Вы тут

Прэзідэнт: Мы не можам адмяніць парад. Проста не можам


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях мерапрыемстваў да Дня Перамогі і эпідэміялагічнай сітуацыі, перадае прэс-служба Прэзідэнта.


План мерапрыемстваў да Дня Перамогі быў прадстаўлены даўно

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што план мерапрыемстваў да Дня Перамогі быў прадстаўлены даўно. «Мы пакуль ідзём па гэтым плане. Больш за тое, больш шырока разглядалі мерапрыемствы ў сувязі з вучэннямі НАТА каля нашых межаў. Мы, па-мойму, ні на міліметр не адступілі ад таго плана, які з вамі намецілі ў плане рэагавання на тыя мерапрыемствы, якія Паўночнаатлантычны блок планаваў каля нашых межаў. Праўда, трохі адкарэктаваў пасля таго, калі было заяўлена, што НАТА не плануе маштабных мерапрыемстваў, як гэта было раней. Адпаведна, і мы больш стрымана рэагавалі на гэта», — заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, некаторыя вайсковыя падраздзяленні ў цяперашні час знаходзяцца на палігонах, працягваюць вучэнні. «Але ў асноўным войскі вернутыя ў казармы — месцы пастаяннай дыслакацыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


«Дастаткова сёння жадаючых — тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло»

Гаворачы аб мерапрыемствах у гонар 75-годдзя Перамогі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў глыбокае ідэалагічнае і эмацыянальнае значэнне параду.

«Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі (удзельнікі вайны. — Заўвага.) паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спужаліся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што калі будзе прынята гэтая прапанова, то «нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба». «Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых — тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло», — падкрэсліў беларускі лідэр.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны ўзброеных сіл.

«Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі — старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба», - сказаў Прэзідэнт.

«Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разыйдземся па норах. І наогул, Беларусь — гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў», — дадаў беларускі лідар.


Парад — гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што асобныя расійскія дэпутаты і сенатары таксама выказалі жаданне наведаць парад у Мінску. «Мы вітаем гэта. Няхай прыязджаюць. Калі трэба для гэтага вылучыць сродкі сувязі, мы забяспечым. У нас аэрапорт адкрыты. Думаю, мы з кіраўніцтвам Расіі дамовімся пра пералёт жадаючых пабываць у нас. Мы ад нашых сяброў і братоў не закрываем дзверы», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што парад — гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства. «Таму што яно будзе арганізавана як мае быць. Пра гэта мы пазней скажам. Можа быць, і з трыбуны гэтага параду», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ні ў мінулыя, ні ў наступныя святы і выхадныя дні абмежаванняў у краіне не ўводзілася, і людзі самі вырашалі, дзе ім быць. «І трэба адзначыць, мы гэта заўважылі, людзі вельмі акуратна ставяцца да свайго здароўя. Неяк разгрупаваліся. Не было гэтай навалы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.