Вы тут

Каляндар работ на май


У маі з садоў і агародаў не хочацца сыходзіць, бо пад промнямі сонца, слухаючы спеў птушак, працаваць — адно задавальненне. Калі доўга не было дажджоў, давядзецца паліваць увесь сад і агарод. Асабліва не хапае вільгаці раслінам у пясчанай глебе — і яны могуць загінуць.


У кветніку

Калі ў канцы красавіка вы яшчэ не высадзілі зімаўстойлівыя расліны і кусты, то лепш за ўсё гэта зрабіць у пачатку мая.

Каб умацаваць расліны, іх паліваюць гнаявой жыжкай, настоем або адварам для раслін. У крамах можна купіць спецыяльныя мінеральныя сумесі для кожнай з груп кветак — руж, рададэндранаў, лілей, іглічных раслін і г. д. У садзе саджаюць іглічныя дрэвы, рададэндраны, ліставыя дэкаратыўныя кусты.

У другой палове мая садзяць кветкавыя цыбульныя — фрэзіі, лілеі, гладыёлусы, а пасля замаразкаў — каны.

Дзеляць і перасаджваюць зімаўстойлівыя кветкі. Напрыклад, карэопсіс і анафаліс патрабуюць перасадкі кожныя 3-4 гады, флоксы, астры — кожныя 5-10 гадоў, а самыя даўгавечныя зімастоі (анемоны, лілейнік, хосты) — праз 15 гадоў, калі робіцца заўважнай страта дэкаратыўнага выгляду расліны ці яна зарастае пустазеллем.

У клумбы сеюць насенне летніх, а таксама двух- і шматгадовых кветак.

У другой палове мая пасля замаразкаў высаджваюць расаду летніх кветак. Пасля цвіцення абразаюць фарзіцыі, спірэі, адломваюць адцвілыя суквецці бэзу.

У канцы месяца, калі з'яўляюцца бутоны, паўторна ўгнойваюць ружы.

Першы пакос газона адбываецца пасля таго, як трава дасягнула 8-12 см у вышыню. Важна састрыгчы не болей за чвэрць гэтай даўжыні.

У садзе

Калі вясна не вельмі цёплая, то ў пачатку мая саджаюць дрэвы і ягадныя кусты. Расліны ў кантэйнерах можна саджаць увесь май. Саджанцы фруктовых дрэў з прышчэпкамі на прышчэпе садзяць так, каб месца прышчэпкі апынулася на ўзроўні верхняга пласта глебы, а саджанцы пладовых дрэў з прышчэпкай для зніжэння росту — на 5—10 см ніжэй.

Калі гэта не зроблена ў красавіку, то ў маі дрэвы апрацоўваюць бардоскай вадкасцю (0,5—1 %). Калі летась іх закранулі паразіты, шкоднікі ці хваробы, неабходна апырскаць дрэвы адпаведным прафілактычным фунгіцыдам ці інсектыцыдам. Гэта робіцца ў пачатку мая, да таго як з'явіліся лісточкі, альбо ўжо пасля цвіцення ў канцы мая (выключэнне — прэпараты для знішчэння ржы на грушах і ядлоўцы: яны распырскваюцца падчас цвіцення).

З кустоў клубніц выдаляюць старое лісце, угнойваюць, садзяць новую клубнічную расаду. Перад пасадкай глебу апрацоўваюць ахоўнымі сродкамі. Для ранняга ўраджаю градку накрываюць аграплёнкай. Як толькі завязваюцца бутоны, для прафілактыкі з'яўлення даўганосікаў клубніцы і маліны апрацоўваюць 2 %-ным растворам Фітаэколы або свежым іглічным парашком.

Ягадныя кусты размнажаюць адводкамі, пладовыя дрэвы прышчапляюць.

У канцы мая саджаюць вінаград.

Для барацьбы са шкоднікамі ў канцы цвіцення сліў на дрэвах вешаюць слоічкі з брагай. Пасля з'яўлення лістоты на пладовых дрэвах і ягадных кустах ставяць ферамонныя пасткі і шчыткі з белым і жоўтым клеем.

Пасадкі трэба абараняць ад майскіх замаразкаў. Увесну пладовым дрэвам пагражаюць марозныя ясныя ночы, калі цяпло ад нагрэтай зямлі і раслін змяняюць масы халоднага паветра. Такія замаразкі найбольш небяспечныя для нізкіх раслін — іх абараняюць аграплёнкай, складзенай у некалькі столак. Пладовы сад можна абаграваць вогнішчам з матэрыялаў, якія павольна гараць і моцна чадзіць — трэсак, саломы. Можна выкарыстоўваць і дымавыя свечкі. Маючы добрую сістэму паліву, вы можаце выкарыстоўваць яе — калі ўсю ноч паліваць расліны, тэмпература будзе падтрымлівацца каля нуля. Але гэты метад неэфектыўны, калі замаразкі трымаюцца некалькі дзён.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».