Вы тут

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі


Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі.


Дзяржорганы, мясцовыя ўлады, іншыя арганізацыі правялі суботнік на працоўных месцах або добраўпарадавалі гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтуюць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона. Удзел у суботніку прынялі і кіраўнікі дзяржорганаў.

Палова заробленых на суботніку сродкаў застаецца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Яны накіроўваюцца на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да лета, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, а таксама аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ 50% сродкаў пералічваецца Міністэрству фінансаў. Гэтыя сродкі ў роўных долях накіроўваюцца Нацыянальнаму мастацкаму музею і Гомельскаму аблвыканкаму для рэканструкцыі братняга пахавання на месцы спаленай вёскі Ола ў Светлагорскім раёне.

Пры ўдзеле ў суботніку некамерцыйных арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна іх калектывамі.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння прымае ўдзел у рэспубліканскім суботніку, займаючыся пасадкай дрэў на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

У дваццатых чыслах красавіка кіраўнік дзяржавы па традыцыі наведвае раёны, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адраджэнню гэтых зямель заўсёды ўдзяляецца асаблівая ўвага і, улічваючы, што на гэты раз паездка Прэзідэнта супала з правядзеннем у краіне рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка вырашыў прыняць удзел у работах на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

Тут у мэтах аднаўлення лясной масы прэзідэнцкая брыгада высадзіла 8 тыс. саджанцаў сасны на плошчы паўтара гектара.

Пазней у час размовы з журналістамі кіраўнік дзяржавы адзначыў, што правядзенне рэспубліканскага суботніка даўно стала традыцыяй у Беларусі і ад яе адступаць не будуць. Прэзідэнт даўно заяўляў: будаваць новую, суверэнную і незалежную Беларусь будуць, абапіраючыся на плечы бацькаў і дзядоў. «Суботнікі — гэта, лічу, тое добрае, што мы ўзялі з таго [савецкага] перыяду. Вось і ўся ідэалогія: мы памятаем папярэдняе, шануем сваю гісторыю, беражом лепшае і актуалізуем на фоне сённяшніх падзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасадка дрэў, дадаў Прэзідэнт, гэта ўклад у экалогію, клопат аб прыродзе. «Вы заўважылі, а некаторыя Telegram-каналы, з-за якіх мы напружваемся кожны дзень, — а дарэмна — гэтага не заўважылі: я некалі сказаў, што Ён убачыў, што мы вельмі дрэнна ставімся да экалогіі, да ладу жыцця, які ў нас зусім не адпавядае тым крытэрыям, якія павінны быць, і ўдарыў нас па галаве. Таму мы спрабуем калі не выраўняць сітуацыю, то хаця б абараніць сябе і сваіх блізкіх гэтымі крокамі», — падкрэсліў ён.

Адзін з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі — «Прыпяцкі» — размешчаны ў міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці. Тут пад асаблівай аховай знаходзіцца амаль 190 тыс. га тэрыторыі і больш за трэць займае абсалютны рэзерват дзікай прыроды.

Фота БЕЛТА


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка разам з супрацоўнікамі Адміністрацыі дапамагаюць азеляняць тэрыторыю каля сталічнага стадыёна «Дынама».

Суботнік у Мінску праходзіць на мностве пляцовак. У тым ліку кіпіць праца ля ўваходнай групы стадыёна «Дынама», дзе тэрыторыю добраўпарадкоўвае вялікая брыгада: супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама работнікі стадыёна, прадпрыемства «Мінскзелянбуд». Агульнымі намаганнямі плануецца высадзіць 17 дрэў (бярозы і рабіны ніцыя) і 520 кустоў (біручына, пузыраплоднік, барбарыс, фарзіцыя).

Фота БЕЛТА.

«Прадстаўнікі Адміністрацыі яшчэ ў пачатку красавіка прымалі ўдзел у Тыдні лесу: дапамагалі на пасадцы дрэў у Стаўбцоўскім раёне. А сёння высаджваем дрэвы ў адным з найпрыгажэйшых месцаў горада Мінска. Настрой добры, дзень цудоўны, усе меры засцярогі і бяспекі прымаюцца, — адзначыў Ігар Сергеенка. — З улікам сітуацыі, якая складваецца ў гэтым годзе, складана было б паехаць кудысьці далёка. Таму працуем тут, каб уладкаваць цудоўнае месца адпачынку для нашых гараджан і гасцей сталіцы». Ён прызнаўся, што падлічыць усе дрэвы, якія высадзіў за гэтыя гады, складана. «Можа сто, можа больш. Гэта работа цікавая, таму што сёння гэта маленькі высадак, а праз гады — вялікія дрэвы. І нашы супрацоўнікі будуць шпацыраваць па гэтай выдатнай вуліцы і казаць, што калі-то яны дапамагалі ствараць гэта ўтульнае месца», — дадаў Ігар Сергеенка.

Ён таксама адзначыў, што зямля сухая з-за малой колькасці дажджоў пасля зімы, таму праца на пасадцы даецца не так лёгка. І ў той жа час праца на будучы вынік дорыць радасць.

