Вы тут

Варажба на баралi. Што адбываецца на нафтавым рынку?


Гэты тыдзень дакладна ўвойдзе ў найноўшую гiсторыю «чорнага золата». Весткi з нафтавага рынку нават здолелi адсунуць з топаў сусветных iнфармагенцтваў навiны пра пандэмiю каранавiруса. 20 красавiка ф'ючарсны кантракт на амерыканскую лёгкую нафту West Texas Intermediate (WTI) з пастаўкай у маi завяршыў гандлёвую сесiю на адзнацы мiнус 37,63 долара за бараль, сведчаць даныя амерыканскага бiржавога аператара CME Group. Прычым лiтаральна за некалькi гадзiн кошт кантракту абвалiўся амаль на $56. Упершыню ў гiсторыi на рынку паўстала сiтуацыя, калi прадаўцы «чорнага золата» гатовыя даплачваць пакупнiкам за яго куплю. «Нiчога падобнага i блiзка не было ў гiсторыi», — узрушана пракаментаваў падзею сайту rbc.ru прафесар фiнансаў Х'юстанскага ўнiверсiтэта Крэйг Пiронг, спецыялiст па сыравiнных рынках. Раней гэта палiчылi б камп'ютарнай памылкай, але цяпер адмоўныя цэны на «чорнае золата»— рэальнасць. Чаму лiхаманiць нафтавы рынак i да чаго гэта прывядзе?


У Кушынгу — пад завязку

Для пачатку трэба зазiрнуць у мiнулае. Рынак нафты WTI (West Texas Intermediate) ствараўся якц рынак для прафесiйных удзельнiкаў — вытворцаў i пастаўшчыкоў сырой нафты, здабытчыкаў, перапрацоўшчыкаў i прафесiйных трэйдараў, нагадвае Forbes. Гэта значыць, першапачаткова ён прызначаўся для гандлю фiзiчнай або рэальнай нафтай памiж тымi, хто яе рэальна можа прапанаваць, i тымi, каму яна рэальна патрэбна ў якасцi сыравiны. Па меры развiцця рынку на iм з'яўлялiся не толькi спотавыя iнструменты (калi аплата павiнна адбыцца неадкладна), але i доўгатэрмiновыя ф'ючарсныя кантракты. I механiка работы, i правiлы рынку стваралiся для выгады фiзiчных пастаўшчыкоў. У прыватнасцi, па змаўчаннi мяркуецца, што набыты ф'ючарсны кантракт прадугледжвае абавязацельства прадаўца даць аб'ём фiзiчнай нафты, а пакупнiка — забраць яго (паказаць сховiшча, куды яна павiнна быць змешчана, цi трубаправод, па якiм яна павiнна быць адпраўлена).

Прычына, па якой кантракт на WTI з пастаўкай у маi днямi аказаўся незапатрабаваны, знаходзiлася ў амерыканскiм штаце Аклахома, адзначыў rbc.ru. Там у горадзе Кушынг размешчана найбуйнейшае ў ЗША нафтавае сховiшча. Толькi за два месяцы назапашаныя ў iм запасы павялiчылiся амаль напалову.

Кушынг — гэта гiганцкi хаб па транспарцiроўцы, перапрацоўцы i захоўваннi «чорнага золата». Горад пачаў актыўна развiвацца ў 1912 годзе адначасова з нафтавым бумам. Сёння гэты цэнтр адыгрывае ключавую ролю ў цэнаўтварэннi нафты WTI. Ф'ючарсныя кантракты на гэтую сыравiну, якiя заключаюць трэйдары, агаворваюць, што яна павiнна быць дастаўлена менавiта ў Кушынг. Калi гэта з прычыны перапоўненасцi сховiшчаў немагчыма (або ўяўляецца немагчымым у будучынi), то немэтазгодная i купля кантрактаў.

