Iнтэрв'ю з кiраўнiком адмiнiстрацыi Ленiнскага раёна Мiнска.
— Паважаны Пётр Мiкалаевiч, калi ўсё поле дзейнасцi адмiнiстрацыi раёна ўмоўна разбiць на «квадраты» — эканомiка, той жа рэальны сектар, сацыяльнае жыццё, у тым лiку культура, i гэтак далей, — то што з гэтага патрабуе першаступеннай увагi з вашага боку?
— Мы зыходзiм з таго, што ўсе сферы дзейнасцi важныя для паспяховай жыццядзейнасцi раёна. Але
ўсё ж першаступеннай увагi патрабуе рэальны сектар эканомiкi. Бо менавiта ад яго работы залежыць напаўненне бюджэту краiны, а значыць, з'яўляюцца новыя магчымасцi для вырашэння сацыяльных пытанняў. Эканомiка забяспечвае сродкi, з дапамогай якiх развiваюцца адукацыя, навука, культура i сам чалавек. З улiкам спецыфiкi нашага раёна сёння ўдзяляем шмат увагi будаўнiцтву сацыяльных аб'ектаў. У маладым мiкрараёне Лошыца патрэбны дзiцячыя садкі, школы, установы аховы здароўя.
— У такiм выпадку якi ваш уплыў на рэальны сектар эканомiкi?
— Ведаеце, падчас ажыццяўлення дзейнасцi ў любога прадпрыемства могуць узнiкаць тыя цi iншыя праблемныя пытаннi, з якiмi яны даволi часта звяртаюцца ў адмiнiстрацыю раёна. Усе гэтыя звароты патрабуюць вывучэння сiтуацыi i iндывiдуальнага падыходу да кожнай праблемы.
Так, напрыклад, ААТ «Палiмергандаль» было аказана садзейнiчанне ў спрашчэннi правядзення кантролю мытнага кошту тавара. Прапрацоўка пытання з Дзяржаўным мытным камiтэтам Беларусі дала свае вынiкi, i ўжо са студзеня 2020 года зменены падыходы да ажыццяўлення мытнымi органамi кантрольнай дзейнасцi. Што ў вынiку паспрыяе павышэнню канкурэнтаздольнасцi прадпрыемства.
Таксама з мэтай стабiлiзацыi фiнансава-эканамiчнага стану ЗУП «Мiнск Прынцэс Гатэль» адмiнiстрацыя раёна аказвала садзейнiчанне ў прыняццi Мiнгарвыканкамам рашэнняў аб выдзяленнi падатковага крэдыту гэтаму прадпрыемству па зямельным падатку i падатку на нерухомасць. Такiя рашэннi былi прыняты.
Наша даведка
У 2019 годзе ў адмiнiстрацыю Ленiнскага раёна паступiла 1068 зваротаў грамадзян па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркi; 183 звароты па пытаннях гандлю i бытавога абслугоўвання; 17 зваротаў на той час былi па пытаннях аховы здароўя.
Па стане на 27 сакавiка 2020 года паступiла 255 зваротаў па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркi; 46 зваротаў па пытаннях гандлю i бытавога абслугоўвання; два звароты па пытаннях аховы здароўя.
А з улiкам прапаноў жыхароў адмiнiстрацыя ўзгаднiла ажыццяўленне выязнога гандлю на тэрыторыi нашага раёна такiм прадпрыемствам, як ААТ «Камволь» i КУП «Мiнскi холадакамбiнат № 2» для задавальнення спажывецкага попыту.
Ажыццяўляем функцыi ўладальнiцкага нагляду ў такiх таварыствах, як ААТ «Камволь», ААТ «Дражджавы камбiнат» i ААТ «Элема». Работнікi адмiнiстрацыi ў якасцi прадстаўнiкоў дзяржавы бяруць непасрэдны ўдзел у рабоце органаў кiравання гэтых таварыстваў, адсочваюць выкананне паказчыкаў стратэгii сацыяльна-эканамiчнага развiцця, вылучаюць iнiцыятыўныя прапановы па павышэннi эфектыўнасцi дзейнасцi таварыстваў i прадухiленнi iх эканамiчнай праблемнасцi.
— Пётр Мiкалаевiч, а якi цяпер працэнт раёна ў агульным аб'ёме вытворчасцi буйнога мегаполiса?
