Вы тут

Як лячылі людзей у XVIII стагоддзі?


Адсутнасць урачэбных інстытутаў і ўстаноў, наогул дзяржаўнай сістэмы аказання дапамогі, недахоп медыцынскага персаналу, нескаардынаванасць і неарганізаванасць дзеянняў урачоў — такой была медыцына ХVІІІ стагоддзя. Ды і людзі ў той час не надта ёй давяралі, а пры сур'ёзных праблемах маглі хутчэй звярнуцца да знахараў ці асоб, якія сябе за такіх выдавалі. «Лячылі» яны, мякка кажучы, арыгінальна. Напрыклад, праблемы са зрокам такія «знаўцы» выпраўлялі пры дапамозе вачэй сокала. Да ран, каб хутчэй загойваліся, маглі прыкладаць сабаку — згадайце выраз «зажыве як на сабаку». Махляры маглі прапаноўваць і чароўныя сродкі — ад каменя, які нібыта вылечвае ўсе хваробы, да парашку «з рога аднарога».


Асноўным сродкам лячэння было кровапусканне. Часам спрабавалі змагацца з сімптомамі альбо заглушыць «праблему» — выкарыстоўваліся паслабляльныя, гарачкапаніжальныя, патагонныя сродкі, а таксама тыя, што ўмацоўваюць і ўзбуджаюць. Сярод лекаў тых часоў былі папулярныя салетра, нашатыр, камфара, спірт з перцам, дзёгаць, опіум, іртуць з цукрам, блёкат. У аптэкарскіх садах вырошчваліся розныя зёлкі. Рэвень і мята, вядомыя ў той час, і па сёння ў пашане.

Старажытны каранцін

У метрычных кнігах можна сустрэць назвы хвароб, якія ўжываліся для вызначэння прычыны смерці. Так, пры маланкавым развіцці сібірскай язвы казалі пра змяіны пастрэл, агнявік. Лятучы агонь, ветранік — назвы воспы, пачасуха (свароб, парша, струп) — кароста, бешыха (буйства, вадабоязь) — шаленства, круп — інфекцыйна-запаленчае захворванне гартані, часцей у дзяцей. Часам пад адной і той жа назвай маглі падавацца розныя хваробы ці асобныя сімптомы.

Гісторыкі падлічылі, колькі ж эпідэмій пракацілася праз нашы землі, і прыйшлі да высновы, што з ХV да XVІІІ стагоддзяў іх вядома каля 80. Часта паморкі дапаўняліся войнамі ці іншымі вялікімі катаклізмамі.

Падчас фестывалю ХабСудТэх гісторык-генеолаг, кансультант генеалагічнага праекта «Адвеку» Аляксей Білецкі, які працуе з дакументамі Нацыянальнага гістарычнага архіва горада Гродна, расказаў, якое было з пункту гледжання эпідэмій ХІХ стагоддзе. У самым яго пачатку, а пасля ў 1829, 1845 гадах людзі хварэлі на тыф. У 1830-я гады яны сутыкнуліся з новай бядой — халерай (яна найбольш лютавала ў 1830, 1848, 1853, 1856, 1860–70-я, 1893, 1910 гады). У 1870-я гады праблема была з воспай. У 1812-м, 1828-м, 1838-м, 1879-м — аб'яўлялася чума.

Разлічваць на медыцынскую дапамогу да пачатку ХІХ стагоддзя не выпадала — урачоў было вельмі мала, таму прадухіляць і спыняць эпідэміі дапамагалі... паліцэйскія. «Паліцэйскіх чыноўнікаў было дастаткова, каб збіраць звесткі пра сітуацыю, якая складваецца ў павеце, і кантраляваць насельніцтва», — расказаў Аляксей Білецкі.

Праўда, улады часта зацягвалі з прыняццем рашэнняў адносна прадухілення распаўсюджвання хвароб. Вяскоўцы перадавалі звесткі земскай паліцыі, тая — у медыцынскую ўправу. Пакуль урач прыязджаў на месца, магло здарыцца, што лячыць яму ўжо не было каго альбо хвароба сама ішла на спад.

Калі насельніцтва ратавалася ад масавых захворванняў, маглі закрывацца гарады ці асобныя кварталы. Часам да справы падключаліся вайскоўцы. Варта стаяла на дарогах, каля гарадскіх сцен, было і такое, што зачынялі і асобныя гарадскія кварталы. Не пускалі чужых і ў вёскі. Людзей абкурвалі (часцей за ўсё палыном і ядлоўцам). У архівах можна сустрэць карэспандэнцыю, якая пракурвалася серай і была праткнутая іголкамі, каб дэзынфіцыруючыя рэчывы трапілі ўнутр пісьма.

Натуральна, хворых стараліся ізаляваць ад здаровых. Памерлых і іх рэчы спальвалі, закопвалі з прымяненнем вапны.

Але не заўсёды такія захады ўратоўвалі, бо знаходзіліся нязгодныя з каранцінам і правілы часта парушаліся.

Алена Дзядзюля

Загаловак у газеце: Паліцыя супраць эпідэмій

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?