Вы тут

Рак — не прысуд. Як змяніліся метады лячэння коларэктальнага раку ў нашай краіне


Калектыў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава вылучаны на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 2020 года. У цыкл работ «Новыя метады дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей» уключаны публікацыі з 1988 да 2017 года. А гэта 27 кніг, 25 артыкулаў у сусветных рэйтынгавых часопісах і каля 300 у часопісах СНД і Беларусі, 58 патэнтаў і 80 розных метадаў лячэння. У калектыве аўтараў — шэсць прозвішчаў, і ўсе яны належаць самым вядомым беларускім анколагам. Гэта Алег Суконка, Сяргей Красны, Вольга Алейнікава, Віктар Кахнюк, Віктар Малькевіч і Сяргей Палякоў. Работы прысвечаны новым метадам лячэння раку прастаты, мачавога пузыра, тоўстай кішкі, ныркі, стрававода і страўніка, запатэнтаваным беларускімі ўрачамі.

Адзін з аўтараў — доктар медыцынскіх навук, прафесар, намеснік дырэктара (па хірургіі) РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Віктар Кахнюк. На яго рахунку 11 патэнтаў Беларусі і Расіі, 223 навуковыя працы і дзевяць вынаходніцтваў, тры манаграфіі, даведнік па клінічнай анкалогіі і навуковы дапаможнік для студэнтаў медыцынскіх ВНУ. Віктар Ціханавіч мае 37-гадовы стаж у анкалогіі і дагэтуль з'яўляецца практыкуючым хірургам — выконвае самыя складаныя і высокатэхналагічныя аперацыі пры коларэктальным раку. На яго рахунку шэраг распрацаваных новых метадаў хірургічнага, камбінаванага і комплекснага лячэння пухлін гэтай распаўсюджанай лакалізацыі. Пра іх мы і пагаварылі з вядомым анколагам.


Каля 4 тысяч новых выпадкаў штогод

— Штогод колькасць новых выпадкаў раку ў Беларусі павялічваецца на тысячу. Летась дыягназ упершыню пастаўлены 52 тысячам чалавек, — расказвае Віктар Ціханавіч. — З чым гэта звязана? Найперш са старэннем насельніцтва. Працягласць жыцця расце. Адпаведна, любой развітой краіне — Аўстраліі, ЗША, Канадзе, рэгіёне Заходняй Еўропы — гэта агульная тэндэнцыя. Працэнт пажылога насельніцтва, ў тым ліку і ў Беларусі, з кожным годам усё большы, таму расце і захваральнасць. Пры гэтым у Еўропе, у тым ліку ў Швейцарыі, адной з найбагацейшых краін, пяцігадовы парог ад моманту пастаноўкі дыягназу пераадольвае ад 50 да 60 % пацыентаў. Такія ж даныя і ў нас — 53-54 %, гэта значыць, лечым мы нядрэнна.

У структуры анкалагічнай захваральнасці мужчын многія гады лідзіруе рак прастаты, на другім месцы — рак лёгкага, на трэцім — коларэктальны рак. У жанчын на першым месцы рак малочнай залозы, на другім — коларэктальны. А вось сярод прычын анкалагічнай смяротнасці коларэктальны рак знаходзіцца на другім месцы і ў мужчын (пасля раку лёгкага), і ў жанчын (пасля раку малочнай залозы).

— Калі скласці захваральнасць мужчын і жанчын, то коларэктальны рак выходзіць на першае месца. Яго яшчэ называюць ракам тоўстай кішкі, або ракам прамой і абадочнай кішкі. Такіх пацыентаў штогод выяўляецца каля чатырох тысяч. З іх 21—25 % памірае цягам года з моманту пастаноўкі дыягназу, бо захворванне выявілі занадта позна. З тых, каму можна правесці лячэнне, 30 % звяртаецца па дапамогу на першай стадыі, 30 % — на другой, 30 % — на трэцяй. З гэтага складаюцца і вынікі лячэння: пры першай стадыі выжывае 90 % і больш, пры другой — 70-80 %, пры трэцяй — каля 50 %, — акрэслівае сітуацыю анколаг.

Будучыня — за органазахавальнымі аперацыямі

Пры коларэктальным раку выкарыстоўваюцца тры традыцыйныя метады лячэння: хірургічнае ўмяшанне, прамянёвая і хіміятэрапія.

— Ракавая пухліна — гэта арганізм у арганізме, які, на жаль, жыве па сваіх законах. Таму пры солідных пухлінах — раку лёгкага, прастаты, страўніка, малочнай залозы, тоўстай кішкі, цела маткі — асноўны метад лячэння хірургічны, калі выдаляецца частка органа з пухлінай або ўвесь орган.

