Вы тут

Догляд руж вясной


Абрэзка

Як лічаць многія, галоўную абрэзку руж варта праводзіць не ўвосень, а ўвесну. Гэта гарантуе, што расліны выдатна будуць адчуваць сябе зімой.

Існуе некалькі агульных правіл абрэзкі для розных відаў руж. Імі і варта кіравацца пры правядзенні гэтай працэдуры.

  • Трэба выдаліць галінкі, якія засохлі за зіму. Варта выдаліць і пашкоджаныя ўчасткі.
  • Неабходна старанна агледзець кусты. Карысна будзе адшукаць некалькі моцных галінак, на якіх праглядаюцца здаровыя пупышкі. Такія моцныя галінкі трэба пакараціць да першай здаровай пупышкі.
  • Варта выдаліць усе парасткі, якія растуць унутр куста, а таксама галіны, якія не будуць расці. Яны толькі дарэмна спажываюць карысныя рэчывы расліны.
  • Пасля можна сфарміраваць кроны раслін. Пры гэтым цэнтр у іх павінен быць адкрыты.

Пры абрэзцы варта ўлічыць некалькі асноўных фактараў. Перш за ўсё важны клімат. Акрамя гэтага, істотную ролю адыгрывае і сорт руж.

Напрыклад, сарты з вялікай колькасцю шыпоў рэкамендуецца караціць прыкладна на 10—30 сантыметраў, парасткі чайных, штамбавых і простых — да 100 сантыметраў, а фларыбунды і высакарослыя віды — да 50 сантыметраў.

У працэсе абрэзкі варта выконваць некаторыя рэкамендацыі. Перш за ўсё, трэба выбіраць вельмі востры інструмент. Найлепш выкарыстоўваць секатар. Такім чынам, некалькі парад:

  • Абразаць галіны варта на некалькі міліметраў вышэй за пупышкі.
  • Зрэз лепш рабіць нахільны. Ён павінен быць накіраваны туды ж, куды і пупышка.
  • Калі пасля зрэзу парастка не праглядаецца здаровая белая драўніна, варта абрэзаць яго яшчэ раз. Гэта трэба паўтараць да таго часу, пакуль не з'явіцца здаровая тканка.
  • Канчаткова фарміраваць крону куста варта толькі пасля таго, як парасткі адрастуць на пяць сантыметраў.
  • Калі з адной пупышкі вырасла некалькі парасткаў, то варта пакінуць адзін.
  • Пасля заканчэння абрэзкі ўсе кусты трэба апрацаваць растворам меднага купарвасу.
  • Калі ў начны час адзначаюцца замаразкі, ружы неабходна атуліць плёнкай.

Устаноўка падпорак

Вясновы догляд руж — гэта не толькі абрэзка. Важна своечасова паставіць падпоркі. Спецыялісты рэкамендуюць выкарыстоўваць пастаянныя і моцныя канструкцыі, якія дазваляюць без асаблівых цяжкасцяў падвязаць кусты.

Унясенне ўгнаенняў і мульчыраванне

Каб ружы добра раслі пасля зімы, неабходна іх падкормліваць. Угнаенні для такіх раслін павінны ўтрымліваць фосфар, магній, азот і калій.

Такімі саставамі можна падкормліваць расліны некалькі разоў на працягу года. Увесну гэта трэба рабіць у перыяд, калі пачынаецца актыўная фаза росту, а летам — пасля першага цвіцення.

Уносіць угнаенні варта толькі ў вільготны грунт. Калі глеба па нейкіх прычынах застаецца сухая, то яе трэба намачыць — дастаткова паліць грунт вакол куста. Можна пакінуць каля ружы шланг з маленькім струменьчыкам. Праз некалькі гадзін глеба стане досыць увільготненая і можна будзе ўнесці ўгнаенне.

Пасля абрэзкі і ўнясення ўгнаенняў неабходна правесці мульчыраванне кустоў. Для гэтага трэба раўнамерна размеркаваць вакол руж садовы кампост. Пад кожны куст яго патрабуецца пакласці па вядры. Зверху кампост неабходна прысыпаць пластом пілавіння ці дранкі.

Варта адзначыць, што матэрыял, які ўжываецца для мульчыравання руж, не павінен закрываць ніз ствала. У адваротным выпадку будзе абмежаваны доступ вільгаці і цяпла да каранёў раслін.

Правільнае мульчыраванне дасць магчымасць забяспечыць захаванасць мінералаў, цяпла і вільгаці ў глебе, а таксама абараніць каранёвую сістэму. Дзякуючы гэтаму значна палепшыцца знешні выгляд руж.

Барацьба са шкоднікамі і хваробамі

Ружы — гэта далікатныя расліны, якія часта падвяргаюцца разнастайным захворванням, а таксама нападам насякомых. Часцей за ўсё гэтыя кветкі пакутуюць ад жукоў, тлі, кляшчоў, вусеняў.

Пасля таго як пачнуць распускацца першыя пупышкі, варта правесці апрацоўку раслін ад шкоднікаў і хвароб. Для гэтай працэдуры найлепш выкарыстоўваць спалучэнне такіх сродкаў, як інсектыцыд і фунгіцыд. Яны дазволяць абараніць кветкі ад чорных плям, тлі, іржы на лістоце і мучністай расы. Праводзіць апрацоўку варта ў сухое зацішнае надвор'е ў вячэрні час.

Апырскваць ружы варта кожныя два тыдні з таго моманту, як пачалася актыўная фаза росту. Многія спецыялісты, аднак, сцвярджаюць, што можна абысціся і дзвюма апрацоўкамі. Адну варта правесці вясной, а другую — улетку пасля заканчэння першага цвіцення.

Калі вы вырошчваеце шыпаваныя ружы, якія прыносяць плады, то іх апрацоўку не варта праводзіць сінтэтычнымі пестыцыдамі і інсектыцыдамі. У гэтым выпадку лепш выкарыстоўваць натуральныя прэпараты, пажадана фунгіцыды расліннага тыпу.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?