Вы тут

Міністэрства аховы здароўя: На вялікія выхадныя просім усіх заставацца дома


Міністэрства аховы здароўя правяло чарговы стрым па найбольш актуальных тэмах і пытаннях аб COVID-19. Сёння да дыялогу далучыліся прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. 


​Паводле дадзеных на 22 красавіка, у Беларусі паправіліся ад каранавіруснай інфекцыі і выпісаны 769 чалавек. Усяго з пачатку ўспышкі зарэгістраваны 7281 пацыент з пацверджаным дыягназам COVID-19 (558 новых выпадкаў за апошнія суткі). За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі памерла 58 пацыентаў. З пачатку лютага ў краіне выканана 114 955 тэстаў, у кругласутачным рэжыме працуе 25 лабараторый, якія праводзяць праверку тэстаў на COVID-19.

Традыцыйна на найбольш актуальныя пытанні, якія часта задаюць медыкам, адказалі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя – галоўны пазаштатны інфекцыяніст, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў, намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Іна Карабан, галоўны пазаштатны дыетолаг Кацярына Пратасава, а таксама начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў – прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

– Калі ў Беларусі ўсім ахвотным можна будзе здаць тэсты на антыцелы да каранавіруса?

І. Карпаў: – Тэсты пачалі з’яўляцца ў краіне, яны ў рабоце. І ў нас ёсць пэўны вопыт выяўлення антыцелаў. Адзначу, што пераацэньваць іх дыягнастычнае значэнне не трэба. У нас маюцца дастаткова надзейныя методыкі для выяўлення дадзенага захворвання. Добра, калі з’яўляюцца тэсты, якія дазваляюць даследаваць і імунітэт, але падкрэслю, што з дыягнастычных пазіцый нашы тэсты нас цалкам задавальняюць.

І. Карабан:  – Будзе праведзена ацэнка гэтых тэстаў, прынята рашэнне па допуску ва ўстановы аховы здароўя, а таксама платна ці не можна будзе іх здаваць усім ахвотным.

– Калі каранавірус працякае бессімптомна, антыцелы могуць не выпрацоўвацца?

І.Карпаў: – Па-першае, бессімптомнае цячэнне COVID-19 здараецца не так часта, як пры іншых рэспіраторных вірусных захворваннях. Па-другое, бессімптомнае цячэнне ў меншай ступені ўплывае на выпрацоўку антыцелаў, чым можа здавацца. Тут вялікае значэнне мае імунны статус чалавека. Часта на цячэнне захворвання ўплывае інфіцыруючыя доза – колькасць віруса, які пранік у арганізм. Антыцелы выпрацоўваюцца ва ўсіх здаровых людзей. А вось калі імунітэт аслаблены, узнікаюць праблемы з іх выпрацоўкай, у такіх людзей захворванне працякае больш цяжка.

– Чым каранавірусная пнеўманія адрозніваецца ад іншых?

І. Карпаў: – Заўсёды ўзнікае пытанне паміж віруснай пнеўманіяй і бактэрыяльнай. Калі размова ідзе пра бактэрыяльную, мікраарганізмы выклікаюць запаленне, інтаксікацыю арганізма, павышэнне тэмпературы, пагаршэнне агульнага самаадчування. Лакальны бактэрыяльны працэс праходзіць па сваіх законах, і мы добра яго вызначаем: такое запаленне выслухоўвае ўрач, яго паказвае і рэнтгеналагічнае даследаванне – на здымку, як правіла, лакальныя, мясцовыя праявы.

Калі размова ідзе пра вірусную пнеўманію, у тым ліку і каранавірусную, парушаецца сасудзістая праніклівасць, працэс ідзе дыфузна (рассеянна, – «Зв».), а не лакальна. На камп’ютарнай тамаграфіі ўзнікае карціна з дыфузным паражэннем лёгкіх.

Нельга сказаць, што бактэрыяльная пнеўманія, асабліва пнеўмакокавая, працякае лягчэй. Гэта сур’ёзнае захворванне. Іншая справа, што пры бактэрыяльнай пнеўманіі эфектыўныя антыбіётыкі. Маюцца ў нас і дастаткова дзейныя супрацьвірусныя сродкі пры грыпозных змяненнях у лёгкіх. Ёсць, напрыклад,  добры прэпарат Флюстоп, які выпускаецца айчыннымі вытворцамі. І на жаль, у цяперашні час мы не можам сказаць, што існуе этыатропная тэрапія пры каранавіруснай інфекцыі. Але ў свеце маюцца напрацоўкі па лячэнні гэтай паталогіі.

– Якія ўскладненні выклікае каранавірус?

