Вы тут

Медыкі, чыноўнікі і пацыенты пра барацьбу з каранавірусам у нашай краіне


У суботу ў студыі тэлеканала «Беларусь1» сабраліся ўрачы і эксперты, чыноўнікі і пацыенты, эканамісты і кіраўнікі прадпрыемстваў, каб абмеркаваць галоўную цяпер тэму — барацьбу з каранавірусам. Медыкі расказалі пра змаганне за кожнае жыццё і абазначылі тэрміны, калі пандэмія пойдзе на спад. Эканамісты і кіраўнікі прадпрыемстваў растлумачылі, чаму нельга спыніць такі мегаполіс, як Мінск, і па якіх прычынах прынятыя рашэнні аб рабоце асноўных вытворчасцяў аказаліся правільнымі.


На 4 мая ў Беларусі паправіліся і выпісаны 3259 пацыентаў. Усяго з пачатку ўспышкі ў краіне зарэгістравана 17 489 чалавек са станоўчым тэстам на СОVІD-19, што складае 8,2 % ад колькасці праведзеных тэстаў (211 369). За перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў краіне ад яе памерлі 103 чалавекі.

Рэаніматолаг-анестэзіёлаг: «У нас больш лёгкіх выпадкаў і менш цяжкіх»

У Беларусі каля 80 тысяч бальнічных ложкаў. З іх 18,5 тысячы адведзена для хворых на пнеўманіі і СОVІD-19, а занята такімі пацыентамі пакуль толькі 12,8 тысячы — амаль шэсць тысяч ложкаў пустуе. У прыватнасці, у Віцебску, па інфармацыі тэлеканала, усяго 25 пацыентаў знаходзіцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Усяго такіх апаратаў у краіне 2257, паведаміла дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі, анестэзіёлаг-рэаніматолаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Вольга Святліцкая.

— У краіне хапае апаратаў ШВЛ. У нас ёсць яшчэ рэзервовы парк наркозна-дыхальнага абсталявання, якое пры неабходнасці можа іх замяніць, — адзначыла яна. — Сёння стала відавочна, што рэспіраторны дыстрэс-сіндром — найцяжэйшае ўскладненне СОVІD-19 — неаднародны, і ў 70—80 % пацыентаў, якія маюць пашкоджанні лёгкіх, ён працякае нетыпова. На самай справе няма таго цяжару ў лёгкіх, які мы чакалі ўбачыць. Парушэнні ў асноўным звязаны з мікрацыркуляцыяй крыві, а гэта значыць, што такім пацыентам, магчыма, і не трэба апаратная падтрымка.

Вольга Святліцкая расказала, што яна як урач-рэаніматолаг працуе з самымі цяжкімі выпадкамі СОVІD-19. І выказала меркаванне, што ў нашай краіне значна больш выпадкаў лёгкага цячэння хваробы, чым цяжкага.

— Усё, што прадпрымаецца ў нас, скіравана на тое, каб каранавірусная інфекцыя працякала ў людзей лягчэй. Тады ў нас будзе менш пнеўманій, менш спатрэбіцца апаратаў ШВЛ і вышэйшая будзе выжывальнасць. Ёсць няправільнае меркаванне, што СОVІD-19 — як насмарк. Гэта не так. Заўсёды будуць людзі, будуць і трагедыі. Але ў нашай краіне мы дабіваемся, каб гэтых трагедый было менш. І ўсе мы павінны ўсведамляць: каб выпрацаваўся калектыўны імунітэт, павінна перахварэць каля 60—70 % насельніцтва. Наша служба не мае ілюзій: такі працэс будзе доўжыцца да года і больш. Мы павінны гэта асэнсоўваць.

Наталля Качанава: «Камп'ютарныя тамографы з'явяцца ў паліклініках Мінска»

Спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава паведаміла, што ў кожным раёне Мінска ў хуткім часе ў паліклініках з'явяцца камп'ютарныя тамографы.