— Раён займае лiдзiруючае месца па вытворчасцi прамысловай прадукцыi ў сталiцы. А працэнт, пра якi вы пытаецеся, застаўся практычна ранейшы. Па вынiках мiнулага года ўдзельная вага Ленiнскага раёна ў агульным аб'ёме выпушчанай горадам прадукцыi склала 23,4 працэнта.
— А якая дынамiка прыватных вытворчасцяў i паслуг?
— На гэты момант у нашым раёне ажыццяўляюць сваю дзейнасць каля 38 тысяч плацельшчыкаў падаткаў. 99 працэнтаў з iх — прадстаўнiкi прыватнага сектара эканомiкi, што абумоўлена рэалiзацыяй Указа № 364 i Указа № 337 Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Былi створаны дадатковыя ўмовы для павышэння самазанятасцi насельнiцтва, уцягнення яго ў эканамiчную дзейнасць. I, адпаведна, гэта спрыяе развiццю прадпрымальнiцтва. Большая частка прыватнага сектара эканомiкi занята аптовым i рознiчным гандлем, 10 працэнтаў — транспартнай дзейнасцю.
— Цi з'явiлiся за апошнi час сур'ёзныя прыватныя вытворчасцi?
— Варта адзначыць з'яўленне ў 2017 годзе такога прадпрыемства, як ТАА «Дэльфiдыа». Сёння ў кампанii працуе больш за сто спецыялiстаў, якiя распрацоўваюць i выпускаюць праграмна-тэхнiчныя комплексы, электронныя прыборы, праграмнае забеспячэнне, мабiльныя праграмы, разнастайныя бiядатчыкi. Прадпрыемства робiць важкi ўнёсак i ў развiццё знешнеэканамiчнай дзейнасцi раёна.
— Мы не можам абысцiся без пэўнага аналiзу вынiкаў мiнулага года i першага квартала гэтага.
— Нягледзячы на работу, якая праводзiцца, летась не ўдалося дасягнуць планавых значэнняў сацыяльна-эканамiчнага развiцця раёна па шасцi даведзеных паказчыках з адзiнаццацi. Аднак хочацца адзначыць i станоўчыя вынiкi работы, такiя як трэцяе месца ў Мiнску па выкананнi ключавога паказчыка па экспарце паслуг — 125,7 % да ўзроўню 2018 года. Мы занялi чацвёртыя месцы ў горадзе па экспарце тавараў у Кiтайскую Народную Рэспублiку (а гэта яшчэ адзiн ключавы паказчык) i па прыцягненнi замежных iнвестыцый на чыстай аснове — 40,9 мiльёна долараў ЗША.
На першы квартал гэтага года Ленiнскаму раёну даведзена дзевяць прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця. Па папярэдняй ацэнцы, чакаецца выкананне даведзеных планавых значэнняў. Але, нягледзячы на станоўчую дынамiку, кожнае прадпрыемства раёна нацэлена рэальна ацэньваць уласны патэнцыял i выкарыстоўваць рэзервы, якiя дазволяць сёлета дасягнуць зададзеных параметраў развiцця i павысiць эфектыўнасць гаспадарання.
— Раскажыце, калi ласка, пра рэалiзацыю на практыцы лозунга «Улада для народа» — пра работу з насельнiцтвам.
— Зразумела, што ў грамадзян ёсць канстытуцыйнае права на атрыманне дапамогi дзяржавы ў вырашэннi праблемных пытанняў. З мэтай рэалiзацыi гэтага права арганiзаваны асабiстыя прыёмы грамадзян кiраўнiцтвам адмiнiстрацыi, а таксама выязныя прыёмы грамадзян па месцы жыхарства, сустрэчы ў працоўных калектывах i па месцы жыхарства.
На сустрэчах, якiя праводзяцца, кiраўнiцтва адмiнiстрацыi трымае справаздачу перад насельнiцтвам аб выкананнi паказчыкаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця раёна, аб будаўнiцтве сацыяльных аб'ектаў, рабоце прадпрыемстваў, ходзе добраўпарадкавання на тэрыторыi раёна.
Штотыднёва ў адмiнiстрацыi праводзяцца прамыя тэлефонныя лiнii, у выхадныя днi арганiзавана дзяжурства на тэлефоннай лiнii адмiнiстрацыi. А вось «гарачая лiнiя» адмiнiстрацыi працуе штодзённа.
