Вы тут

У бліжэйшыя дні ацяпленне ў Мінску адключаць не будуць


Такім чынам сталічныя ўлады падкрэсліваюць правільную работу па прафілактыцы захворванняў, у тым ліку каранавіруса.


Ва ўсіх установах Мінска батарэі застануцца гарачымі яшчэ як мінімум цягам тыдня. Рашэнне аб заканчэнні ацяпляльнага сезону будзе прымацца, як мяркуецца, у чацвер. Між тым, у астатніх рэгіёнах Беларусі ўсе адміністрацыйныя будынкі перасталі ацяпляць яшчэ напрыканцы красавіка, згодна з рашэннем мясцовых органаў выканаўчай улады.

Найперш батарэі сталі халоднымі ў Гродзенскай вобласці (з 23 красавіка), на Гомельшчыне ацяпленне адключалі з 24 па 30 красавіка, Брэсцкая вобласць пазбаўлялася ад цяпла з 29 красавіка, магіляўчанам адключалі батарэі 29-30-га, а Віцебская вобласць пачала спыняць ацяпляльны сезон з 30 красавіка. На Міншчыне ацяпленне поўнасцю спынена ў Барысаве, Маладзечне, Жодзіна, Рудзенску, Свіслачы, Дружным, часткова ў Салігорску.

4 мая ў Гомельскай, Гродзенскай, Віцебскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцях поўнасцю адключана ацяпленне ва ўсіх адміністрацыйных будынках.

— Сацыяльна-культурныя аб’екты і бальніцы ў гэтых рэгіёнах у большасці працягваюць ацяпляцца, — расказаў начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь АКСЦІЛОВІЧ. — Ацяпленне адключана таксама ў жыллі Гродзенскай, Гомельскай, Віцебскай, Брэсцкай, Магілёўскай і 11 раёнаў Мінскай абласцей. У Мінску ацяпленне яшчэ нідзе не выключалі.

Сёлетні ацяпляльны сезон у сталіцы цягнецца з 24 верасня 2019-га. Такім чынам гарачымі батарэі тут застаюцца ўжо цягам больш як сямі месяцаў. Рашэнне аб неадключэнні цяпла ў сталіцы ў Мінгарвыканкаме тлумачаць як адну з мер па прафілактыцы прастуд, якая абмяркоўвалася на адным са штабоў па каранавірусу. Такім чынам сталічныя ўлады падкрэсліваюць правільную работу па прафілактыцы захворванняў, бо ў адных кватэрах зараз можа быць горача, а ў іншых — пакуль холадна. Тым больш што сярэднесутачная тэмпература ў 8 °С цягам трох дзён запар, якая дае падставу сканчваць ацяпляльны сезон, у сталіцы пакуль не зафіксавана.

Мінчане, у кватэрах якіх цяпер занадта горача (звыш 24 °С), могуць звярнуцца ў службу 115 і пакінуць адпаведную заяўку. Дарэчы, тое ж самае падчас ацяпляльнага сезону могуць рабіць жыхары ўсёй Беларусі.

— Калі факт ператопу будзе пацверджаны, жыхарам выдадуць прэтэнзійны акт, на падставе якога яны могуць звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр, і ім зробяць пераразлік, — удакладніў Генадзь Аксціловіч.

Што датычыцца графікаў штогадовага прафілактычнага адключэння гарачай вады, то, як і раней, Мінжылкамгас прытрымліваецца рэкамендацыі перанесці планавыя работы, якія меліся адбыцца ў маі, на верасень. Аднак кожны рэгіён самастойна вызначае, ці следаваць такой парадзе.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.