Дзякуючы свайму размяшчэнню — горад знаходзiцца ў цэнтры Злучаных Штатаў — Кушынг пачалi называць «сусветным перасячэннем нафтаправодаў». Ён звязвае вытворцаў «чорнага золата» паўднёвага ўзбярэжжа ЗША са спажыўцамi ў паўночнай частцы краiны. Практычна ўся нафта i прадукты, якiя вырабляюцца з яе i выкарыстоўваюцца ў ЗША, так цi iнакш праходзяць праз iнфраструктуру Кушынга. Па стане на мiнулы год змяшчальнасць сховiшчаў склала больш чым 90 мiльёнаў бараляў. Гiстарычна «чорнае золата» прыходзiла з узбярэжжа Мексiканскага залiва ў цэнтр ЗША, туды ж дастаўлялася сыравiна з радовiшчаў Тэхаса i iшла далей — да цэнтраў нафтаперапрацоўкi. З ростам здабычы сланцавай нафты частка трубаправодаў была разгорнута ў бок ўзбярэжжа, але ў цэлым транспартная iнфраструктура вакол Кушынга па-ранейшаму разлiчана хутчэй на ўвоз, чым на вываз нафты.

Праблема захоўвання «чорнага золата» актуальная для многiх краiн i вытворцаў. Даследаванне на гэтую тэму ў канцы сакавiка апублiкавала кампанiя IHS Markit, паведамiў rbc.ru. Ужо тады некаторыя краiны вельмi блiзка падышлi да максiмуму сваiх магчымасцяў захоўвання нафты. Сусветная патрэба ў ёй да канца сакавiка ўпала настолькi, што пры захаваннi звычайных тэмпаў здабычы, напрыклад, у Нiгерыi магчымасцi захоўвання вычарпалiся б праз паўтара дня, а ў Расii — праз восем дзён. Самая высокая «трываласць» у гэтым сэнсе ў Кiтая — 52 днi.

Нафту захоўваюць не толькi на сушы, але i на вадзе — у танкерах. Сёлета ў красавiку аб'ёмы такога захоўвання дасягнулi гiганцкiх памераў. Па звестках з крынiц Reuters, да сярэдзiны гэтага месяца колькасць нафты на буйных танкерах дасягнула
160 мiльёнаў бараляў. Апошнi раз супастаўныя лiчбы былi зафiксаваныя ў 2009 годзе — каля 100 мiльёнаў. Па iнфармацыi Guardian, дзень арэнды аднаго супертанкера абыходзiцца ў 350 тысяч долараў.

Такi спосаб захоўвання выкарыстоўваецца ў першую чаргу для спекуляцыйнага гандлю. Буйныя кампанii купляюць або арандуюць танкеры, запаўняюць iх нафтай у разлiку на выгадны продаж у будучынi. У прыватнасцi, гэта практыкуюць буйныя перавозчыкi нафты (напрыклад, Trafigura, Vitol або Gunvor) — яны дастаўляюць нафту i нафтапрадукты ад вытворцы да канчатковага спажыўца.

Гульнi з сыравiнай

З часам нафта стала важным бiржавым таварам не толькi для кампанiй нафтавай галiны. Сучасныя прынцыпы фiнансавага менеджменту схiляюць кампанii да кiравання рызыкамi. Часта гэтага патрабуюць банкi, якiя даюць фiнансаванне, — для iх важная прадказальнасць грашовых патокаў пазычальнiка. Зафiксаваць цану на пэўны энергетычны тавар складана, але паколькi цэны на такiя тавары добра карэлююць з цаной на нафту, дастаткова зрабiць гэта праз рынак «чорнага золата». Акрамя таго, многiя iнвестыцыйныя стратэгii таксама пачалi ўключаць у сябе ўкладаннi ў сыравiну. Нарэшце, гэты высокалiквiдны iнструмент адкрылi для сябе спекулянты ўсiх масцяў. У вынiку сярод удзельнiкаў рынку нафты ўжо даўно з'явiлася мноства гульцоў, не зацiкаўленых у фiзiчнай нафце, якiя не маюць магчымасцi што-небудзь з ёй зрабiць, але iмкнуцца зарабiць на аперацыях з сыравiнай. У многiх з iх на руках аказваюцца нават не адзiнкавыя ф'ючарсы, а серыi ф'ючарсаў на кожны месяц, так званыя стрыпы.

