Вы тут

Арнольд Смеяновіч. На тонкай грані быцця


У жыцці чалавека заўсёды ёсць месца цуду, перакананы таленавіты нейрахірург Арнольд Смеяновіч. Яго багаты жыццёвы досвед дазваляе пра тое гаварыць. А цуд ужо ў тым, што ён, дзіця Вялікай Айчыннай вайны, жывы ў яе пекле застаўся.


Фота mtdata.ru

З яго ўспамінаў пра бацьку-франтавіка, гвардыі маёра Фёдара Смеяновіча, пра будзённае жыццё ў акупацыі, пра родавыя карані ды малую радзіму пачалі мы гутарку, якая з’явілася натуральным працягам змястоўнай размовы пра таямніцы мозга, ролю псіхасаматыкі ў нашым жыцці (№ 11, 2018). На гэты раз мы паглыбім знаёмства з унікальным чалавекам, што застаецца практыкуючым лекарам у свае 82 гады. Да таго ж Арнольд Фёдаравіч прадаўжае курыраваць нейрахірургічнае аддзяленне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры неўралогіі і нейрахірургіі ў Мінску. У яго па-ранейшаму ясны розум і ўзрушаючая добразычлівасць у зносінах. Гаварыць з ім — велізарнае задавальненне. Бо ўсё, пра што б ні казаў, афарбавана пазітывам. Хіба ж не цуд?

Пра бацьку, пра вайну і малую радзіму

Мой бацька, Фёдар Аляксеевіч Смеяновіч, у вайну быў дэсантнікам. Камандаваў 31‑м парашутна-дэсантным палком. На Малую зямлю высадзіўся, там ордэн за подзвігі атрымаў. А потым пры дэсантаванні ў бітве за Дняпро, каля Канева, загінуў. Здаецца, у верасні 1943‑га. Ён ужо начальнікам штаба брыгады быў. Фотаздымак бацькі на маім стале пад шклом — кожны дзень на вачах. Мне 5 гадоў было, калі яго не стала. А фота зроблена незадоўга да гібелі. На фота бацька ў цэнтры, а побач таварышы, ад’ютанты яго. Яны выжылі. Я з імі сустракаўся гадоў 15–20 таму.

✓ Ці быў я на магіле бацькі? Быў. Там агульная брацкая магіла. Пасля гібелі нашых у тых месцах яшчэ месяц немцы стаялі: абарону іх не прарвалі. Нашых скінулі з самалёта, але няўдала дэсантаванне прайшло: завысока. Таму яны не змаглі хутка прызямліцца. Парашутыстаў плынню паветра падняло яшчэ вышэй — іх і расстралялі. Бацька паспеў прызямліцца. У яго з сабой маўзер быў: яшчэ з 1939‑га, з часу Халхін-Гола, дзе ён ваяваў. То ад’ютанты чулі, што страляе бацька. А потым — цішыня. І немцы страляюць з аўтаматаў. А пасля пачуўся адзіны стрэл, і зноў цішыня. Нашых, хто выжыў, там у палон узялі. Казалі: дэсантнікаў усіх расстраляюць. Таму адзін аднапалчанін бацькі, які разам з ім дэсантаваўся, падумаў: лепш магіла тут, пад корч нейкі залез і там замаскіраваўся. Таварышаў яго забралі, а ён суткі пад карчом праляжаў. Выпаўз уночы і ўбачыў цела бацькі. Пра тое ён і распавёў маёй маме. На жаль, імя яго не памятаю.

✓ Са слоў мамы ведаю, што бацька мой, кадравы ваенны, перад вайной вучыўся ў Маскве, у Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ. Летам 41‑га мы прыехалі ў мястэчка Пухавічы, гэта радзіма бацькоў, да дзядулі-бабулі на адпачынак. А за 10–15 дзён да вайны бацьку тэрмінова выклікалі ў акадэмію. Ён тады сказаў маме: «Галя, заставайцеся тут, будзе вайна».

