Вы тут

Трэнер па боксе Сяргей Асанаў: Не будзем дражнiць удачу. Як выхаваць сына-чэмпiёна i што такое судзiць паядынкi на Алiмпiйскiх гульнях


Ён — трэнер вышэйшай катэгорыi па боксе, суддзя мiжнароднага класа, алiмпiйскi рэферы, якi ўваходзiць у дзясятку найлепшых суддзяў свету. Сяргей Асанаў працаваў на Алiмпiядзе ў Лондане i стаяў каля вытокаў адкрыцця секцыi бокса ў Маладзечне, яго выхаванцы сталi майстрамi спорту, а сын Дзмiтрый Асанаў цяпер з'яўляецца адным з самых перспектыўных баксёраў Беларусi. У студзенi Сяргей Леанiдавiч узначалiў нацыянальную зборную Беларусi па боксе, цяпер наша каманда рыхтуецца да Алiмпiйскiх гульняў у Токiа менавiта пад яго кiраўнiцтвам. У сакавiку турнiр алiмпiйскай квалiфiкацыi, дзе беларускiя спартсмены змагалiся за лiцэнзii ў Токiа, быў спынены праз пандэмiю каранавiруса. Як гэта адаб'ецца на алiмпiйскiм руху i на спартсменах, якiя трапяць на Гульнi, чаму Асанаў больш не можа судзiць на Алiмпiядзе i якiм рос яго сын Дзмiтрый, Сяргей Леанiдавiч расказаў у iнтэрв'ю «Звяздзе».


Сяргей Леанідавіч з сынам і яго трэнерам Юрыем Чуйко.

«Для ўсяго сусветнага спорту — гэта стрэс»

— Сяргей Леанiдавiч, цяпер, як i многiя зборныя, баксёры знаходзяцца на каранцiне?

— Так, мы размясцiлiся на спартыўнай базе «Стайкi», тут сабраны шматлiкiя нацыянальныя каманды па розных вiдах спорту. Трэнiруемся, працягваем падрыхтоўку. Тут створаны ўсе ўмовы i для работы, i для адпачынку. Мы выконваем рэкамендацыi i пастановы Мiнiстэрства спорту i турызму, а таксама Мiнiстэрства аховы здароўя: нiякiх кантактаў з iншымi людзьмi, нiякiх выездаў у горад.

— Алiмпiйская квалiфiкацыя ў Лондане была спыненая з-за пандэмii, гэта неяк паўплывае на тое, якiя спартсмены будуць спаборнiчаць на Алiмпiядзе?

— Вядома. Хтосьцi, не чакаючы Алiмпiяды, ужо сыходзiць у прафесiяналы, для ўзроставых спартсменаў перанос Гульняў на год таксама нялёгкi. Але, з iншага боку, камусьцi гэта можа пайсцi на карысць, дасць больш часу на падрыхтоўку. Увогуле, для ўсяго сусветнага спорту гэта стрэс, але мы не хвалюемся, рыхтуемся, бо для ўсiх умовы аднолькавыя.

— Што чакаць беларускiм балельшчыкам ад нашых спартсменаў? Цi шмат лiцэнзiй яны здольныя заваяваць?

— На сённяшнi дзень у нас няма нiводнай пуцёўкi. Турнiр адмянiлi за дзень да баёў беларусаў. Раней часу не хочацца казаць, колькi лiцэнзiй будзе, — час пакажа, рыхтуюцца ўсе. Многiя спецыялiсты ў Лондане ўбачылi, што беларуская каманда — гэта моцны арэшак,
у нас добры калектыў. Нават баксёры, якiя прайгралi свае баi, паказалi вельмi добрую работу, але пакуль не будзем дражнiць удачу.

— Вы змянiлi судзейства i трэнерскую працу з дзецьмi на зборную краiны...