— Мне даводзіцца займацца горадам Мінскам і кантраляваць тут пытанні аховы здароўя. Тры разы на тыдзень праводзіцца селектарная нарада з усімі кіраўнікамі бальніц сталіцы. Мы ўважліва слухаем медыкаў, якія знаходзяцца на перадавой. Была прапанова — устанавіць апараты КТ у кожны раён сталіцы, а іх у нас дзевяць. Прычым не ў бальніцы, а ў паліклінікі. Прэзідэнт падтрымаў гэтае рашэнне. Ужо падрыхтаваны паліклінікі, куды будуць устаноўлены кам'ютарныя тамографы. Мы бачым, што падчас такой няпростай сітуацыі прымаюцца рашэнні, якія будуць працаваць на перспектыву, на будучыню.

Наталля Качанава падкрэсліла, што рашэнне не закрываць краіну на каранцін было няпростае і не прымалася спантанна.

— Калі камусьці здаецца, што мы вырашылі пайсці супраць усіх, то гэта зусім не так. Гэта рашэнне абсалютна дакладна выверанае. Усё гэта пралічваецца нашымі спецыялістамі — вучонымі, урачамі-інфекцыяністамі. І калі гэтыя разлікі паклалі на стол Прэзідэнту, ён прыняў рашэнне, што жыццё не павінна спыняцца. А што пасля пандэміі? А як будуць працаваць прадпрыемствы? А на што будуць жыць людзі? І мы ўбачылі, што гэта дакладнае і абсалютна правільнае рашэнне, якое сёння дае вынікі. Мы бачым, што прайшло зусім няшмат часу, і Еўропа пачала адкрывацца. Ёсць яшчэ і другі бок медаля, калі жорсткія каранцінныя меры могуць выклікаць другую хвалю эпідэміі. Меры, якія прымаюцца ў нашай краіне, адэкватныя той сітуацыі, якая складваецца, — рэзюмавала Наталля Качанава.

Наталля Эйсмант: «З такой моладдзю ў нашай сістэмы аховы здароўя ёсць будучыня»

Галоўны ўрач 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Ігар Юркевіч расказаў, што сітуацыя ў медустанове стабільная. Каля 60 пацыентаў з 6-й бальніцы выпісаны, шэсць чалавек, якія знаходзіліся ў цяжкім стане на апаратах ШВЛ, пайшлі на папраўку і адключаны ад абсталявання.

Адна з такіх пацыентак, вядомая беларуская спявачка і кампазітар, заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч, расказала, што калі даведалася пра свой дыягназ, была вельмі напалохана:

— Я трапіла ў шостую бальніцу. Двухбаковая пнеўманія, праўда, я яе не адчувала, але былі высокая тэмпература і слабасць. Не хаваю, што, начытаўшыся інфармацыі ў інтэрнэце, плакала, была ў паніцы, бо ў мяне і ўзрост, і спадарожныя хваробы.

Менавіта Надзея Анатолеўна стала тым чалавекам, які падштурхнуў кіраўніка дзяржавы заклікаць усіх людзей не апускаць рукі. Пра гэта расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант. Таксама яна паведаміла, што сам Аляксандр Лукашэнка не рабіў тэст на каранавірус:

— Дакладна ведаю, што ён не рабіў тэст дагэтуль. У гэтым няма неабходнасці: ён жыве за горадам, фактычна ў вёсцы, за многія гады не мяняў сваіх звычак — вядзе здаровы лад жыцця, у яго моцны імунітэт, ён добра сябе адчувае. Таму неабходнасці рабіць тэст няма.

Наталля Эйсмант расказала, што ў адным са сваіх дакладаў Прэзідэнту міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік шмат часу прысвяціў студэнтам медыцынскіх ВНУ, якія па ўласным жаданні далучыліся да дапамогі ўрачам.