✓ Памятаю, як маму арыштоўвалі. Немцы тады нас усіх сабралі — перад самым надыходам нашых войскаў у 44‑м, калі вызвалялі Беларусь. Мужчын схавалі ў памяшканне. Жанчыны заставаліся на вуліцы, за дротам. Дзяцей адпусцілі. Выкупілі нас неяк. Дзядуля прыйшоў, таму мяне з сястрой адпусцілі. Наступленне нашых было з боку Асіповічаў, Лапічаў. Немцы зніклі, а нас паліцэйскія ахоўвалі. Старэйшыя з іх свае сем’і вывозілі, а моладзь засталася, якая не ведала, куды бегчы. Была там адна мудрая жанчына, якая сказала: давайце бегчы, чаго чакаць? Яна і чалавек 10 з ёй сышлі ў жыта, якое было непадалёк, там і схаваліся. І мая мама пайшла, і цётка, мамінага брата жонка. А тых, што засталіся, паліцаі знішчылі. Спачатку прыйшла нейкая паліцэйская брыгада. Мужчын забралі, жанчын. Правялі кіламетра 2–3 у Любін, там завялі ў хлеў і спалілі. Сярод іх быў і мой дзядзька.

✓ Пра лёс бацькі ў вайну мама нічога не ведала: мы жылі на акупаванай немцамі тэрыторыі. А ў 1947‑м яна паведамленне атрымала, што бацька загінуў, ці то прапаў без вестак. Мама тады ж адправілася ў Мар’іну Горку: каб больш чаго даведацца. Па дарозе сустрэла двух афіцэраў. Яна ў іх і пытаецца: а такую частку вы не ведаеце? Яны ёй: «А адкуль вы яе ведаеце?» Як аказалася, афіцэры былі якраз з бацькавай часткі, пра якую незнаёмая жанчына пытае! Чаго раптам? Падумалі, мабыць, невядома што. Але так склалася, што частка бацькі дыслакавалася тады менавіта ў Мар’інай Горцы. І сябры бацькі — ужо героямі былі. Генерал адзін і да нас прыязджаў, да бабулі. Прывозілі салдаціка, які расказаў, што бачыў. Я тады спрабаваў знайсці магілу бацькі, але як знойдзеш? Месяц яшчэ немцы там стаялі, яны трупы закопвалі. Потым, як вызвалілі тэрыторыю, агульную магілу зрабілі. А салдат, афіцэраў, пэўна, ніхто там не ідэнтыфікаваў. Я паклаў кветкі да помніка.

✓ Бацька мой мне часта сніўся. І я прачынаўся з адчуваннем, што ён радуецца: сын стаў лекарам, здолеў шмат чаго дасягнуць. Я ж бацьку мала памятаю: малы быў. Ярка ў памяці адбілася, як яго ў Мар’іну Горку праводзілі, на цягнік. Мне здаецца, было ўжо цёмна, вечар. А мама распавядала, што тады дзень быў сонечны. Магчыма, нейкі адзін успамін наклаўся на іншы. Я татку не адпускаў, учапіўся моцна за яго, дык нейкая суседка крапівой па мне… Так мяне ад яго і забралі. А яны з мамай пайшлі далей пешшу. Правяла яна свайго мужа на цягнік, і ён паехаў ад нас назаўсёды.

✓ Вайну памятаю фрагментамі. Адзін з іх: у 41‑м калону яўрэяў вялі па вуліцы. А ўсе ж там знаёмыя. Пухавічы — мястэчкам да вайны было: іх шмат жыло. Мы з бабуляй выскачылі на вуліцу — паглядзець. Дык і нас немцы ў тую калону заштурхалі. А суседзі крычаць: не юдэн, не юдэн!.. Бабулю ўдарылі па спіне прыкладам і выгналі з калоны. І мы засталіся. Як гаворыцца, на валасок ад смерці былі. Тых пакутнікаў усіх расстралялі. А ў той калоне ішлі сярод іншых дзядуля, бабуля, іншыя блізкія родзічы Міхаіла Турэцкага, народнага артыста Расіі: гэта ён кіруе «Хорам Турэцкага». Яго мама, Бэла Сямёнаўна Турэцкая, з Пухавіч родам была. І Міхаіл Барысавіч гэта ў памяць пра яе прозвішча родавае збярог.

