Вы тут

«Выратавала тое, што бацьку своечасова шпіталізавалі». Мінчанка расказала, як яе сям'я лечыцца ад каранавіруса


27-гадовая Вераніка трапіла ў лік тых, хто лечыцца ад каранавіруснай інфекцыі дома. Спачатку яна была на бальнічным з тэмпературай. Пасля таго, як у бальніцу з двухбаковай пнеўманіяй трапіў яе бацька, у дзяўчыны ўзялі тэст на COVІD-19, ён аказаўся станоўчы. Яна расказала «Звяздзе», як спраўляецца з інфекцыяй, чаму тэрапеўт з паліклінікі запомніла ўсю іх сям'ю і як урачы нават без тэстаў вызначаюць «кавідных» пацыентаў.


kubnews.ru

Вераніка са сваім маладым чалавекам жыве ў кватэры разам з бацькамі.

— Першы у сям'і захварэў мой тата. Некалькі дзён трымалася высокая тэмпература, ніякіх іншых сімптомаў. Выклікалі ўрача, адправілі на бальнічны. У аўторак тэмпература ў яго паднялася да 39,7 градуса. Мама патэлефанавала ў хуткую дапамогу. Там спыталі, ці быў хтосьці з нас за мяжой. Мама адказала, што не. Фельчар параіла дадаць да прызначанага ўрачом лячэння но-шпу, і брыгада не прыязджала. Тата дачакаўся пятніцы, калі быў прызначаны прыём ва ўрача, і пайшоў у паліклініку. Там зрабілі здымак — двухбаковая пнеўманія. Урач дала накіраванне ў бальніцу і папрасіла дабірацца туды самастойна. Праўда, дома мама зноў выклікала «хуткую», і добра, што так зрабіла: накіраванне далі ў 10-ю бальніцу, але яна на той час была цалкам аддадзена для хворых на каранавірус, з непацверджаным дыягназам туды не прымалі. «Хуткая» звязвалася з дыспетчарам і ў выніку адвезла тату ў РНПЦ пульманалогіі.

У бальніцы мужчына некалькі дзён знаходзіўся ў аддзяленні. Пры гэтым усе ўрачы працавалі ў поўнай ахове — у спецкасцюмах, рэспіратарах і акулярах. Першы яго тэст на COVІD-19 быў адмоўны. Тым не менш трымалася высокая тэмпература, і ўрачы, западозрыўшы каранавірусную інфекцыю, перавялі яго ў рэанімацыю.

— Я мяркую, што такім чынам яны вырашылі падстрахавацца. Бо стан бацькі не пагаршаўся, — расказвае Вераніка. — Праўда, гарачка ў яго трымалася 13 дзён — у асноўным каля 38,5. Аднойчы раніцай ён напісаў нам, што ноччу ледзь не «згарэў» — так падскочыла тэмпература. Яго пракалолі, і толькі пасля гэтага яна пачала падаць. У рэанімацыі тату не падключалі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, толькі працягвалі даваць кісларод і трымалі пад кропельніцай.

Паўторны тэст у мужчыны аказаўся станоўчы. У сям'і ўпэўнены, што ён заразіўся на рабоце — працуе ў адной з будаўнічых арганізацый.

— Як толькі бацька трапіў у бальніцу, яму патэлефанавалі і паведамілі, што ён — кантакт другога ўзроўню. Яго калега доўга кашляў, потым пайшоў на бальнічны, з паліклінікі яго забрала «хуткая». А бацька з ім кантактаваў.

Пасля станоўчага тэсту мужчыну адразу перавялі ў інфекцыйную бальніцу.

— На той час у СМІ было шмат інфармацыі, нібыта ў бальніцах няма месцаў. А тата некалькі першых дзён быў адзін у трохмеснай палаце, — кажа Вераніка.

Цяпер ён працягвае лячэнне ў інфекцыйнай бальніцы. І, па словах дачкі, адчувае сябе добра і хоча дадому. Але ўрачы пакуль не спяшаюцца з выпіскай.

— Да выхадных урач казаў, што на здымку яшчэ ёсць прыкметы пнеўманіі. Пасля выхадных зноў зрабілі здымак і не адпусцілі — сказалі, што яшчэ трэба падлячыцца некалькі дзён.