Спрытна арудуе лапатай і старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, для якога удзел у суботніку — таксама добрая традыцыя. Асабліва ўдзел у пасадцы дрэў. «Мне запомніўся суботнік, калі мы ў Мінскім раёне высаджвалі лес пасля ўрагану. Тады дэпутаты парламента, напэўна, тысячы дрэваў пасадзілі, унеслі свой уклад у аднаўленне ляснога фонду. Бо тады гэта была вялікая страта, — распавёў Вадзім Дзевятоўскі. — Для мяне гэта сімвалічна, таму што вельмі люблю прыроду, ганаруся тым, што мая Радзіма такая зялёная. Заўсёды кажу сваім замежным сябрам, што, прыехаўшы да нас, яны ў першую чаргу будуць захопленыя прыгажосцю нашай прыроды.


Правядзенне рэспубліканскіх суботнікаў — гэта частка беларускай гісторыі, правераная жыццём традыцыя. Яе важна захоўваць. Такое меркаванне выказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Фота БЕЛТА.

Разам з супрацоўнікамі сакратарыята Савета Рэспублікі спікер сёння высаджвала елі і туі ў парку каля гасцініцы «Пекін». Наталля Качанава прызналася, што рада папрацаваць на свежым паветры, паўдзельнічаць у традыцыйным для Беларусі рэспубліканскім суботніку. «Традыцыі трэба захоўваць. Нельга адмаўляцца ад таго, што было правільным, прыносіла эфект, вынік. І важна зрабіць так, каб гэта падтрымлівалася і тымі пакаленнямі, якія ідуць за намі. Бо правядзенне суботнікаў — гэта наша гісторыя. Мы з году ў год у іх ўдзельнічаем, а сабраныя сродкі ідуць на сферы, якім неабходна падтрымка», - адзначыла спікер.

Наталля Качанава лічыць сімвалічным, што ў гэтым годзе ўдзельнічае ў суботніку ў парку менавіта каля гасцініцы «Пекін». «Высаджаныя намі туі, елкі будуць сімвалізаваць дружбу беларускага і кітайскага народаў», — сказала яна.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка разам з групай дэпутатаў сёння ў час рэспубліканскага суботніка добраўпарадкаваў парк Цівалі ў Мінску. Парламентарыі пасадзілі дрэвы.

Дэпутацкі корпус ужо не першы год працуе на суботніку менавіта ў гэтым парку. «Сёння ён ўражвае. Дзякуючы жыхарам мікрараёна, арганізацыям тут зроблена вельмі многае, каб гэта месца стала ўтульным кутком для адпачынку: зялёныя газоны, дарожкі, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Ён дадаў, што сёння ўсе дэпутаты працуюць на розных аб’ектах у сваіх выбарчых акругах.

Парк Цівалі, размешчаны ў Фрунзенскім раёне Мінска, сёння актыўна ўвысакародніваецца. Праводзіцца рэканструкцыя зялёных зон, закладваюцца новыя алеі, добраўпарадкоўваюцца пешаходныя дарожкі і дзіцячыя пляцоўкі. У будучыні тут размесціцца буйны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які ўключае спускі для гарналыжнікаў, лыжаролерную трасу, штучныя скалы для альпіністаў, спартыўныя пляцоўкі для гульнявых відаў спорту. Запраектаваныя таксама зоны адпачынку з вадаёмамі, дарожкамі, кветнікамі, масткамі, альтанкамі. 


У Мінскай вобласці падчас Рэспубліканскага суботніка добраўпарадкаваны ўсе раённыя гарады, вёскі, пасёлкі, ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі, прыведзены ў належны стан прылягаючыя тэрыторыі, малыя архітэктурныя формы, узбочыны дарог, аб’екты гісторыка-культурнага прызначэння, мемарыяльныя комплексы, брацкія магілы. Таксама шмат зроблена па падрыхтоўцы дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезону.

Актыўны ўдзел у навядзенні парадку прынялі жыхары Мінскай вобласці: моладзь, дарослыя. І ім было з каго браць прыклад. Так, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас разам са старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным працавалі ў Капыльскім раёне на пасадцы леса. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч займалася добраўпарадкаваннем магілы невядомага салдата ў вёсцы Юхнаўка Мінскага раёна. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў разам з першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Сяргеем Ляўковічам і намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Іванам Маркевічам удзельнічалі ў закладцы парка Перамогі ў Валожыне, а таксама пасадзілі маладыя дрэўцы на воінскіх пахаваннях «Магіла ахвяр фашызму». 

Дарэчы, напярэдадні суботніка на сайце Мінаблвыканкама завяршылася апытанне жыхароў Дзяржынска на тэму пасадкі дрэў і ўладкаванні дзіцячай пляцоўкі. У апытанні прынялі ўдзел 1103 чалавекі, з якіх 541 голас адданы за гарадскі парк. Ён з’явіўся тут дзякуючы сумесным намаганням.