✓ Былі ў бабулі маёй браты — мы з імі сябравалі. У мяне сястра старэйшая была, ужо няма яе. Мама потым, пасля вайны, выйшла замуж за мясцовага чалавека: гэта быў Пётр Фёдаравіч Лінскі, франтавік. І ў мяне нарадзіўся брат, ён на 10 гадоў маладзейшы за мяне, у Пухавічах жыве. Першая жонка ў Пятра Фёдаравіча была яўрэйка. Дык у вайну іх сусед стаў паліцаем — і дзяцей айчыма расстралялі.

✓ Мая сувязь з малой радзімай моцная, хоць нарадзіўся не ў Пухавічах, а ў Бранску ў 1938‑м: бацька ж ваенны. Але я ўспрымаю менавіта Пухавічы як радзіму. Мае родныя ўсе адтуль. Бабуля і дзед па маме, Вольга Іванаўна і Лука Сямёнавіч Дунай, удзельнічалі ў выхаванні. Дубцом таксама мне даставалася. А бацькі татавы памерлі рана: яшчэ да таго, як мама выйшла замуж за бацьку. Яна іх і не бачыла ніколі.

✓ У мамы, Галіны Лукінічны, была сярэдняя адукацыя. Сувязістам працавала на пошце. А ў вайну яна, жонка камуніста і афіцэра Чырвонай арміі, была партызанскай сувязной. Памятаю, да нас у хату прыходзіла маладая настаўніца з вёскі Глушка, таксама была сувязной. Мы неяк з акадэмікам Уладзімірам Кульчыцкім за жыццё размаўлялі, дык ён сказаў: яго мама была настаўніцай, і жыла ў вёсцы Глушка. Я сваю ўжо не мог распытаць, але хутчэй за ўсё гэта якраз мама Кульчыцкага і была. Тады немцы аблаву рабілі, то мы хавалі яе ў нас. А вось трэба ж: мы з Кульчыцкім у жыцці перасекліся…

Фота sputnik.by

✓ Мне на добрых настаўнікаў шанцавала. Галіна Феафанаўна выкладала нямецкую мову. Леў Іванавіч Пілатовіч — беларускую мову. Я памятаю, як праязджаў па нашай вёсцы Якуб Колас: у яго ў Балачанцы было лецішча. На «Победе» вёз яго кіроўца. У грыбы класік хадзіў. І да нас прыходзіў, размаўляў на роднай мове. Так, і яшчэ школьныя мае сябры — самыя лепшыя. Усе маюць вышэйшую адукацыю, сёння — пенсіянеры. Мэта ў нас была ў жыцці: вучыцца. Са школы яшчэ я шмат чытаў. Усё, што траплялася ў школьнай бібліятэцы. Дарэчы, у нас у школе мова беларуская была. Тут, у Мінску, давялося рускую шліфаваць: ужо тады, у 50‑я, усе па-руску гаварылі. А чытаць я і цяпер люблю. Падабаюцца мне і выказванні вялікіх людзей — вунь пад шклом, побач з фота бацькі, ляжаць мудрыя выслоўі.

✓ Хацеў быць як бацька: лётчыкам ці дэсантнікам. Я ж думаў, бацька лётчыкам быў. Мама пра тое дакладна не ведала: на самалёце, казала, лётае. А ў 8 класе я надзеў акуляры. Які ўжо з мяне лётчык? Ды яшчэ бабуля з дзяцінства паўтарала: лекарам, лекарам будзеш. Хлопцы пайшлі ў палітэхнічны, а я — у медыцынскі: бабуля наканавала. Ішоў мэтанакіравана: стаць хірургам. Калі мы закончылі інстытут, то былі лекарамі шырокага профілю, у тым ліку і санітарнымі. Куды трэба — бяры нас. Ніякай спецыялізацыі! У майго аднакурсніка з Дрыбіна было вольнае месца хірурга. Мы з Тамарай пажаніліся на 6 курсе, і я на размеркаванні ў Магілёўскі аблздраўаддзел папрасіўся. У Дрыбіне адпрацавалі 3 гады.

