Вы тут

Мазаіка міжзорнай мовы — i актуальная трэкаграфія гурта «Танграм»


Гэты матэрыял бярэ свой пачатак у сакавіцкім белмузычным экскурсе ў пачатак 2020-га, зробленым сайтам onliner.by, дзе па адзіны бок «хайпанедахопу» апынуліся як выдатны (і вядомы шырокаму слухачу) дуэт Naviband, так і далёка не самы буйны, але не меней яскравы мінскі гурт з таемнай назвай «Танграм». Свежым рэлізам абодвух калектываў дасталася па тры-чатыры радкі, хаця стыльна-моднамоладзевыя Ціма Беларускіх і Лера Яскевіч удастоіліся як цэлага абзаца тэксту кожны, так і публікацыі альбомных плэйлістоў з сэрвісу «Яндекс.Музыка». І таму, каб хоць неяк лакальна паправіць гэтае не зусім справядлівае ранжыраванне (і, спадзеючыся на тое, што тыя ж Naviband пры іх статусе як-небудзь самі сабе дапамогуць), лагічна б было крыху болей расказаць пра тую беларускую музыку, якую амаль не ведаюць. І чаму б не пачаць гэтую асветніцкую місію менавіта з Танграма?


Фота з афіцыйнай суполкі гурта «ВКонтакте»

Гурт быў заснаваны 30 лістапада 2011-га двума сябрамі (на той момант студэнтамі) — Антонам Леановічам і  Яўгенам Дзям’яненкам. Першы ўзяў на сябе ролю гітарыста (і калі-нікалі вакаліста), другі — ролю ўдарніка. Паступова склад дапоўніўся басістам, імя якога замоўчваецца (як і імёны ўсіх яго паслядоўнікаў), а таксама другім гітарыстам — Ільёй Дзягелем. Некалькі гадоў цягнецца «дагістарычны» перыяд, калі гурт нічым асаблівым не адзначаецца, а ў 2014-м Танграм удзельнічаюць у адборачным этапе фестывалю Emergenza, дзе выконваюць адны з першых вядомых публіцы трэкаў. Далей іх чакаюць пошукі свайго стылю, змены ў складзе (з заканамерным уплывам на гэтыя пошукі), а таксама тры афіцыйныя рэлізы, з якімі гурт жалезна ўпісаў сябе ў гісторыю беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Але з гэтага моманту хацелася б паглыбіцца ў творчасць, таму мае сэнс адысці назад, да «архаікі» нявыдадзенага. Большая частка неафіцыйных сінглаў выконвалася задоўга да першага сур’ёзнага рэлізу, і ў некаторых з іх пры жаданні можна пачуць ключы да будучага гучання Танграма.

[2014-2016, 2017, 2019] Нявыдадзенае

У каверах на песні інды-поп гурта The XX Crystalised і Shelter разведзеныя паасобку постпанкавыя гітары і пазаземны эмбіент яднаюцца і трансфармуюцца ў першыя прыгукі построку, а вакал Антона, амаль не пераганяючы тэмп арыгінала, дэманструе пакуль што толькі цень сваёй незвычайнасці.

Нашмат далей і глыбей у творчым перастварэнні ідуць каверы на песню «Графин» гурта «Химера» і «Раньше в  твоих глазах отражались костры» гурта «Кино». У першым выпадку зыходная хуткая нойзавасць з прамалінейна-надрыўным вакалам Эда Старкова рукамі гітарнага дуэта Антона Леановіча і Ільі Дзягеля замяняецца на сюррэалістычны сімбіёз построку і постпанку, і ў гэты ж момант, дзякуючы больш павольнаму тэмпу і вакальным здольнасцям, Антон дадае яшчэ адзін сюррэалістычны слой, але з адценнем чагосьці народна-абраднага. У другім выпадку арыгінал увогуле набывае двухмінутнае інтра, а потым Антон дэманструе адну з найцікавейшых і найчуллівейшых вакальных партый за ўсю творчасць гурта.

