Вы тут

За ацяпленне — дзве зарплаты. Як у iншых краiнах плацяць за «камуналку»


Цi ведалi вы, што 96 % беларусаў маюць жыллё ва ўласнасцi? Напрыклад, у той жа Германii такой нерухомасцю валодаюць толькi 43 % жыхароў, i наогул еўрапейцы аддаюць перавагу арэндным дамам. Беларусы аплачваюць толькi 20 % кошту цяпла, а ў Iталii за ацяпляльны сезон сям'я можа аддаць 2000 еўра. У Беларусi, як i ў Расii, можна атрымаць субсiдыю на аплату ЖКП, аднак нашы суседзi аплачваюць паслугi па рэальнай цане. I такiх нюансаў вельмi шмат. На рэальных прыкладах мы раскажам, як плацяць за «камуналку» ў iншых краiнах.


Iталiя

Кацярына з мужам i дачкой арандуюць кватэру (агульная плошча — 140 кв. м) на паўночным захадзе Iталii. Усе жыллёва-камунальныя паслугi аказваюць розныя кампанii. Адпаведна ад кожнай з iх прыходзiць i асобнае паведамленне. Лiчыльнiкi ўстаноўлены толькi на такiя паслугi, як газ i святло. Плата ж за ваду ўключана ў комплекс паслуг кампанii, якая абслугоўвае дом (на манер беларускiх таварыстваў уласнiкаў).

— Аднак iснуе пэўны нарматыў па спажываннi вады, i калi жыхары нашага дома яго перавысяць, то трэба будзе за гэта дадаткова заплацiць. Пры гэтым сума будзе раскiдана на роўныя часткi памiж усiмi, — тлумачыць Кацярына. — I такая сiстэма мне не зусiм зразумелая. Чаму наш сусед, якi жыве адзiн, павiнен заплацiць тую ж суму, што i мы? Калi ж мы вырашым паехаць у водпуск, то ад платы за ваду нас таксама нiхто не вызвалiць i пераразлiк нiхто не зробiць.

Сума аплаты гарачага водазабеспячэння пазначана ў паведамленнi за газ, таму што ў кватэры ўстаноўлена газавая калонка. За ацяпляльны сезон сям'я ў сярэднiм аддае 2000 еўра (крыху болей за 5400 бел. руб.), у мiжацяпляльны — 20 еўра (каля 54 бел. руб.) штомесяц. Плату за гэтую паслугу аўтаматычна спiсваюць з банкаўскай карткi.

— Цяпло тут вельмi дарагое, нягледзячы на тое што тэмпература паветра зiмой у сярэднiм складае каля 5-7 градусаў вышэй за нуль, — адзначае маладая мацi. — Мы як мага болей стараемся эканомiць, праз гэта ў кватэры можа быць вельмi вiльготна, i мы проста часцей праветрываем памяшканнi.

За святло сям'я штомесяц аддае 50 еўра (каля 135 бел. руб.), за ваду (акрамя той, што ўваходзiць у комплекс паслуг абслуговай кампанii) — 30 еўра (каля 80 бел. руб.) i 70 еўра (прыблiзна 190 бел. руб.) — за паслугi кампанii (сюды ўваходзiць таксама плата за ваду i вываз адходаў). Са слоў Кацярыны, сярэдняя заработная плата iтальянскiх жанчын складае 1000 еўра (прыблiзна 2700 бел. руб.), мужчын — 1500 (больш за 4000 бел. руб.).

Расiя

Жыхары суседняй краiны аплачваюць паслугi па рэальным кошце, а атрымаць субсiдыю могуць толькi тыя, хто аддае за «камуналку» больш за 22 % ад свайго сярэдняга даходу. Аднак у залежнасцi ад рэгiёна гэты парог можа быць меншы.