Працоўныя калектывы прадпрыемстваў ЖКГ, выканкамы сельскіх і пасялковых Саветаў дэпутатаў, а таксама старасты населеных пунктаў ва ўсіх раёнах і горадзе Жодзіна добраўпарадкавалі свае тэрыторыі, могілкі, вывезлі адтуль смецце, спілавалі дрэвы. 

Словам, ніхто не застаўся без справы. А Міншчына стала больш утульнай, прыгожай і камфортнай для жыцця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА


Пасадка дрэў, прыборка смецця, навядзенне парадку на вытворчых пляцоўках... Гэтыя і іншыя работы выконвалі жыхары Магілёўскай вобласці на сваіх працоўных месцах, у зонах масавага адпачынку, на тэрыторыях школьных устаноў і жылых кварталаў. Грамадска карыснай працай у гэты дзень займалася 250 тысяч жыхароў вобласці, зароблена каля мільёна рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на падрыхтоўку дашкольных устаноў, лагераў для адпачынку дзяцей, добраўпарадкаванне воінскіх месцаў пахавання. Кіраўніцтва вобласці на чале са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам пасадзіла алею з туй каля школы №45 у Казіміраўцы.

«Насельніцтва вельмі дружна ўключылася ў суботнік, — адзначыў Леанід Заяц. — У гарадах, маленькіх населеных пунктах кіпіць работа, наводзіцца парадак. Усе разумеюць, што трэба прыбрацца пасля зімы, актыўна папрацаваць на месцах грамадскага значэння. Мы таксама з калектывам аблвыканкама выйшлі на азеляненне маладога мікрараёна, які адбудаваны быў за апошнія 10 гадоў, тут ёсць патрэба ў дадатковых дрэвах. Прыемна, што людзі працуюць з добрым настроем».

Побач з губернатарам працавалі яго намеснікі і дэпутаты. Прыемнай нечаканасцю для журналістаў было ўбачыць сярод працоўнага дэсанту і намесніка старшыні Савета Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоля Ісачанку.

«Не мае розніцы, дзе сёння чалавек працуе, — запэўніў ён. — Галоўнае — падтрымаць тыя пачынанні, якія ёсць у краіне. Гэта ж не проста суботнік, гэта — грамадзянская пазіцыя. Людзі ўдзельнічаюць у грамадскіх справах, і гэтыя грошы накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльна тэхнічнай базы аздараўленчых лагераў, рамонт помнікаў. Кожны павінен унесці ў агульную справу сваю лепту. А дзе і на якім участку гэта рабіць, не мае розніцы. Для мяне асабіста Магілёўшчына вельмі шмат што значыць, я ёй аддаў 30 гадоў свайго жыцця».

Само надвор'е падтрымала ў гэты дзень тых, хто выйшаў на суботнік. Хмарная дажджлівая раніца нечакана заўсміхалася шчодрым сонейкам.

«Дзень ну проста цудоўны, — прызналася намеснік старшыні Магілёўскага аблсавета Ірына Раінчык. — Сёння мы ўсе разам у маладым мікрараёне «Спадарожнік» саджаем цудоўную алею туй. Мне здаецца, што жыхары гэта ацэняць. Бо па гэтай сцяжынцы ходзяць у 45-ю школу дзеці, водзяць сваіх малых у дзіцячы садок №115 бацькі, наведваюць цэнтр развіцця №8 яго выхаванцы. Сённяшні дзень аб'ядноўвае ўсіх людзей нашай вобласці і ўсю краіну, таму што адзінай працай мы ўпрыгожваем нашу любімую Беларусь».

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падкрэсліў важнасць мерапрыемства: «Талакой рабіць заўсёды лягчэй. Мы азеляняем горад і гэтым падымаем настрой і сабе, і ўсім магіляўчанам. Важна зрабіць нешта такое, што застанецца і будзе прыносіць радасць іншым».

Кіраўніцтва горада і гарсавета, работнікі аблвыканкама, працоўных калектываў Магілёва працавалі на прыборцы зялёнага масіву каля абласной бальніцы, наводзілі парадак у Пячэрскім парку і Зялёным гаі, саджалі дрэвы абапал пуцеправода ў раёне пераезда праз чыгунку па вуліцы Першамайскай. Магілёўшчына стала агульнай працоўнай пляцоўкай для многіх жыхароў вобласці. Іх падтрымалі і кіраўнікі рэспубліканскага ўзроўню. У пасадцы дрэў на прылеглай да Клімавіцкага аграрнага каледжа тэрыторыі прымаў удзел старшыня праўлення Беларускага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў. А на добраўпарадкаванні ў Бялыніцкім раёне быў задзейнічаны старшыня пагранкамітэта Анатоль Лапо.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Жыхары Гродзенскай вобласці падчас суботніка добраўпарадкоўваюць наваколле і працуюць на сваіх рабочых месцах.

