Вы тут

Велікоднае пасланне мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi


Не можа ўжо болей утрымлiваць

людзей улада смерцi,

бо сышоў Хрыстос,

руйнуючы i знiшчаючы сiлы яе.

Кандак нядзельны, глас 7


Праасвяшчэнныя архiпастыры, пачэсныя прасвiтары i дыяканы, богалюбiвыя iнакi i iнакiнi, дарагiя браты i сёстры!

Фота Анатоля Клешчука.

У гэты светлы i радасны дзень, калi паўната нашай Царквы з лiкаваннем сустракае свята над святамi i ўрачыстасць над урачыстасцямi — Пасху Хрыстову, з любоўю вiтаю вас словамi апостальскага дабравесця:

Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс!

«Вось надышло для нас жаданае, выратавальнае свята, дзень Уваскрасення Госпада нашага Iсуса Хрыста. Гэтае свята — залог мiру, разбурэнне смерцi, пагiбель дыявала. Сёння людзi аб'ядналiся з Ангеламi i разам з бесцялеснымi Сiламi ўзносяць хвалебныя песнi Богу. Сёння Гасподзь зруйнаваў дзверы пекла i саму смерць знiшчыў!» — прапаведуе вялiкi Настаўнiк Царквы — свяцiцель Iаан Залатавуст.

Амаль дзве тысячы гадоў Царква славiць Хрыста Уваскрэслага, спадзеючыся на абяцанае нам усеагульнае ўваскрасенне з мёртвых — бо, паводле слова першавярхоўнага апостала Паўла, як у Адаме ўсе памiраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць (1 Кар. 15:22). Уваскрасенне Хрыстова — невычэрпная крынiца нашай веры, трывалы падмурак нашай надзеi, краевугольны камень нашай любовi да Бога i блiжнiх. Iдуць стагоддзi, змяняюцца пакаленнi, але Святая Царква, не спыняючыся ў руплiвасцi i палымнеючы духам (Рым. 12:11), з адвагаю сведчыць пра Уваскрасенне Хрыста Спасiцеля, Якi адчынiў браму ў Царства Нябеснае кожнаму, хто iмкнецца жыць з Богам, хто, кiруючыся заклiкам Божым, ухiляецца ад зла i робiць дабро.

Дарагiя браты i сёстры! Мы жывём у свеце, поўным трывог i хваляванняў. Кожны з нас у меру свайго вопыту з'яўляецца вiдавочцам людскiх хвароб, пакут i смерцяў. Мы бачым, што чалавецтва, iснуючы ва ўмовах глабалiзацыi, сутыкаецца з такiмi ж глабальнымi выклiкамi, якiя нясуць пагрозу здароўю i бяспецы многiх жыхароў планеты Зямля. Але мы, хрысцiяне, не павiнны паддавацца нiякiм страхам, таму што святло Уваскрасення Хрыстовага праганяе цемру страхаў чалавечых. «Не бойцеся!» — абвясцiў Уваскрэслы Спасiцель жанчынам-мiраносiцам (Мф. 28:10), а разам з iмi — i ўсiм нам. Бачачы ў навакольным жыццi праявы зла, не дапусцiм у свае сэрцы смутак i адчай, але пастараемся стаць святлом свету, дзеля выканання слоў Нагорнай пропаведзi Сына Божага (Мф. 5:14), i напоўнiць добрымi справамi час, дараваны нам Усявышнiм Тварцом.

Будзем iмкнуцца жыць так, каб быць для нашых блiжнiх прыкладам вытрымкi i разважлiвасцi, стаўпамi веры ў Бога i вернасцi Святой Царкве Хрыстовай, праяўляючы да людзей навокал памяркоўнасць, спагадлiвасць i братэрскую любоў. Будзем насiць цяжары адзiн аднаго, як навучае нас апостал Павел, i гэтак выканаем закон Хрыстоў (гл. Гал. 6:2). Гасподзь i Бог наш — гэта Той, Хто, паводле слова прарока Iсаii, узяў на Сябе нашы немачы i панёс нашы хваробы (Iс. 53:4). I наш хрысцiянскi шлях у гэтым свеце — гэта шлях бескарыслiвай дапамогi блiжнiм, шлях прабачэння нанесеных нам крыўд, шлях дзейнай мiласэрнасцi i ахвярнай любовi. Сцяжына гэтая няпростая, але тых, хто крочыць ёю, Сам Гасподзь зробiць спадчыннiкамi жыцця вечнага i саўдзельнiкамi перамогi над смерцю, выяўленай у Светлым Хрыстовым Уваскрасеннi!

«Пасха свяшчэнная ў гэты дзень нам паказалася, — Пасха новая, святая, Пасха таямнiчая, Пасха ўсiмi шанаваная. Пасха — Хрыстос Збаўца; Пасха беззаганная, Пасха вялiкая, Пасха верных, Пасха, што дзверы раю нам адчынiла», — пяе ў гэтыя святочныя днi Мацi-Царква, натхняючы нас узрадавацца Уваскрасенню Госпада i Спаса нашага Iiсуса Хрыста. Малiтоўна жадаю ўсiм вам, Праасвяшчэнныя архiпастыры, дарагiя айцы, браты i сёстры, каб благадатны агонь Велікоднай радасцi заўсёды ярка гарэў у нашых сэрцах, саграваючы i асвятляючы наша жыццё, i запальваў Божым святлом i радасцю жыццё людзей навокал нас.

Будзем ад усёй душы вiтаць адзiн аднаго словамi Пасхальнай радасцi:

Хрыстос уваскрэс!

I няхай адказам нам будуць такiя ж шчырыя i радасныя словы:

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

З любоўю ў Хрысце Уваскрэслым

ПАВЕЛ,

мiтрапалiт Мiнскi i Заслаўскi,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.

Пасха Хрыстова 2020 года,

горад Мiнск.

Загаловак у газеце: свята над святамі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.