Вы тут

Ці гатовыя настаўнікі працаваць у новых умовах?


Адзіная платформа для дыстанцыйнага навучання школьнікаў можа з’явіцца да канца года. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Між іншым, з праблемай, як вучыць дзяцей, якія не вярнуліся пасля працяглых канікул у школьныя класы, а тым больш, як іх атэстоўваць, настаўнікі сутыкнуліся ўжо цяпер. Пандэмія каранавіруса зладзіла сапраўдны стрэс-тэст для беларускай сістэмы адукацыі. І першы тыдзень вучобы паказаў, што з-за адсутнасці дакладнага алгарытму дзеянняў, які так і не быў агучаны кіруючымі органамі, кожная ўстанова адукацыі шукае свае шляхі выхаду з сітуацыі. Мы пагутарылі з педагогамі дзвюх навучальных устаноў, якія з’яўляюцца партнёрамі праграмы «Настаўнік для Беларусі», каб даведацца, што ім удалося зрабіць, каб не пакінуць дзяцей па-за бортам навучальнага працэсу.


Алла Галубковіч: «Лічу, што настаўнік павінен асвойваць розныя формы камунікацыі з вучнямі і трансляцыі ім вучэбнага матэрыялу».

Навучыўся сам — навучы іншага!

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі горада Дзяржынска Галіна МІГУРА:

— У першы тыдзень пасля заканчэння канікул на заняткі прыйшлі прыкладна 30 працэнтаў ад агульнай колькасці вучняў, а ўсяго ў нашай гімназіі навучаюцца каля 1170 чалавек. Пакуль што нам удаецца вытрымліваць у класах сацыяльнае дыстанцыраванне: кожны вучань сядзіць за асобным сталом. Каб дзеці з розных класаў не перасякаліся і не кантактавалі на пераменках, мы для кожнага класа прадумалі адмысловы графік праветрывання аўдыторыі. І калі гімназісты на пяць хвілін выходзяць у калідор, яны там адны. Другі клас, які таксама ў гэты момант праветрывае сваё памяшканне, можа знаходзіцца толькі ў супрацьлеглым канцы калідора на вялікай адлегласці. І ў сталовай вучні з розных класаў не перасякаюцца паміж сабой. Харчаванне арганізавана невялікімі групамі. Мы дэталёва прадумалі ўсю гэту складаную лагістыку.

Але сёння на парадку дня востра стаіць пытанне, як вучыць дзяцей, якія засталіся дома. Прызнаюся, што працяглыя канікулы мы правялі з максімальнай карысцю і скарысталіся гэтым часам для ўласнага прафесійнага самаразвіцця. Калі стала зразумелым, што эпідэміялагічная сітуацыя не палепшыцца, і нават калі распачнецца вучэбны працэс, бацькі ўсё роўна не пусцяць дзяцей у школу, сталі думаць, як будзем наладжваць камунікацыю з вучнямі анлайн. Дапускалі, што, магчыма, давядзецца арганізоўваць дыстанцыйнаге навучанне. І трэба быць падрыхтаванымі да любога развіцця падзей.

Якраз на канікулах фонд «Новая школа» разам з ІТ-кампаніяй Vizor Games і Асацыяцыяй «Адукацыя для будучыні» запусцілі бясплатны пяцідзённы інтэнсіўны экспрэс-курс «Падрыхтаваныя да дыстанцыйнага навучання». Педагогаў вучылі, як праводзіць урокі дыстанцыйна, як актыўна карыстацца Zoom, Google Drive, Kahoot і Docs. Двое нашых настаўнікаў адвучыліся на курсе ў першы набор, а двое — у другі. Я таксама запісалася на расійскі вэбінар па дыстанцыйным навучанні. У нашай гімназіі дзейнічае правіла: навучыўся сам — навучы іншага. І мы ўсе вучымся адзін у аднаго. Цяпер з платформай Zoom многія з нашых педагогаў ужо на «ты». Пачалі спрабаваць здымаць фрагменты урокаў і загружаць іх у Zoom. Уявіце сабе: сядзім усе побач з камп’ютарам і вывучаем фізіку, бо ў нашага настаўніка гэтага прадмета выдатна атрымліваецца ствараць навучальны відэапрадукт, а мы ў яго ахвотна вучымся.