✓ Мая малая радзіма заўсёды са мной. І з роднымі людзьмі я ўвесь час у кантакце. Родная хата ў Пухавічах яшчэ стаіць. Я аддаў яе сястры. Метрах у дваццаці там і мой домік. Яшчэ мама, калі была жывая, казала: пабудуй сабе хату, Пеця добры лес дапаможа выбраць. Гэта мой аднакласнік, ён дырэктарам кардоннай фабрыкі працаваў. Пеця на маю просьбу адгукнуўся. Хлопцы дружна выкапалі яму, зрабілі падмурак. Вось так разам і паставілі домік. А побач там жыла суседка адзінокая, у хатцы-халупцы. Калі яе не стала, мама кажа: купіце ўчастак пад лецішча. Купілі. Там таксама домік пабудавалі: гэта сёння доччына месца. Вось такая ў нас малая радзіма! Жонка мая любіць кветкі разводзіць. Мы, я часам жартую, прыязджаем у Мінск з Пухавічаў адпачываць. Бо ў вёсцы столькі работы! У яблычныя гады, бывае, па 20 тачак яблыкаў адвожу ў балотца невялікае — дзяваць няма куды. І добры апад. Калі не звезці, то глеба ж кіслая будзе.

✓ Мама родам была з вёскі Пухавічы, а тата — з суседняй вёскі Турын. Прозвішча роду нашага раней была: Семяновіч. А ў 20‑х гадах бацька і брат стрыечны памянялі яго на Смеяновіч. Чаму? Пасля рэвалюцыі ў СССР былі пераследаванні людзей вышэйшых саслоўяў: іх лічылі класавымі ворагамі. У 20‑я гады высылалі «за паходжанне». Такім чынам некаторыя, з’ехаўшы ў іншую мясцовасць, сыходзілі ад пераследаванняў, памяняўшы прозвішчы. Быў такі, вы ж ведаеце, ваенны інжынер Казімір Семяновіч, аўтар знакамітай кнігі «Баявое мастацтва артылерыі». Дык вось, ёсць звесткі, што Казімір Семяновіч быў са збяднелага княскага роду з Віцебшчыны. А маме бацька казаў, што род ягоны, наш — адтуль.

✓ Па лініі матчынай род мой — украінскі. Бацька мамін, мой дзед Лука, быў украінец. З Сумской вобласці. Бабуля — з Беларусі, з мяшчан. Дзед у 1914 годзе ў Першую сусветную ваяваў, трапіў у палон да немцаў. Ён быў малодшым афіцэрам. Можна сказаць, пашанцавала, што да рэвалюцыі у палоне быў. Пра сваё жыццё мне шмат чаго дзед распавядаў. Як працаваў у гаспадара. Той немец, казаў, быў прыстойны чалавек. Прапаноўваў: ты, Лука, едзь, бяры сям’ю — прывозь сюды. Кавалак зямлі дам. Будзеш у Германіі жыць. Дзед паехаў, а тут ці то немцы, ці то палякі былі. Карацей, акупанты. Яму хавацца прыйшлося. А неўзабаве саветы прыйшлі. Ужо ў савецкі час дзед быў пазбаўлены некаторых грамадзянскіх правоў. Але жыцця яго, на шчасце, не пазбавілі. На Сумшчыне знайшлі мы родзічаў. Дзядулін брат прыязджаў, стрыечныя маміны сёстры, браты. З гадамі, на жаль, тыя сувязі не ўмацоўваюцца, слабеюць.

Арнольд Смеяновіч у свой час з санавіацыяй пабываў у многіх кутках Беларусі, ратуючы хворых. Верасень 1966 года

Стаў лекарам — служы людзям. У працяг размовы.

— Ці даводзілася вам, Арнольд Фёдаравіч, назіраць, як пасля хваробы зменьваецца характар чалавека, яго звычкі?

