Вы тут

У Беларусі можа быць створаны гарбарны холдынг


Сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў у чарговы раз разгледжана пытанне аб развіцці гарбарнай галіны.


«Эфектыўнасць працы гарбарных арганізацый застаецца на нізкім узроўні»

На пачатку нарады прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас нагадаў, што з 2020 года рашэннямі Савета Міністраў уведзены дзяржзаказ на скураную сыравіну, знятыя ўсе забароны і дадзена магчымасць рэалізоўваць незапатрабаваны рэсурс нізкагатунковай сыравіны шляхам выстаўлення на біржавыя таргі.

«Як паказваюць лічбы, з пачатку года сітуацыя ў гарбарнай галіне некалькі палепшылася, але разам з тым усе праблемныя пытанні не знятыя, і эфектыўнасць працы гарбарных арганізацый, на жаль, застаецца пакуль на нізкім узроўні», — адзначыў прэм’ер.

На пасяджэнні разгледжаныя пытанні стабілізацыі ў галіне, прааналізавана, як спрацавалі прынятыя раней рашэнні, і прыняты новыя. Кіраўнік Савета Міністраў звярнуў увагу, што да складанасцяў сітуацыі дадаліся пытанні, звязаныя з пандэміяй COVID-19: шматлікія замежныя спажыўцы скураных тавараў прыпынілі працу, некаторыя айчынныя пераходзяць на рэжым няпоўнай занятасці.

«Але адначасова такія складаныя ўмовы — гэта і новыя магчымасці для гарбарнай галіны», — падвёў вынік Сяргей Румас.

У Беларусі можа быць створаны гарбарны холдынг

Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна ў размове з журналістамі пагадзілася, што беларуская гарбарна-абутковая галіна цягам апошніх гадоў сутыкнулася са шматпланавымі праблемамі — ад кампетэнцый спецыялістаў і кіраўнікоў сферы да тэхналогіі, якая мусіць адпавядаць патрабаванням часу і пастаянна развівацца.

«Мы кладзем у аснову менавіта распрацоўку новых асартыментаў, артыкулаў, відаў», — дадала Таццяна Лугіна.

Яшчэ адзін кірунак развіцця — маркетынг і менеджмент, стратэгія продажаў, стварэнне глабальнай сеткі рэалізацый.

«Прадукт мусіць адпавядаць патрабаванням і чаканням канчатковага спажыўца — буйных абуткоўцаў як унутранага, так і знешняга рынкаў, галантарэйшчыкаў. Мы самі бачым, як растуць патрабаванні спажыўца да тых жа жаночых і мужчынскіх сумак», — прывяла прыклад старшыня канцэрна.

Па яе словах, яшчэ летась прыняты шэраг адпаведных мераў, распрацаваныя кароткатэрміновая праграма і стратэгічны план па стабілізацыі стану прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. На пасяджэнні прэзідыума падведзены вынікі першага квартала 2020 года.

«Сама меней, пераламіць сітуацыю падзення нам ужо ўдалося, хай невялікімі крокамі, але ёсць станоўчая дынаміка ў развіцці прадпрыемстваў, але стратэгічныя падыходы прапануюцца новыя — з пункту гледжання дзяржаўнасці. Падыходзіць да гарбарнай галіны як да бізнесу, які мусіць быць высокаэфектыўным і рэнтабельным, таму што гэта ва ўсім свеце так», — выказала меркаванне Таццяна Лугіна.

У прыватнасці, легпрамаўцы здолелі паменшыць запасы скураў на складах мясакамбінатаў практычна на дваццаць працэнтаў (на 8,6 працэнта прадпрыемствы ўзялі больш, чым замаўлялі першапачаткова). Дэбіторскую запазычанасць перад мясакамбінатамі зменшылі на 1100 тысяч.

«Сітуацыя кіруемая. На жаль, яна часта кіруемая за кошт адміністрацыйных рэсурсаў. Вы бачыце, што і працоўныя групы ствараюцца, створана група па даручэнні кіраўніка дзяржавы і ўрада. Пастаўлена задача сур’ёзная — навесці парадак, намацаць вектар, па якім трэба ісці, каб бізнес гарбарны ўсё ж такі быў бізнесам», — канстатавала старшыня “Беллегпрама”.

На пасяджэнні Таццяна Лугіна прапанавала ўраду стварэнне беларускага гарбарнага холдынга.

У новую структуру могуць увайсці Мінскі, Бабруйскі і Гродзенскі гарбарныя камбінаты, а таксама прадпрыемствы ў Магілёве, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.