Вы тут

Межы асабістага


Ці заўсёды таемнае павінна быць відавочным?

Як часта вы сутыкаліся з сітуацыяй: сустракаецеся з сябрамі ў кафэ, а замест душэўнай размовы кожны «ўтыкаецца» ў свой тэлефон? Сучаснаму чалавеку цяпер вельмі складана ўявіць жыццё без гаджэтаў, якія шматлікімі функцыямі лёгка могуць замяніць рэальныя зносіны. Пра тое, якія таямніцы можна выявіць у мабільным тэлефоне і ці варта парушаць межы асабістай прасторы, расказаў рэжысёр-пастаноўшчык Аляксей Шутаў у спектаклі-інтэрактыве «ШкілеТЫ»


Рэжысёр і задума

Прэм’ера пастаноўкі адбылася ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры 20 сакавіка. Гэта першая работа Аляксея ў якасці рэжысёра, гледачы даўно ведаюць яго па шматлікіх ролях у  кіно і серыялах. У Маладзёжным тэатры ён служыць акцёрам з  2017 года. На стварэнне спектакля яго натхніў італьянскі фільм «Ідэальныя незнаёмцы». Увасобіць ідэю ў жыццё дапамагла мастак-пастаноўшчык Вольга Калабан: яе карціны сталі дамінантай у афармленні сцэнічнай прасторы. У сцэнаграфіі невыпадкова прысутнічае нейраграфіка, якая, на думку псіхолагаў, дапамагае трансфармаваць многія асобасныя праблемы праз малюнак. Зрабіць уласны накід гледачы могуць яшчэ да пачатку спектакля пад чулай апекай акцёра Яўгена Лук’янава.

Сюжэт спектакля здаецца на першы погляд простым і вясёлым. Сябры сустракаюцца ў антыкафэ. Гамоняць, танчаць, смяюцца, фатаграфуюцца. Пазітыўны настрой працягваецца роўна да таго часу, пакуль гаспадар антыкафэ не прапаноўвае адну цікавую гульню, па правілах якой усе павінны пакласці тэлефоны ў адну скрынку. Цяпер кожны званок будзе пастаўлены на гучную сувязь, а  смс-паведамленне прачытана ўголас. Усе героі насцярожыліся, ніхто не гатовы падзяліцца асабістымі таямніцамі з іншымі. З гэтага моманту камедыя пераходзіць у драму.

Карына і Юрый

З выгляду звычайная пара, але, як аказалася, мае нямала праблем. Пра гэта глядач можа здагадацца яшчэ да пачатку гульні. Нават жартам яны спрабуюць закрануць адзін аднаго словам. Сітуацыя распальваецца, калі ўсе даведаюцца аб тым, што кожны з гэтай пары спрабуе знайсці новыя пачуцці на баку. Вобразы сваіх герояў выдатна перадалі акцёры Таццяна Новік і Гарык Вяпшкоўскі, якога ўжо няма з намі (гэта была яго апошняя прэм’ера ў жыцці)... Калегі ўспамінаюць Гарыка як вельмі таленавітага, светлага і добрага чалавека, які заўсёды быў гатовы зразумець іншага: падобна герою, якога ён іграў у гэтым спектаклі.

Ганна і Віктар

Кажуць, што супрацьлегласці прыцягваюцца. Напэўна, у пары герояў Аляксандры Змітровіч і  Дзяніса Маісейчыка так і здарылася ў момант знаёмства. Ганна  — строгая, часам бывае рэзкая, пры тым што прафесійны псіхолаг. Віктар — спакойны, ва ўсім спрабуе знайсці раўнавагу  — без гэтага нельга пластычнаму хірургу. Але ў шлюбе яны не змаглі знайсці балансу. У  бясконцым патоку прэтэнзій і  спрэчак, напэўна, толькі ў гэтай пары яшчэ ёсць надзея на тое, што змогуць усё выправіць...

Ларыса і Дзмітрый

Маладыя людзі ў пачатку спектакля выглядаюць самымі шчаслівымі, але ў фінале аказваюцца самымі няшчаснымі. Акцёры Вольга Давыдава-Роік і Андрэй Гладкі ўжо не першы раз іграюць у пары. Іх героі закаханыя, яны будуюць планы на будучыню і  мараць пра дзяцей. Але гэтаму не наканавана спраўдзіцца. Кропку ў іх адносінах паставіў нечаканы званок тайнай каханкі Дзімы з радасным паведамленнем, што яна чакае дзіця...

Антон і сябры

У Антона ўсе крыху па-іншаму. Усе прагнуць пазнаёміцца з Глашай, дзяўчынай, пра якую толькі чулі, але ніколі не бачылі. А яна не прыйшла, таму што... далёка не Глаша. Прызнаўшыся ў сваіх рэальных адносінах, Антон рызыкуе страціць сяброў. Не ўсе гатовыя прымаць яго такім, які ён ёсць. Справа нават даходзіць да бойкі — і гэта сярод сяброў!.. Герой Аляксандра Корнева чакаў такой рэакцыі, таму доўгі час не раскрываў нікому сваіх таямніц.

Спектакль і інтэрактыў

Па меры ж іх раскрыцця акцёры выходзяць у залу да гледачоў, выклікаючы на адкрытую размову. Форма спектакль-інтэрактыў новая для беларускага тэатра. Менавіта яна трымае ўвагу, дае магчымасць выказаць свой пункт гледжання кожнаму, хто пажадае. Тэмы для абмеркавання з гледачамі прапануюцца па ходзе спектакля — у залежнасці ад таго, да чаго прыйшла сцэнічная гісторыя на гэты момант. І калі сітуацыі, якія абмяркоўваюць героі на сцэне, зададзены і праілюстраваны не занадта глыбока (псіхолаг, які не задаволены сваёй знешнасцю; жонка, якая засумавала без увагі мужа, пакуль ён фліртуе з  дзяўчынай у сацсетках; бацька дзяўчынкі, які не кажа яе маме аб таямніцах дачкі; мужчына, які не жэніцца, таму што ў яго іншыя інтарэсы), то кампенсуецца гэта менавіта выхадам артыстаў у залу з пытаннямі да гледача. Рызыкоўна. Але працуе: аказваецца, беларускія гледачы не раўнадушныя, не саромеюцца  выказваць сваё меркаванне.

Спектакль ідзе ў малой зале, якая валодае асаблівай атмасферай. Дзякуючы таму, што ўся гісторыя адбываецца наўпрост перад тваімі вачыма, глядач адчувае сябе ўдзельнікам пастаноўкі. Гэта неабходная частка інтэрактыву. Аляксей Шутаў кажа аб важных тэмах, якія павінны зачапіць неабыякавых: і тых, каму 18 гадоў, і асоб са старэйшых пакаленняў.

Сакрэты і разважанні

Заканчваецца спектакль на моманце раскрыцця ўсіх сакрэтаў, пакідаючы гледачоў самнасам з разважаннямі. І міжволі кожны задаецца пытаннем: а ці трэба было гэта ўсё? Што прынесла праўда? Адказ у кожнага свой. Для тых, хто аддае перавагу жыць па сумленні, адказ відавочны: праўда патрэбна. Для іншых — пытанне больш важнае: а што далей, з чым застаюцца людзі, чыё жыццё аказалася разбураным хлуснёй? Невыпадкова завяршае спектакль сцэна, з  якой ён і пачынаецца: герой Яўгенія Лук’янава чакае гасцей у антыкафэ. Нібыта дае магчымасць гледачу прайграць зноўку ўсе падзеі, але ўжо па сваім сцэнарыі — з праўдай або без.

Вераніка МАЦУКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.