— Хваробы накладваюць адбітак на характар чалавека, пра тое ўсе ведаюць. Але мы ж і цяпер шмат чаго яшчэ не ведаем пра захворванні мозгу. Можна сказаць: толькі спазнаем прыхаваныя прычыны, якія прыводзяць да такіх захворванняў. Прычым гэта яшчэ не тыя пазнанні, якія дапамогуць вырашыць праблемы ў хуткім часе. Бо разнавіднасцяў пухлін галаўнога мозга так шмат! Ад дабраякасных да злаякасных. Цэлая вялікая лінейка разнавіднасцяў: каля 200. У нас адзін інстытут займаецца такімі праблемамі, а ў ЗША, напрыклад, іх каля 20. Велізарная армія спецыялістаў працуе па ўсім свеце, але па сёння ў гэтай галіне вельмі шмат пытанняў. Калі я быў студэнтам, нам казалі: да канца ХХ стагоддзя праблема лячэння злаякасных пухлін будзе вырашана цалкам. А вось ужо і ХХІ стагоддзе, і хутка чвэрць яго пройдзе… Чытаючы працы, даследаванні калегаў, мы прыйшлі да цікавай ідэі. Вялікую даследчую працу, рэалізуючы задумку, выканала мая дысертантка Таццяна Жукава. Нават доктарскую ў выніку абараніла. Яна сама нейрамарфолаг. І калі вывучала злаякасныя пухліны галаўнога мозга, то звярнула ўвагу, што ў іх прысутнічае вірус простага герпесу. Ну той, які ў нас часам на вуснах праяўляецца. Яна ўбачыла ўзаемасувязь: там, дзе вірус ёсць, сасуды растуць асабліва хутка. А калі так, то за імі расце і пухліна. І мы, разважаючы над тымі ўзаемасувязямі, прыйшлі да высновы: калі прыгнятаць, душыць гэты вірус, які ёсць, як правіла, у кожнага чалавека, і амаль у кожнага, хто мае злаякасную пухліну галаўнога мозга, то ў выніку спыніцца рост сасудаў. Дык вось тады і не расце, не павялічваецца пухліна: ідзе тармажэнне гэтага працэсу. Пачалі мы лячыць такіх хворых супрацьвіруснымі прэпаратамі — і бачым нядрэнныя вынікі. Пацыенты раней пасля выдалення злаякаснай пухліны рэцыдывы мелі праз месяцаў 7–8, ну максімум год. А сёння па некалькі гадоў праходзіць — і рэцыдыву няма. Гэта, вядома, не глабальнае рашэнне праблемы, але адзін з перспектыўных варыянтаў.

— Дазвольце невялікае разважанне ў тэму вірусаў, сёння вельмі актуальную. У Піцеры ёсць фірма «Аллофарм», яе заснавальнікі — доктар біялагічных навук Сяргей Чарныш і яго дачка-біёлаг Наталля Чарныш, наша супляменніца: у яе дзядуля Ягор, па маці, родам з Беларусі (http://allopharm.ru/). На сайце чытаем: «Кампанія займаецца пошукам, распрацоўкай і камерцыялізацыяй новых лекавых рэчываў, прататыпамі якіх служаць актыўныя кампаненты імуннай сістэмы насякомых з супрацьвірусным, проціпухлінным і антыбактэрыйным дзеяннем». Сяргей Іванавіч, якога сёлета не стала, да таго ж загадваў лабараторыяй біяфармакалогіі ды імуналогіі насякомых СПБДУ. Даследаваў і так званы эфект «хірургічных лічынак» — а ён вядомы з часоў Крымскай вайны, Напалеона і Мікалая Пірагова. Як аказалася, пры лячэнні складаных ран «хірургічныя лічынкі» дазваляюць абыходзіцца наогул без антыбіётыкаў. У эпоху супербактэрый цяжка пераацаніць гэтую асаблівасць лічынак! А ў 2011‑м французкі біёлаг Жуль Хофман быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй па фізіялогіі ды медыцыне за «працы па вывучэнні актывацыі прыроджанага імунітэту». Асновай яго даследаванняў стала якраз вывучэнне імуннай сістэмы насякомых. І вось ужо ў Піцеры робяць унікальныя, запатэнтаваныя прэпараты. Там навукоўцы змаглі расшыфраваць склад антымікробнага комплексу «хірургічных лічынак» і распрацаваць тэхналогію яго атрымання. Іншыя даследчыкі таксама схільныя бачыць узаемасувязь паміж анказахворваннямі ды паслабленнем імунітэту. Можна сабе ўявіць нават: нейкае месца, ці орган у арганізме аслаблены энергетычна — і ў ім пачынаецца хаос… Як у доме, дзе гаспадары не падтрымліваюць парадак…