Удзел у суботніку прынялі больш за 300 тысяч жыхароў рэгіёна, з іх трэцяя частка — на сваіх працоўных месцах. Уклад гродзенцаў у агульнарэспубліканскі фонд суботніка складзе 767 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі праз раённыя і гарадскія выканкамы будуць акумуліраваны ў абласным выканаўчым камітэце, пасля чаго палова агульнай абласной сумы будзе пералічана ў Міністэрства фінансаў. Сродкі, якія застануцца ў рэгіёне, плануецца выдаткаваць на падрыхтоўку дзіцячых летнікаў да чарговага сезона. Будзе праведзены рамонт, набыты неабходны інвентар. Таксама мяркуецца за сродкі суботніка ўзнавіць мемарыяльныя комплексы, месцы баявога гонару. Частка сродкаў будзе накіравана на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Дарэчы, падчас суботніка многія жыхары якраз і працуць над тым, каб падрыхтаваць аздараўленчыя летнікі. На адным з такіх аб’ектаў — дзіцячым лагеры «Зорка юбілейная» — свой працоўны ўклад унеслі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч. З удзелам кіраўніцтва вобласці і горада прайшла пасадка туй ля новых спальных карпусоў і прыборка тэрыторыі.

Асаблівая ўвага падчас суботніка надаецца мемарыяльным комплексам, брацкім магілам, памятным знакам. Работа па іх добраўпарадкаванні праводзіцца ва ўсіх раёнах вобласці. Шэраг праектаў ініцыяваны грамадскімі арганізацыямі. Напрыклад, члены БРСМ вядуць закладкі тэматычных алей і высаджваюць жывы плот у брацкіх магіл і помнікаў ахвярам вайны. Імянныя алеі ў рамках акцыі «Мой край — квітнеючы сад» высадзілі прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын. Свой уклад у пашырэнне плошчы зялёных пасадак унеслі члены Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і «Белай Русі». Ідэю азелянення ўвасобілі і ў Лідзе — другім буйным горадзе вобласці. Тут кіраўніцтва раёна сумесна з работнікамі ЖКГ заклалі сквер з 50 дрэў. Асноўныя пароды — гэта дубы і ліпы, узростам 5 год. Саджанцы мясцовыя, яны ўзяты з гадавальніка вытворчага падраздзялення зелянгаса.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews.by


У Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» наводзяць парадак прадстаўнікі органаў улады, моладзь, вайскоўцы.

Вялікі працоўны дэсант разгарнуў работы ў Брэсцкай крэпасці. У мемарыяльным комплексе праводзіцца маштабнае добраўпарадкаванне. Тут працуюць на суботніку супрацоўнікі апарата аблвыканкама на чале з кіраўніком Анатолем Лісам.

Фота БЕЛТА.

Найперш у раёне Усходняга форта была высаджана ліпавая алея. Дванаццаць маладзенькіх саджанцаў упрыгожылі адну са сцяжынак. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што напярэдадні адкрыцця новай музейнай экспазіцыі, якое запланавана на лета, вельмі важна правесці добраўпарадкаванне: «Быў аб’яўлены конкурс, выпрацавана канцэпцыя далейшага азелянення і добраўпарадкавання мемарыяльнага комплексу. На гэта выдзелены сродкі ў тым ліку па лініі Саюзнай дзяржавы. У крэпасці павінна быць больш зеляніны».

На розных участках мемарыяла працуюць таксама супрацоўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, прадстаўнікі вайсковых часцей, актывісты БРСМ.

Работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку вядзецца ў розных мікрараёнах Брэста. Спецыялісты гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі заняліся навядзеннем парадку ўздоўж дарогі на Чырвоны Двор. Работнікі ЖКГ на чале са сваім гендырэктарам Ігарам Сільчанкам высякаюць лішнюю расліннасць, расчышчаюць дарожкі ад рознага смецця. Гэты мікрараён горада служыць зонай адпачынку ўлетку, таму важна да наступлення сезону ўсё расчысціць, палепшыць і прыбраць.

Яшчэ адзін гарадскі дэсант прыбыў на ўчастак, дзе неўзабаве з’явіцца новы парк. Маецца на ўвазе раён за будынкам былога ваеннага шпіталю. Па сутнасці, гэта цэнтр горада, і некалі тут быў сквер, а цяпер ён уяўляе сабой участак, які зарос хмызняком. Яго таксама прыводзяць у парадак і ачышчаюць ад лішняй расліннасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Больш за 350 тысяч жыхароў Гомельшчыны далучыліся да рэспубліканскага суботніка. У яго фонд рэгіён плануе пералічыць звыш мільёна трохсот тысяч рублёў.

Традыцыйна свой унёсак у добраўпарадкаванне тэрыторыі зрабілі працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый: працавалі на сваіх рабочых месцах, наводзілі парадак у дварах. Дэпутаты ўсіх узроўняў улады наводзілі парадак на тэрыторыях, дзе жывуць і працуюць.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей разам з намеснікамі, супрацоўнікамі ўпраўленняў, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Таўтын накіраваліся на Светлагоршчыну. Тут завяршаецца будаўніцтва мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскі Ала. Мемарыял плануецца адкрыць напачатку наступнага месяца. Удзельнікі суботніка падключыліся да добраўпарадкавання тэрыторыі вакол месца памяці і азелянення навакольных пляцовак.

