Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Усе колеры нашага мая

Дзень Перамогі — свята, вядома ж, вялікае для ўсіх. А яшчэ яно — вельмі асабістае для кожнага. Я раскажу пра сваё.

Зранку 9 мая 1945-га мае мама з малодшым брацікам паехалі ў вёску на пахаванне. Я засталася дома, адна... І раптам карціна: усе суседзі павыскоквалі на вуліцу — абдымаюцца, цалуюцца, плачуць, крычаць: «Ура!.. Мы перамаглі! Нашы вернуцца!»... А я стаю — гляджу, слухаю ўсё гэта і думаю: добра, што мама не тут, не дома, бо наш жа тата не вернецца...

Калі прышло паведамленне, што ён прапаў без вестак, мы не хацелі верыць: мама так і казала, што прапаў — не загінуў. І таму пры кожнай магчымасці яна бегала на вакзал сустракаць цягнікі, што ішлі з фронту, — як і многія іншыя, спадзявалася на цуд.

У нашай сям'і ён не адбыўся...

А тады, у 1945-м, Дзень Перамогі запомніўся яшчэ і тым, што ў небе з'явіўся самалёт. Спалохаўшыся, што ён будзе скідваць бомбы, мы, дзеці, па звычцы пападалі на зямлю. І як жа здзівіліся, калі зверху на нас паляцелі прыгожыя паперкі — чырвоныя, блакітныя, жоўтыя — усіх колераў шчасця...

Чорнага там, вядома ж, не назіралася, але...

Са мной не было таты. І ў дзень, калі над светам грымелі салюты, мама была на пахаванні сваёй 18-гадовай (!) сястры-трактарысткі, якая паехала заворваць поле і падарвалася на міне...

Год 1946-ы, 9 мая. Нас у сям'і трое, і на дзень нам выдзяляецца кілаграм і сто грамаў хлеба. Я «атаварыла» нашу картку за 12 мая (паёк за 8—11-е мы ўжо з'елі), выходжу з крамы. Ля яе, як заўсёды, стаяць цёця Нюра з Алёшам. Гэты хлопчык — найменшы з пяці цётчыных малых, і людзі, шкадуючы іх, дамовіліся, што прадаўшчыца будзе ўзважваць хлеб з давескамі ў 50 грамаў, якія ўсе будуць аддаваць цётцы Нюры...

Мне вельмі (аж да пацямнення ў вачах) хочацца з'есці гэты кавалачак самой! Але бронь божа: мама не зразумее... І таму я аддаю наш хлеб яшчэ галаднейшым.

Год 1967-ы... Я працую настаўніцай у Варапаеве. Там, у скверы, брацкая магіла. Мой клас даглядае яе і штогод 9 мая сустракае там маці аднаго з пахаваных воінаў. Яна плача, перачытвае прозвішча сына, гладзіць і цалуе шурпаты надпіс.

Разам з ёю плачам і мы...

А вось ужо і Глыбокае. Перад 40-годдзем вызвалення Беларусі мы з шасцікласнікамі прайшлі па месцах былых баёў. У вёсцы Запаснікі сустрэліся з ветэранам вайны Мікалаем Іванавічам Івановым. З яго расказу ўсім урэзаўся ў памяць адзін эпізод: атрымаўшы загад «закрыць» кулямёт, Мікалай Іванавіч падкраўся да яго з тылу і ўбачыў, што агонь вёў румын, рукі якога былі прыкаваны да зброі...

Сёлета ў Дзень Перамогі я, напэўна ж, пайду да помніка воінам і партызанам, які знаходзіцца ў нашым пасёлку, пакладу там кветкі — з надзеяй, што, магчыма, і майму татку, пахаванаму ў безыменнай магіле, хтось таксама паклоніцца...

А зрэшты, цяпер і без вайны ў свеце амаль як вайна: можа, ніхто і нікуды не пойдзе — гэтым разам. Але ж свечкі (хай сабе і дома) родныя, думаю, абавязкова запаляць і памоляцца.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Вайну ён помніў заўсёды

На рагу нашай хаты — чырвоная зорка. Яна сведчыць аб тым, што тут жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Давыдавіч Басарановіч, мой прадзед. Як вялікую рэліквію наша сям'я захоўвае яго фотаздымкі, дакументы і ўзнагароды,

На пачатку вайны прадзядуля падаўся ў народныя мсціўцы і да 4 ліпеня 1944-га быў радавым у партызанскім атрадзе «1 мая» 50-й брыгады Палескай вобласці. Потым пачалося яго франтавое жыццё. У адным з баёў на тэрыторыі Польшчы прадзеду раструшчыла руку і адарвала вялікі палец. Крыху раней ён быў кантужаны і паранены ў плячо. Загойваць раны давялося ў шпіталі горада Кранштата.

