Вы тут

Канкурэнтная бізнес-мадэль


— Мне спадабалася гэтая вытворчасць. Гэта будучыня. Не толькі таму, што добра робяць, выкарыстоўваюць мазгі. Яны займаюцца экспартам. Па ўсім свеце працуюць, валюту ў краіну прывозяць — гэта вельмі важна. А яшчэ гэта высокатэхналагічная вытворчасць, што падымае нас на больш высокі ўзровень развіцця, — такія ўражанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад наведвання навукова-вытворчага прыватнага прадпрыемства «Адані», якое працуе ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск».


Навукаёмістыя, высокатэхналагічныя вытворчасці — той рэсурс, без якога сёння немагчыма прадставіць эфектыўнае развіццё эканомікі. А калі гаворка заходзіць пра канкрэтную карысць, якую такі падыход здольны прынесці краіне, у якасці прыкладу часта прыводзіцца менавіта прадпрыемства «Адані». Створанае ў пачатку 1990‑х фізікам-ядзершчыкам прафесарам Уладзімірам Лінёвым, яно вырасла ў буйны інавацыйны цэнтр, чыя прадукцыя запатрабаваная без малога ў сотні краін. Знаёма з ёй, хоць часам пра гэта і не здагадваецца, большасць з нас: на створаных прадпрыемствам рэнтгенадыягнастычных лічбавых сістэмах штогод праходзіць абследаванне больш за чатыры мільёны беларусаў.

— На нашым абсталяванні рэалізуюцца дзве дзяржаўныя праграмы: па ранняй дыягностыцы сухотаў і скрынінгу пухлін малочнай залозы. Адна з апошніх нашых распрацовак — асваенне серыйнай вытворчасці камп’ютарных тамографаў. Частка пастаўлена ў раённыя бальніцы, і гэта робіць сучасную дыягностыку больш даступнай, дапамагае ранняму выяўленню захворванняў, павышае якасць лячэння. Кошт такіх апаратаў амаль у два разы ніжэйшы, чым у заходніх аналагаў, пры больш высокай якасці. Вырашаюцца пытанні імпартазамяшчэння — па ацэнцы генеральнага дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Лінёва, у Беларусі працуюць больш за васемсот адзінак рознага абсталявання, створанага «Адані». Яно ўстаноўлена ў амаль пяцістах клініках.

Так, тут вырабляюць рэнтгенаўскае абсталяванне для медыцынскай дыягностыкі і камплектавання сістэм бяспекі. Вытворчасць шмат у чым унікальная, эфектыўна канкурыруе са знакамітымі сусветнымі брэндамі не толькі ў Беларусі, але і на шырокіх знешніх рынках. Кіраўніцтва кампаніі смела аперуе катэгорыямі сённяшняга дня, бачыць і перспектывы развіцця.

Заснавальнік і гендырэктар «Адані» Уладзімір Лінёў сустракаў Кіраўніка дзяржавы каля ўваходу на прадпрыемства. Былі кароткі экскурс у гісторыю кампаніі, агляд узораў прадукцыі, экскурсія на вытворчасць. Вядома ж, кіраўнік не без гонару інфармаваў, што большая частка мінскіх вырабаў адпраўляецца на экспарт і што геаграфія паставак набліжаецца да сотні краін. Бізнес немалады. Пачынаўся яшчэ на пачатку 1990‑х з вырабу прыбораў радыяцыйнага кантролю. У постчарнобыльскай краіне гэта было вельмі актуальна. Дарэчы, першыя ўзоры такой прадукцыі таксама былі прадстаўлены Прэзідэнту. Тры дзясяткі гадоў прайшло, а яны працуюць як гадзіннік. Выдатная ілюстрацыя надзейнасці, крытэрыю якой адпавядае і сучасная лінейка тэхнікі: ад рэнтгенаўскіх апаратаў і лічбавых флюарографаў да надглядных сканараў і навінкі — апарата камп’ютарнай тамаграфіі.