У Гомелі кіраўніцтва гарвыканкама, адміністрацыі Цэнтральнага раёна і дэпутацкі корпус ўздоўж каскада азераў па вуліцы Макаёнка высаджвалі ліпы. У Навабеліцкім раёне Гомеля добраўпарадкоўвалі лясны масіў у мікрараёне Паўднёвы. Савецкі раён працаваў над азеляненнем мікрараёна Шведская горка. Усяго ў суботніку прыняла ўдзел 128 тысяч гамяльчан, яны плануюць пералічыць звыш 500 тысяч рублёў.

У Гомельскім раёне на трэрыторыі паміж пасёлкамі Юбілейны і Перамога заклалі бярозавую алею «Юбілей Перамогі» і высадзілі 75 саджанцаў ў знак падзякі за кожны мірны год. У акцыі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама, дэпутаты, актывісты грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, а таксама мясцовыя жыхары. 

Кіраўніцтва Гомельскага райвыканкама, дэпутаты і мысцовыя актывісты заклалі алею.

У Жыткавіцкім раёне больш за дзевяць тысяч чалавек працавалі на прыборцы вуліц райцэнтра і месцаў адпачынку. У Калінкавічах добраўпарадкавалі раённую Дошку гонару, аднаўлялі агароджы, афармлялі клумбы і малыя архітэктурныя формы. У Нараўлянчыне ўдзельнікі суботніка — больш за тры тысячы чалавек — зрабілі акцэнт на навядзенні парадку прыдарожных палос вакол аўтамабільных дарог і добраўпарадкаванні тэрыторорый сельскіх населенных пунктаў. У Добрушскім раёне суботнік правялі ў лесапаркавай зоне і ля азёр: абразалі дрэвы, разбівалі кветнікі.

Больш за 26 тысяч рублёў пералічаць у фонд суботніка ў Лельчыцкім раёне. Тут кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў далучыліся да навядзення парадку на тэрыторыі памятнага знака, усталяванага ў год 10-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сельвыканкамы, старэйшыны сельскіх населеных пунктаў і дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў добраўпарадкоўвалі мемарыяльныя комплексы ў гонар воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Хойнікшчына добраўпарадкавала сквер «Энергетыкаў». Высадзілі больш за 150 дрэў і кустоў, добраўпарадкавалі дзіцячыя пляцоўкі. Да пасадкі дрэў у раёне далучылася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская. На Мазыршчыне кіраўніцтва раёна і дэпутаты прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Курган Славы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і БЕЛТА


Кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама працавала на будаўніцтве школы ў адным з новых мікрараёнаў горада — «Білёва-2».

Як паведаміў журналістам кіраўнік аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, установа адукацыі адкрыецца ў пачатку чарговага навучальнага года.

Адначасова там змогуць займацца каля 1020 хлопчыкаў і дзяўчынак. Па сваёй «начынцы», як падкрэсліў кіраўнік абласной вертыкалі ўлады, школа не мае аналагаў у Прыдзвінскім краі. Сярод іншага, у ёй будуюць два басейны.

Вядуцца работы і па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, азеляненні, выконваюцца пуска-наладачныя працы. Камплектаванне ідзе згодна з графікам. Будаўнічая гатоўнасць аб’екта складае 82 %.

Заробленыя падчас суботніка сродкі пойдуць на прывядзенне ў парадак памятных месцаў, воінскіх пахаванняў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падрыхтоўку летнікаў, добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый і населеных пунктаў.

Што да пандэміі, то Мікалай Шарснёў сказаў, што жыццё працягваецца. Трэба адаптавацца да часовых умоў, звязаных з распаўсюджваннем інфекцыі. Дзеля гэтага трэба правільна аберагаць сабе і тых, хто побач.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА


Апарат Міністэрства адукацыі таксама ўдзельнічае ў рэспубліканскім суботніку. Супрацоўнікі ведамства на чале з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам добраўпарадкоўваюць тэрыторыю і высаджваюць кустоўе паблізу санаторыя-прафілакторыя БНТУ «Палітэхнік».

«Мы не выпадкова выбралі гэты аб’ект. У летні перыяд на базе санаторыя-прафілакторыя БНТУ «Палітэхнік» разгортваецца дзіцячы аздараўленчы лагер, які працуе на працягу пяці змен. Сёння мы добраўпарадкоўваем яго тэрыторыю, усталёўваем лаўкі, высаджваем туі», — распавёў журналістам Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, суботнік — добрая магчымасць прынесці карысць краіне. «Думаю, што суботнік — гэта выдатная традыцыя ў нашай краіне, мы сваімі рукамі прыхарошваем сваю зямлю. І гэта добрая падтрымка для маладых людзей. Сёння разам з намі працуюць студэнты БНТУ. Гэта выдатна, што старэйшае пакаленне і моладзь разам клапоцяцца пра свой дом, які называецца Беларусь», - адзначыў міністр.

Таксама на асобны банкаўскі рахунак Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ведамства пералічыла грашовыя сродкі.


Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю на рэспубліканскім суботніку дапамагаюць адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска ўпрыгожыць зялёную зону па праспекце Ракасоўскага.