ПБС — уласны трэк-эксперымент: пачынаецца ён з нехарактэрнага для гурта фанковага рытму, следам Антон расшыфроўвае абрэвіятуру назвы і абвяшчае аксюмараннае «Это песня без слов», а пасля наступнай рэплікі ідзе выключна інструментал (за выключэннем невялікага паўтору ранейшых слоў).

Осыпаются алые клёны… — меладэкламацыя аднайменнага верша Барыса Рыжага (сталая па выкананні, бо зроблена паміж выхадам другога і  трэцяга рэлізаў), якая, хаця і мае цікавую містычную аранжыроўку і інструментальнае аўтро, у выніку хутчэй пакідае адчуванне перадэкламацыі і «недапесні».

Скончыўшы скакаць па гэтых аскепках музычнай ідэнтычнасці, можна, нарэшце, перайсці і да чагосці больш істотнага і  цэльнага. Увага: наступны запіс змяшчае элементы вольнай трактоўкі эмацыянальнага экспірыенсу, але ў якасці выключэння (адпаведна з агульнай кампазіцыяй) мае месца і рацыяналістыка.

[01.03.2016] Хикикомори (ЕР)

Свой першы рэліз гурт запісаў у складзе, адзначаным на пачатку тэксту. Адпавядаючы сваёй назве (словам «хікікаморы» ў японскай мове называюць характэрны для нацыі сацыятып чалавека, замкнёнага літаральна і  вобразна), музыка ў гэтай іпіхе імкнецца да стварэння станавай і  пачуццёвай прасторы недзе ўнутры замкнёнага розуму. Адбываецца пэўнае падарожжа, прытым падарожжа не рацыянальнапсіхалагічнае, а хутчэй метафізічнае: рух з мэтай руху, унутраны рух па самім сабе як кардыятрэніроўка свядомасці.

Хикикомори

У пачатку трэка чуецца занепакоенасць з рэфрэнамі яе абвастрэнняў, але да канца першай паловы галава спрабуе пазбавіцца мораку, пакуль не надыходзіць чарговае абвастрэнне, якое паступова фіксуе стан актыўнага самакапання.

Мета

У гэтым трэку эмоцыі ўзмацняюцца: замест руху ў адной танальнасці тут прысутнічае і жорсткая барацьба, і мінорнае супрацьдзеянне, і пазітыўны вынік, які надыходзіць нечакана, быццам узарваны пузырок; пачуццё свежага паветра цалкам станоўчае, таму пасля невялікай перадышкі ўсё паўтараецца.

Глиссадные огни

Пасля паглыблення ў метафізічныя куткі надыходзіць час вярнуцца вонкі: гітары здзяйсняюць цалкам цвярозае вяртанне свядомасці назад, да рэальнага свету, зноў жа, у адпаведнасці з назвай (глісадныя агні — тэхнічныя агні, якія забяспечваюць пасадку паветранаму транспарту).

Отстань от меня (ПТВП cover)

Чарговы кавер-пераасэнсаванне і, здаецца, безагаворачна найлепшы з кавераў гурта: акрамя перакладу панкаўскай неахайнасці на ўзнёсла-лірычныя рэльсы, адбываецца самы моцны эксперымент з часоў ПБС — песня, не мяняючы аранжыроўкі, працягваецца дэкламацыяй верша ўсё таго ж Барыса Рыжага; і калі пры параўнанні адпаведных хронаметражоў яшчэ можна было  б паспрачацца наконт таго, якая версія лепшая, узмацненне класікам, якое яшчэ і ўносіць моцную антытэзу —  «Отстань от меня» перацякае ў «Не покидай меня» — не пакідае арыгіналу ніводнага шанцу.

17

Лічба 17, бы мяжа між дзяцінствам і  дарослым жыццём, уносіць у эмацыянальную канву гэтага ЕР пачуццё скепсісу і непераадольнага жадання ўцёку  — па-за сябе, у жорсткую, але ў  нечым усё  ж прыцягальную рэчаіснасць.

