Вы тут

Бывай, каранавірус!


Беларусь, пераадольваючы хвалю захворванняў на каранавірус, адчувае падтрымку сяброў — і сама ім дапамагае перажыць няпростую пару.


Фота БЕЛТА

Пра ўсе дабрачынныя акцыі, сяброўскія кантакты й не раскажаш. Аднак ёсць — знакавыя. Скажам, яшчэ напрыканцы студзеня Беларусь накіравала 20 тон гуманітарнай дапамогі ў Кітай. Ваенны самалёт ІЛ‑76 МД вылецеў у Пекін з аэрадрома Мачулішчы. Аб тым распарадзіўся напярэдадні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Груз, адзначаў Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, фармаваўся ў адпаведнасці з запытам кітайскага боку: антыбіётыкі, сродкі для дэзінфекцыі, ахоўныя сродкі для медперсаналу, сродкі абеззаражання паветра.

Аддай — і вернецца табе… Ці не пра тое кажуць мудрыя людзі! Так і ў сітуацыі з каранавірусам: ужо Кітай дапамагае Беларусі. Як з удзячнасцю адзначыў Амбасадар КНР у Беларусі Цуй Цымін, у перыяд эпідэміі ў Кітаі COVІD‑19 Беларусь аказала вялікую маральную й матэрыяльную падтрымку яго краіне — і ў Паднябеснай пра тое памятаюць. Кітайскія кампаніі, што працуюць у Беларусі, удзельнічаюць у мерапрыемствах бязвыплатнага прадастаўлення медвырабаў беларускаму боку: па стане на 15 красавіка дапамога склала каля $ 1,64 млн. Многія клопаты ўзяла на сябе кампанія Chіna Merchants Group. Груз прыбыў у Беларусь 17 красавіка.

І простыя людскія кантакты дамагаюць змагацца з COVІD‑19. Мы з жонкай былі на аздараўленні ў медыцынскіх цэнтрах Аюрведы ў індыйскім штаце Керала. Пазнаёміліся з менеджарам Джонам (John Lukose), з якім падтрымліваем сувязі. І на Вялікдзень па вайберы ён даслаў рэкамендацыі пад назвай “Бывай, каранавірус!”: як простымі сродкамі павысіць імунітэт, супрацьстаяць захворванню, аблегчыць працяканне хваробы. Яны выкарыстоўваюцца ў адным са шпіталяў горада Трывандрума, дзе Джон цяпер працуе. Рэкамендавана ўжыванне вітамінаў С ды Е. Варта з 10 да 11 гадзін раніцы прыняць сонечную ванну (15–20 мінут), з’ядаць 1 яйка. Што б ні рабілі — мець адпачынак 7–8 мінут штогадзінна. Важна піць па 1,5 літра цёплай вады штодня. І ежа павінна быць цёплаю, не халоднай. “Гэта мы робім у шпіталі, — удакладняе Джон. — І раскажыце ўсім, каму зможаце: PH каранавіруса вар’іруецца ад 5,5 да 8,5. Каб яму супрацьстаяць, пажадана ўжываць у ежу прадукты з PH, якія перавышаюць узровень PH каранавіруса. Некаторыя з іх: лімон, лайм, авакада, часнок, манга, мандарыны, ананас, апельсін, чай з куркумы”. З пераліку выдзелім дзьмухавец (одуванчик), даступны ўсім ў вясновую пару.

Сімптомы COVІD‑19, на якіх засяроджваюць увагу спецыялісты з Трывандрума: сверб, сухасць у горле, сухі кашаль, пакашліванне, высокая тэмпература цела. Яшчэ — абцяжаранае дыханне, галавакружэнне. Важныя сімптомы: страта нюху (не адчуваюцца пахі) ды смаку (не адчуваецца смак ежы). Калі заўважыце такое — трэба хутчэй выпіць цёплую ваду з лімонам.

Дзякуем, Джон! Дзякуем усім, хто ў няпростую пару разам з намі.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.