Напярэдадні тут ужо ударна папрацавала моладзь БРСМ, дэпутаты, работнікі камунальных службаў, жыхары Серабранкі, адміністрацыя раёна. «Зелянбуд Ленінскага раёна Мінска» даставіў з гадавальніка 8-гадовыя саджанцы з камяком. Усяго 75 маладых дубоў — як сімвал гадавіны Вялікай Перамогі. А сёння працоўны дэсант з 60 чалавек працягвае закладваць тут памятную алею.

Кіраўнік КДК Леанід Анфімаў патлумачыў, што ў гэтым годзе эпідсітуацыя ўнесла карэктывы ў звыклы план удзелу ведамства ў рэспубліканскім суботніку: звычайна работнікі камітэта вялікім складам адпраўляюцца на пасадку лесу. «У гэтым годзе мы далучыліся да акцыі, якую праводзяць гарадскія ўлады, па пасадцы дрэў да 75-годдзя Перамогі», — сказаў ён. Кіраўнік КДК адзначыў сімвалізм месца, дзе закладзена алея. Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі — савецкі і польскі военачальнік, двойчы Герой Савецкага Саюза, кавалер ордэна Перамогі. Гэта адзіны ў гісторыі СССР маршал дзвюх краін: Савецкага Саюза і Польшчы. У 1945 годзе ён камандаваў парадам Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве.

«Суботнікі дапамагаюць сумеснымі намаганнямі рабіць нашу краіну больш прыгожай і чыстай. Такія мерапрыемствы маюць важнае значэнне. Прыемна, калі госці прыязджаюць да нас з-за мяжы і перш за ўсё звяртаюць увагу на чысціню і парадак. Праца, якую ўклалі ў гэты вынік нашы супрацоўнікі, дорыць нам пачуццё радасці і гонару», - адзначыў Леанід Анфімаў. Ён дадаў, што ўдзел грамадзян у навядзенні парадку павышае каштоўнасць выніку, натхняе кожнага і далей падтрымліваць створаную прыгажосць.

Сёння частка работнікаў КДК таксама наводзіць парадак на алеі ў парку Перамогі, закладзенай у мінулым годзе да 100-годдзя органаў дзяржкантролю. Большая частка прадстаўнікоў кантрольнага ведамства праводзіць суботнік на працоўных месцах.


Супрацоўнікі Мінпрыроды высадзілі больш за 17 тысяч дрэў і кустоў

Супрацоўнікі Цэнтральнага апарата Мінпрыроды на чале з намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Корбутам на рэспубліканскім суботніку добраўпарадкоўвалі прылеглую тэрыторыю міністэрства па вуліцы Калектарнай у Мінску. Яе ўпрыгожылі чырвоныя клёны, яблыні, спірэі, туі, а таксама кусты ядлоўца і барбарыса. Усяго высадзілі 215 зялёных насаджэнняў.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель у гэты дзень працаваў у Лідзе. Разам з супрацоўнікамі гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прадстаўнікамі Свята-Георгіеўскага храма і выхаванцамі нядзельнай школы пры храме былі пасаджаны 20 дрэў клёну і туі.

Усяго ж у суботніку ўзялі ўдзел 2485 чалавек, у тым ліку 67 — з Цэнтральнага апарата Мінпрыроды. Яны займаліся добраўпарадкаваннем, прывядзеннем у належны стан тэрыторый населеных пунктаў і іх азеляненнем. У гэты дзень па краіне, дзякуючы іх працы, былі высаджаны больш за 17 000 дрэў і кустоў.

Усе сродкі, сабраныя падчас суботніка, а гэта 15 000 руб. ад падраздзяленняў прыродаахоўнага ведамства, у тым ліку 1 200 руб. — ад Цэнтральнага апарата, накіруюць на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Усе мерапрыемствы, што праводзяцца ведамствам, прымеркаваны да экалагічнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму», а таксама 75-годдзя Вялікай Перамогі.

***

У сакавіку-красавіку 2020 года па ўсёй краіне пачалася праца па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый (пасадка дрэў і кустоў) у населеных пунктах. Па стане на 24 красавіка ў цэлым за гэты час пасаджана 181 тыс. дрэў і 58,9 тыс. кустоў. Пры непасрэдным удзеле актыўных грамадзян было пасаджана 13,1 тыс. зялёных насаджэнняў. Сёння кожны жыхар краіны можа паўдзельнічаць у кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму», каб зрабіць гарады і вёскі, дзе яны пражываюць і працуюць, яшчэ больш прыгожымі і камфортнымі. Для гэтага трэба звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, прапанаваць сваю дапамогу і расказаць пра месцы, якія патрабуюць добраўпарадкавання.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота прэс-службы Мінпрыроды


Юрысты падчас суботніка добраўпарадкавалі сталічны парк імя Паўлава.

Чатыры каваныя імянныя зэдлікі з’явіліся сёння ў ліпавай алеі ў парку імя М. Паўлава. Такі ўклад у добраўпарадкаванне сталіцы па традыцыі падчас рэспубліканскага суботніка сёлета ўнеслі прадстаўнікі органаў юстыцыі.