І. Карпаў: – Па-першае, развіваюцца больш цяжкія формы хваробы, асабліва ў сталых людзей – з пнеўманіяй, дыхальнай недастатковасцю. Пазалёгачныя ўскладненні ўзнікаюць значна радзей. Гэта сардэчныя ўскладненні, калі пацыенту патрабуецца падтрымка артэрыяльнага ціску інфузійнай тэрапіяй. Нечаста, але ўзнікае ныркавая недастатковасць. Ну і тое, што асабліва хвалюе спецыялістаў, якія займаюцца рэанімацыяй хворых, гэта так званы сіндром паліарганнай недастатковасці, калі функцыянальныя парушэнні маюцца з боку розных органаў і сістэм.

– Якімі лекамі лечаць COVID-19 у Беларусі? Гэта беларускія распрацоўкі ці рэкамендацыі СААЗ?

І. Карпаў: – Мы арыентуемся на рэкамендацыі СААЗ. Этыатропнага лячэння для элімінацыі віруса няма. Лекавыя сродкі ад ВІЧ-інфекцыі, якія абмяркоўваліся раней, не апраўдалі спадзяванняў. Сёння найбольш часта прымяняецца хларахін у спалучэнні з азітраміцынам. Тэрапіі, якая падыходзіць усім, няма.

– Ці ёсць у Беларусі асаблівасці цячэння каранавіруса, якіх не адзначаюць замежныя медыкі? Які працэнт пнеўманій у Беларусі?

І. Карпаў: – Мы не назіраем асаблівасцяў цячэння, захворванне развіваецца па тых жа законах, што і ва ўсім свеце. Пакуль рана ацэньваць працэнт пнеўманій, гэта залежыць ад выбаркі пацыентаў, колькасці абследаваных і тых, каму выконвалася КТ. Але частка пнеўманій працякае сур’ёзна.

– Па якіх крытэрыях урач вызначае, што COVID-19 можна лячыць амбулаторна?

– Калі пацыент пажылы з сур’ёзнымі фонавымі захворваннямі, калі можна меркаваць пра цяжкае цячэнне інфекцыі, размовы пра амбулаторнае лячэнне не ідзе. Калі гэта малады чалавек з малой клінічнай сімптаматыкай і нязначным прагрэсаваннем, з добрым імунітэтам, то лячэнне магчымае амбулаторна.

– Часам у стацыянары пацыента ўкладваюць на жывот, для чаго гэта робіцца?

І. Карпаў: – Гэта эфектыўная методыка, якая дазваляе пацыенту дыхаць і, што называецца, расправіць лёгкія. Наш галоўны рэаніматолаг выкладваў хворага на жывот, даваў больш інтэнсіўны паток кіслароду, і на вачах павялічвалася сітурацыя (насычэнне крыві кіслародам, – «Зв».).

– На якія сімптомы звярнуць увагу на самаізаляцыі? У якіх выпадках трэба выклікаць урача, а ў якіх можна папіць гарбаты з малінай?

І.Карпаў: – Самы часты сімптом каранавіруснай інфекцыі, які назіраецца ў амаль 90 %, – павышэнне тэмпературы. У такім выпадку трэба звяртацца па медыцынскую дапамогу. Урач павінен ацаніць цяжар стану, акрамя таго, узрост пацыента, фонавыя хваробы. Таксама важныя сімптомы – кашаль, цяжкае дыханне і задышка. Калі яны з’явіліся разам з павышэннем тэмпературы, чакаць не трэба, у такіх выпадках гарбата з малінай не дапамогуць.

– Якія правілы самаізаляцыі, калі жывеш разам з малымі дзецьмі ці пажылымі бацькамі?

І. Карабан: – Самаізаляцыя азначае, што ўсе 14 дзён нельга выходзіць з кватэры, варта замаўляць дастаўку прадуктаў, не кантактаваць з кур’ерам. А таксама абмежаваць кантакты з членамі сям’і – трымаць ад іх дыстанцыю ў 1–1,5 метра, часта мыць рукі, карыстацца антысэптыкамі, праветрываць памяшканне і рабіць вільготную прыборку. Пажадана, каб у вас быў асобны пакой і асобныя посуд, ручнікі, пасцельная бялізна і іншыя прадметы гігіены. Неабходна забяспечыць бескантактную перадачу ежы. Калі ёсць неабходнасць хадзіць па кватэры, то варта насіць маску і аднаразовыя пальчаткі.

– Калі каранавірус працякае ў лёгкай форме, ці можна выходзіць у магазін і аптэку?

І. Карабан: – Кватэру пакідаць нельга, бо вы з’яўляецеся крыніцай хваробы для навакольных.

– Чым апрацоўваць кватэру, калі хварэеш на каранавірус дома?