Многія, вядома, сустракаліся, прыйшоўшы на флюараграфію, з пульмасканам — лічбавым апаратам для скрынінга грудной клеткі. У тых, што робяць спецыялісты «Адані», яны абсталяваныя сістэмай для аўтаматычнага распазнавання паталогій. Укараняюцца сістэмы штучнага інтэлекту і ў новае пакаленне мамаэкспертаў — апаратаў для дыягностыкі пухлін малочнай залозы. Ацаніўшы вынікі мамаграфіі, гэтая прылада пакажа доктару на праблемныя месцы, прааналізаваўшы атрыманы малюнак. Ёсць у арсенале і апараты для агульнага рэнтгена, і тэрапеўтычныя — для лячэння рака скуры. Так, у свой час адным з першых прадуктаў, з якім беларускае прадпрыемства «стрэліла», стаў гама-радыёметр для хуткага аналізу прадуктаў на наяўнасць радыёнуклідаў, які замяніў сабой цэлыя лабараторыі са штатам спецыялістаў. Гэтыя прыборы актуальныя і сёння, яны ёсць, напрыклад, у карыстанні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Выпускаецца ўжо трэцяе пакаленне спектрометраў з шырокім дыяпазонам прымянення. У Германіі, напрыклад, з іх дапамогай тэстуюць смак… піва. Асобным блокам ідуць сістэмы бяспекі. Для рынку ЗША створаны сканар для праверкі змесціва сумак у навучальных установах. Доступ да зброі ў гэтай краіне просты, і апарат не толькі выявіць небяспечны аб’ект і блакуе яго, але і звяжацца з экстранымі службамі. А распрацаваныя ў Беларусі рэнтгенаўскія сканары чалавека з сістэмай выяўлення забароненых прадметаў можна сустрэць у аэрапортах па ўсім свеце, у тым ліку ў лонданскім Хітроу.

Кампанія «Адані» вырабляе рэнтгенаўскае абсталяванне для медыцынскай дыягностыкі і камплектавання сістэм бяспекі. Вытворчасць шмат у чым унікальная, эфектыўна канкурыруе са знакамітымі сусветнымі брэндамі не толькі ў Беларусі, але і на знешніх рынках. Кіраўніцтва кампаніі не толькі смела аперуе катэгорыямі сённяшняга дня, але і бачыць ясныя перспектывы развіцця.

Так што, прадукцыя тут ствараецца пад канкрэтнага пакупніка. Дэманструецца прататып, ідуць водгукі ад патэнцыйных спажыўцоў, збіраюцца папярэднія заказы. Нядзіўна, што большасць прадукцыі ў выніку пастаўляецца на знешнія рынкі, у далёкае замежжа. Напрыклад, заканчваецца праца над мабільным комплексам па рэпрадуктыўным здароўі, прызначаным для Егіпта. Цэлае аддзяленне паліклінікі на колах з рэгістратурай, УГД-кабінетам і гінекалагічным, лабараторыяй, магчымасцю правесці мамаграфію. І гэта не першы досвед працы з Егіптам. Прылады «Адані» для сканавання аўтамабіляў ужо забяспечваюць бяспеку ўсёй турыстычнай зоны Шарм-эль-Шэйха.

Унікальнасць гэтага прадпрыемства — у бізнес-мадэлі, згодна з якой яно не канкурыруе прадукцыяй, а вырашае праблемы заказчыкаў. За кошт гэтага і з’яўляецца больш канкурэнтным увогуле. Другая асаблівасць у тым, што бізнес сацыяльна арыентаваны. Інавацыйныя, высокатэхналагічныя рашэнні «Адані» скіраваныя на забеспячэнне бяспекі, абарону жыцця і здароўя людзей. І трэцяе — гэты бізнес дыверсіфікаваны: тут распрацоўваюць і вырабляюць медыцынскую рэнтгенаграфічную тэхніку шырокага прымянення, аналітычнае абсталяванне для навуковых даследаванняў і сістэмы кантролю якасці прадукцыі.

— Усё гэта дае магчымасць прадпрыемству паспяхова развівацца, нават калі адна з галін тармозіць — заўважае Уладзімір Лінёў.

Вядома, не варта забываць, што галоўная асаблівасць высокатэхналагічнага прадпрыемства — стварэнне прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, якая фарміруецца за кошт уласных новых даследаванняў і распрацовак. Толькі на такой аснове і можа будавацца прадпрыемства будучыні.

Між тым, прыватны прыклад стаў нагодай для грунтоўнай гутаркі больш шырокай тэматыкі. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся ўмовамі работы рэзідэнтаў СЭЗ у цэлым. Усе яны, наяўныя ў краіне, на сёння даюць працу амаль пяці працэнтам занятых у эканоміцы. Фарміруюць прыкладна такую ж долю ВУП. У мінулым годзе заплацілі ў бюджэт больш за мільярд рублёў, што склала 3,5 працэнта яго даходнай часткі. Пры тым скарысталіся прэферэнцыямі на суму каля 900 млн рублёў. Эканамічны эфект у наяўнасці, але не выключана, што сёння можна было б чакаць і большага.

