Вы тут

XVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні перанесеныя на лістапад


XVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі, плануецца правесці ў Мінску 26—27 лістапада. Першапачаткова форум меў адбыцца яшчэ ў сярэдзіне мая, аднак у сувязі з пандэміяй каранавіруса ў свеце арганізатары — Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі — перанеслі меркаваныя даты мерапрыемства на восень.


Як расказала «Звяздзе» загадчык сектара навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Сапега, Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, што аб'ядноўваюць даследчыкаў і спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем і папулярызацыяй кніжнай культуры, ужо даўно сталі адным з найважнейшых мерапрыемстваў у навуковым і культурным жыцці краіны. На сёння для ўдзелу ў канферэнцыі зарэгістраваліся каля 100 чалавек — гэта даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі, а таксама з Францыі. Сярод тэм, якія збіраюцца абмяркоўваць спецыялісты падчас чытанняў, — роля манастыроў як цэнтраў кніжнай культуры і асобна гісторыя, сучасны стан і перспектывы кніжнага збору Жыровіцкага манастыра; гістарычныя кніжныя калекцыі і бібліяграфічны ўлік кніжных помнікаў у нашай краіне; рукапісная кніжнасць Беларусі, развіццё айчынных тыпаграфій на працягу XVІ—XVІІІ стагоддзяў; мастацкае афармленне рукапісных і друкаваных кніг; кніга ў сучасным сацыякультурным і інфармацыйным асяродку; роля асобы ў стварэнні і развіцці беларускага кнігазнаўства.

Каб далучыцца да ўдзельнікаў канферэнцыі, неабходна прайсці папярэднюю рэгістрацыю на партале бібліятэкі nlb.by — яна адкрытая дагэтуль. А вось прыём матэрыялаў, якія трапяць у выніковы зборнік форуму, ужо завершаны; арганізатары атрымалі больш за 50 арыгінальных артыкулаў навуковага і прыкладнога характару. «Безумоўна, канферэнцыя дасць магчымасць агучыць шматлікія навуковыя адкрыцці, якія датычацца гісторыі і культуры Жыровіцаў, а таксама ўнікальнай нацыянальнай святыні — абраза Жыровіцкай Маці Божай», — зазначае Таццяна Сапега. Дарэчы, нягледзячы на перанос міжнароднай навуковай канферэнцыі, арганізатары прынялі рашэнне падрыхтаваць і выдаць зборнік артыкулаў да 20 мая — цэнтральнай даты ўрачыстасцяў, калі штогод адзначаецца Дзень памяці Жыровіцкай Божай Маці. Зборнік стане значным навуковым і культурным унёскам да святкавання 550-годдзя здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра.

Якія адкрыцці анансавалі ўдзельнікі будучых кнігазнаўчых чытанняў? Напрыклад, кандыдат філалагічных навук Сяргей Гаранін, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, вывучаў старажытныя паданні па пісьмовых крыніцах. На працягу старажытнага перыяду гісторыі ў Жыровіцкім манастыры склалася мноства паданняў пра цуды, што адбыліся ад абраза Жыровіцкай Маці Божай. Гэтыя паданні ўяўляюць сабою асаблівы жанр старажытнабеларускай літаратуры, не даследаваны да цяперашняга часу. Навуковец сцвярджае, што стварэнне апавяданняў пра цуды ў Жыровіцкім манастыры не спынілася пасля завяршэння старажытнай эпохі гісторыі, а працягвалася ў ХІХ, ХХ стагоддзях і адбываецца ў наш час. А навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава Галіна Нячаева даследавала рукапісы канца XVІІ — пачатку XVІІІ стагоддзя ў бібліятэках Масквы і Санкт-Пецярбурга і выявіла там матэрыялы па гісторыі Жыровіцкага абраза: тэксты, гравюры і мініяцюры з яго выявай. Навуковы супрацоўнік Інстытута рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага кандыдат гістарычных навук Таццяна Дабранская займаецца пільным вывучэннем вядомага рукапіснага беларускага помніка ХVІІ ст. — Ірмалагіёна (Жыровіцкага). Даследчыца крытычна перагледзела звесткі апісанняў і плануе падзяліцца з удзельнікамі міжнародных кнігазнаўчых чытанняў новымі вынікамі датавання рукапісу.

Тым часам

Адмыслова да юбілею Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр пашырыў сваю прысутнасць у інтэрнэт-прасторы і запусціў афіцыйны YouTube-канал «Да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра». На сёння тут змешчаныя інфармацыйныя сюжэты пра падрыхтоўку да ўрачыстасцяў, відэафільмы пра гісторыю абіцелі, Мінскай духоўнай семінарыі і іх сучаснае жыццё, а таксама расказы пра святы і богаслужэнні, інтэрв'ю з насельнікамі манастыра, відэапаштоўкі з прыгожымі краявідамі Жыровіцаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Пяць стагоддзяў духоўнасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.