Так, усе разумеюць, што адказнасць за тое, што ты робіш, шматразова ўзрасла, бо цяпер цябе ацэньваюць не толькі твае вучні ў класе, але і калегі. Вынікамі нашай працы мы таксама дзелімся на сайце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. А на сайце нашай гімназіі ў раздзеле «Дамашняе заданне» размяшчаюцца заданні для тых, хто спрабуе не адстаць ад сваіх аднакласнікаў, хоць і не наведвае заняткі. Праўда, узнікаюць пытанні з атэстацыяй вучняў, якія не наведваюць школу. Мы асабіста гатовы іх атэстоўваць, хоць на педагогаў кладзецца дадатковая нагрузка, гэта ўсе разумеюць. Напрыклад, наша настаўніца матэматыкі прыняла па пошце адразу 38 пісьмовых работ ад вучняў. Дзеці адпраўляюць свае работы і на google-дыск, і на электронную пошту, і па «Вайберы». Прычым у любы час сутак. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры прыдумала, як у анлайне праверыць веданне верша напамяць: вучні чыталі яго з закрытымі вачыма.

Мы папярэдне вывучалі пытанне: толькі лічаныя дзеці не маюць дома камп’ютар. І тэхнічна яны падрыхтаваныя нават лепш за сваіх педагогаў. А наконт іх матывацыі да вучобы скажу вам так: я выкладаю англійскую мову і ў групе, якая складаецца з дзевяці чалаваек, не бывае такога, каб усе сумленна рыхтаваліся да заняткаў. Гэта группа як адбітак усяго вучнёўскага грамадства. Ёсць дзеці, якія будуць выкладвацца на ўсе сто працэнтаў, але будуць і тыя, хто хітрыць і ўхіляецца ад вучобы. І гэта адбываецца незалежна ад таго, як праходзяць заняткі — анлайн ці афлайн.

Пэўныя нюансы ўзнікаюць, калі ў сям’і некалькі дзяцей. Вось ім даводзіцца дзяліць паміж сабой і камп’ютар, і інтэрнэт. Таму мы згодныя на любыя формы ўзаемадзення: хоць у месенджарах, хоць на платформе ZOOM. Галоўнае, каб ніхто не выпаў з поля нашаг зроку.

У 10-й сталічнай гімназіі падгледзелі ў Таццяны Квяцінскай, як з дапамогай ZOOM можна дыстанцыйна праводзіць класныя гадзіны. І на канікулах апрабавалі гэту форму работы. Тым педагогам, якія адчувалі пэўныя цяжкасці, дапамаглі маладыя, больш прасунутыя ў тэхнічным плане калегі. А дзеці далучыліся з задавальненнем, магчыма, яны ўжо таксама засумавалі па жывых стасунках.

Што радуе мяне асабіста, дык гэта той факт, што ўсе педагогі разумеюць: трэба быць гатовымі працаваць у любой стуацыі. Усе гатовы вучыцца і ніхто не апускае рукі. Мы не ведаем, калі скончыцца эпідэмія, нагрузка зараз на нас вялікая, але ўсе аб’ядналіся і ніхто не ные. Мы разважаем так: галоўнае — каб усе былі здаровымі! Канешне, вельмі хочацца ўжо заўтра праснуцца і вярнуцца да ранейшага жыцця, але мы разумеем, што такое наўрад ці магчыма.

Гістарычнае сэлфі. Вынаходніцтва вакцыны ад бубоннай чумы. Аўтар Ганна Корзун, 4”А” клас гімназіі г. Дзяржынска.