Даўно ідзе дыскусія аб тым, што свабодныя эканамічныя зоны далі добры старт цэлай плеядзе эфектыўных прадпрыемстваў. Яны ўсталі на ногі, адужалі, развіліся, і ці не наступіў той момант, калі іх пара ўводзіць у эканоміку з агульнымі для ўсіх умовамі працы?

Так, многія суб’екты СЭЗ унікальныя, як «Адані». Але іншы раз суб’екты гаспадарання, якія працуюць на агульных падставах, наракаюць на складанасць канкурэнцыі з рэзідэнтамі СЭЗ, у тым ліку і на знешніх рынках. Прэзідэнт жа зрабіў акцэнт яшчэ і на тым, што ў грашовым выражэнні ўнёсак свабодных эканамічных зон у дабрабыт краіны можа быць больш важкім. З гэтага пункту гледжання, лічыць Аляксандр Лукашэнка, мае сэнс прааналізаваць дзеючае падаткавае заканадаўства. Цікавасць дзяржавы, не прамінуў заўважыць Прэзідэнт, тут відавочная і матываваная выключна катэгорыямі эканамічнай мэтазгоднасці:

— Галоўнае, каб валюта паступала, і пажадана, каб яна трацілася тут.

Сучасная інавацыйная вытворчасць, зразумела, патрабуе і адпаведнай кадравай падпіткі. Зацікаўленых будучых маладых спецыялістаў пажадана яшчэ са студэнцкай лавы арыентаваць на спецыфіку працы ў кампаніі. Кіраўнік «Адані» распавёў, што спроба выбудаваць такую схему супрацоўніцтва з ВНУ рабілася. Прычым кампанія гатовая была не толькі фінансаваць навучанне, але і плаціць стыпендыю сваім будучым супрацоўнікам. Атрымліваецца гэткае прамое інвеставанне ў інтэлектуальны капітал. Так, кампанія, не хаваючы свой інтарэс, выстаўляе абавязковай умовай працу ў сябе выпускніка. Калі той перадумае — павінен кампенсаваць выдаткі. У прынцыпе, гэта звычайная схема мэтавага набору. Аднак высветлілася, што заканадаўства не дазваляе прыватным суб’ектам гаспадарання рыхтаваць для сябе персанал такім чынам. Прэзідэнт лічыць гэта няправільным і паабяцаў садзеянне ў вырашэнні пытання.

Цікавая размова адбылася каля ўзору камп’ютарнага тамографа беларускай вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як набываліся першыя такія апараты па імпарце. Яму было дакладзена, што вядомы ў свеце вытворца просіць за пастаўку аднаго выраба каля 4 мільёнаў долараў. Прэзідэнт распарадзіўся прапанаваць удвая менш, але з абавязацельствам купіць некалькі адзінак. І гэта спрацавала. Сёння «Адані» прапануе свае тамографы танней яшчэ ў некалькі разоў пры супастаўных тэхнічных характарыстыках. Выбар відавочны, і ўжо летась у беларускія рэгіянальныя клінікі пастаўлена сем такіх апаратаў. Кіраўнік дзяржавы рэкамендаваў не толькі прадоўжыць супрацоўніцтва, але і прапанаваў кіраўніку «Адані»:

— Вазьмі на кантроль забеспячэнне медустаноў апаратамі аналагічнага класа ўласнай вытворчасці. Галоўнае — ты свой, ты на месцы і гэта танней.

Відавочна, што мясцовы вытворца заўсёды будзе больш уважліва сачыць за працаздольнасцю сваёй тэхнікі. Своечасова яе абслугоўваць, аператыўна рамантаваць, калі выйдзе з ладу. Адсюль яшчэ адзін праект, пра які далажыў Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Кампанія «Адані» возьме пад цэнтралізаванае сэрвіснае абслугоўванне ўсю сваю тэхніку, якая цяпер працуе ў медустановах. А толькі рэнтген-апаратаў у краіне каля 850, і пастаўкі тэхнікі прадоўжацца. Поўны ж сэрвіс дазволіць зэканоміць час і выключыць працяглы прастой абсталявання.

Працы з сумежнікамі таксама трэба надаць больш ўвагі. Аж да таго, каб узяць пад кіраванне тых з іх, каму самастойна сёння працаваць няпроста. Але, уліўшыся ў адзіную структуру інавацыйнай кампаніі, яны могуць раскрыць свой патэнцыял паўней.

— Гэта ўзор, гэта высокі інтэлект, высокі ўзровень імпартазамяшчэння, вялікія амбіцыі, — пералічыў пазней перавагі «Адані» Кіраўнік дзяржавы.

