Вы тут

Вiртуальны музей, скаладром, дзень самакiравання i ўрокi праз Skype


Сустрэцца разам — удача, супрацоўнiчаць разам — поспех. Гэта дэвiз сталiчнай сярэдняй школы № 51, якую шэсць з паловай гадоў таму ўрачыста адкрываў Прэзiдэнт Беларусi. Установа стала адным з першых удзельнiкаў праекта «Электронная школа» i з самага пачатку працуе на платформе schools.by.


У кожнага навучэнца школы ёсць электронная картка вучня, якая з'яўляецца не толькi пропускам ва ўстанову, але i банкаўскай карткай, электронным фармулярам для школьнай бiблiятэкi, даведкай для праезду ў транспарце, а таксама выкарыстоўваецца для аплаты харчавання ў сталоўцы.

Апошнiя пяць гадоў у школе не карыстаюцца папяровымi дзённiкамi.

— Электронны дзённiк забяспечвае адкрытасць адукацыйнага працэсу, дазваляе мець больш стасункаў з навучэнцамi i бацькамi ў вiртуальнай прасторы, — расказала дырэктар школы № 51 Галiна ЧЭРНIК. — Бацькi праз электронны дзённiк атрымлiваюць актуальную iнфармацыю пра паспяховасць сваiх дзяцей, а ў вучняў развiваецца адказнасць за свае дзеяннi i рашэннi.

На сайце школы створаны вiртуальны метадычны кабiнет, дзе можна пачытаць афiцыйныя дакументы, якiя датычацца навучальнага працэсу, знайсцi шмат карыснай iнфармацыi, атрымаць парады псiхолага. А ў конкурсе Ленiнскага раёна на лепшы смарт-кабiнет для пакалення XXI стагоддзя школа заняла першае месца.

— Мы актыўна развiваем i ўжываем iнфармацыйна-камунiкацыйныя тэхналогii (IКТ) у навучальным працэсе. На працягу двух гадоў мы рэалiзоўвалi праект «Перавернуты ўрок» як механiзм павышэння якасцi адукацыi навучэнцаў, — падзялiлася дырэктар. — За гэты час настаўнiкi навучылiся як выкарыстоўваць ужо гатовыя сэрвiсы Google i Web 2.0, так i ствараць свае электронныя прадукты на платформах Kahoot, Quizizz, Quizalize, Triventy, ZipGrade i многiх iншых.

У цяперашнiх няпростых умовах 1324 вучнi з 50 класаў i 90 педагогаў не маюць праблем з навучаннем i працуюць праз платформы Skype, Zoom, google-дыск.

— Дамашнiя заданнi з прымацаванымi неабходнымi файламi: прэзентацыямi, навучальнымi вiдэаролiкамi, тэставымi заданнямi з лёгкасцю адпраўляем праз iнтэрнэт. Выкарыстанне лiчбавых сэрвiсаў для атрымання зваротнай сувязi ад школьнiкаў робiць працэс навучання больш дынамiчным, iнтэрактыўным i прадукцыйным, — удакладнiла Галiна Чэрнiк.

Ва ўстанове мноства спартыўных гурткоў: футбол, баскетбол, настольны тэнiс i нават скаладром. Для пяцiкласнiкаў сёлета з'явiўся профiльны спартыўны клас па баскетболе, а таксама магчымасць вывучаць у гуртку кiтайскую мову.

У 51-й школе, пэўна, адзiнай у краiне, iснуе вiртуальны музей тэхнiкi i электронiкi. У iм тры залы, дзе прадстаўлены гiсторыя стварэння тэхнiкi, гiсторыя электрычнасцi розных перыядаў i найноўшыя тэхналогii. Ёсць i iнтэрактыўны лазерны цiр, якi актыўна выкарыстоўваецца як у шосты школьны дзень, так i для заахвочвання вучняў, якiя сталi першымi ў пэўных спаборнiцтвах.

Нягледзячы на малады ўзрост, школа стварае свае традыцыi. Двойчы на год — увосень i на Каляды — ладзяцца дабрачынныя кiрмашы, сродкi ад якiх пераводзяць на рахункi дзiцячых дамоў або сацыяльна-педагагiчных цэнтраў. Традыцыяй стаў i калядны канцэрт. А на Дзень настаўнiка абавязкова праходзiць дзень самакiравання, калi вучнi старэйшых класаў выкладаюць урокi ў малодшых, пасля чаго кажуць, што iншымi вачыма паглядзелi на прафесiю настаўнiка.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: «Электронная школа» ў Лошыцы-4

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.