Вы тут

​Алiмпiйскi чэмпiён Уладзiмiр Камiнскi адзначыў 70-годдзе


Ён нарадзiўся ў невялiкай вёсачцы Цна пад Мiнскам. У сваёй сям'i быў малодшым дзiцем i не вылучаўся асаблiвай фiзiчнай падрыхтоўкай. Больш за тое, у пяцігадовым узросце хлопчыку зрабiлi аперацыю — выдалiлi пахвiнную грыжу. Пасля гэтага ў яго будзе яшчэ шмат праблем са здароўем i аперацыйных умяшанняў, але гэта не перашкодзiць дамагчыся вялiкага поспеху.


Веласпортам у сям'i Камiнскiх першым пачаў займацца старэйшы брат Уладзiмiра — Леанiд, за iм i сярэднi — Анатоль. Браты нават выйгралi адзiны залаты медаль сярод беларусаў у каманднай гонцы на 75 км на спартакiядзе народаў СССР сярод калектываў фiзкультуры, прадстаўляючы каманду «Камвольшчык». Але нi пра якую спартыўную кар'еру гаворка ў сям'i Камiнскiх не iшла. «У вёсцы, дзе я вырас, кожны хлопчык ганяў мяч i марыў пра лаўры вядомага гульца, — успамiнае Уладзiмiр Уладзiмiравiч. — Наша падлеткавая футбольная каманда перамагала нават у раённых спаборнiцтвах, абыгрывала больш вопытных сапернiкаў».  Але ў спартыўную секцыю Уладзiмiр трапiў толькi падчас вучобы ў Мiнскiм электратэхнiкуме сувязi. Тады ён мог выбраць розныя кiрункi, але пайшоў у лыжныя гонкi, дзе надоўга не затрымаўся. Пасля гэтага лёс усё ж такi прывёў яго ў спартакаўскую секцыю веласпорту.

Першыя поспехi прыйшлi даволi хутка. Спачатку Уладзiмiр Камiнскi выйграў iндывiдуальную гонку на 25 км на першынстве БССР сярод спецыяльных навучальных устаноў, i з гэтага пачаўся прафесiйны спорт. У той час ён трэнiраваўся пад кiраўнiцтвам Леанiда Корбута. У вынiку iх работы прыйшлi i наступныя поспехi — перамогi ў iндывiдуальнай i каманднай гонках на першынстве СССР сярод сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Пасля Уладзiмiра забралi ў войска. Адслужыўшы, ён працягнуў сваю кар'еру ўжо пад кiраўнiцтвам iншага вядомага спецыялiста — Леанiда Шаляшнёва.

Асабісты трэнер У. Камінскага  Леанід Корбут (злева).

У 1974 годзе Уладзiмiр Камiнскi ўпершыню ўвайшоў у склад зборнай СССР па камандных велагонках на чэмпiянаце свету ў Канадзе, дзе каманда заняла другое месца, саступiўшы дзве секунды шведскай зборнай. «Канкурэнцыя за месца ў зборнай была жорсткая. У СССР на той момант выступалi добрыя велагоншчыкi, але ў галоўную каманду траплялi найлепшыя з найлепшых», — расказвае Уладзiмiр Уладзiмiравiч. У 1975 годзе каманда з яго ўдзелам зноў заняла другое месца пасля зборнай Польшчы. А ўжо ў 1976-м на Алiмпiйскiх гульнях у Манрэалi зборная, у якую ўваходзiлi Камiнскi, расiянiн Валерый Чаплыгiн, украiнец Анатоль Чуканаў i эстонскi спартсмен Аава Пiкуус, нарэшце заваявала «золата», абагнаўшы каманду з Польшчы на 20 секунд. «У Канадзе спаборнiчала шмат моцных камандаў: палякi, чэхi, немцы, шведы... А мы ледзь не былi дысквалiфiкаваныя з-за праблем з колерам формы: колеры каўняра i рукавоў не адпавядалi рэгламенту. Здагадалiся iх падвярнуць. Гэта сапраўды была сур'ёзная перамога, якая ў тым лiку шмат значыла для беларускага веласпорту», — успамiнае Уладзiмiр Уладзiмiравiч.

Камiнскi мог выступiць i на наступнай Алiмпiядзе 1980 года ў Маскве — ён быў вельмi добра да яе гатовы. Аднак кiраўнiцтва вырашыла, што Уладзiмiр ужо ўзроставы спартсмен, на той момант яму было 30... Такiм чынам, другой Алiмпiяды ў яго жыццi не здарылася.

«У любой сферы дзейнасцi поспеху дамагаецца той, хто шмат працуе або трэнiруецца. Веласпорт — не самы просты вiд, але я ўмеў трываць, меў добрую цягавiтасць i змог дабiцца таго, пра што вясковым хлапчуком i не марыў», — кажа суразмоўнік.

Пасля спартыўнай кар'еры Камiнскi выбраў для сябе нестандартны працяг — стаў выкладчыкам у Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце фiзiчнай культуры, дзе працуе i сёння. «Пачынаў малодшым навуковым супрацоўнiкам у лабараторыi Беларускага дзяржаўнага iнстытута фiзкультуры, якi на той момант быў ВНУ. Затым абаранiў кандыдацкую», — зазначае Уладзiмiр Уладзiмiравiч. Сёння ён з'яўляецца прафесарам кафедры веласiпеднага, канькабежнага i коннага спорту, кандыдатам педагагiчных навук, дацэнтам, ганаровым членам НАК Рэспублiкi Беларусь.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Поспеху дамагаецца той, хто шмат працуе»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.