Вы тут

Чаго дасягнулі сенатары на другой сесіі Савета Рэспублікі


Пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай адбылося пасяджэнне другой сесіі Савета Рэспублікі сёмага склікання. Разгледжана чатырнаццаць пытанняў. Зацверджаныя змены ў шэраг законаў, ратыфікаваныя асобныя міжнародныя дагаворы і пагадненні.


Пачалася работа верхняй палаты парламента з прыняцця Заявы ў сувязі з 75-годдзем Вялікай Перамогі. Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, прыняцце Заявы яшчэ раз падкрэслівае значэнне Вялікай Перамогі для беларускага народа. Гэта напамін усім пра тое, якой цаной заваяваны мір на зямлі. Заява таксама будзе спрыяць прадухіленню спроб сказіць гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну.

Першы законапраект, змены ў які зацвердзілі сенатары, — «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб лекавых сродках». Як адзначыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, карэктывы ў закон маюць мэтай удасканаліць працэс забеспячэння людзей неабходнымі лекамі. Скажам, цяпер фельчарам сельскіх ФАПаў, выязных медыцынскіх брыгад даецца права не толькі кансультаваць хворых, але і выпісваць ім рэцэпты, прадаваць лекі.

У выніку гэтых змен з'яўляецца магчымасць істотна палепшыць прафілактыку, дыягностыку і лячэнне цяжкіх захворванняў, а таксама рэдкіх хвароб. Папраўкі ў закон прадугледжваюць выкарыстанне ў асобных выпадках арыгінальных лекаў, якія знаходзяцца ў стадыі клінічных выпрабаванняў. Увогуле змены ў законе закранаюць розныя аспекты вырабу і распаўсюджвання лекавых сродкаў у краіне — напрыклад, тыя, што датычацца дзяржаўнай рэгістрацыі арыгінальных лекаў, шляхоў паляпшэння кантролю якасці іх распрацоўкі, даклінічных і клінічных даследаванняў, наступнага медыцынскага прымянення.

Устанаўліваецца парадак прамысловай вытворчасці і аптэчнага вырабу лекавых сродкаў, іх аптовай і рознічнай рэалізацыі, захоўвання, транспарціроўкі, знішчэння і г. д. Важны момант: уводзіцца адказнасць трымальніка рэгістрацыйнага пасведчання за бяспеку, эфектыўнасць і якасць прэпарату.

На думку міністра, такія змены ў законе будуць спрыяць павышэнню ўзроўню дапамогі асобным катэгорыям пацыентаў. Яны атрымаюць ранні доступ да новых метадаў лячэння з ужываннем новых, упершыню распрацаваных прэпаратаў. Такі падыход адпавядае міжнароднай медыцынскай практыцы, напрыклад, у краінах Еўрапейскага саюза і ЗША.

Трэба адзначыць карысны досвед дзейнасці Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі для паляпшэння якасці новых законаў і паправак да іх. У нашым выпадку, напрыклад, цікавым уяўляецца ход папярэдняй падрыхтоўкі да заключнага абмеркавання на сесіі змен у Закон «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі». Яшчэ задоўга да яго разгляду на цяперашняй сесіі Савета Рэспублікі на базе сельскагаспадарчага прадпрыемства «Саўгас «Дабраволец» Клічаўскага раёна прайшло першае ў гэтым скліканні верхняй палаты выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі. Там з удзелам навукоўцаў, прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, ветэрынарнай службы, кіраўнікоў вядомых гаспадарак з розных рэгіёнаў краіны, спецыялістаў-практыкаў у жывёлагадоўлі, якім давядзецца потым працаваць у новых умовах, удалося грунтоўна абмеркаваць меркаваныя змяненні ў названы закон.

Тады ўзнікла гарачая дыскусія наконт неабходнасці ўкаранення ў краіне так званых племянных пашпартоў, у якіх будуць адлюстраваны асноўныя звесткі пра жывёл.
І вось цяпер адной з важных змен у айчынным АПК стане пашпарт племянной жывёлагадоўлі. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло сказаў на сесіі, што адсутнасць такога пашпарта з часам пачала ставіць Беларусь у загадзя няроўныя ўмовы з іншымі краінамі пры экспарце племянной прадукцыі або матэрыялу за мяжу.

У сваю чаргу, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы падкрэсліў у ходзе абмеркавання змен у закон, што павышэнне эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўлі ўяўляе не толькі вузкаведамасны інтарэс. Паспяховае развіццё гэтай галіны будзе спрыяць павышэнню экспартнага патэнцыялу ўсёй аграрнай галіны Беларусі. На думку Міхаіла Русага, генетыка — гэта найважнейшы кірунак АПК, залаты запас краіны.

Былі зацверджаны папраўкі ў шэраг іншых законаў і дагавораў. Як сказаў пасля завяршэння работы сесіі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, большасць прынятых законапраектаў датычылася знешнеэканамічнай дзейнасці. Напрыклад, ратыфікаваны пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 года. У выніку павялічацца ўвазныя мытныя пошліны для Беларусі. Важнымі з'яўляюцца папраўкі ў Закон аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага паражэння, у дагавор паміж Беларуссю і Малдовай аб сацыяльным забеспячэнні.

Сяргей Рачкоў так падагульніў вынікі работы другой сесіі Савета Рэспублікі: усе законапраекты ідуць ад жыцця, працуюць на эканоміку і беларускіх грамадзян.

Леанід Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.