— Шматлiкiя спецыялiсты i раней казалi, што мне ўжо час працаваць з асноўнай камандай. Цяпер, напэўна, ён настаў.
У зборнай якраз быў складаны перыяд, многiя спартсмены не хацелi ехаць на зборы, каманда распадалася. Трэба было пераключыць iх, таму вырашылi памяняць трэнерскi калектыў i галоўнага трэнера, прапанавалi гэтую пасаду мне. Зараз, здаецца, усё iдзе нармальна.

— Як сябе адчуваеце ў новым амплуа?

— Раней я працаваў i з падрастаючымi спартсменамi, i з дарослымi, праходзiў многiя этапы з уласным сынам. Цяпер у нас у камандзе шмат узроставых спартсменаў, таму мы стараемся рабiць акцэнт на моладзь, робiм новую каманду з прыцэлам на будучыя Алiмпiйскiя гульнi, таму што склад на такiйскiя Гульнi ўжо вызначаны.

«Кажуць, спорт па-за палiтыкай — гэта дакладна не пра Алiмпiяду»

— Вашу судзейскую кар'еру давялося спынiць з-за таго, што нельга сумяшчаць работу ў зборнай i судзейства?

— Сумяшчаць можна, але на самым высокiм узроўнi гэта рабiць складана. Напрыклад, узяць Алiмпiяду, калi я адабраўся на Гульнi ў Рыа-дэ-Жанейра, прайшоў увесь этап падрыхтоўкi. Непасрэдна перад самiм турнiрам прадстаўнiкi Мiжнароднага камiтэта паведамiлi, што не могуць узяць мяне на спаборнiцтвы праз тое, што там таксама будзе баксiраваць мой сын. На цяперашнюю Алiмпiяду я таксама трапляў у судзейскi склад, але яны ўвесь час хадзiлi i пыталiся: «Як там сын, трэнiруецца?» Я разумею, што можа адбыцца тое ж самае, што i перад Рыа, таму вырашыў, што лепш пераключыцца на зборную. Але судзiць па-ранейшаму магу, праўда, турнiры ўзроўнем нiжэй.

— Што самае складанае для вас у рабоце рэферы?

— Самы цяжкi турнiр — гэта, вядома, Алiмпiйскiя гульнi ў Лондане. Сярод суддзяў лiчыцца, калi адсудзiў Гульнi, ты алiмпiйскi чэмпiён сярод рэферы. Гэта велiзарная школа, але для мяне гэта былi найгоршыя спаборнiцтвы за ўсю кар'еру. Кажуць, спорт па-за палiтыкай, але гэта дакладна не пра Алiмпiяду. Там вельмi шмат палiтыкi, вельмi шмат маральнага цiску i нагнятання, за гэтым назiрае ўвесь свет. Першыя днi суддзi хадзiлi са словамi «супер, як тут крута», а потым хацелася, каб гэта ўсё хутчэй скончылася i хутчэй можна было з'ехаць. Я адсудзiў больш за дзясятак чэмпiянатаў свету, чэмпiянаты Еўропы наогул не злiчыць, але Алiмпiйскiя гульнi, вядома, запамiнаюцца больш за ўсё.

«Спачатку людзi проста хочуць навучыцца бiць твары»

— На каго пакiнулi сваiх вучняў у Маладзечне? Секцыя пад вашым кiраўнiцтвам працавала там з 1999 года.

— I працягвае працаваць. У Маладзечне застаўся трэнер Сяргей Любiмцаў, якi працаваў там са мной раней. Прыйшоў яшчэ адзiн малады настаўнiк, ён мясцовы, раней быў трэнерам па тайскiм боксе, потым стаў старшым трэнерам па жаночым боксе Мiнскай вобласцi. У яго вельмi шмат добрых дзяўчынак, адна з iх стала прызёрам чэмпiянату Еўропы. Так што з дзецьмi ёсць каму займацца.

— Адкрыць у Маладзечне секцыю бокса было вашай iнiцыятывай?