Па словах бабулі, прадзед часта гаварыў, што ў партызанах было лягчэй ваяваць, чым на фронце, расказваў, як немцы баяліся нашых «кацюш» — аднаго іх свісту...

За ваенныя заслугі прадзядуля быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай зоркі І і ІІ ступеняў, медалём «За адвагу».

І пасля вайны, нягледзячы на інваліднасць, прадзед скончыў тэхнікум, працаваў у леспрамгасе. Пазней, калі ў нас адкрыўся паркетны цэх, ужо на месцы быў майстрам змены.

А вайну ён помніў заўсёды. Бабуля прыгадвае: калі глядзеў ваенныя фільмы, заўжды даваў ім сваю ацэнку: вось так сапраўды было, а вось тут — не, няпраўда. І далей абавязкова ішлі ўспаміны аб тым, што давялося перажыць яму, яго паплечнікам і наогул усяму народу, колькі добрых, сумленных, таленавітых людзей загінула.

...Я — прадстаўнік ужо чацвёртага пасляваеннага пакалення. Але абавязкова захаваю ўспаміны пра свайго прадзядулю, каб потым перадаць іх далей.

Карына Шавяленка, вучаніца Мілевіцкага дзіцячага сада — базавай школы, Жыткавіцкі раён


Цяжка перакройваць — нават шынель

Гэта факт: чарговую гадавіну Перамогі святкуе ўсё менш і менш ветэранаў.

А вось публікацый, аўтары якіх імкнуцца перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны, усё больш і больш. У цывілізаванай, здавалася б, Еўропе знішчаюцца помнікі салдатам і афіцэрам Чырвонай Арміі, моладзь мала цікавіцца ваеннай літаратурай. А між тым колькі пісьменнікаў змагалася на франтах, у падполлі і партызанскіх атрадах, як праўдзіва яны здолелі занатаваць праявы мужнасці і здрады...

Для Васіля Быкава вайна пачалася на Украіне, дзе ён удзельнічаў у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны, быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Потым байцом інжынернага батальёна пісьменнік будаваў розныя ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа, улетку 1942-га быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (дарэчы, з 80 яго выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра), ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Падчас Кіраваградскай аперацыі быў цяжка паранены і нават запісаны як памерлы: яго бацькі атрымалі пахаванку, імя Васіля Быкава было выбіта на абеліску (падзеі — у аснове аповесці «Мёртвым не баліць). А ён пасля трох месяцаў шпіталя ўжо зноў ваяваў: з дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю...

А вось сведчанне Алеся Адамовіча: «Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу мама напісала сваім уласным жыццём».

Ганна Мітрафанаўна, як вядома, была актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля — загадчыца мясцовай аптэкі, яна забяспечвала партызан медыкаментамі. У пачатку 1943-га з сынамі (Алесю на той час было 15) прыйшла ў партызанскі атрад імя Кірава.

Нельга не згадаць і дакументальны зборнік «Я з вогненнай вёскі». Успаміны для гэтага выдання збіралі Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік і Янка Брыль, якія аб'ездзілі 147 вёсак у трыццаці пяці раёнах Беларусі, апыталі сотні сведак, што цудам ацалелі ў спаленых вёсках.

Кандрат Крапіва з пачатку вайны працаваў у рэдакцыях газет «Красноармейская правда», «За Савецкую Беларусь», бачыў, як бамбяць горад і ягоны дом, страціў старэйшага сына Барыса, які загінуў у баях пад Сталінградам... З 1943-га і да канца вайны быў адказным рэдактарам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», тады ж тэатр імя Якуба Коласа паставіў яго п'есу «Проба агнём».

Янка Брыль падчас акупацыі наладзіў сувязь з антыфашыстамі, звесткі аб дыслакацыі немцаў у Мірскім раёне перадаваў у партызанскія брыгады імя Жукава і «Камсамолец». У 1944-м, калі сям'я пайшла ў партызыны, быў разведчыкам, працаваў рэдактарам партызанскай газеты «Сцяг свабоды», выдаваў сатырычны лісток «Партызанскае жыгала».

Максіма Лужаніна ў 1941 годзе мабілізавалі ў армію. Ён праходзіў службу ў ваеннай камендатуры Масквы. Скончыў Падольскае вучылішча ў званні лейтэнанта і трапіў у стралковы полк. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам. У 1945-м выйшаў у свет зборнік яго вершаў «Шырокае поле вайны».

Сяргей Новік-Пяюн перад вайной працаваў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея. У вайну ратаваў музейныя экспанаты. За антыфашысцкую дзейнасць у 1943-м яго асудзілі: ад пакарання смерцю яго ўратавалі партызаны...