Здавалася б, якія новыя метады можна распрацаваць у хірургіі, што мае доўгую гісторыю? Беларускім анколагам гэта ўдаецца. Адным з перспектыўных кірункаў лічацца органазахавальныя аперацыі. Калі яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя ці не адзіным спосабам лячэння раку прамой кішкі была інвалідызуючая аперацыя, пасля якой пацыент вымушаны быў жыць з коластомай, то цяпер сітуацыя істотна змянілася. З 1993-га да 2017-га колькасць сфінктаразахавальных аперацый павялічылася з 23 % да 65—72 %.

— Важна не толькі выдаліць пухліну, але і захаваць якасць жыцця пацыента. Напрыклад, мы змаглі стварыць рэзервуар, які замяняе прамую кішку, — з дублікатуры сігмападобнай кішкі, і гэта дазваляе абыходзіцца без коластамічнага абсталявання.

Пры пашыраным коларэктальным раку, калі метастазы ўтварыліся ў печані, аперацыя робіцца на кішэчніку і адначасова выдаляецца пашкоджаная частка печані — часам нават да 2/3. Пасля яна аднаўляецца, павялічваецца ў памерах, і пацыент вяртаецца да звычайнага ладу жыцця.

Прамянёвая тэрапія: з высокімі дозамі і доўгім перапынкам

Некалькі новых метадаў лячэння належаць Віктару Кахнюку і яго вучням і ў галіне прамянёвай тэрапіі для лячэння раку тоўстай кішкі.

— Калі пухліна схавана за касцямі таза, хірургу падабрацца да яе надзвычай складана. Таму ва ўсім свеце прыняты такі падыход: калі пухліна глыбока прарастае праз кішэчнік, прымяняецца прамянёвая тэрапія — у розных дозах. Раней у ЗША было прынята праводзіць яе не да аперацыі, а пасля. А цяпер яны адмовіліся ад гэтага — усё ж больш эфектыўнае перадаперацыйнае апраменьванне. Прамянёвая тэрапія пашкоджвае ракавыя клеткі на перыферыі пухліны — менавіта яны найбольш адчувальныя і хутка дзеляцца. З гэтай прычыны рызыка рэцыдыву значна меншая, — адзначае суразмоўца.

Адзін з метадаў — прымяненне высокіх доз прамянёвай тэрапіі пад так званым прыкрыццём антыаксідантнага комплексу.

— Прамянёвая тэрапія — гэта ж не лінію правесці: з аднаго боку апраменьваем 100 %, а з другога — 0. Пакутуюць і здаровыя тканкі, ад чаго потым узнікаюць вялікія праблемы, — тлумачыць анколаг. — Таму, ахоўваючы арганізм вітамінным комплексам, мы прымяняем высокія дозы прамянёвай тэрапіі і так можам павялічваць колькасць пацыентаў, якія пераадольваюць пяцігадовы парог. Агульная выжывальнасць складае 71 %, у тым ліку пры першай стадыі — 92 %, пры другой — 75 %, пры трэцяй — 54 %. А рэцыдыў хваробы ўзнік толькі ў 2,9 %.

Адыграў сваю ролю ў павелічэнні колькасці органазахавальных аперацый і яшчэ адзін метад пры прымяненні прамянёвай тэрапіі. Хірургічнае ўмяшанне пры ім выконваецца праз 6—8 тыдняў пасля апраменьвання. За гэты час пухліна паспявае зменшыцца, а ў 15 % пацыентаў цалкам знікае — толькі ад прамянёвай тэрапіі. Такі метад прымяняецца пры лячэнні раку ніжнеампулярнага аддзела прамой кішкі.

— Калі пухліна знаходзіцца над самім замыкальным апаратам, то пры апраменьванні яна часткова рэгрэсуе і «прыпадымаецца». Гэта дазваляе захаваць замыкальны апарат і выканаць органазахавальную аперацыю. У адваротным выпадку давялося б выводзіць пацыенту коластому. Не ўсе хворыя ўспрымаюць такі метад: чакаць не хочацца, здаецца, што рак трэба як мага хутчэй выдаліць з арганізма. Але гэта вельмі эфектыўны спосаб лячэння.

Персаніфікаваны падыход

Ёсць свае распрацоўкі ў анколага і ў прымяненні хіміятэрапіі. Яна паказана пацыентам з трэцяй і чацвёртай стадыямі хваробы. Калі побач з прамой кішкой ёсць адсевы злаякасных клетак у лімфатычныя вузлы, то гэта трэцяя стадыя хваробы. Выжыць пасля аперацыі без прафілактычнай хіміятэрапіі мае шанц толькі палова пацыентаў. Праўда, не ўсе вытрымліваюць поўны курс, частка хворых перапыняе лячэнне.

