Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеi выхадных.


1. Завяршылiся матчы 5-га тура чэмпiянату краiны па футболе. БАТЭ i жодзiнскае «Тарпеда-БелАЗ» згулялi ўнiчыю — 0:0. Футбалiсты «Iслачы» выйгралi ў гасцей з мазырскай «Славii» — 2:1, а брэсцкi «Рух» адолеў на сваiм полi «Мiнск» з лiкам 1:0. Вынiкi астатнiх сустрэч гэтага тура: «Энергетык-БДУ» (Мiнск) — «Гарадзея» — 0:1, «Дынама» (Мiнск) — «Нёман» (Гродна) — 2:0, «Шахцёр» (Салiгорск) — «Слуцк» — 1:2, «Белшына» (Бабруйск) — «Смалявiчы» — 1:1.

Становiшча камандаў пасля 5 тураў: «Слуцк», «Вiцебск», «Тарпеда-БелАЗ» — па 10 ачкоў, «Энергетык-БДУ», «Гарадзея», «Iслач» — па 9, «Дынама» (Брэст), «Славiя», «Рух», БАТЭ — па 7, «Дынама» (Мiнск), «Мiнск» — па 6, «Нёман», «Шахцёр» — па 5, «Смалявiчы» — 3, «Белшына» — 2.

Спiс найлепшых бамбардзiраў узначальвае Джасурбек Яхшыбоеў («Энергетык-БДУ»), якi забiў 3 галы.

Наступны тур чэмпiянату пройдзе з 24 да 26 красавiка.


2. Мiжнародны саюз бiятланiстаў (IBU) апублiкаваў расклад гонак Кубка свету сезона-2020/21. Адкрыецца новы спаборнiцкi сезон найлепшых лыжнiкаў стралкоў планеты стартамi 28-29 лiстапада ў Кантыялахцi (Фiнляндыя). Другi этап, 3—6 снежня, адбудзецца ў шведскiм Эстэрсундзе. Далей значацца старты ў Хахфiльцэне (Аўстрыя) — 11—13 снежня, Ансi (Францыя) — 17—20 снежня, Аберхофе — 7—10 студзеня, Рупольдынгу (абодва — Германiя) — 13—17 студзеня, Антхольцы (Iталiя) — 21—24 студзеня. Этап Кубка свету з 26 лютага да 1 сакавiка прыме Пекiн (Кiтай), ён будзе тэставым напярэдаднi Гульняў-2022. Завершаць кубкавы сезон старты ў Нова-Месцы (Чэхiя) — 11—14 сакавiка i Осла (Нарвегiя) — 18—21 сакавiка. На спаборнiцтвах у Нарвегii ўпершыню будзе прадстаўлены суперспрынт.

Чэмпiянат свету ў 2021 годзе прыме славенская Паклюка. Галоўны старт сезона пройдзе з 10 да 21 лютага.


3. Мiнiстэрства спорту i турызму рэкамендуе падоўжыць прыпыненне правядзення спартыўных мерапрыемстваў для дзяцей i падлеткаў да спецыяльнага распараджэння.

Такое рашэнне спартыўнае ведамства прыняло на падставе рэкамендацый Мiнiстэрства аховы здароўя, накiраваных на процiдзеянне распаўсюджванню каранавiруса COVID-19. Раней, 14 сакавiка, былi дадзены рэкамендацыi прыпынiць падобнага роду спаборнiцтвы да 6 красавiка, а затым — да 20 красавiка.

Мiнспорту распрацавала комплекс мер па знiжэннi рызыкi завозу i распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi. Асаблiвая ўвага звернута на аб'екты, на якiх ажыццяўляюцца рэжымна-абмежавальныя мерапрыемствы, i базы, дзе праходзяць вучэбна-трэнiровачныя зборы i дэцэнтралiзаваная падрыхтоўка членаў нацыянальных i зборных камандаў Рэспублiкi Беларусь. Выезды за мяжу на вучэбна-трэнiровачныя зборы i спаборнiцтвы часова забароненыя.


4. Еўрапейскi квалiфiкацыйны турнiр па настольным тэнiсе да Алiмпiяды ў Токiа перанесены на 2021 год. Спаборнiцтвы павiнны былi прайсцi ў Маскве ў перыяд з 8 да 12 красавiка. Пазней ITTF прыпынiла ўсе турнiры пад эгiдай арганiзацыi да 30 чэрвеня. Акрамя еўрапейскага квалiфiкацыйнага турнiру, перанесеныя адборачныя турнiры ў Азii, Амерыцы i Акiянii.

Нагадаем, у студзенi бягучага года ў Гандамары (Партугалiя) беларускiя гульцы не змаглi прабiцца на Гульнi праз сусветную квалiфiкацыю. ITTF сумесна з Федэрацыяй настольнага тэнiса Рэспублiкi Карэя вызначыла новыя даты правядзення каманднага чэмпiянату свету ў Пусане, якi пройдзе з 27 верасня да 4 кастрычнiка 2020 года.

Дар'я Лабажэвiч

Загаловак у газеце: Чэмпiянат у самым разгары

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.