Паведамленне аб аплаце прыходзiць расiянам раз на месяц i не вельмi адрознiваецца ад беларускай версii. Дом пенсiянеркi Галiны, жыхаркi Санкт-Пецярбурга, абслугоўвае кiруючая кампанiя ТАА «Жылкамсервiс № 1 Неўскага раёна». Жанчына жыве адна, а плошча яе кватэры складае 31,90 кв. м. Нягледзячы на тое што ў кватэры прапiсаны два чалавекi, на аплату паслуг гэта нiяк не ўплывае. Расiйская «жыроўка» падзяляецца на некалькi блокаў — «Утрыманне i рамонт жылога памяшкання», «Камунальныя паслугi» i «Iншае». Ад першых двух Галiна адмовiцца не можа — паслугi з'яўляюцца абавязковымi, да неабавязковых адносяцца толькi радыё i тэлетрансляцыя (у беларускiм паведамленнi такiх паслуг нават няма).

У першы блок уваходзiць 18 паслуг — ад кiравання шмакватэрным домам да эксплуатацыi агульнадамавых прыбораў улiку. Сюды ж
адносяцца i ўсе агульнадамавыя затраты па водазабеспячэннi i электраэнергii. Напрыклад, тарыф на кiраванне шматкватэрным домам складае 3,39 рас. руб. (каля 0,11 бел. руб.) за адзiн квадратны метр. У лютым Галiна аддала за гэтую паслугу 108,14 рас. руб. (каля 3,65 бел. руб.). А вось ачыстка смеццеправода абышлася жанчыне ў 51,68 рас. руб. (каля 1,74 бел. руб.). Асобна ад смеццеправода аплачваецца вываз адходаў — па тарыфе 5,13 рас. руб. (прыблiзна 0,17 бел. руб.) за адзiн квадратны метр жылой плошчы. Як бачым, агульная плата за гэтыя паслугi залежыць ад плошчы кватэры, у нас жа — ад колькасцi зарэгiстраваных жыхароў. У «абавязковы» блок таксама ўваходзiць i абслугоўванне дамафона — у нашай краiне гэтая паслуга лiчыцца дадатковай, i беларусы маюць права адмовiцца ад яе.

Што ж датычыцца другога блока «Камунальныя паслугi», то ў яго ўваходзяць халоднае i гарачае водазабеспячэнне, паслугi каналiзацыi i ацяпленне. У лютым Галiна расходавала два кубаметры халоднай вады i тры кубаметры гарачай (у нас гарачую ваду лiчаць у гiгакалорыях). Тарыф на халоднае водазабеспячэнне i каналiзацыю аднолькавы i складае 31,58 рас. руб. (крыху болей за 1 бел. руб.), на гарачае — 105,92 (на беларускiя грошы гэта 3,57).

Самай жа важкай паслугай у пiцерскiм паведамленнi стала ацяпленне — жанчына аддала 1427,98 рас. руб. (каля 48 бел. руб.) за 0,8089 Гкал. У цэлым лютаўская «жыроўка» абышлася ёй у 3031,5 рас. руб. (каля 102 бел. руб). Пры гэтым мы выключылi адсюль плату за радыё, тэлетрансляцыю i адлiчэннi на капiтальны рамонт — яго ў Расii аплачваюць асобна (уносяць адразу ўсю суму цi дзеляць яе на некалькi частак).

Дарэчы, як адзначае Расстат, летась сярэдняя заработная плата ў Санкт-Пецярбургу склала 63 890 рас. руб. (каля 2150 бел. руб.),
а сярэдняя пенсiя на 1 студзеня 2020 года была прыкладна 18 000 рас. руб. (болей за 600 бел. руб.).

ЗША

Вольга жыве ў Фларыдзе, дзе арандуе жыллё ў прыватным жылым комплексе. Агульная плошча яе дома складае 220 кв. м, i жывуць там два чалавекi. Абслугоўваннем комплексу займаецца адна кампанiя, за што ўласнiкi цi арандатары дамоў уносяць пэўную плату. У абслугоўванне ўваходзяць такiя паслугi, як вываз адходаў, уборка тэрыторыi, стрыжка газонаў, утрыманне месцаў для паркоўкi, басейнаў ды iншае. Адмовiцца ад гэтых паслуг нельга — гэта з'яўляецца абавязковай умовай для пражывання ў такiх дамах.