— Дзякуй, цікавая інфармацыя, аналогіі. Мабыць, вы па гэтых пытаннях з анколагамі ўжо гутарылі. А ім вядома, што злаякасныя клеткі — гэта клеткі самога арганізма. І ў нас яны заўсёды ёсць. Бо што гэта такое? Уявім сабе: ёсць маладая неаформленая клетка, якая можа пачаць размнажацца. Калі аджывае свой тэрмін, на яе месца прыходзяць іншыя. Але часам парушаецца гэты механізм, які ў маладыя гады ў нашым арганізме працаваў без збояў. І маладая клетка пачынае размнажацца бескантрольна, і яе нашчадства расце як снежны камяк…

— …Анархія нейкая… Рост без уліку знешніх абставінаў, без аглядкі на патрэбы арганізма ў цэлым — гэта ж самаўпраўства… Нейкі эгаізм на клеткавым узроўні…

— Так і ёсць. Часам арганізм уключае нейкія свае механізмы і разбурае гэтыя непатрэбныя яму іншародныя клеткі. Такім чынам мы самапазбаўляемся ад злаякасных пухлін. Ёсць у нас і дабраякасныя пухліны, яны трохі па-іншаму развіваюцца. Усё гэта трэба вывучаць. Ёсць асаблівасці ў пабудове, функцыяванні нервовай сістэмы ў кожнага з нас. Прычым у людзей розных псіхалагічных тыпаў яны розныя. Зрэшты, гэта больш пытанне да фізіёлагаў, чым да нейрахірургаў. Я неяк ужо казаў: гледзячы на адкрыты мозг, калі ўсё астатняе цела чалавека прыкрыта, немагчыма зрабіць заключэнне, хто перад табой ляжыць: разумны ці дурань. Прадстаўніка адной расы ад прадстаўніка іншай можна хоць па колеры скуры адрозніць, па разрэзе вачэй. А па мозгу — ніяк.

Помнік ахвярам Халакоста ў Пухавічах, усталяваны фондам Саймана Лазаруса ля будынка сельсавета ў 2018 г. Фота Леаніда Смілавіцкага, 6 жніўня 2019 г.

— Як вы лічыце: што найбольш часта абумоўлівае праблемы вашага профілю ў людзей? Спадчыннасць? Асяроддзе? Выхаванне? Экалогія? Што менавіта да іх прыводзіць?

— Цяжка сказаць. Розныя захворванні. Ёсць і спадчынныя праблемы. Вось цяпер іду на аперацыю — там сасудзістая пухліна у мазжачку жанчыны. Мы падобнае бачылі і ў яе бацькі, і ў сястры. Бывалі выпадкі: ёсць пухліна падобная ў бацькі або маці, а потым і ў дзяцей яны ўзнікаюць.

— А па населеных пунктах ёсць нейкія «патагенныя зоны», найбольш неспрыяльныя?

— Скажу як ёсць: нават пасля Чарнобыля мы такога не заўважылі. Я маю на ўвазе, каб пасля Чарнобыля ў нейкіх прычарнобыльскіх раёнах была лакалізацыя, найбольш частае ўзнікненне праблем нашага профілю. Такое здаралася і да таго. Але цяпер у нас значна больш магчымасцяў выявіць праблему. Скажам, камп’ютарныя тамографы — гэта вялікая дапамога. І ядзерны тамограф — у кожнай клініцы амаль ёсць. У нас іх два. Натуральна, дрэннае экаасяроддзе адбіваецца на нашым здароўі, але і не гэта, здаецца мне, асноўная прычына. Як і не нейкае пэўнае сацыяльнае асяроддзе…

— Гэта значыць, і сын акадэміка, і сын малаадукаванага бамжа ў роўнай ступені рызыкуюць атрымаць пухліну мозгу?

— Так, сваяцтва з акадэмікам ніякіх у гэтым плане пераваг іх нашчадкам не дае. Так, камусьці пашанцавала, а камусьці — не…

— Як уплываюць негатыўныя эмоцыі на здароўе чалавека?

