Вы тут

Знаёмімся з вядучым «Нашай раніцы» Дзмітрыем Церахавым


Дзмітрый Церахаў стаў часткай каманды «Нашай раніцы» на АНТ у пачатку года, і вось ужо працяглы час ён у пары з Таццянай Рудакоўскай настройвае гледачоў на сустрэчу новага дня. «Звязда» распытала ў вядучага, чым ён жыве па-за эфірам, а заадно вырашыла пазнаёміць нашых чытачоў з ім бліжэй.


Дзмітрый прыйшоў на тэлеканал АНТ пасля адбору, які тут ладзілі летась у некалькі этапаў. Сярод прэтэндэнтаў было 300 чалавек, аднак менавіта на асобе гэтага маладога чалавека спыніла свой выбар фокус-група на фінальным этапе. Сам вядучы згадвае:

— Прайсці кастынг было не самым складаным, але хваляванне прысутнічала. Адбор ладзілі ў тры этапы: знаёмства, запісы пілотаў розных праграм і трэці этап, калі выбіралі ўжо з некалькіх чалавек. Я на фінал прыехаў крыху прастуджаны, і мне здавалася, быццам нешта не так складваецца, але ў выніку пачуў: «Рыхтуйцеся да эфіру 14 студзеня».

Калі напачатку Дзмітрый адчуваў уласную заціснутасць (бо гэта ж работа на новым месцы і на іншым узроўні, дзе трэба ўнікнуць у дэталі працэсу), то сёння дзякуючы падтрымцы і парадам каманды і сваёй сувядучай пачуваецца разняволена. Верагодна, дапамог у пэўнай меры жыццёвы і прафесійны вопыт, які вядучы меў да прыходу на тэлеканал: Дзмітрый вучыўся ў музычнай школе, нават збіраўся паступаць у тэатральнае, — але ў выніку апынуўся на факультэце іспанскай мовы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Зрэшты, канцэрты і капуснікі ўвагай не абмінаў. нейкі час працаваў па прафесіі (быў выкладчыкам іспанскай мовы), увайшоў і застаецца ў камандзе арганізатараў папулярных гарадскіх фестываляў, а потым у адзін цудоўны момант паехаў на кастынг у Гродна, дзе шукалі вядучага для рэгіянальнага тэлеканала. І вось яго, мінчаніна, зацвердзілі — і Дзмітрый старанна ездзіў у Гродна на здымкі праграмы, спасцігаючы знутры тэлевізійную кухню. Так было на працягу двух з паловай гадоў, а потым жыццё падкінула новы маршрут і прывяло яго на «Нашу раніцу».

Бліц-апытанне для Дзмітрыя Церахава:

1. Што вы адчувалі пасля першага эфіру на «Нашай раніцы»? — Было пачуццё пэўнай эмацыянальнай выціснутасці, бо пачаў нешта новае і ў пэўнай меры складанае. Не абышлося без хвалявання. А потым прыйшло ўсведамленне: ты ганарышся тым фактам, што атрымаў магчымасць стаць вядучым на АНТ. Бо, улічваючы колькасць прэтэндэнтаў на кастынгу, не ўсякі мог апынуцца на тваім месцы, а пашчасціла табе. Не абышлося і без думак пра тое, што цяпер трэба шмат працаваць над сабой і ўдасканальвацца. Яны ёсць і сёння.

2. Чаму вы навучыліся дзякуючы рабоце вядучага? — Самая галоўная выснова, якую дала мне гэтая праца, — усведамленне, што варта адпавядаць дадзенай ролі, што б ні адбывалася ў той момант з табой. А бываюць жа розныя абставіны, і дрэнны настрой, і кепскае самаадчуванне. Таксама важная рэч — уменне сказаць «не» ў нейкіх момантах, бо ты адначасова і ў кампаніі людзей, але як вядучы павінен кіраваць працэсам... На тэлебачанні, у прыватнасці, я атрымліваю таксама ўменне працаваць у пары, калі важна вытрымліваць баланс і не перацягваць коўдру на сябе.

3. Як вы змяніліся з нараджэннем дачкі? — Я пастарэў на пяць з паловай гадоў (Смяецца). І зразумеў, як важна выхоўваць сябе, калі хочаш быць годным прыкладам для свайго дзіцяці. Усведамляючы, што я тата дзяўчынкі, імкнуся даваць ёй добры прыклад мужчыны, бо аднойчы, абапіраючыся на гэты вопыт, яна будзе шукаць сваю палавінку. Яшчэ адна з важных рэчаў — разуменне таго, як важна пакідаць усе праблемы і непрыемнасці за дзвярыма вашай кватэры. Блізкіх трэба берагчы.

4. З чаго смяяліся апошнім часам ад душы? — Я часта смяюся проста з жыцця. Прычым, як кажа мая жонка Каця, гэта могуць быць сітуацыі, на якія іншы чалавек абсалютна так не адрэагаваў бы. Люблю пасмяяцца, у тым ліку і з самога сябе.

5. На што патрацілі б 25-ю гадзіну ў сутках? — Самае банальнае — на сон. Але лепш усё ж такі правесці такую гадзіну з сям'ёй, назіраючы за заходам сонца з кубачкам чаю.

Цяпер на экране дуэт вядучых. А па-за кадрам Дзіма — шчаслівы муж і тата пяцігадовай дачкі. Таксама можна ўбачыць яго ў ролі вядучага разнастайных свят, але зараз не да ўрачыстых падзей, таму ўдаецца больш часу праводзіць з сям'ёй, чытаць кнігі і займацца спортам. «Адна з галоўных рэчаў, якую я сказаў бы сабе ў мінулым, — гэта тое, што трэба больш чытаць, пакуль вольны час дазваляе», — дзеліцца тэлезорка. А напрыклад, магчымасць паехаць на шпацыр па лесе — гэта найлепшая эмацыянальная падзарадка. Дзмітрый прызнаецца, што для ўзяцця новых вяршынь па жыцці яму патрэбна натхненне, якое можна знайсці ў самых розных рэчах: праглядзе фільма, цікавай перадачы ці проста ў выпадковай сустрэчы з нейкім чалавекам на вуліцы — усё прыходзіць у час і ў патрэбным месцы.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Дзмітрыя ЦЕРАХАВА

Загаловак у газеце: З кім раніцу пачнеш...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.