Вы тут

Межы — не для птушак


Размежаванасць планеты на краіны вастрэй адчуваецца ў часе барацьбы з эпідэміяй каранавіруса. Але ж для птушак межы не існуюць: увесну яны заўсёды вяртаюцца з выраю дадому


Покліч Радзімы — неадольны. Фота completerepair.ru

А раптам з далёкіх даляў “нешта небяспечнае” прынясуць тыя “крылатыя мігранты”? Такія пытанні часам узнікаюць у дапытлівых грамадзян. Мяркую, з часам знойдуцца й на іх адказы. Бо й гэтыя мігранты, можна сказаць, пад наглядам. За прылётам птушак штогод сочаць у Беларусі наведнікі сайта Bіrdwatch.by (у перакладзе “Птушкі штодня”). Свае назіранні заносяць у табліцу. Дзякуючы ёй вядома, што з выраю да нас ужо вярнулася больш за 50 відаў пералётных птушак. Сярод іх — качкі, чайка-рыбачка, чорны дрозд, белабровы дрозд, дрозд-спявун, чапля-бугай, чорны бусел, белы бусел, звычайны шпак, малінаўка, вялікі баклан, берасцянка, канаплянка, сокал-пустальга, баравы жаўрук, палявы жаўрук, кулік-спучок, кулік-чарняк, лясная завірушка, лугавы свірстун ды іншыя. Асобныя птушкі паленаваліся далёка ляцець і правялі сёлетнюю цёплую зіму ў Беларусі: у некаторых рэгіёнах зімой бачылі лебедзя-клікуна, шэрую гусь, качку-цыранку, вялікую белую чаплю, шэрага жураўля, чайку-клыгуна і чайку-рагатуху.

“Падобна, што самая вясновая краіна сёння — гэта Беларусь: менавіта тут на сёння адзначана больш за ўсё назіранняў птушак-вестуноў “Жывой вясны”. Усяго ў розных краінах адзначана 500 такіх назіранняў”, — паведамляюць на сваім сайце https://ptushkі.org/tag/zhyvaya-vyasna актывісты Грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Мадэратары партала атрымалі звыш 280 паведамленняў пра вяртанне ў Беларусь белых буслоў, якія першымі нясуць нам вясну. А вясковых ластавак, якія ў адрозненне ад гарадскіх ластавак і ластавак-зямлянак таксама лічацца вестунамі вясны, пакуль заўважана мала.

Вялікі арлец

Вельмі рэдкі пералётны від, які гняздуецца ў Беларусі, — вялікі арлец. Пра яго пералёты навукоўцы-арнітолагі ведаюць найбольш падрабязна. Шляхі міграцыі, месцы зімовак вялікіх арляцоў вывучаюцца пры дапамозе GSM-тэлеметрыі з 2017 года. Пятнаццаць беларускіх арляцоў перасылаюць вучоным сігналы пра сваё месцазнаходжанне праз GPS-сістэму. Сачыць за іх перамяшчэннем па свеце анлайн можа кожны на сайце ptushkі.org. З дапамогай сучаснай апаратуры ўдалося высветліць, што гэтыя птушкі любяць зімаваць у Паўднёвай Азіі, на Аравійскім паўвостраве, ва ўсходняй частцы Паўночнай Афрыкі (дэльта Ніла). Невялікая іх колькасць зімуе ў Еўропе (на Балканах, у Італіі, паўднёвай Францыі) ды іншых месцах.

Сёлета вялікія арляцы пачалі вяртацца з зімоўкі 12 сакавіка. Першай мяжу Беларусі перасякла Альджуся — праставала да свайго гнязда ў Белавежскай пушчы. Усяго на 2 гадзіны пазней у Беларусь прыбыў Блонд — і адразу апынуўся побач са сваім гняздом на балоце Стары Жадзен: гэта на поўдні Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны.

Нагадаем, што вялікі арлец — адзін з самых рэдкіх відаў драпежных птушак Еўропы, занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу і Чырвоную кнігу Беларусі. У многіх еўрапейскіх краінах — Славакіі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі, Малдове — гэтая птушка наогул знікла. У Польшчы каля 10 пар вялікага арляца жыве толькі ў адным нацыянальным парку. Шмат людзей прыязджаюць туды, каб іх убачыць. Аматары птушак і ў Беларусь на такое дзіва едуць паглядзець. Летась вялікі арлец быў абвешчаны ў нашай краіне “Птушкай года”. Нацыянальную кампанію пад такой назвай АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Бацькаўшчыны. Сімваламі Беларусі былі белы бусел, белая пліска, івалга, гарадская ластаўка, барадатая няясыць, салавей ды іншыя. А ў 2020‑м птушкай года стаў глушэц. Ён — антыпод пералётным, бо ўсё жыццё можа правесці ў адным лесе. Салідная маса птушкі не дазваляе ёй лятаць на далёкія дыстанцыі. Да таго ж падымацца ад зямлі глушэц схільны не ў вольнае паветра, а на галінкі дрэваў. Зімой глушцы начуюць у гурбах снегу. У іх птушкі залятаюць або падаюць з галін дрэў. Зімы апошнім часам — без снегу, таму й гэтай звычкі птушка хутка можа пазбавіцца. Вясной на глушца звычайна распачынаецца паляванне. Можа й таму сустрэць яго ў Беларусі можна ўжо нячаста.

Птушка рэмез

Птушыны свет разнастайны й вялікі. Арыентавацца ў ім нам без падказак спецыялістаў цяжка. Але ў Мінску развіваецца бёрдвочынг: аматарская арніталогія. Кожны з нас, дарэчы, можа ўліцца ў шэрагі аматараў-арнітолагаў ды ў вольны час назіраць, вывучаць птушак няўзброеным вокам ці пры дапамозе бінокля. Часам трэба й прыслухоўвацца да птушыных спеваў, паколькі многія віды лягчэй распазнаць па “галасах”. У сталіцы нямала месцаў, дзе любяць бавіць час птушкі — там і назіральнікаў знойдзеш непадалёк. Часцей іх можна сустрэць у Лошыцкім і Севастопальскім парках, парку Чалюскінцаў, Батанічным садзе, у Дуброве, на вадасховішчах Дразды, Цнянскім, Камсамольскім, Чыжоўскім. Біязаказнік рэспубліканскага значэння “Лябяжы” — адзіны ў межах горада, дзе зберагліся каштоўныя пасяленні вадаплаўных і балотных птушак, некаторыя віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Дзеці — найлепшыя аматары-арнітолагі

У пару, калі ідзе барацьба з каранавірусам, на сайце “Аховы птушак Бацькаўшчыны” змешчана пасланне Патрысіі Сурыты — кіраўніцы глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі “BіrdLіfe Іnternatіonal”, у якую ўваходзіць 121 краіна. Яна падтрымлівае рашэнне Кітая ўвесці мараторый на гандаль усімі дзікімі жывёламі, а таксама забараніць іх ужыванне ў ежу. Нагадаем, што ачагом успышкі захворвання лічыцца рынак морапрадуктаў ва Ухані (Кітай), на якім нелегальна прадаваліся дзікія жывёлы. Ёсць меркаванні, што вірус патрапіў ад кажаноў да пангалінаў (самай кантрабанднай жывёліны), затым — да людзей. Вядома ж, усе таямніцы нам не спасцігнуць, аднак паважлівае стаўленне да прыроды — гэта ж “залатое правіла” для выжывання чалавека ў свеце. Дарэчы, асацыяцыя “BіrdLіfe Іnternatіonal” даўно вядзе барацьбу супраць нелегальнага адлову дзікіх жывёл, гандлю імі.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.