Вы тут

«Вёска Журавы. Ты прабач, што цябе мы пакінулі...»


Да Чарнобыля Журавы былі невялікай, усяго 56 двароў, каларытнай вёсачкай з саўгаснымі пабудовамі і кузняй пры дарозе. Людзі жылі дружна, разам спраўлялі вяселлі, расцілі дзяцей, праводзілі ў апошні шлях знаёмых і сваякоў. Звычайны рытм жыцця парушыла агульная бяда, якая атруціла гэтыя землі.


Вёска была выселена, а хаты амаль усе закапаны. Толькі двое старых адмовіліся пакідаць родную зямлю. Дзед рашыўся на пераезд толькі ў 2002 годзе, калі памерла яго жонка. І яшчэ адзін дом стаў месцам сустрэч для былых вяскоўцаў — як птушкі цягнуцца да сваіх родных гнёздаў, так і жураўцы не хочуць развітвацца са сваёй малой радзімай. Цікава, што амаль 60 % жыхароў былой вёскі таксама маюць красамоўнае прозвішча Жораў.

Уладзімір Жораў, які ў 1989 годзе разам з жонкай і двума сынамі, малодшаму з якіх тады было паўтара года, пераехаў у гарадскі пасёлак Глуск. Менавіта гэты чалавек  натхніў былых жыхароў аб'яднацца і неяк ушанаваць родную вёску, бо тыя сустрэчы падчас Радаўніцы не маглі замяніць жывых стасункаў — кожны прыязджаў да сваіх памерлых, і пагутарыць за жыццё, як гэта было ў лепшыя часы, не атрымлівалася.

З датай вызначыліся адразу — свята Івана Купалы, што адзначаецца ў ліпені. Раней вясковая моладзь у гэтую таямнічую ноч гуляла ад душы, — а такое не забываецца.

— У маей тэлефоннай кніжцы некалькі дзясяткаў прозвішчаў маіх землякоў, — усміхаецца Уладзімір Мікалаевіч. — Мы напярэдадні імкнёмся стэлефанавацца, але часцей за ўсё нікому пра гэта і нагадваць не трэба. Усе чакаюць сустрэчы. Прыязджаем у суботу і раз'язджаемся толькі на наступны дзень — у нядзелю. Мы нават спецыяльныя сталы і лаўкі зрабілі, каб сядзець разам. Шашлыкі смажым, шурпу робім, юшку — стол ломіцца ад рознай смакаты. Як і раней, ноч за нашымі размовамі пралятае непрыкметна. А днём ходзім па вёсцы, і кожны прыпыняецца там, дзе быў яго дом. Вельмі ўсё гэта балюча.

Летась на скрыжаванні вёскі, дзе раней вуліца раздзялялася на дзве — адна ішла прама, а другая ўбок — жураўцы ўстанавілі памятны камень з кранальным надпісам: «Вёска Журавы. Ты прабач, што цябе мы пакінулі...» І дата, калі з'ехаў апошні жыхар, Іван Жораў, —2002 год. На мерапрыемстве прысутнічалі раённыя ўлады, гучалі кранальныя словы пра агульную памяць і любоў да родных мясцін.

Гэты камень стаў другім знакам памяці любай сэрцу вёсачкі. Перад гэтым непадалёк быў зроблены невялічкі пагорак і ўстаноўлены крыж, які асвяціў настаяцель Выдрынскай царквы айцец Віктар.

У гонар аднавяскоўцаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны

А сёлета Уладзімір Жораў нарэшце выканаў загад свайго бацькі Мікалая Макаравіча, ушанаваў памяць загінулых на вайне землякоў. Бацька казаў пра гэта яшчэ да Чарнобыля, а потым памёр. Сын спачатку абышоў старажылаў, каб занатаваць прозвішчы. І адзін з іх, Міхаіл Васільеў, які добра ведаў усіх тых герояў, пайменна пералічыў прозвішчы і імёны 42 чалавек. Калі Уладзімір Жораў звяраў гэты спіс з ваенкаматам, то высветлілася, што стары ніводнай памылкі не зрабіў.

Некалькі гадоў таму Уладзімір Мікалаевіч падняў пытанне захавання памяці землякоў на чарговай сустрэчы. І землякі яго падтрымалі. Пранікнёныя словы для жураўцаў, якія не вярнуліся з вайны, напісаў вядомы журналіст Навум Сандамірскі.

— Мы думалі ўстанавіць гэты помнік на 9 мая, але пабаяліся, што з-за каранавіруса свята перанясуць, — кажа суразмоўца. — Таму ў пазамінулую суботу мы яго ўжо паставілі на нашай вясковай пляцоўцы, непадалёк ад крыжа і каменя ў гонар вёскі. А заадно ўстанавілі яшчэ адзін памятны знак, дзе схематычна абазначылі нашу вёску. Мастак Валерый Васілеўскі з двух фота зрабіў карцінку, на якой кожны жыхар цяпер з лёгкасцю пазнае мілы сэрцу родны кут. Пад малюнкам напісана: «Вёска Журавы. Астравок памяці».

Уладзімір Жораў разам з сынам Андрэем.

У тым, што яна будзе доўгая, Уладзімір Жораў не сумняваецца. Бо ў справу ўключылася ўжо і моладзь. З дастаўкай помнікаў дапамаглі яму сыны Андрэй і Дзмітрый, якія хоць і не паспелі ўлюбіцца ў вёску так, як іх бацька, але ж там нарадзіліся. Гэтыя знакі далёка відаць з дарогі. Цяпер кожны, хто будзе праязджаць па трасе Краснаполле – Гомель, зможа прыпыніцца і пачытаць, што тут калісьці была прыгожая вёска пад не менш паэтычнай назвай Журавы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з дамашняга архіва Уладзіміра Жорава

Краснапольскі раён


Каментарый у тэму

Анжаліка Гоман, старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў:

— У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі раёна спынілі сваё існаванне 83 вёскі. Але выпадак з вёскай Журавы, калі самі жыхары ўшаноўваюць памяць вёскі, адзінкавы. У нас была задума паставіць на месцы выселеных вёсак памятныя знакі, але пакуль яе рэалізаваць не атрымалася. Жыхары Журавоў паказалі вельмі прыгожы прыклад. Першапачаткова яны ўстанавілі памятны знак, а цяпер, у 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі, ушанавалі памяць сваіх землякоў, якія не вярнуліся з вайны. Я вельмі ўдзячная гэтым людзям за іх любоў за малой радзімы. Яны прыязджаюць сюды штогод, прычым цэлымі сем'ямі — з унукамі і дзецьмі. Такая памяць — самая што ні на ёсць сапраўдная.

Загаловак у газеце: Востраў пад назвай Журавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?