Па-за пакоем

«Хикикомори» пераігрывае закасцянелыя патэрны построку з дапамогай бесперапыннага жадання рухацца ўверх у пошуках новай дынамікі і новага колеру. І хай сабе адбываецца гэта недзе ў галаве, але тым бліжэй да цела канчатковы вынік.

Праз пэўны час пасля выхаду «Хикикомори» ў жыцці Танграма адбываецца пераломны момант: гурт пакідае гітарыст Ілья Дзягель, а гэта ў сваю чаргу значыць, што каэфіцыент творчай разнастайнасці значна зніжаецца. Ва ўсякім разе выключна гітарнай, бо перад запісам другога рэлізу ў гурце з’яўляецца Паліна Максіменка... з сінтэзатарам. Так гучанне Танграма пачынае свой імклівы шлях да змен.

Данііл ЛЫСЕНКА                    


Муздаведнік

Дзілэй (з англ. delay — ‘затрымка’) — гэта эфект затрымкі гуку, калі да зыходнага сігналу дадаецца адна або некалькі яго копій, але затрыманых у часе. У музыцы выкарыстоўваецца для таго, каб ствараць цікавае і незвычайнае гучанне гітары. Часцей за ўсё яго можна пачуць у эксперыментальных гітарацэнтрычных жанрах, як, напрыклад, нойз-рок, построк, постпанк, шугейз і г. д.

Інды-поп (ад англ. independent — ‘незалежны’) — паджанр інды-музыкі (дакладна — інды-року), для якой характэрныя незалежнасць ад камерцыйнай поп-музыкі і мэйнстрыму, а таксама асаблівая DIY ідэалогія (Do It Yourself — зрабі гэта сам). Інды-поп адрозніваецца ад інды-року тым, што ён больш меладычны і менш тужлівы.

Нойз (з англ. noise — ‘шум’) — музычны жанр, у якім выкарыстоўваюцца разнастайныя гукі (часцей за ўсё штучнага і тэхнагеннага паходжання), непрыемныя і нават балючыя для чалавечага слыху. У шырокім сэнсе шум — гэта выключна гучны і дысгарманічны гук, які не мае ніякага дачынення да мелодыі і музычных структур.

Нойз-рок — эксперыментальнае адгалінаванне панк-року.

Построк — жанр эксперыментальнай музыкі, для якога характэрна выкарыстанне інструментаў, звязаных з рок-музыкай, а таксама рытму, мелодый, тэмбру і паслядоўнасці акордаў, якія не характэрны для традыцыйнага року. Прадстаўнікі жанру ў асноўным іграюць інструментальную музыку, якая аб'ядноўвае элементы разнастайных музычных жанраў, такіх як эмбіент, джаз, электронная музыка, рок.

Постпанк — гэта ў нейкай ступені больш мудрагелістая і эксперыментальная форма панку: у адрозненні ад рэзкага сухога гучання панкроку, постпанк адметны вялікай разнастайнасцю музычнага самавыяўлення, у прыватнасці зваротам да новых тэхналогій запісу і сувяззю з нерок-стылямі.

Шугейз (ад англ. shoe ‘чаравік’ і gaze ‘глядзець пільна’) — адзін з жанраў альтэрнатыўнага року (інды-року), назва якога ідзе ад журналісцкага жарту над нехарызматычнымі музыкантамі. Яны на працягу ўсяго выступу быццам бы глядзелі на чаравікі, хаця на самой справе іх увага была засяроджана на шматлікіх гітарных «прымочках», якія інтэнсіўна выкарыстоўваліся, паколькі музыка шугейзераў была даволі эксперыментальнай і перапоўненай разнастайнымі гукавымі эфектамі.

Эмбіент — стыль электроннай музыкі, заснаваны на мадуляцыі гукавога тэмбру. Эмбіент часта характарызуецца атмасферным, заспакаяльным, неназойлівым, фонавым гучаннем.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.