Квэст і віртуальныя экскурсіі

АЛЛА ГАЛУБКОВІЧ, настаўніца гісторыі з гімназіі горада Дзяржынска, адна з удзельніц праграмы «Настаўнік для Беларусі»:

— Пачатак чацвёртай чвэрці двойчы адкладваўся і я вырашыла арганізаваць для гімназістаў дыстанцыйны квэст «Гістарычныя канікулы». Цягам пяці дзён размяшчала заданні на сайце гімназіі і ў сябе ў сацыяльных сетках, бо некаторыя з маіх вучняў ёсць у мяне там у сябрах. Да ўдзелу запрашаліся навучэнцы 6–11-х класаў, але, забягаючы наперад, скажу, што сярод тых, каго зацікавіў квэст, была і вучаніца чацвёртага класа, хоць гісторыя ў пачатковай школе яшчэ не вывучаецца. Адным з заданняў было зрабіць гістарычнае сэлфі. Ад дзяцей патрабавалася цягам аднаго дня выбраць эпоху, падзею і асобу, стварыць вобраз, дэкарацыі і зрабіць фота. Ганна Корзун, вучаніца 4 класа, абрала ў якасці падзеі вынаходніцтва вакцыны ад бубоннай чумы, а ў якасці асобы — чумнога доктара.

Квэст уключаў таксама анлайн-віктарыну па гісторыі Беларусі. Затым удзельнікі знаёміліся з кросэнсам — асацыятыўным ланцужком, які сумяшчае галаваломку, загадку і рэбус. У гугл-дакуменце, спасылку на які я размясціла, можна было даведацца аб ім падрабязней і атрымаць заданне. Затым гімназісты гулялі са мной у марскі бой анлайн. І каля я выйгравала, то ў залежнасці ад колькасці «збітых» караблёў яны атрымлівалі ад мяне пытанні па гісторыі.

Ну і апошнім заданнем было падзякаваць продкаў за якое-небудзь вынаходніцтва, якое значна спрасціла наша жыццё. Дзеці дзякавалі за інтэрнэт, тэлефон, хуткасныя электрычкі, кантактныя лінзы, кнігі і гэтак далей.

Гістарычнае сэлфі. Чарлі Чаплін. Аўтар Віка Шакаль, 6 “В” клас, гімназіі г.Дзяржынска.

Зараз займаюся падрыхтоўкай дыстанцыйнага праекта па Вялікай Айчыннай вайне на Дзяржыншчыне, які звязаны са STEAM. Калі казаць коратка, то дзеці «ходзяць» віртуальна па месцах смутку ў нашым раёне і потым з дапамогай шагамера лічаць колькасць крокаў, кіламетры, вылічваюць маштаб карты, адзначаюць усё на ёй і такім чынам пакрысе дабіраюцца да пэўнага месца. Потым пераходзяць па QR-коду і адказваюць на пытанні. А яшчэ робяць паштоўкі, прысвечаныя гэтым месцам.

Я лічу, што настаўнік павінен ісці ў нагу з часам, асвойваць розныя формы камунікацыі з вучнямі і трансляцыі ім вучэбнага матэрыялу. Трэба ўмець заматываваць, а сучасныя падыходы да арганізацыі навучальнага працэсу якраз дапамагаюць гэта зрабіць

Мы з калегамі ў гімназіі паралельна вывучалі розныя інструменты для дыстанцыйнага навучання. А калі распачалася чацвёртая чвэрць, сталі ўсё гэта ўкараняць. У класах, дзе адсутнічае шмат вучняў, я правожу урокі і дыстанцыйна з дапамогай платформы ZOOM. Гэта вельмі зручны інструмент, з яго дапамогай можна распытваць дзяцей вусна. Карыстаюся таксама гугл-класам, які дазваляе размяшчаць любую інфармацыю, відэаролікі, нейкія тэсты, прычым з магчымасцю праверкі заданняў.

Бацькоўскі сход анлайн

Наталля ЦЕЦЯРУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з аграгарадка Павіцце Кобрынскага раёна, удзельніца праекта «Настаўнік для Беларусі»:

— З усіх школ-партнёраў праекта наша, напэўна, самая аддаленая ад сталіцы. Да ўкраінскай мяжы ўсяго 7 кіламетраў, а да сталіцы — 350. І, канешне, у нас ёсць свая спецыфіка. Колькасць вучняў адносна невялікая — каля 150 чалавек. І яны пачалі масава хварэць яшчэ ў лютым. Мы задумаліся: што будзем рабіць, калі ў класах увогуле не застанецца дзяцей? Ці гатовы мы іх вучыць на адлегласці?

