Вы тут

Міністэрства аховы здароўя: У Віцебску стабілізаваная сітуацыя з COVID-19 і пнеўманіямі


Эпідэміялагічную сітуацыю, якая цяпер складваецца ў Віцебску, можна назваць «плаўны сыход з плато». Гэта дазваляе сістэме аховы здароўя правесці паэтапны вывад некаторых няпрофільных бальніц з аказання медыцынскай дапамогі хворым з COVID-19 і пнеўманіямі, гаворыцца ў Telegram-канале Міністэрства аховы здароўя.


Наступныя два тыдні ў Віцебску будзе весціся паэтапная санапрацоўка бальніц, якія ў пачатку вясны прынялі на сябе асноўныя патокі пацыентаў з COVID-19, цяжкімі формамі іншых рэспіраторных інфекцый і пнеўманіі. За той час, пакуль частка будынкаў і карпусоў будуць падвергнутыя «дэзінфекцыйнай апрацоўцы па тыпу заключнай дэзінфекцыі», медыцынскі персанал атрымае магчымасць для больш паўнавартаснага адпачынку.

Сёння ўжо вызвалены адзін з будынкаў Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра (Чыгуначная бальніца). Спецыялісты праводзяць там работы па дэзінфекцыі памяшканняў. Плануецца, што ў аўторак-сераду будзе вызвалены ўвесь цэнтр.

Большая частка пацыентаў вылечана і выпісана дадому, тыя з пацыентаў, якія яшчэ патрабуюць далечвання або рэабілітацыі, будуць пераведзеныя ў іншыя ўстановы. Да канца тыдня ў клінічны цэнтр шпіталізацыя праводзіцца не будзе. Гэты час дасць магчымасць перадыхнуць работнікам бальніцы і зноў падрыхтаваць цэнтр да шпіталізацыі пацыентаў з рэспіраторнымі інфекцыямі і пнеўманіямі.

Агульная сітуацыя па выяўленні новых пацыентаў дазваляе прагназаваць спад захворвання, што дае магчымасць правесці поўную санапрацоўку ўсіх перапрафіляваных бальніц горада. У пятніцу плануецца пачаць санапрацоўку Віцебскага абласнога клінічнага супрацьтуберкулёзнага дыспансэра, а таксама аддзяленняў Віцебскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы, якія знаходзяцца тут жа. Потым пройдзе апрацоўку Віцебская гарадская клінічная бальніца №1, хірургічны корпус анкадыспансэра і інш.

Плануецца, што пасля правядзення неабходных санітарных работ будуць уносіцца змены ў планы па перапрафіляванні ложкавага фонду, і частка медыцынскіх устаноў вернецца да ранейшага рэжыму працы.

Стабілізаваная сітуацыя не толькі ў Віцебску, але і ў шэрагу раёнаў вобласці. У тым ліку ў Докшыцкім, Бешанковіцкім, Шумілінскім, Лёзненскім, Пастаўскім раёнах. У цэлым па вобласці абстаноўка застаецца кантраляванай.

Прэв'ю: Міністэрства аховы здароўя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.