— Абапіраючыся на мудрасць народа і свой жыццёвы досвед, магу сказаць і без навуковых эксперыментаў: ганарлівасць, злосць, крыўдлівасць — гэта адназначна дрэнныя якасці. Для ўсіх. Я думаю, што ў любым выпадку гэта звязана з разладам, непаўнавартасным, неэфектыўным функцыяваннем нервовай сістэмы, што вельмі негатыўна ўплывае на ўвесь наш арганізм. Пагражае як фізічнаму здароўю, так і жыццю. Увесь негатыў, які мы носім у сабе, а тым больш выплюхваем з сябе, зніжае нашы шанцы на выжыванне. Хто перапоўнены такімі «таксінамі», той больш схільны да розных хвароб. Добры чалавек меней схільны да хвароб, чым злы, усім незадаволены, якому ўсё чагосьці не хапае, і ён пакрыўджаны на ўсіх. На сябе толькі можна крыўдзіцца, ды і тое нядоўга. Лепш і на сябе не мець крыўдаў.

— Што ёсць, па-вашаму, душа? Часам кажуць: душа баліць…

Фёдар Смеяновіч на фота — у цэнтры. Ліпень, 1943 г

— Цяжка зразумець. У яе, па-мойму, няма лакалізацыі ў адным месцы, і ўжо сапраўды яна — не ў мозгу. Хіба што можа з сэрцам гэта неяк звязана… Хоць і сэрца — гэта больш помпа, якая качае кроў…

— Ці дзеляцца вашы пацыенты тым, што бачылі ў іншым свеце?

— Так, часам расказваюць, былі такія выпадкі. Апісваюць палёт праз чорны тунэль. І потым праз некаторы час вяртаўся чалавек, і лёгка, лёгка яму станавілася… І я, дарэчы, у нейкай ступені адчуў, што гэта такое, калі хварэў. Яшчэ ў дзяцінстве тое было: я высока лётаў. Праўда, у той час нічога не разумеў, толькі пазней, з гадамі асэнсаваў. У мяне высокая тэмпература была, і як быццам адарваўся ад цела — і бачу сябе ўнізе. А сам уверсе лётаю. Такое адчуванне засталося. Мне тое незразумела было. Я расказаў маме, пытаўся: чаму я лётаў? Яна мне: у цябе тэмпература была высокая.

— Ёсць месца ў вашай практыцы цуду?

— А як жа! Я чуў нават такі аптымістычны выраз: у жыцці кожнага пазітыўнага чалавека заўсёды ёсць месца для цуду. Бывалі, вядома, у нас і выпадкі цяжкія. Ты чалавеку ну нічым не дапаможаш, і здаецца ўжо ўсё, а ён возьме — і выйдзе з таго стану. А там, дзе быў упэўнены, што ўсё добра — глядзіш, і не так працэс пайшоў, як уяўлялася, як хацелася. Заўважыў яшчэ: калі пацыент кажа «я не перанясу аперацыю», трэба да гэтага прыслухацца. Вядома, я падбадзёрваю, нічога, маўляў, страшнага, у вас невялікая аперацыя. А ён усё роўна на мой пазітыўны пасыл не адгукаецца. І сапраўды… Ці то адчувае чалавек свой лёс, ці то сам сабе ўстаноўку дае. Аперацыя прайшла нібыта добра, а ён, бачу, слабее. І сыходзіць. А бывае, што сам мяне суцяшае: вы не хвалюйцеся, доктар, я жыць буду. А ў яго ж якраз усё вельмі складана. Пухліну выдаляць, думаеш — усё дарма. А потым глядзіш — ён пайшоў на папраўку.

— Мы ведаем, што і сын ваш Віталь тут працуе. А як так склалася? Не заўсёды ж дзеці па слядах бацькоўскіх ідуць…

— Ды і мой сын таксама не збіраўся. Хоць у медуніверсітэце вучыўся. Кажу, ідзі куды хочаш. Пасля размеркавання накіравалі яго ў 5‑ю бальніцу. А мы ж у 5‑й былі, так і зблізіліся. І ўнук туды ж: Станіслаў Смеяновіч. Старэйшая дачка, Вольга, таксама лекар: стаматолаг. Дырэктар стаматалагічнай паліклінікі на вуліцы Захарава. Яна там 20 гадоў працавала. Калектыў за яе ўчапіўся. Воля народа перамагла.