Памятны знак на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Касманаўтаў указвае, дзе растуць 30 дрэўцаў, якія летась у парку высадзілі ў гонар 100-годдзя стварэння органаў юстыцыі супрацоўнікі Мінюста. За год ліпы прыняліся і крыху падраслі, а сёння зялёны куточак у Маскоўскім раёне стаў яшчэ больш прывабным для прагулак.

Утульныя брэндзіраваныя зэдлікі ў алеі ўсталявалі міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка, генеральны дырэктар прадпрыемства «БелЮрЗабеспячэнне» Аляксандр Кадышаў разам з супрацоўнікамі сваіх ведамстваў і кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Таццянай Калядкай.

Усе ліпы, якія мы пасадзілі летась, прыжыліся, і сёння на нашай памятнай алеі вельмі прыгожа. Яна стала ўлюбёным месцам адпачынку мінчукоў. Тут шпацыруюць мамы з дзецьмі, фатаграфуюцца маладыя, выходзяць на прабежкі жыхары Малінаўкі. Мяркую, наша сёняшняя ініцыятыва таксама прыйдзецца даспадобы адпачываючым, — выказаў надзею міністр юстыцыі.

Удзельнікі суботніка спадзяюцца, што госці сталіцы і мінчане ацэняць гэты невялікі ўнёсак юрыдычнай суполкі ў добраўпарадкаванне горада ў Год малой радзімы, а таксама 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А парк і алея стануць яшчэ больш утульнымі і набудуць адметнасць.

Супрацоўнікі міністэрства не толькі шчыравалі ў парку, але і перавялі на суботнік 1850 рублёў. 

Ірына СІДАРОК


Беларускія спартсмены, кіраўніцтва і супрацоўнікі Мінспорту і Нацыянальнага алімпійскага камітэта сёння прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку.

Супрацоўнікі НАК працавалі на тэрыторыі Цэнтральнага раёна Мінска, высаджваючы зялёныя насаджэнні на трох участках прылеглай тэрыторыі УП «Лебядзіны парк». Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук узначаліў спартыўна-працоўны дэсант каля РНПЦ спорту па вуліцы Нарачанскай. 

Разам з кіраўніком спартыўнага ведамства пасадкай дрэў займаліся дырэктар РНПЦ спорту Ірына Малёваная, дырэктар РЦАП па веласпорце Дзмітрый Талкачоў, старшыня Беларускай федэрацыі веласпорту Наталля Цылінская, веласіпедысты Яўген Каралёк, Алёна Амялюсік, канькабежцы Ігнат Галавацюк, Марына Зуева і Віталь Міхайлаў.

Пасля работы ўдзельнікі суботніка правялі невялікую велапрагулку па вуліцах Мінска.


Калектыў Міністэрства культуры на чале з міністрам Юрыем Бондарам падчас рэспубліканскага суботніка добраўпарадкоўваюць тэрыторыю Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў аграгарадку Азярцо Мінскага раёна, паведаміла прэс-сакратар ведамства Ілона Немава.

«Гэта традыцыйнае месца для апарата Міністэрства культуры. Кожны год мы дапамагаем музею падрыхтавацца да летняга сезона. Жанчыны сёння расчышчалі тэрыторыю ад смецця і лісця, а мужчыны рабілі платы. Працы дапамагала сонечнае надвор’е», — распавяла Ілона Немава.

Паводле яе слоў, у час суботніка былі прыняты ўсе неабходныя меры бяспекі. «Гэта і асабістая гігіена, і сацыяльнае дыстанцыяванне, — падкрэсліла прэс-сакратар. — Ведамствам сабраны і пералічаны сродкі, якія пойдуць на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, а таксама аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны».


Беларуская моладзь прыкладзе ўсе намаганні там, дзе будзе запатрабаваная. Такое меркаванне выказаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк падчас рэспубліканскага суботніка. Разам з працоўным калектывам і актывам саюза моладзі ён працаваў на добраўпарадкаванні тэрыторыі сквера Марата Казея і помніка гэтаму юнаму Герою Савецкага Саюза ў Мінску.

«Думаю, што ўсім нам карысна сёння выйсці на свежае паветра. Тым больш што надвор’е сонечнае, цёплае, настрой выдатны, і ўсё гэта схіляе да працы на зямлі. Мы толькі становімся ад гэтага здаравейшымі. Безумоўна, падчас працы моладзь выконвае ўсе неабходныя меры — гэта і асабістая гігіена, і сацыяльнае дыстанцыяванне, — сказаў Дзмітрый Варанюк. — Беларусы — працавітая нацыя. І моладзь краіны прыкладзе ўсе свае намаганні там, дзе будзе запатрабаваная. І не толькі падчас навядзення парадку на зямлі. Моладзь запатрабаваная на вытворчасці, падчас пасяўной і ўборачнай кампаніі, ад нас чакаюць навуковых адкрыццяў, перамог у спорце, творчых дасягненняў. І мы будзем там, дзе больш за ўсё патрэбныя».