— Гэта ўразіла кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт даў даручэнне кожнага з іх «узяць на аловак» у добрым сэнсе гэтага слова, не ўпусціць нікога і аддзячыць тым хлопцам і дзяўчатам. Гэта азначае, што ў нашай сістэмы аховы здароўя ёсць будучыня.

Словы Наталлі Эйсмант пацвердзіла і галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Наталля Саевіч:

— Усім нам уласціва пачуццё страху. У нашай клініцы мы пастараліся абмежаваць людзей старэйшага ўзросту ад самых небяспечных зон. На іх месцах засталіся працаваць урачы-інтэрны, а праз два тыдні прыйшлі добраахвотнікі — студэнты медуніверсітэта і медкаледжа.

Урач-пульманолаг 3-й гарадской бальніцы Юлія Ляўко была адным з тых медыкаў, хто заразіўся і перахварэў на СОVІD-19.

— Па адчуваннях я ставіла сабе дыягназ ВРВІ, бо хвароба працякала адносна лёгка. Але тэст паказаў каранавірусную інфекцыю. Я разумела, што ўсё будзе ў парадку. Адразу пасля выздараўлення вырашыла выйсці на работу. Цяпер пацыентам, каб падбадзёрыць, кажу, што сама перанесла інфекцыю.

Анатоль Сівак: «Закрыццё вялікага горада немагчыма»

Дзякуючы таму, што беларуская эканоміка працуе, планавых лічбаў у першым квартале амаль удалося дасягнуць. Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч заявіў, што па выніках першага квартала валавому ўнутранаму прадукту (ВУП) да планавага паказчыка не хапіла ўсяго аднаго працэнтнага пункта. І гэтаму ёсць свае тлумачэнні: з-за цёплага надвор'я выкарыстоўвалася менш электраэнергіі. Да таго ж недабор ВУП па зразумелых прычынах адбыўся ад перапрацоўкі сырой нафты і вытворчасці нафтапрадуктаў. Скараціліся і аб'ёмы транспарціроўкі нафты, такім чынам, крыху прасела і транспартная галіна.

Пры гэтым намеснік міністра эканомікі адзначыў і станоўчыя моманты: з канца мінулага года стабільна працуе аграпрамысловы комплекс, штомесяц прыбаўляючы 4,5-5,5 %. Нядрэнна спрацаваў і шэраг іншых сектараў, у прыватнасці, інфармацыя і сувязь, перапрацоўчая галіна, вырасла будаўніцтва.

Як бы адрэагавала эканоміка сталіцы на каранцін, расказаў старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.

— Мы сёння маем 102 % (валавога рэгіянальнага прадукту. — «Зв.»), як і планавалася. А мелі б 92 %, калі б з 1 сакавіка закрылі тое, што можна было закрыць, па паўгоддзі мелі б 76 % рэгіянальнага прадукту. І атрымалі б 465 тысяч чалавек, якія былі б не заняты ў эканоміцы  гэтым часам і мелі б наступствы далей, бо працэс адкрыцця складаны. У якасці прыкладу перапрафілявання бізнесу Анатоль Сівак прывёў рознічны гандаль, які пачаў займацца дастаўкай тавараў.

— Уявіць сабе закрыццё вялікага горада немагчыма, бо за гэтым стаіць бюджэт, і гэта фінансаванне лячэбных устаноў, усёй сацыяльнай сферы.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз паведаміў, што на сёння з замежных краін вывезена 7400 беларусаў. І эвакуацыя дагэтуль працягваецца. Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце МЗС і іншых ведамстваў, а таксама кампаніі «Белавія». Апошняя, дарэчы, пачынае аднаўляць рэйсы. Ужо распачаты авіязносіны з Рымам і Міланам, адкрыты новы напрамак Мінск—Вена. Пакуль загрузка складае каля 60 %, бо не зняты абмежаванні на ўезд. Цалкам аднавіцца авіягаліна, на думку намесніка генеральнага дырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца, зможа не раней, чым у 2021 годзе.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Меры, якія прымаюцца, адэкватныя сітуацыі, што складваецца»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.