— Жонка працуе?

— Не. Тамара Іванаўна была оталарынголагам. Я цяпер жартую з унукам: я муж тваёй бабулі.

— Як у Вас у РНПЦ з тэхабсталяваннем?

— Тут абсалютна ўсё змянілася. Я неяк абмовіўся Прэзідэнту: хачу папрацаваць у новай клініцы, калі будзе ўсё абсталяванне сучаснае. З часам нам гэты будынак перадалі, будавалі тут аперацыйны модуль 5 гадоў таму, і абсталяванне ставілі на той час найсучаснае. Прыязджалі французы, немцы да нас — зайздросцілі… МРТ недалёка… Скажам, ідзеш на аперацыю — пухліна не бачная. На каталцы туды — і паглядзелі. Ужо не навобмацак. Рух ёсць. У часе аперацыі можна даследаваць: у якім кірунку пухліна ляжыць. Ёсць магчымасць тэлетрансляцыі: можна кансультавацца на адлегласці. Эндаваскулярная хірургія ёсць — гэта праз сцегнавую артэрыю трэба ўваходзіць, не ўскрываючы чэрапа, да анеўрызмы. І адкрытая аперацыя не патрэбна. Студэнты бачаць на экране, як усё робіцца. Пластыкавую раней пласціну ставілі пасля аперацыі — цяпер з тытану. Яе мадэлюем з дапамогай 3D, и друкуецца на 3D-друкарцы…

— Што яшчэ новага чуваць у беларускай хірургіі?

— Ды шмат чаго! Вы ж бачыце рэпартажы па ТБ. Найскладаныя аперацыі мае калегі робяць. І не толькі калегі! Скажам, у будынку лечкамісіі ў Ждановічах з’явіўся робат-хірург. Апарат працуе, а хірург сочыць за яго працай. За нашай заходняй мяжой, кажуць, гэта ўжо таксама ёсць. Але мне хацелася б пакуль самому быць запатрабаваным. Зрэшты, прагрэс не спыніш… Гадоў праз 10, думаю, робаты будуць аперыраваць. Але гэта — дарагія тэхналогіі.

 

— З Інстытутам фізіялогіі НАН Беларусі супрацоўнічаеце?

— Так, і з вучнем Кульчыцкага Юрыем Шанько. Ёсць у нас такая тэма: абарона мозга ад ішэміі. Гэта значыць лячэнне ствалавымі клеткамі ішэмічнага паражэння мозга. На ўсіх участках мозга, якія пацярпелі ў часе закаркавання сасудаў, — ішэмія, інфаркт — гінуць клеткі. Трэба тыя функцыі аднавіць. Распрацаваў методыку Юры Георгіевіч Шанько, ён у нас намеснік дырэктара па навуковай рабоце. Гэта і мой вучань. А сын — загадвае 1‑м аддзяленнем, я ж куратар у 2‑м. Па пятніцах абыход робім агульны, сумесны, разам глядзім хворых 1‑га і 2‑га аддзяленняў.

— Землякі да вас па дапамогу звяртаюцца?

— Заўсёды, калі трэба каму. Таму што ўсе ведаюць: я нікому не адмаўляю. І лічу гэта правільным. Ужо калі ты стаў лекарам, выбраў гэты шлях у жыцці, то і выконвай гэтую функцыю добрасумленна.

— Замежных пацыентаў таксама лечыце?

— Вядома. Мы адкрытыя для такіх кантактаў, гатовыя прымаць і больш. Да нас звяртаюцца грамадзяне Расіі, Казахстана — усіх краін СНД, Прыбалтыкі. Глядзяць цэны, выбіраюць медпаслугі, як гаворыцца, па кішэні. Ну а дзе лепш пройдзе аперацыя — гэта, вядома ж, і ад ягонага ўнутранага настрою пацыента залежыць. Таму калі нехта гаворыць, што нейчы лёс у руках медыкаў — успрыміце гэта з аптымістычнай усмешкай. Бо мы ж ведаем, без чыёй волі аніводзін волас з галавы нашай не ўпадзе…

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.