У выпадку з ф'ючарсам на нафту WTI ёсць адна важная адметнасць. Ён з'яўляецца паставачным, а не «папяровым» — як, напрыклад, ф'ючарс на еўрапейскую нафту маркi Brent. Iншымi словамi, калi прыходзiць дата выканання здзелкi, пакупнiк атрымлiвае не грошы адпаведна з цаной закрыцця, а фiзiчную партыю тавару. I ён абавязаны гэты тавар забраць. У прынцыпе, на бiржы NYMEX гандлюецца i папяровы ф'ючарс на WTI, але абароты па iм мiнiмальныя, таму практычна ўсе гульцы i iнвестары гандлююць паставачным iнструментам.

У звычайнай сiтуацыi гэта не праблема — ёсць мноства аператараў, гатовых за вельмi невялiкiя грошы, долi цэнтаў з бараля, канвертаваць фiзiчную нафту ў папяровую, забраць фiзiчную нафту i выдаць за яе грошы, адзначае Forbes. Але ў апошнi месяц адбылося некалькi падзей, якiя парушылi гэтую схему, што стала ўжо звыклай для многiх бiржавых гульцоў. Трубаправоды, па якiх апошнiя гады нафта iшла з Кушынга да ўзбярэжжа Мексiканскага залiва, былi развернутыя, i па iх сюды пайшла сланцавая нафта з басейна Пермiян, якая не знаходзiла збыту i гандлявалася з вялiкiм дысконтам. Такiм чынам, у стратэгiчным хабе аказалiся запоўненыя рэзервуары (бо захоўванне ў рэзервуарах таннейшае, чым у танкерах) i занятая труба, па якой «чорнае золата» можа тэарэтычна перамяшчацца да ўзбярэжжа, каб быць пагружаным на танкер. Калi б Кушынг знаходзiўся на ўзбярэжжы, праблема была б вырашана тэрмiновым фрахтам. Але цяпер кантынентальнае размяшчэнне хаба згуляла з удзельнiкамi рынку злы жарт. Пры гэтым свабодныя рэзервуары ў Кушынгу ўсё яшчэ ёсць. Проста яны недасяжныя для замовы на споце — у iх нельга залiваць нафту, атрыманую ад трэйдарскiх аперацый. Гэта зроблена спецыяльна, каб бiржавая лiхаманка не замiнала рэальнаму сектару, для якога сховiшчы i трубы Кушынга з'яўляюцца важнай часткай рэгулярнай лагiстычнай схемы.

У вынiку ў «чорны панядзелак» 20 красавiка ў апошнiя гадзiны перад закрыццём бiржы выявiлася, што ёсць пэўная колькасць трымальнiкаў кантрактаў, якiя абавязаны забраць фiзiчную нафту. Пры гэтым рэальна яны куплялi гэтыя кантракты для разнастайных складаных фiнансавых камбiнацый i зусiм не планавалi атрымлiваць рэальны тавар. Яны былi ўпэўненыя, што перапрададуць кантракты па звыклай схеме, як заўсёды. Але гэтым разам так не адбылося. Высветлiлася, што цяпер для пакупнiкоў гэтых аб'ёмаў няма. У вынiку цана на майскi ф'ючарс перайшла ў свабоднае падзенне. Пры гэтым ф'ючарс на наступны месяц з закрыццём ў канцы мая, якi пачаў вызначаць цану на WTI з 21 красавiка, без праблем закрыўся на адзнацы каля $20 за бараль. Гэта, вядома, таксама вельмi нiзкая цана па мерках двухмесячнай даўнiны i таксама на тры долара нiжэйшая, чым у пачатку дня, але зусiм не ў адмоўнай зоне.

Зразумела, фiзiчна нiякага перапаўнення рэзервуараў нафтай у ноч на 21 красавiка не адбылося, i тая сыравiна, якую не змаглi прадаць няўдачлiвыя трымальнiкi ф'ючарсаў, проста засталася ў рэзервуарах Кушынга, але iм цяпер давядзецца заплацiць вялiкiя штрафы за невыкананне сваiх абавязацельстваў. Гэтая адмоўная цана закрыцця можа паўплываць на тыя кампанii ў самых розных сегментах амерыканскай эканомiкi, у чыiх кантрактах на пастаўку тавараў i паслуг была прапiсаная iндэксацыя цэн з апорай на цану закрыцця нафтавага ф'ючарсу, — такiх кантрактаў не так ужо мала. Але гэта наўпрост не ўплывае на цану на iншых рынках нафты — на Brent або Urals, хоць i служыць напамiнам, што iнфраструктура захоўвання i транспарту перастае спраўляцца з лiшкамi нафты з-за дысбалансу попыту i прапановы падчас глабальнага каранцiну i прыпынення эканомiкi.