Сёння падчас рэспубліканскага суботніка БРСМ даў старт дабрачыннаму праекту «Беларусь памятае. Ніхто не забыты, нішто не забыта» па добраўпарадкаванні помнікаў і абеліскаў.

Фота БЕЛТА


Апарат Міністэрства транспарту і камунікацый, а таксама супрацоўнікі Дэпартамента па авіяцыі сёння падчас суботніка працавалі паблізу цэнтра кіравання паветраным рухам (УУС) «Белаэранавігацыі» ў мікрараёне Сокал. Работнікі ведамства на чале з міністрам Аляксеем Аўраменкам прыводзілі ў парадак і азелянялі прылеглую да цэнтра тэрыторыю.

«Добраўпарадкаванне навакольнага асяроддзя аказвае вялікі ўплыў на стаўленне чалавека да месца, у якім ён жыве. Усебеларускі суботнік — выдатная магчымасць рэалізаваць сваё імкненне да паляпшэння экалагічнай абстаноўкі, а таксама прынесці карысць грамадзянам. Выдатна, што кожны можа прыйсці і зрабіць для краіны такую карысную справу, бо ў суботніку бяруць удзел людзі з розных сфер дзейнасці па ўсёй рэспубліцы, што дазваляе ахапіць усе куткі Беларусі», — адзначыў Аляксей Аўраменка.

Міністр падкрэсліў: добраўпарадкаванне тэрыторый, як прылеглых да розных прадпрыемстваў, так і прыдарожных, — задача, якую міністэрства рашае не толькі падчас гэтай акцыі: працэс пастаўлены на паток.

Паводле аператыўнай інфармацыі, у рэспубліканскім суботніку ўзялі ўдзел больш за 74 тыс. работнікаў сістэмы Міністэрства транспарту і камунікацый. Арганізацыі пералічаць у фонд рэспубліканскага суботніка каля 270 тыс. руб. У дзень суботніка прадпрыемствы міністэрства выканалі падрадныя працы ў аб’ёме 53,5 тыс. руб.

Фота БЕЛТА


Міхаіл Орда: Трэба шанаваць подзвіг старэйшага пакалення дзеля будучага мірнага жыцця

Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда падчас Рэспубліканскага суботніка, які традыцыйна прафсаюзы праводзяць на Кургане Славы.

«75 гадоў на беларускай зямлі няма вайны. Мы мірна жывем, мірна працуем, гадуем сваіх дзяцей. Беларусы заплацілі высокую цану за гэтую Перамогу. Таму сёння мы павінны зрабіць усё, каб захаваць памяць пра подзвіг старэйшага пакалення дзеля будучага мірнага жыцця», — адзначыў Міхаіл Орда.

На Кургане Славы сёння працавалі каля 100 чалавек — апарат Федэрацыі прафсаюзаў, прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, спартыўнага клуба ФПБ. Тут праведзены падрыхтоўчыя работы па ўзвядзенні стэлы для ўсталёўкі баявой машыны «Кацюша». Акрамя таго, абноўлены інфармацыйныя стэнды, адрамантаваны прыступкі, прыведзена ў парадак тэрыторыя.

«Да 75-годдзя Вялікай Перамогі мы вырашылі ўсталяваць тут, ля падножжа Кургана, баявую «Кацюшу». Гэта без перабольшання легенда часоў Вялікай Айчыннай вайны. Экіпажы гэтых машын былі задзейнічаны практычна ва ўсіх знакавых баях і адыгралі велізарную ролю ў дасягненні перамогі, — сказаў Міхаіл Орда. — Таму мы і вырашылі, што гэтая машына, як знак памяці і павагі ўсім нашым героям таго часу, павінна з’явіцца каля Кургана. «Кацюшу» мы прывезлі з Расіі. Яе ўжо адрэстаўравалі».

Фота БЕЛТА


Каля васьмі мільёнаў сямісот тысяч рублёў пералічылі беларусы на суботніку, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў.

Намеснік прэм’ер-міністра праінфармаваў, што ў рэспубліканскім суботніку паўдзельнічалі каля 2 300 000 чалавек — добраўпарадкоўвалі населеныя пункты, саджалі лес. На думку Уладзіміра Кухарава, людзі прывыклі да даўняй і добрай традыцыі правядзення суботнікаў і актыўна ўдзельнічаюць у іх, бо бачаць вынікі сваёй працы.

«Звычайна (суботнік — „Зв“.) праводзіцца ў тых населеных пунктах, дзе людзі пражываюць, то-бок гэта робіцца для таго, каб кожны ўнёс сваю пасільную лепту ў развіццё, добраўпарадкаванне месцаў жыхарства. І гэта, вядома, людзей стымулюе да таго, што гэту традыцыю трэба працягваць», — упэўнены віцэ-прэм’ер.

Ён выказаў меркаванне, што кожны чалавек мусіць імкнуцца да чысціні і парадку вакол сябе, — тады прыгожы знешні від атрымаюць нашыя населеныя пункты ў цэлым, а іх жыхары будуць адчуваць сябе прыемна і камфортна.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Па матэрыялах БЕЛТА і спецыяльных карэспандэнтаў «Звязды»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.