Вы тут

Каласы Коласа


Вобразы класікаў у свядомасці многіх непарушна сур’ёзныя, калі не сказаць забранзавелыя. Але ж мы часам забываем, што яны былі ў нечым падобныя на звычайных людзей, жылі сваімі маленькімі і вялікімі радасцямі, засмучэннямі, жартавалі... Выстаўка «Шарж на класіка», што адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа да Дня гумару, у нечым развейвае гэты міф.


Малюнак Алега Карповіча

Ідэя выстаўкі ўзнікла даўно. Аднойчы, праглядаючы сайт аўкцыёну, галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Міцкевіч натрапіла на літаграфію шаржа на Коласа расійскага мастака-карыкатурыста Іосіфа Ігіна. Гэтую работу набылі, цяпер яна захоўваецца ў сямейным архіве Міцкевічаў (і прадстаўлена на часовай экспазіцыі). Міхась Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа, спецыяльна да выстаўкі напісаў пра пісьменніка эпіграму:

Яго пяро было іскрыстым,

Што дала ежу для шаржыстаў.

Прайшлі гады, і неўзабаве

З’явілісь шаржы на выставе.

Першы з прадстаўленых на выстаўцы шарж належыць пяру Янкі Кашкеля, выйшаў малюнак у 1927 годзе ў газеце «Звязда».

— Уражвае на ім позірк Коласа, — распавядае куратар выстаўкі Васіліна Міцкевіч. — Ён так на цябе глядзіць, быццам зазірнуў у душу і разумее, што ты думаеш…

Адметны шарж, зроблены знакамітым савецкім графікам-карыкатурыстам Барысам Антаноўскім. З Коласам мастак пазнаёміўся ў 1936 годзе, калі праходзіў І Усесаюзны з’езд пісьменнікаў, дзе Колас быў удзельнікам. Шарж Галіны Дакальскай выйшаў у «ЛіМе» ў 1936 годзе да 30-годдзя літаратурнай дзейнасці Коласа. Цікавы ён тым, што побач з Коласам можна бачыць і герояў яго твораў: дзеда Талаша, Савося Распусніка ды некаторых іншых.

А вось на навагоднім шаржы Анатоля Волкава, таксама калісьці надрукаваным у «ЛіМе», Колас выяўлены задуменна-рамантычным, з ягадкай у руцэ. Мастак знакаміты і тым, што ілюстраваў «Новую зямлю», якая выйшла ў Мінску ў 1958 годзе. Вядомыя работы і яго бацькі, Валянціна Волкава. Адна з іх, партрэт Якуба Коласа, упрыгожвае выстаўку. Гэта класічная выява пісьменніка як раўнавага вобразу творцы, прадстаўленаму на малюнках экспазіцыі ў гумарыстычным амплуа.

Шарж пяра Сяргея Раманава быў змешчаны ў друку да 30-годдзя БССР, на ім — плеяда класікаў і герояў з адсылкамі да твораў Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Эдзі Агняцвет, Янкі Маўра, Міхася Лынькова ды іншых… Уражвае абазнанасць мастака ў беларускай літаратуры...

Але не толькі малюнкі ўпрыгожваюць вітрыны музея. Пад шклом адной з іх — на талерцы — кавалачак хлеба. Успаміны Іосіфа Ігіна пераносяць нас у Маскву на ІІ пісьменніцкі з’езд, дзе, вядома ж, быў і Якуб Колас. Дэлегацыя пісьменнікаў прыйшла на сустрэчу да Коласа ў рэстаран, дзе паэт ужо сядзеў за столікам і чакаў іх. У адзін момант пісьменнік нахіліўся і падняў з падлогі кавалак хлеба. Калі потым у яго спыталі, навошта ён гэта зрабіў, бо хлеба на стале было ўдосталь, Колас адказаў, што на Беларусі да хлеба заўжды ставіліся з павагай і ён інакш не мог. Мастак запомніў і расповеды пра тое, што каля сядзібы пісьменніка заўжды расла дзялянка каласоў, ён рабіў з іх букеты і дарыў сябрам.

Ёсць на выстаўцы і больш сучасныя малюнкі. На адным з іх, які зрабіў Алег Карповіч, паміж двума класікамі, Коласам і Купалам, выява сучаснага творцы Міколы Адама. Сталыя пісьменнікі выхоўваюць маладога, упэўнена Васіліна Міцкевіч! Дарэчы, тэма шаржаў у айчынным літаратуразнаўстве, як падкрэсліла куратар выстаўкі, яшчэ не распрацаваная. А з кожным з малюнкаў можа быць звязана цікавая гісторыя, адметныя факты з біяграфій літаратараў, тое, што цікава было б ведаць аматарам прыгожага пісьменства.

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».