпрабаванні вайны і гатовы да новага жыцця, — кажа дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пётр Цалка. — Сімвалічна тое, што сустракае франтавіка ў родным куточку: коміны спаленых дамоў, абпаленыя сады... Але ж агульны від разбуранай вёскі застаецца на заднім плане. Ён нібы прывід, успамін пра ліхалецці, што давялося перажыць. Усё навокал крычыць аб жыцці, якое прабіваецца з усіх куткоў... Так, усё жывое, усё жыве! І бусел, галоўны сімвал Беларусі, лунае ў чыстым мірным небе і ляціць да свайго гнязда, у якім яго чакаюць бусляняты — працяг роду, працяг жыцця...

Доўгі час карціна Міхаіла Андыка захоўваецца ў фондах Веткаўскага музея. Твор мастака неаднойчы ўключалі ў выставачныя праекты, прымеркаваныя да 9 Мая.

— У гэты знакавы год 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы вырашылі рэпрадукцыю карціны падаць як віншавальную паштоўку, — тлумачыць Пётр Цалка. — Набыць незвычайную картку «З Перамогай на Радзіму» можна ў сувенірным кіёску музея ў Ветцы і ў яго філіяле ў Гомелі. Застанецца толькі падпісаць і даслаць па пошце віншаванне дарагому сэрцу адрасату.

Дарэчы, першы досвед Веткаўскага музея па стварэнні паштоўкі атрымаў водгук у лічаныя дні. Пілотны тыраж у 100 экзэмпляраў давядзецца павялічыць, адзначылі ва ўстанове. Першы заказ на 40 паштовак прыйшоў ад Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага.

— Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» каледжа ладзіцца праект «З Перамогай на Радзіму!», — тлумачыць намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Віктар Філіпенка.

На паштоўках будучыя настаўнікі напішуць пажаданні і віншаванні са святам у адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівасць іх у тым, што ўсе адрасаты — гэта людзі, якія потым у мірны час сталі педагогамі ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці.

— Навучэнцы першага, другога і трэцяга курсаў, — расказвае пра ініцыятыву Віктар Філіпенка, — падпішуць і дашлюць паштоўкі з віншаваннямі сарака адрасатам. Сярод іх — ветэраны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, а таксама асобы са статусам дзяцей вайны. Для нашых будучых настаўнікаў такі праект — у першую чаргу — нетрадыцыйная форма патрыятычнага выхавання. Той, хто рыхтуе віншаванне абранаму адрасату, знаёміцца з яго лёсам, разам са сведкам ваенных падзей перажывае і смутак па тых, хто не вярнуўся жывы дадому, і гонар за тых, хто падарыў Вялікую Перамогу.

Дарэчы, ініцыятыву каледжа падтрымалі і супрацоўнікі Гомельскага філіяла РУП «Белпошта». Ва ўрачыстай абстаноўцы навучэнцы перадалі паштоўкі ў аддзяленні паштовай сувязі № 50 Гомеля. Штэмпелі замест марак, што паставілі паштавікі, гарантуюць хуткую адпраўку адрасатам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота дадзена Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, Гомельскім філіялам РУП «Белпошта»

Загаловак у газеце: З Перамогай на Радзіму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».