Таму экспрэс-курс «Падрыхтаваныя да дыстанцыйнага навучання», арганізаваны фондам «Новая школа» разам з партнёрамі, аказаўся для нас вельмі акутальным. Я трапіла ў першы набор, а ў другі набор была ўжо на ім адным з мадэратараў і дапамагала іншым. Яшчэ падчас канікул мы апрабавалі тое, чаму навучыліся. Напрыклад, перанеслі ў анлайн нашы гурткі. Рыхтаваліся са старшакласнікамі да ЦТ. Яны нават узрадаваліся, што ўдалося сканцэнтравацца толькі на тых прадметах, якія патрабуюцца для паступлення, не адцягваючы ўвагу на іншыя. Мне асабіста вельмі зручна працаваць з дзецьмі на гугл-дыску.

Наталля Цецярук: «Элементы дыстанцыйнага навучання мы будзем і далей выкарыстоўваць у сваёй працы. Нашы дзеці тэхнічна да гэтага падрыхтаваныя...»

Камусьці падабаецца праводзіць бацькоўскія сходы на платформе Zoom. Не сакрэт, што бацькі не вельмі ахвотна наведваюць такія мерапрыемствы. Затое ахвотна ўдзельнічаюць у сходзе анлайн.

Пасля канікул у нас амаль усе дзеці вярнуліся за школьныя парты. Таму зараз неабходнасці праводзіць заняткі дыстанцыйна няма, але элементы дыстанцыйнага навучання мы будзем і далей выкарыстоўваць у сваёй працы. Нашы дзеці тэхнічна да гэтага падрыхтаваныя. Хоць мы і знаходзіся ў сельскай мясцовасці, але інтэрнэт з нармальнай хуткасцю ёсць ва ўсіх.

Я правяла ў раёне экспрэс-курс для калег па дыстанцыйным навучанні і хачу заўважыць, што беларускія настаўнікі — актывісты і працаголікі, якім пад сілу ўсё. Канешне, узровень лічбавай адукаванасці ва ўсіх розны. І адна справа — правесці ўрок у класе, і зусім іншая — дыстанцыйна: гэта іншыя метады, формы работы, кантроль. Дыстанцыйныя ўрокі павінны быць больш кароткімі, яркімі і дынамічнымі. Але ўсе разумеюць, што гэтаму трэба вучыцца.

Будзь у курсе!

Праграма «Настаўнік для Беларусі» — сумесны праект БПС-Ашчадбанка і Міністэрства адукацыі, мэта якога — прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія хочуць і могуць прыўнесці ў сваю прафесію новыя цікавыя ідэі, умеюць спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваючы аптымізм, імкнуцца да самаразвіцця, гатовыя да змен (у тым ліку і да пераезду на новае месца) і вераць у свае сілы.

Жорсткіх абмежаванняў для ўдзелу ў праграме не існуе: гэта могуць быць як новаспечаныя выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў, так і вопытныя настаўнікі ці нават сям’я педагогаў. Ключавой з’яўляецца наяўнасць вышэйшай адукацыі, неабавязкова профільнай (магчымая перападрыхтоўка).

Праграма адкрывае перад педагогамі ўнікальныя магчымасці для асабістага і прафесійнага росту праз удзел у летнім інтнсіве і падтрымліваючыя метадычныя мерапрыемсты. Кожны з іх становіцца часткай прагрэсіўнай настаўніцкай супольнасці.

Немалаважнай з’яўляецца і матэрыяльная падтрымка. Акрамя заработнай платы удзельнікі праграмы атрымліваюць таксама стыпендыю за дадатковую нагрузку па рэалізацыі праектаў плюс кожны з іх будзе забяспечаны для зручнасці работы ноўтбукам.

Першы крок для ўдзелу ў праграме — запаўненне анкеты на сайце tеасh4.bу. Прыём анкет другой хвалі заканчваецца 24 мая.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?