Зразумела, бізнес не можа дапусціць неабдуманых рашэнняў. Усё трэба старанна пралічыць. Аднак і з боку дзяржавы робіцца выгадная прапанова аб падтрымцы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— Каб здзейсніць жаданы рывок, патрэбныя велізарныя інвестыцыі, вялікія грошы. У нас такіх грошай няма, ды і мала ў каго ў свеце ёсць. А тыя, у каго ёсць, не заўсёды дадуць (на развіццё прадпрыемстваў — Аўт.), таму што заўтра гэта будзе канкурэнт для іх.

У «Адані» намер здзейсніць рывок даўно саспеў. У планах — будаўніцтва новага модульнага завода поўнага цыкла з усімі неабходнымі тэхналагічнымі працэсамі. Пад яго патрэбна зямля. Прэзідэнт і тут паабяцаў падтрымку. Тым больш што новаму заводу адводзіцца ў тым ліку і роля ўзорнага праекта, які можа быць рэалізаваны ў любой краіне па жаданні заказчыкаў. І попыт на такі прадукт адчуваецца.

Кампанія сёння прадстаўлена на ўсіх кантынентах. Яе прадукцыяй карыстаюцца ў 86 краінах. Па ходзе экскурсіі па прадпрыемстве Уладзімір Лінёў з гонарам распавядаў пра дасягненні:

— Нашае абсталяванне нават на акіянскіх лайнерах плавае. У нас пяць офісаў за мяжой. Два ў ЗША, а таксама ў Вялікабрытаніі, Кітаі ды Расіі. Займаюцца не толькі продажамі, але і сэрвісным абслугоўваннем, бо без яго немагчыма прадаць абсталяванне на краі зямлі.

У чым сакрэты поспеху? Іх шмат, але, мабыць, галоўны заключаецца ў эфектыўнай гнуткай сістэме кіравання. Тут выдатна разумеюць, што на першы план сёння выходзіць не колькасць, а якасць тавару, яго разнастайнасць, канкурэнтная бізнес-мадэль:

— Усё грунтуецца на нашых ідэях, — растлумачыў Уладзімір Лінёў. — Мы ўсё робім вельмі хутка. Сёння прадукт павінен стварыцца ды імгненна выводзіцца на рынак. Штогод мы трацім на новыя распрацоўкі мільёны долараў ад абароту.

Вядома, не апошнюю ролю адыгрывае прафесіяналізм саміх супрацоўнікаў. З адным з такіх прафесіяналаў у Прэзідэнта адбыўся цікавы дыялог. Лекар-кардыёлаг Антоніс Джозэф родам з Шры-Ланкі. У Беларусі атрымаў медыцынскую адукацыю, ажаніўся з беларускай і ўжо 23 гады жыве ў нашай краіне. На «Адані» працуе дырэктарам па развіцці бізнесу медыцынскага рэнтгеналагічнага абсталявання. Але з любімай прафесіяй не расстаецца, працягвае кансультаваць пацыентаў у звычайнай мінскай паліклініцы.

— У паліклініцы ў цябе свяціла працуе, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Міністра аховы здароўя. — Не ў навукова-практычным цэнтры. Гэта разбазарванне кадраў. Такіх хлопцаў трэба знаходзіць і прасоўваць наверх.

Зразумела, у размове з лекарам не магла застацца за кадрам тэма каранавіруса.

— Аказваецца, каранавірусы даўно ў нас знаёмыя, — заўважыў Прэзідэнт. — І цяперашні, новы, на 90 працэнтаў падобны па структуры з тымі. А мы пачынаем тут панікаваць, крычаць… Трэба працаваць як у Беларусі.

У размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама іншыя тэмы. У прыватнасці, Прэзідэнта спыталі, як будзе развівацца сітуацыя ў сусветнай эканоміцы. Адказ атрымаўся вобразным:

— Не хачу быць банальным, проста выкажу сваё меркаванне. Што тычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой уступілі. А цяпер, паколькі валацільнасць, ваганні вельмі высокія па ўсіх напрамках, спрабуем нагу вярнуць на месца. У чым галоўнае пытанне: ці ўдасца нам назад гэтую нагу вярнуць ці ж мы туды і другую нагу ўсунем?

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пакуль незразумела, як будзе развівацца сітуацыя: чакае нас глабальны крызіс ці краінам атрымаецца вярнуцца да таго ўзроўню развіцця, які быў учора:

— Трэба аналізаваць, што мы цяпер і робім. Наперадзе Пасланне Прэзідэнта народу і Парламенту, таму прапрацоўваем і аналізуем некаторыя кірункі. Магчыма, да таго часу абстаноўка дазволіць нам зрабіць пэўныя адназначныя высновы.

Уладзімір ВЕЛІХАЎ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.