І. Карабан: – Вірус асядае на любыя паверхні. Таму ўборку варта рабіць часта – з любым мыючым сродкам, які маеце. Лепш у пальчатках, бо мыючыя сродкі ўздзейнічаюць на скуру рук.Таксама важна праветрыванне і апрацоўка  ўсіх прадметаў, якімі карыстаецца хворы – тэлефонных апаратаў, пультаў, камп’ютарнай клавіятуры і мышкі, санітарна-тэхнічнага абсталявання.

– Ці можна прынесці вірус з вуліцы на абутку і адзенні? Ці патрэбны дэзінфікуючыя дыванкі?

І. Карабан: – Няма даказаных дадзеных, што вірус перамяшчаецца з дапамогай абутку і вопраткі. Дыванкі выкарыстоўваюцца ў стацыянарах, дзе медперсанал пераходзіць з бруднай у чыстую зону, каб не дапусціць заносу віруса. У хатніх умовах у ім няма сэнсу.

— Як часта і доўга трэба апрацоўваць пад’езд, калі хтосьці ў самаізаляцыі?

І. Карабан: – Улічваючы, што самаізаляцыя прадугледжвае, што хворы не пакідае кватэру, дадатковай апрацоўкі не патрабуецца. Службы ЖКГ праводзяць прыборку штодзённа.

— Частка кампаній працуюць аддалена і кур’еры прывозяць на дом дакументы на подпіс. Ці павінны кур’ер і той, хто з імі працуе, быць у пальчатках?

І. Карабан: – У такіх выпадках мэтазгодна карыстацца электронным подпісам. Калі яго няма, асаблівых мер пры перадачы і рабоце з дакументамі не прадугледжана. Калі кур’ер клапоціцца пра здароўе, можа надзець маску і пальчаткі.

Частка вучняў займаецца дома, але настаўнікі просяць бацькоў раз на тыдзень прыносіць сшыткі на праверку. Ці павінен настаўнік быць у пальчатках пры праверцы?

І. Карабан: — Вірус на паверхні паперы — пытанне пакуль спрэчнае. Яго РНК выяўлялася, але наколькі ён жыццяздольны, не высветлена. Калі настаўнік баіцца, можа надзець аднаразовыя пальчаткі.

— Каранавірус б’е па тых, у каго аслаблены імунітэт. Як яго ўмацаваць з дапамогай харчавання?

К. Пратасава: – Харчаванне – толькі адзін з фактараў, якія ўплываюць на імунітэт. Ён мае бялковую прыроду, таму важна ўжываць мясныя прадукты, у тым ліку птушку і рыбу. Таксама бабовыя, арэхі, уключайце ў рацыён гародніну і фрукты – не менш за 400 грамаў. Харчуйцеся 4 разы на дзень, можна дадаць адзін-два перакусы – якраз фруктамі. Соль і цукар ужывайце па мінімуму. Прытрымлівайцеся пітнога рэжыму. Памятайце, што 60 % вадкасці паступае з ежай. Карыснае піццё – звычайная вада. Падыйдзе таксама гарбата – чорная, зялёная, чырвоная, таксама кампот і морс.

Паколькі лёгкія – тлушчазалежны орган, 20 грамаў сметанковага масла ў суткі карысныя. Таксама ўжывайце яйкі, раслінныя тлушчы і тлустую рыбу – не абавязкова сёмгу ці фарэль, падыйдуць селядзец і скумбрыя. Адмаўляйцеся ад фастфуду і рафініраваных прадуктаў.

— Кошты на імбір і лімоны выраслі. Яны сапраўды могуць дапамагчы?

— Гэта маркетынгавая спекуляцыя, бо няма ніводнага даследавання, якое пацвярджае, што рэчывы імбіра ці лімона кагосьці вылечылі ад каранавіруса. У замарожаных чорных парэчках вітаміну С больш, чым у лімонах. Умацоўваюць імунітэт куркума, мёд, балгарскі перац, брокалі, а таксама цалкам даступныя нам цыбуля і часнок.

– Як часта правяраюць тых, хто знаходзіцца на самаізаляцыі? Ці шмат парушальнікаў?

В. Чамаданава: – Правяраюць штодзённа. За мінулыя суткі праверылі 10 432 чалавекі, 530 адсутнічалі дома. Ёсць выпадкі, калі прыцягвалі адсутных да адказнасці, складзена каля 200 пратаколаў, максімальны пакуль штраф, якім пакаралі, – 45 базавых велічынь.

І. Карабан: – Напрыканцы дадам, што на вялікія выхадныя яшчэ раз просім усіх заставацца дома, каб праз тыдзень мы не атрымалі імклівага росту захваральнасці.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: shutterstock.com

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.