— Першапачаткова там была спартыўная школа, дзе культывавалася шмат вiдаў спорту. Калi я пачынаў працаваць трэнерам, вырашылi адкрыць яшчэ i бокс. Пасля вынiкаў Дзiмы (сына Сяргея Леанiдавiча. — «Зв.») яе зрабiлi спецыялiзаванай школай алiмпiйскага рэзерву, а цяпер там засталiся толькi два вiды спорту — барацьба i бокс.

— Гэтыя вiды карыстаюцца папулярнасцю ў Маладзечне?

— Раней у мяне нiколi не было праблемы з наборам, нiколi не хадзiў па школах. Проста даваў аб'яву, i народу было вельмi шмат. Цяпер моладзь стала камп'ютарная, усюды з тэлефонамi. Чаму не быў на трэнiроўцы? Загуляўся ў камп'ютары. Сёння iх вельмi цяжка прыцягнуць да спорту, i гэта датычыцца не толькi бокса. А тым больш бокс — гэта цяжкi вiд спорту. Спачатку людзi прыходзяць i хочуць проста навучыцца бiць твары, але калi пачынаюцца заняткi, разумеюць, што гэта вельмi цяжка, таму не кожны застаецца. Амерыканскiя даследчыкi высветлiлi, што бокс уваходзiць у тройку найцяжэйшых вiдаў спорту. Застаюцца працаўнiкi, у асноўным хлопцы, якiя прыязджаюць з вёсак. У iх адзiн выхад у людзi — праз спорт. Але мы ўсё роўна стараемся штосьцi расказваць дзецям, матываваць асабiстым прыкладам Дзiмы — ён прыязджае ў Маладзечна, праводзiць турнiр на свае прызы, сам асабiста купляе падарункi.

— Вы трэнер са шматгадовым стажам. Можаце разгледзець у дзiцяцi здольнасцi i перспектыву?

— Так, дзецi прыходзяць, i па iх адразу вiдаць, хто здольны. Пачынаеш даваць тэхнiку — усё класна, калi яны пачынаюць адзяваць пальчаткi, станавiцца ў пары, яшчэ нармальна, але калi пачынаюцца баi, спаборнiцтвы, у кагосьцi ўзнiкаюць унутраныя канфлiкты на фоне iнстынкту самазахавання, хтосьцi баiцца. У экстрэмальных сiтуацыях многiя ламаюцца. А нехта ходзiць, нiчога не робiць, але дамагаецца поспеху за кошт характару. Характар iграе вельмi вялiкую ролю, таму заўважыць перспектыўных дзяцей можна, але галоўнае — развiць у iх iмкненне.

«Дробязям — асаблівая ўвага»

— У сваiм сыне Дзiму вы адразу разглядзелi здольнасцi?

— Ён пачынаў ездзiць са мной па спартыўных лагерах з трох гадоў. Я не хацеў, каб сын займаўся боксам, таму Дзiма гуляў у футбол. У яго вельмi добра атрымлiвалася, трэнеры казалi: «Толькi не забiрай яго ў нас». Потым, гляджу, ён у боксе ўсё робiць: i бой з ценем, i ўдары добра атрымлiваюцца. Хоць яму нiхто нiчога не паказваў. Я пачаў удзяляць яму больш увагi i тады ўжо разумеў, што з сына можа атрымацца добры баксёр. Тым не менш працягваў казаць, каб iшоў гуляць у футбол. У больш сталым узросце Дзiма прыйшоў i сказаў: «Тата, яны ўсе гультаi, я адзiн бегаю, а яны ўсе стаяць. Лепш я буду сам за сябе». I мы пачалi працаваць больш.

— Цi складана трэнiраваць сваё дзiця?

— Тут 50 на 50. Для мяне нармальна: здаецца, што нiчога складанага няма, я хвалююся за яго, як i за любога iншага вучня. Доля ў мяне такая, камусьцi ж трэба гэта рабiць.

— Цяпер, калi Дзiма стаў ужо дарослым, тытулаваным спартсменам, у вас бываюць канфлiкты на глебе бокса?