Ад бацькі, пакуль той знаходзіўся дома, заразіліся і Вераніка, і яе маці.

— У панядзелак участковы ўрач прыходзіла да бацькі, у сераду — да мамы, а ў пятніцу выклікалі ўжо мне, — расказвае Вераніка. — Усе мы аказаліся на бальнічным. Пасля таго як у бальніцу трапіў тата, нам у паліклініцы зрабілі здымкі. У мяне было штосьці сярэдняе паміж бранхітам і пнеўманіяй. Прызначылі два антыбіётыкі і супрацьвірусны прэпарат флустоп. На той момант у мінскіх аптэках яго ўжо не было, брат набыў у Брэсце і перадаў нам.

Каля дзевяці дзён у Веранікі трымалася павышаная тэмпература, адчуваліся стамляльнасць і ламота ў целе, дзяўчына перастала адчуваць пахі і смак ежы. Пасля станоўчага тэсту ў бацькі аналізы на каранавірус ўзялі ва ўсёй сям'і. У дзяўчыны і яе маці яны пацвердзіліся, у маладога чалавека Веранікі былі адмоўныя. Ніякіх сімптомаў у яго таксама няма.

Дзяўчына адзначае, што сімптомы хваробы не падобныя на грып ці іншую рэспіраторную інфекцыю:

— Вельмі нязвыкла: ясі рыбу ці агурок — і не адчуваеш іх смаку. Разумееш толькі, салодкі ці салёны прадукт, — і ўсё. Нос быццам і дыхае, але ніякіх пахаў не адчуваеш. Гэта іншы галаўны боль, чым пры грыпе. Ламота ў целе іншая — круціць неверагодна. Нягледзячы на тое што апошнімі днямі ў мяне амаль не павышаецца тэмпература, застаецца патлівасць: нічога не робіш — і раптам рэзка спацеў. Цяжка дыхаць — я дагэтуль не магу зрабіць поўны ўдых. Па вечарах заўсёды паднімалася тэмпература, звычайна да 37,5, я яе адчувала нават без градусніка. Праз дзень у мяне возьмуць другі тэст, і я мяркую, што ён будзе яшчэ станоўчы, бо цалкам я яшчэ не аднавілася, нягледзячы на тое што хварэю ўжо 19 дзён. Смак вярнуўся, а вось нюх — пакуль не зусім: моцныя пахі я адчуваю, а вось, скажам, адчуць пах гарбаты пакуль не магу. Паднябенне застаецца жоўта-аранжавага колеру — урач кажа, што лейкацыты пакуль не ў норме. У мамы, якая захварэла раней, чым я, дагэтуль трымаецца тэмпература.

Вераніка кажа, што ўчастковы доктар у паліклініцы з самага пачатку западозрыла каранавірус і дзейнічала адпаведна.

— Доктар запомніла ўсю нашу сям'ю. Апошні раз на прыёме яна сказала, што ў бацькі, хутчэй за ўсё, ілжываадмоўны тэст, і ў нас ва ўсіх каранавірусная інфекцыя, бо ўсе мы хварэем вельмі падобна. Потым тэсты толькі пацвердзілі яе здагадкі. Але ніякага дадатковага лячэння, акрамя бранхамуналу, мне ўжо не прызначалі, бо антыбіётыкі і супрацьвірусны прэпарат я прымала з самага пачатку.

Пасля станоўчага тэсту ўрач не прызначала прыёмаў, а штодзень тэлефанавала, пытала пра сімптомы і ўдакладняла, ці няма пагаршэнняў.

У пад'ездзе, дзе жыве сям'я, 20 кватэр, прычым у чатырох з іх ёсць хворыя на каранавірус, якія таксама цяпер лечацца дома. Многія працуюць у той жа будаўнічай арганізацыі, дзе і бацька Веранікі.

— Адзін з медыкаў сказаў нам, што вельмі важна, што бацьку шпіталізавалі своечасова. З гэтай інфекцыяй самае галоўнае — не згубіць час і як мага хутчэй пачаць лячэнне, — рэзюмуе Вераніка.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.