За мiнулы год праведзена таксама 160 сустрэч у працоўных i студэнцкiх калектывах, з насельнiцтвам па месцы жыхарства i з тымi, хто жыве ў iнтэрнатах раёна. Усяго на iх прысутнiчала 5461 чалавек. Паступiла 1152 прапановы, 1057 з iх знайшлi сваё рашэнне ўжо ў ходзе сустрэч. Астатнiя 95 прапаноў былi пастаўлены на кантроль у адмiнiстрацыi. З iх больш за трацiну вырашана станоўча, амаль па такой жа колькасцi накiраваны пiсьмовыя растлумачэннi, астатнiя знаходзяцца на кантролi ў сувязi з прадаўжэннем тэрмiну.
Наша даведка
У 2019 годзе ў адмiнiстрацыю раёна паступiла 2218 зваротаў грамадзян.
Кiраўнiцтвам адмiнiстрацыi праведзена:
— у адмiнiстрацыi 192 асабiстыя прыёмы грамадзян i юрыдычных асоб, у ходзе якiх прынята 357 заяўнiкаў;
— 38 выязных прыёмаў грамадзян па месцы жыхарства, у ходзе якiх прынята 108 чалавек;
— 52 прамыя тэлефонныя лiнii: паступiла 305 званкоў i зададзена 423 пытаннi.
Гэтая работа працягваецца i сёлета. Па стане на 27 сакавiка 2020 года ў адмiнiстрацыю паступiла 512 зваротаў грамадзян. Кiраўнiцтвам адмiнiстрацыi праведзена:
- у адмiнiстрацыi 47 асабiстых прыёмаў грамадзян i юрыдычных асоб, у ходзе якiх прыняты 63 заяўляльнiкi;
- дзевяць выязных прыёмаў грамадзян па месцы жыхарства, у ходзе якiх прынята 39 грамадзян;
- 12 прамых тэлефонных лiнiй — паступiла 63 званкi i зададзена 75 пытанняў.
— Цiкава было б даведацца пра тэматыку зваротаў, Пётр Мiкалаевiч. Вiдаць, шмат пытанняў па гандлi i «бытоўцы»?
— Ведаеце, якраз не. У структуры зваротаў, якiя паступiлi, пытаннi гандлю i бытавога абслугоўвання займаюць толькi восем працэнтаў. Зусiм нядаўна менш за адзiн працэнт займалi пытаннi аховы здароўя.
Да апошняга часу на першым плане былi, а больш правільна сказаць, выйшлi на першы план пытаннi жыллёва-камунальнай гаспадаркi. У структуры зваротаў, што паступiлi ў адмiнiстрацыю, яны займаюць 48 працэнтаў. I асноўныя па гэтай тэматыцы праблемы, па вырашэнне якiх грамадзяне звяртаюцца да нас, — утрыманне жыллёвага фонду i добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Раўнадушных тут становiцца ўсё менш.
— Трэба меркаваць, што летась падчас выбарчай кампанii была павялiчана колькасць сустрэч у працоўных калектывах i з насельнiцтвам па месцы жыхарства?
— Менавiта так. А яшчэ мы часцей наведвалi працоўныя калектывы, якiя патрабавалi дадатковай увагi з боку кiраўнiцтва адмiнiстрацыi.
Рабочымi групамi адмiнiстрацыi летась праведзена 63 сустрэчы ў працоўных калектывах, з жыхарамi iнтэрнатаў, на якiх прысутнiчалi 1621 чалавек. Па iх вынiках паступiла больш за тры сотнi пытанняў i прапаноў, амаль усе былi вырашаны ўжо ў ходзе сустрэч.
I яшчэ. На сайце адмiнiстрацыi заведзены рубрыкi «Задаць пытанне кiраўнiку», «Праблемы майго раёна», якiя дазваляюць грамадзянам аператыўна вырашаць актуальныя пытаннi. Арганiзавана работа рубрыкi «Пытанне — адказ», дзе змешчаны адказы на пытаннi, якiя задаюцца найбольш часта. Так што ў раёне, падкрэслiў Пётр Шостак, арганiзавана работа на прадухiленне, нават апярэджанне тых цi iншых праблем, i гэта мы лiчым для сябе важным.
Гутарыў Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ
Фота Ганны Занкавіч
На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.