Гэтыя ды іншыя аўтары пісалі пра вайну з амаль дакументальнай дакладнасцю. Узяць хоць бы творы В. Быкава «Знак бяды», «У тумане», «Кар'ер», раманы І. Навуменкі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй», І. Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», А. Адамовіча «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», І. Шамякіна «Ахвяры»...

Нельга не ўзгадаць і творы мемуарнага жанру: дзённікі, нататкі, успаміны, сабраныя ў кнігах «Салдаты паміралі са зброяй», «Героі падполля», «У тыле ворага», бессмяротныя кнігі з успамінамі ацалелых ахвяр «Я з вогненнай вёскі», «Блакадная кніга», «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі»...

Несумненна, што вайна пакінула свой жахлівы след у сэрцах усіх неабыякавых зямлян, нават тых, хто нарадзіўся праз шмат гадоў пасля яе. Дзякуючы ўспамінам дзядоў і прадзедаў у кожнай беларускай сям'і жыве памяць пра тыя страшныя і горкія гады. Сведчанне таму — красамоўная пераклічка ваенных і мірных пакаленняў, верш Максіма Танка «Перакройванне шыняля»:

— Нешта вы, маці, сыноўскі

Шынель гэты доўга хавалі.

Зараз прыкіну,

Што можна пашыць з яго

Вашаму ўнуку.

Вось толькі шкада,

Мо недзе ля печы

Рукаў асмаліла...

— Не, у той дзень

наша вёска гарэла...

— Ну, я памяркую, прыкіну.

Ды тут і крысо, зачапіўшыся,

Нехта падзёр на цвіку.

— Не, гэта — на дроце калючым...

— Тут можна было б падтачыць.

Вось толькі на самых грудзях

Невялічкая дзірка ад молі...

— Не, гэта ад кулі...

Канстанцін Карнялюк, г. Віцебск


Нельга змяніць мінулае

...Цікава чытаць, што людзі пішуць пра перажытае, пра вайну. Хочацца і самой расказаць сваю сямейную гісторыю.

Мой дзед Пётр Пятровіч Бараноўскі працаваў дырэктарам школы, узначальваў Магілёўскі аблана (разам з жонкай яны скончылі Мінскі педінстытут). А потым у лістападзе 1937-га яго арыштавалі, і дамоў ён ужо не вярнуўся (рэабілітавалі толькі ў 1957-м. Пасмяротна...). А тады, пасля арышту, бабуля з дзецьмі пераехала ў вёску Любонічы Кіраўскага раёна.

У час вайны мой тата ў свае 16 пайшоў у партызаны, у 1944-м апынуўся на фронце: ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі і Польшчы, дзе быў паранены, самалётам дастаўлены ў Маскву. Там, у шпіталі, нагу яму захавалі, а вось левую руку — не. Аднак тата ўсё роўна не здаўся: падлячыўшыся, паступіў у Маскоўскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча... І вось тут у яго пачаліся непрыемнасці: дужа пільным чыноўнікам не спадабалася, што Уладзімір Бараноўскі — сын ворага народа — выйшаў з акупаванай Беларусі без дакументаў... А таму навучэнцу прапанавалі выселіцца са шпіталя для эвакуіраваных, што азначала кінуць вучобу, бо жыць было няма дзе: інтэрната няма, грошай на здымную кватэру — таксама.

Параіўшыся з суседам па палаце, тата напісаў ліст Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, і...

Адказ не прымусіў сябе чакаць. Прыводжу яго даслоўна: «Начальніку шпіталя 3434, падпалкоўніку Іванькову. Па даручэнні І. В. Сталіна асобы сектар ЦК партыі просіць вас не выпісваць сяржанта Бараноўскага да прадастаўлення яму месца ў інтэрнаце».

І сапраўды, тата як кавалер двух ордэнаў Вялікай Айчыннай вайны першай ступені, атрымаўшы неўзабаве тэрміновы пашпарт, да адкрыцця інтэрната жыў у шпіталі на дзяржзабеспячэнні. Пасля — працаваў галоўным тэхнолагам на Мінскай шпалернай фабрыцы. За распрацоўку новых відаў шпалер (вядомыя «цагліны», «папараць-кветка»...) быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума залатымі, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ СССР.

Як чалавек творчы, тата апублікаваў дзве аповесці ў часопісе «Маладосць», друкаваў вершы ў раённых і рэспубліканскіх газетах, выдаў кнігу пра шпалерную фабрыку...

У Дзень Перамогі я заўжды праглядаю татавы кнігі і дакументы, думаю, як магло б скласціся яго жыццё, калі б не напісаў тады ліст Сталіну. Калі б не было вайны. Калі б не арыштавалі дзядулю...

У гісторыі няма ўмоўнага ладу: нельга двойчы ўвайсці ў адну раку, нельга змяніць мінулае.

Наталля Алейнікава, г. Мінск

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Прэв'ю: bornainstitute.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.