Да мiнус 100 долараў?

I пандэмiя, i цэнавая вайна маглi б i паасобку выклiкаць узрушэнне энергетычных рынкаў. А разам яны проста перавярнулi ўсё з ног на галаву. Трэйдары, якiя купляюць ф'ючарсныя кантракты, наогул не маюць намеру прымаць рэальныя бочкi нафты. Перапрацоўчыя кампанii не спяшаюцца закупляць «чорнае золата» пры адсутнасцi попыту на бензiн i iншыя нафтапрадукты. Пры гэтым спынiць большую частку свiдравiн проста немагчыма.

Нафтавыя аналiтыкi папярэджваюць, што на працягу некалькiх тыдняў цэны на «чорнае золата» ўпадуць у многiх рэгiёнах да нуля, а ў шэрагу выпадкаў — i нiжэй, паведамляе Bloomberg. «Мы рухаемся да таго, каб вычарпаць магутнасцi нафтасховiшчаў да канца мая — пачатку чэрвеня», — адзначае Фларыян Талер, кiраўнiк аналiтычнай кампанii Oilx, якая карыстаецца данымi спадарожнiкаў для ацэнкi iнфармацыi аб запаўненнi нафтасховiшчаў.

Эксперты папярэджваюць, што адмоўныя цэны на нафту не маюць нiжняй мяжы, i пасля таго, што адбылося на гэтым тыднi, лiчаць магчымым самыя неверагодныя дагэтуль варыянты. «Вiдавочна, што мы праходзiм праз маштабны штодзённы крызiс кiравання на нафтавым рынку, — адзначыў Пол Сэнкё з Mizuho Bank, галiновы аналiтык, якi раней папярэджваў аб магчымасцi падзення цэн на нафту ў адмоўную зону. — Цi можа кошт апусцiцца да мiнус $100 за бараль у наступным месяцы? Цалкам магчыма».

Кiтай, Iндыя i шэраг iншых краiн, у тым лiку тыя ж ЗША, цяпер энергiчна скупляюць танную нафту i хутка запаўняюць апошнiя свабодныя рэзервуары ў сваiх стратэгiчных рэзервах. Звесткi са спадарожнiкаў сведчаць аб тым, што нафтасховiшчы штотыдзень запаўняюцца на 50 мiльёнаў бараляў — гэтага дастаткова, каб задаволiць патрэбы ў сыравiне Германii, Францыi, Iталii, Iспанii i Вялiкабрытанii разам узятых, адначае Bloomberg. У Iндыi резервуарныя магутнасцi нафтаперапрацоўшчыкаў запоўненыя на 95 працэнтаў, цытуе Bloomberg крынiцы з трох найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых кампанiй краiны. Нiгерыя, па словах кiраўнiка дзяржкампанii NNPC Меле Кiяры, будзе скарачаць здабычу нафты, таму што не мае вольных магутнасцяў для яе захоўвання. «Мы ўбачым адмоўныя цэны на нафту, прычым вельмi адмоўныя», — перакананы заснавальнiк нафтавага хэдж-фонда Andurand Capital П'ер Андзюран. Ён адзначае, што нафтавы рынак стаў «небяспечным месцам для гандлю».

З 1 мая пачне дзейнiчаць новае пагадненне АПЕК+, удзельнiкi якога абавязалiся скарацiць сутачную здабычу амаль на
10 мiльёнаў бараляў, але нават гэтага рэкорднага знiжэння будзе вiдавочна недастаткова для памяншэння велiзарнага разрыву памiж попытам i прапановай. Эксперты лiчаць, што попыт на «чорнае золата» ў найблiжэйшы час не будзе моцна расцi: усё сведчыць пра тое, што сусветная эканомiка перажывае самы глыбокi спад з часоў Вялiкай дэпрэсii 1930-х. Але нiзкiя цэны на «чорнае золата» могуць спрыяць больш хуткаму аднаўленню пасля заканчэння каранавiруснага крызiсу.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.