Што датычыцца камунальных паслуг, то iх чатыры — электраэнергiя, халоднае i гарачае водазабеспячэнне, каналiзацыя. Адна кампанiя аказвае паслугi па электраэнергii, сюды ж уваходзiць i плата за цяпло (сiстэма ацяплення электрычная). Асобныя паведамленнi прыходзяць на спажыванне халоднай i гарачай вады, каналiзацыю. Цiкава, што прыбор улiку электраэнергii знаходзiцца на двары, а лiчыльнiк вады — у кампанii, якая яе пастаўляе. У Беларусi колькасць вады, якую спажылi, лiчаць у кубаметрах, у Амерыцы ж —
у галонах. Напрыклад, за месяц Вольга расходавала чатыры тысячы галонаў, што складае аж 15 кубаметраў вады.

Сярэднi кошт камунальных паслуг вагаецца каля 220 долараў (каля 620 бел. руб.) у месяц, але акрамя гэтага Вольга плацiць i за арэнду дома (1200 долараў, або каля 3000 бел. руб.), у якую ўваходзiць i яго абслугоўванне (вываз адходаў, прыборка тэрыторыi i iншае).

— Наконт сярэдняй заработнай платы сказаць цяжка, бо ў асноўным тут жывуць пенсiянеры i бiзнесмены, — адзначае Вольга.

Што кажуць эксперты?

У развiтых краiнах структура гарадскога жылля зусiм iншая, таму выбар кампанiй, якiя аказваюць паслугi насельнiцтву, значна большы. Гэта могуць быць прыватныя (валодаюць шматкватэрнымi дамамi i здаюць кватэры ў арэнду для атрымання прыбытку) i мунiцыпальныя (валодаюць шматкватэрнымi дамамi i здаюць кватэры ў арэнду для развiцця горада) жыллёвыя кампанii; прыватныя (будуюць дамы, валодаюць iмi i здаюць кватэры ў арэнду для атрымання прыбытку) i мунiцыпальныя (будуюць дамы, валодаюць iмi i здаюць кватэры для развiцця горада) жыллёва-будаўнiчыя кампанii. Iснуюць таксама жыллёвыя кааператывы, якiя купляюць шматкватэрныя дамы i перадаюць кватэры пайшчыкам (без права афармлення iх ва ўласнасць, каб вырашыць жыллёвую праблему) i жыллёва-будаўнiчыя кааператывы (будуюць дамы, валодаюць iмi i перадаюць кватэры пайшчыкам).

Акрамя гэтых арганiзацый, ёсць яшчэ кампанii па кiраваннi агульнай маёмасцю — яны могуць быць як прыватныя, так i мунiцыпальныя. I аказваюць яны толькi адну паслугу — кiраванне шматкватэрным домам. Астатнiя ж паслугi перакладзены на сэрвiсныя кампанii, якiя наймаюць хаус-майстроў, спецыялiстаў па прыборцы тэрыторыi, рамонце дома, вывазе адходаў, абслугоўваннi лiфтоў, iнжынерных камунiкацый ды iншым. Таксама гэта могуць быць групы кампанiй, дзе галоўнай з'яўляецца кампанiя па кiраваннi маёмасцю, а сэрвiсныя кампанii — яе даччынымi прадпрыемствамi. Акрамя таго, паслугi аказваюць энергетычныя кампанii, пастаўшчыкi вады i санiтарныя службы.