— Лечым тымі ж сродкамі, што і ў Еўропе. Асаблівасць метаду ў тым, што мы змянілі рэжымы ўвядзення прэпаратаў і гэта знізіла таксічныя праявы ў пацыентаў. Пяцігадовая выжывальнасць павялічылася на 17 %. Здавалася б, гэта няшмат, але калі датычыцца канкрэтнага чалавека, то такі шанц вельмі важны, — кажа анколаг.

А малекулярна-генетычны аналіз ракавых клетак, які праводзіцца перад хіміятэрапіяй, дазваляе больш дакладна падабраць лячэнне кожнаму пацыенту. Дзякуючы гэтым даследаванням выводзіцца група так званага спрыяльнага прагнозу. Для такіх хворых эфектыўнай аказваецца звычайная схема прэпаратаў. У групе неспрыяльнага прагнозу іх недастаткова — тады лячэнне праводзіцца прэпаратамі плаціны. Такі персаніфікаваны падыход дазваляе дасягнуць лепшых вынікаў.

Няпростым этапам для анкапацыентаў з'яўляецца і пасляаперацыйнае аднаўленне. Тут таксама запатэнтавана некалькі спосабаў лячэння, здольных істотна палепшыць якасць жыцця. Нярэдка пасля аперацыі на прамой кішцы ў мужчын парушаецца функцыя мачавога пузыра, што цалкам інвалідызуе пацыента. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму прымяненне фізіятэрапіі ў такіх выпадках лічылася немагчымым. Сёння гэта стала эфектыўным спосабам вярнуць здароўе. Адзін з метадаў такога пасляаперацыйнага аднаўлення з выкарыстаннем імпульснага магнітнага поля распрацаваў Віктар Кахнюк. Яно прымушае мачавы пузыр скарачацца, і тыдзень такіх трэніровак (а ў некаторых выпадках і ўсяго тры дні) прыносіць жаданы вынік: функцыя мачавога пузыра цалкам аднаўляецца. Пасля аперацыі і прымянення прамянёвай тэрапіі нярэдка церпіць і функцыя анальнага сфінктара. Своеасаблівай трэніроўкай для яго становіцца электрастымуляцыя, якая дазваляе палепшыць і аднавіць яго функцыі.

«Коларэктальны рак — хвароба пажылых»

— Віктар Ціханавіч, у якім узросце хварэюць на рак тоўстай кішкі?

— Гэта хвароба пажылых людзей. Пік захваральнасці надыходзіць
у 70 гадоў.

— Наколькі коларэктальны рак агрэсіўны?

— Ён развіваецца марудна. Вучоныя даказалі, што пухліна на палову акружнасці прамой кішкі расце цягам аднаго года. Для таго каб яна стала цыркулярнай — па ўсёй акружнасці, — патрабуецца два гады.

— Якія сімптомы ў коларэктальнага раку?

— На ранняй стадыі іх няма. Пачатковыя пухліны, як правіла, выяўляюць у тых, хто праходзіць дыспансерызацыю і робіць калонаскапію. На трэцяй і чацвёртай стадыях з'яўляюцца сімптомы. Гэта прымесь крыві і слізі ў кале, ілжывыя позывы, запоры. Калі пухліна размяшчаецца справа, у пацыентаў зусім іншыя скаргі: павышэнне тэмпературы да 37 градусаў, слабасць, бледнасць скуры, анемія.

— У якім узросце варта пачынаць рабіць калонаскапію?

— У розных краінах да гэтага свае падыходы. З 50 гадоў можна пачынаць.

— Коларэктальны рак перадаецца ў спадчыну?

— Не, але перадаецца схільнасць да яго. Калі ў кроўных родных быў коларэктальны рак, імавернасць захварэць у вас у тры разы вышэйшая.

— Чаму так часта людзі хварэюць на коларэктальны рак?

— Асноўная прычына — усё ж старэнне насельніцтва. Шмат залежыць ад нашага харчавання. Канешне, смажанае мяса — гэта няправільна, яно павінна быць адварное ці паравое. Гатаваць лепш не на жывёльных, а на раслінных тлушчах. Увогуле рэкамендуецца аддаваць перавагу тушанай ці прыгатаванай на пары ежы. І ўключаць у рацыён больш садавіны і агародніны — да 800—1000 грамаў у суткі.

— За свой доўгі час работы анкахірургам якія высновы вы зрабілі? Як не баяцца раку?

— Варта памятаць, што сёння ад 50 % да 60 % пацыентаў вылечваецца. Таму трэба не баяцца звяртацца да ўрача, не зацягваць абследаванне, калі маеце нейкія скаргі. Галоўнае тут — своечасова паставіць дыягназ.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Прэв'ю: news.hitb.org

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».