— Канфлiктаў дакладна няма, бываюць спрэчныя сiтуацыi. Дзесьцi ён мне кажа: «Тата, мне тут лепш так». Я тлумачу: зараз табе так лепш, а на высокiм узроўнi так будзе горш. Таму што там усе роўныя, усе ўсё ўмеюць i ўсё заключаецца ў дробязях. Хтосьцi трохi хутчэйшы, хтосьцi больш спрытны, хтосьцi трохi мацнейшы. I ўсё гэта ледзь-ледзь — хто гэтыя дробязi робiць лепш, той i перамагае.

— Сваю Алiмпiяду ў Рыа Дзiма прызнае як няўдалую (пацярпеў паражэнне ў 1/8 фiналу) — вы як ставiцеся да гэтага?

— Так, там на яго плечы занадта шмат нагрузiлi, хоць на той момант яму споўнiлася ўсяго 19 гадоў. Калi я прыехаў у Рыа, ён хадзiў сам не свой. Калi выйграў першы бой, я спытаў: што ты наогул рабiў? Гэта ж не твой бокс! Ён кажа: «Я ведаю, але ўсе мне кажуць, што я павiнен, павiнен, павiнен». I гэта перагрузiла, вядома. Чыста псiхалагiчна ён зламаўся. Пасля Алiмпiяды сапернiка, якому Дзiма прайграў у Рыа, ён перамагаў на iншых турнiрах без пытанняў. Алiмпiяда — гэта асобнае спаборнiцтва, дзе бывае, што чэмпiён свету, лiдар прайграе спартсмену без iменi. Трэба быць вельмi моцным псiхалагiчна, таму ў нас у камандзе цяпер з'явiўся псiхолаг, якi працуе са зборнай i вельмi моцна дапамагае. З iншага боку, Алiмпiяда ў Рыа — гэта вялiкi вопыт для Дзiмы. За апошнiя два гады ён не прайграў нi аднаго бою, перайшоў у iншую вагавую катэгорыю (60 кг). Цяпер катэгорыi зноў памянялi, у сусветным рэйтынгу ў вазе 60 кг Дзiма нумар адзiн у свеце. Але мы вырашылi перайсцi ў вагу 63 кг, там ён ужо выйграў чэмпiянат свету для ваенных i зараз знаходзiцца ў добрай форме. Сёння Дзiма — адзiн з галоўных прэтэндэнтаў на ўдзел у Алiмпiйскiх гульнях.

— Пасля няўдалай Алiмпiяды ў яго была спакуса сысцi ў прафесiяналы?

— Так, было вельмi шмат званкоў яшчэ да Алiмпiяды, адразу пасля Еўрапейскiх гульняў у Баку, дзе ён стаў другiм. Тэлефанавалi з ЗША, але мы цвёрда вырашылi — i ўсiм сказалi пра гэта, — што да наступнай Алiмпiяды застаёмся ў алiмпiйскiм боксе. Ён жа яшчэ малады. Цяпер таксама шмат прапаноў ад моцных прамоўтарскiх кампанiй, якiя вядуць вельмi добрых баксёраў. Думаем, што пасля Алiмпiяды ў Токiа ён ужо будзе пераходзiць у прафесiяналы.

— Чаго на цяперашнi момант не хапае Дзiму, на ваш погляд?

— Сказаць, што ўсё ёсць, нельга, бо на дасягнутым спыняцца нельга. Тут патрэбна ўдача, каб усё склалася. Па яго рабоце сказаць нiчога не магу, ён вельмi шчыруе. I ў зборнай цяпер ён падцягнуў за сабой усiх астатнiх, каманда запрацавала, усе сталi рвацца. Раней у другiм раўндзе яны яшчэ дыхалi, а пасля пачыналi хапацца, атрымлiваць папярэджаннi, а цяпер каманда стала дыхаць ад пачатку i да канца. Гэта было вiдаць па тым турнiры ў Лондане: беларускiя спартсмены сталi паказваць зусiм iншы бокс.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».