— Пры гэтым магiстральныя, кабельныя сеткi, сеткi водаправода i каналiзацыi належаць мунiцыпалiтэту, а пастаўшчыкi паслуг могуць быць як дзяржаўныя, так i прыватныя, — адзначае член праўлення Мiжнароднай асацыяцыi менеджменту нерухомасцi Генадзь КАЛЁНАЎ. — Усе паслугi аказваюць на канкурэнтнай аснове — пастаўшчыка выбiраюць у залежнасцi ад кошту i якасцi яго паслуг. Адказваюць за гэта менеджары кiруючых кампанiй, якiя навучаюцца сваёй спецыяльнасцi на працягу трох гадоў i здаюць экзамен у Гандлёва-прамысловай палаце.

Спецыялiст адзначае, што для ўласнiкаў жылля развiтых краiн не iснуе нiякiх iльгот на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Каб пагасiць доўг па аплаце, iм неабходна будзе прадаць сваю ўласнасць — гэта можа быць аўтамабiль, кватэра цi лецішча. Калi ж маёмасцi няма, то можна, стаўшы арандатарам, у крайнiм выпадку атрымаць поўнае вызваленне ад аплаты арэнды i ЖКП цi панiжальны каэфiцыент на аплату арэнды i субсiдыю на аплату ЖКП у залежнасцi ад даходаў. Пры гэтым рознiцу будзе пагашаць дзяржава.

— У краiнах СНД амаль усё гарадское насельнiцтва з'яўляецца ўласнiкамi жылля, арэнднага жылля i «сапраўдных кааператываў» няма, таму субсiдыi даюць усiм жыхарам у залежнасцi ад агульнага даходу сям'i, — тлумачыць Генадзь Генадзевiч. — А вось сярэднi кошт паслуг у еўрапейскiх краiнах залежыць ад розных фактараў — ад геаграфiчнага становiшча, канструкцыi шматкватэрнага дома, ацяпляльнага абсталявання i заработнай платы.

Напрыклад, пакет жыллёва-камунальных паслуг для кватэры, якая знаходзiцца ў капiтальна адрамантаваным шматкватэрным доме берлiнскага раёна Марцан-Хёлесдорф, можа складаць 1,2 еўра (каля 3,25 бел. руб.) у месяц у пералiку на 1 кв. м. У Мюнхене гэтая лiчба можа павялiчыцца да трох еўра (крыху болей за 8 бел. руб.). Пры гэтым заработная плата (да вылiку ўсiх падаткаў i збораў) хаус-майстра ў Берлiне можа быць 1400 еўра (каля 3800 бел. руб.), а ў Мюнхене — 3800 еўра (каля
10 300 бел. руб.).

— У Кiтаi i некаторых краiнах Еўрасаюза для аплаты рэсурсаў выкарыстоўваюць дэпазiтную сiстэму — у прыбор улiку ўстаўляюць спецыяльную картку, на якой павiнны быць грошы. Калi ж яны канчаюцца, то аказанне паслугi адразу спыняецца. Таму ў такiх выпадках запазычанасцi па аплаце не можа быць у прынцыпе. Астатнiя ж паслугi аплачваюць авансам на рахунак аб'яднання ўласнiкаў цi ўласнiка арэнднага дома любым спосабам за выключэннем наяўных грошай. Больш за тое, штомесячная сума вядома наперад на ўвесь год, — расказвае Генадзь Калёнаў. — Калi чалавек не плацiць за паслугi, то яму аўтаматычна адключаюць газ, электраэнергiю i ваду, а што датычыцца астатнiх паслуг, то менеджа р кiруючай кампанii праводзiць размову з даўжнiком, абмяркоўвае з iм план спагнання запазычанасцi, i калi гэта не прыносiць вынiк, то ён падае ў суд, i ўласнiка вымушаюць прадаць кватэру. Арандатараў жа высяляюць толькi ў тым выпадку, калi ў iх ёсць магчымасць заплацiць, а яны гэтага не робяць. Калi ж яны змогуць даказаць адсутнасць даходаў (а гэта трэба пацвярджаць пастаянна), то частку запазычанасцi пагасiць дзяржава.

Валерыя КIСЛАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.